Вы тут

«Пісаць улетку на прыродзе перашкаджаюць камары»


Дызайнер паштовай прадукцыі стварае вечарамі карціны і выстаўляецца ў галерэях

Мы часта скардзімся, што акрамя як на работу больш ні на што не хапае часу. Ірына ГАСПАДАРСКАЯ, дызайнер аддзела маркетынгавай стратэгіі ўпраўлення маркетынгу Белпошты, упэўнена: калі ёсць жаданне і натхненне, час можна знайсці. Вечарамі яна піша карціны. Часам настолькі паглыбляецца ў творчасць, што можа маляваць да пяці раніцы. Работніца пошты і мастачка ў адной асобе расказала, дзе самыя прыгожыя мясціны для пленэраў і чаго баіцца жывапісец, калі бярэ ў руку пэндзаль.


Ірына скончыла Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «мастак-тэхнолаг лёгкай прамысловасці». Успамінае, што ў ВНУ ім стараліся даць па максімуме ведаў і вучылі ўсяму — і дызайну, і рэкламе. Пасля таго як атрымала дыплом, жанчына паўтара года працавала на трыкатажнай вытворчасці. Малявала там палотны, падбірала колеры, распрацоўвала мадэлі адзення. А потым стала больш цікавіцца рэкламай і пайшла ў сферу маркетынгу.

На пошце Ірына працуе шосты год. На ёй — дызайн рэкламнай прадукцыі. Лістоўкі, буклеты, каталогі, якія ляжаць у аддзяленнях сувязі, — яе рук справа. Жанчына адна з першых даведваецца пра новыя паштовыя паслугі. Некаторымі з іх і сама карыстаецца, напрыклад дастаўкай тавараў з інтэрнэт-крамы прадпрыемства.

— Заўсёды марыла, каб мая работа была звязана з творчасцю, — кажа Ірына.

Сярод яе сваякоў больш матэматыкаў і выкладчыкаў. Тата — ваенны, мама — медык. А Ірына з дзяцінства захапляецца жывапісам. Хадзіла ў дзве мастацкія школы. Цяпер стварае карціны ў сябе на кухні — уласнай майстэрні ў жанчыны няма.

— Люблю эксперыментаваць з тэхнікамі і матэрыяламі, — дзеліцца. — Але збольшага працую з алеем і акрылам. Для мяне важна ідэя: матэрыял і тэхніка выканання падбіраюцца ўжо пад яе. Адна з маіх любімых тэм — лялечны горад. Пры стварэнні гэтых карцін я старалася перадаць фактуру тканіны.

Падчас адпачынку Ірына любіць пісаць пейзажы з натуры. Раней часта ездзіла на пленэры на Віцебшчыну і Смаленшчыну (у гэтай расійскай вобласці цяпер жыве яе бацька) — кажа, там вельмі прыгожыя мясціны. «Пагуляць на прыродзе, пастаяць каля ракі вельмі прыемна. Толькі камары перашкаджаюць працаваць улетку», — усміхаецца суразмоўніца.

На мінскіх вуліцах замалёўкі яна пакуль не робіць. Усё збіраецца пачаць, але, прызнаецца, саромеецца публікі.

— Калі выходзіш з эцюднікамі (мальберт са скрыняй для фарбаў. — Аўт.), адразу прыцягваеш да сябе ўвагу. Але калі-небудзь я гэты страх пераадолею. Ужо ўсё падрыхтавала для гарадскога пленэру. Думаю, Верхні горад і Траецкае прадмесце — тое, з чаго можна пачаць. Яшчэ мне вельмі падабаецца вуліца Карла Маркса. Паштамт таксама хацела б намаляваць.

Колькі карцін ужо напісана, Ірына не лічыла. Але месца, каб іх захоўваць, не хапае катастрафічна. Мастачка дзеліцца: хочацца працаваць над вялікімі фарматамі, але такой магчымасці няма — дзе іх потым размесціш.

