Вы тут

Летась было скрадзена больш за 150 мільёнаў кілават электраэнергіі


Дыстанцыйнае ўзаемадзеянне са спажыўцом, «асабістыя кабінеты» на сайтах энергазабеспячальных арганізацый і заказ асобных паслуг праз інтэрнэт. Гэтыя і іншыя кірункі работы з насельніцтвам агучыў як галоўныя на шляху мадэрнізацыі прыбораў уліку электраэнергіі Сяргей ШАБЕКА, намеснік генеральнага дырэктара ДВА «Белэнерга».


Індывідуальныя прыборы — у сістэмы

Сёння ў краіне дзейнічае 6822 аўтаматызаваныя сістэмы кантролю і ўліку электраэнергіі (АСКУЭ-быт), за кожнай з якіх сотні кватэр. Уласна электроннымі прыборамі ўліку забяспечана каля 37 % бытавога сектара краіны. Энергетыкі плануюць павялічваць іх долю і паступова сваімі сіламі далей аб'ядноўваць лакальныя індывідуальныя прыборы ў сістэмы.

— Каб павышаць эфектыўнасць узаемадзеяння са спажыўцом, мы паступова развіваем для насельніцтва і юрыдычных асоб інфраструктуру разлікова-сервісных даведачных цэнтраў, — заўважыў Сяргей Шабека. — Гэта месцы (сёння 26 спецыялізаваных цэнтраў), дзе можна атрымаць кваліфікаваныя адказы на ўсе пытанні, звязаныя з электразабеспячэннем.

Важным кірункам, які ў будучыні яшчэ больш будзе развівацца, спецыяліст лічыць таксама стасункі праз сетку інтэрнэт. Сёння на сайце кожнай энергазабеспячальнай арганізацыі створаны «асабісты кабінет», дзе спажывец можа завочна атрымаць увесь комплекс інфармацыі і нават заказаць некаторыя паслугі. У прыватнасці, па замене прыбора ўліку або атрыманні даведкі.

Набываеш кватэру — правер «плацёжкі»!

Спецыяліст нагадаў таксама пра важнасць праверкі стану плацяжоў за электраэнергію пры набыцці жылля і пражыванні ў камунальных кватэрах. Па заяўцы спажыўца, электразабеспячальная арганізацыя бясплатна выдасць даведку аб аплаце сваіх паслуг. І пра гэта трэба дбаць, бо пры змене ўласніка здаралася, што папярэднія жыхары пасля продажу нерухомасці пакідалі неаплачанымі камунальныя паслугі, у прыватнасці за электрычнасць.

Цяперашнія спажыўцы электраэнергіі — гэта 280 тысяч юрыдычных асоб і 4,5 млн жыхароў шматкватэрных і індывідуальных дамоў. Разам яны спажываюць за год больш як 36 млрд кВт/г энергіі. Каля 190 тысяч спажыўцоў цеплаэнергіі выкарыстоўваюць за год больш як 34 млн Гкал цяпла. Пры гэтым амаль 60 % гэтай энергіі адпускаецца арганізацыям ЖКГ.

— Калі новыя ўласнікі з'язджаюцца разам, ім варта адразу дамовіцца, і лепш пісьмова, як яны будуць аплачваць паслугі ў камунальнай кватэры, каб пасля адстаяць свае эканамічныя інтарэсы, — параіў ён. — Калі на адзін прыбор уліку паступае недастаткова сродкаў ад саўладальнікаў, энергазабеспячальнай арганізацыі прыходзіцца працаваць праз суд і накладваць адказнасць на ўсіх уласнікаў кватэры. Хоць пасля высвятляецца, што адзін плаціць, а іншы — не.

Варта таксама памятаць, што калі спажывец — уласнік прыбора ўліку, то ўся адказнасць за яго стан ускладаецца на чалавека або на арганізацыю, якую калектыў уласнікаў выбраў для абслугоўвання шматкватэрнага жылфонду. Каб вызваліць чалавека ад неабходнасці абслугоўвання, прадугледжана магчымасць перадаваць прыборы ўліку і сістэмы АСКУЭ энергазабеспячальным арганізацыям.

Прадстаўнік «Белэнерга» заўважыў, што недаплаты за электрычнасць значна знізіліся. Пры гэтым большая іх частка лічыцца за сельгасарганізацыямі, а «насельніцтва — самы надзейны плацельшчык, які забяспечвае аплату ў больш як 99 %». Праўда, некаторыя працягваюць займацца безуліковым спажываннем энергіі. Летась, напрыклад, праз гэта было выкрадзена каля 151 млн кВт/г на 36,7 млн рублёў. Сяргей Шабека папярэдзіў, што для асоб, якія маюць намер бясплатна мець святло, мера адказнасці — жорстка адчувальная для бюджэту. Сума штрафу можа даходзіць да некалькіх тысяч рублёў.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Мільярды кілават

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».