Некаторыя работы жанчына дорыць сябрам. Заўважае, што кожная карціна павінна дачакацца свайго гаспадара. Але ёсць і такія, з якімі Ірына не гатова расстацца. Адна з яе любімых карцін — эцюд з кветкамі. На ім намаляваны букет палявых кветак, якія ў летні дзень сабрала для мастачкі дачка.

Увогуле, за кожнай работай стаіць нейкая гісторыя. У кабінеце Ірыны ёсць карціна з анёлам світання — ён улятае ў ваконца ранняй раніцай і акуратна будзіць свайго гаспадара. А калі жанчына пісала закінуты калодзеж, змагла перадаць праблему вёсак, якія знікаюць.

Што адчувае мастак, калі бярэ ў руку пэндзаль? Аказваецца, страх белага ліста: думае, як бы не сапсаваць цудоўнае чыстае палатно. А яшчэ гадае, ці ўдасца рэалізаваць першапачатковую задуму. Бо карціна можа павесці ў іншы бок.

Цікавімся ў Ірыны, якія мастакі яе натхняюць. «Я заўсёды любіла імпрэсіяністаў — хто ж іх не любіць? Падабаецца творчасць Клімта, Босха, Брэйгеля».

— Кажуць, што мастак мусіць быць галодным. Згодны?

— Думаю, мастак павінен быць шчаслівым і лётаць, як матылёк, са сваім эцюднікам. Тады і работы пішуцца лёгка. Карціна мусіць выклікаць радасць.

— Вы сама аптымістка?

— Стараюся ёй быць, але мне над гэтым яшчэ трэба шмат працаваць, — адказвае з усмешкай суразмоўніца.

Ірына ставіцца да сябе вельмі крытычна і патрабавальна. Бывае, перапісвае карціны па некалькі разоў. Да сваёй работы «Калядная казка» яна 10 гадоў пастаянна вярталася, дапрацоўвала. Хоць некаторыя эцюды ствараліся літаральна за гадзіну.

Самыя прыгожыя месяцы, на думку мастачкі, — май, жнівень і верасень. А з пейзажаў, якія хацелася б напісаць, работніца пошты называе мора і горы. З задавальненнем бы з'ездзіла для гэтага ў Балгарыю ці Сербію.

13-гадовая дачка Ірыны, дарэчы, таксама вучыцца ў мастацкай школе. Толькі ў адрозненне ад мамы аддае перавагу акварэлі.

Пытанне, якое хвалюе многіх наведвальнікаў музеяў і выставак: як зразумець, што перад табой сапраўднае мастацтва? «Калі гэта напісана з душой, — упэўнена Ірына. — Не люблю, калі распінаюць чужыя карціны: гэта непрыгожа. У дзяцінстве ж усе малююць, а потым пачынаюць баяцца зрабіць не так, бо нехта пасмяецца. У дарослых гэты страх вельмі моцны. Але калі хочацца маляваць, не думайце, што скажуць іншыя. Проста купіце пэндзлік, фарбы і пішыце тое, што хочацца. Глядзець відэаўрокі я б не раіла, у іх ёсць мінус — могуць скіраваць на вузкую сцежку. Не трэба старацца капіраваць».

Ірына Гаспадарская выстаўляла карціны ў Мінску, Віцебску, Наваполацку, Смаленскай вобласці. Удзельнічала ў фестывалі народнай творчасці «Сузор'е», прафсаюзным конкурсе «Новыя імёны Беларусі». Летась адну з работ аднесла на выстаўку «Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч». Калі цікавімся планамі, Ірына дзеліцца, што хоча вярнуцца да абстракцыі. Але падрабязнасці не раскрывае, кажа, у мастакоў не прынята агучваць задумы.

— Спакуса стаць вольным мастаком была, — прызнаецца дызайнер, — але рэклама для мяне таксама творчасць. І я не хачу адмаўляцца ад працы, якая прыносіць мне задавальненне.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.