Вы тут

Якія змены плануе сёлета Мінюст


Больш жорстка рэгламентаваць дзейнасць рыэлтарскіх агенцтваў, пашырыць сферу дзейнасці працэдуры медыяцыі і спрасціць спагнанне аліментаў з даўжнікоў у краінах Еўрапейскага саюза плануюць сёлета ў Міністэрстве юстыцыі. Пра гэта расказаў міністр юстыцыі Алег СЛІЖЭЎСКІ.


Няпэўная рэклама і прымус да дагавора

Нараканняў на дзейнасць рыэлтарскіх арганізацый, нягледзячы на работу па прафілактыцы правапарушэнняў, якую праводзіць Мінюст, як і раней, хапае. Найбольш часта грамадзяне скардзяцца на прымус патэнцыйных пакупнікоў да заключэння дагавора на аказанне паслуг пры адсутнасці фактычнага іх ажыццяўлення, размяшчэнне недакладнай рэкламы нерухомасці і пазначэнне няпэўнай інфармацыі пра іх. А таксама прыцягненне да аказання рыэлтарскіх паслуг асоб, якія не маюць адпаведнага пасведчання.

Дзеля паляпшэння сітуацыі ва Указ Прэзідэнта № 15 «Аб рыэлтарскай дзейнасці» рыхтуюцца дапаўненні і змяненні. У прыватнасці, у дакумент плануецца ўнесці норму, якая будзе забараняць адной і той жа рыэлтарскай арганізацыі пры заключэнні дагавораў адначасова аказваць паслугі і пакупніку, і прадаўцу. Мяркуецца таксама прадугледзець абавязковасць наяўнасці дагавора на рэкламу аб'екта нерухомасці.

— Гэта робіцца, каб агенцтвы больш не маглі «падхапіць» рэкламу, выстаўленую ў інтэрнэт уласнікам жылля, і прапаноўваць патэнцыйным пакупнікам ад свайго імя, — растлумачыў міністр. — Мы таксама плануем прадугледзець нормы, якія ўстанаўлівалі б больш дакладны парадак у размяшчэнні падобных аб'яў з боку агенцтваў нерухомасці.

Не даводзіць справу да суда

Летась у краіне распачаты праект па ўкараненні медыяцыі ў загсах. Пры адсутнасці непаўналетніх дзяцей і маёмасных прэтэнзій пара можа скарыстацца спрошчанай працэдурай скасавання шлюбу і зрабіць гэта ў загсе, а не ў судзе. Такім людзям прапануюць сустрэцца з медыятарам, каб урэгуляваць свае адносіны і пашукаць магчымасць захаваць шлюб.

— Ужо ёсць выпадкі, калі муж з жонкай пагаджаліся на працэдуру медыяцыі. Яны не падавалі заяву на скасаванне шлюбу, а бралі паўзу, каб знайсці пункты судакранання, — пракаментаваў міністр юстыцыі. — Нават калі гэта мела месца ў адным ці двух выпадках, мы ўжо лічым, што ёсць пэўны вынік.

Сёлета міністэрства плануе прапанаваць уключыць медыяцыю ў некаторыя заканадаўчыя акты Беларусі. Працэдуру медыяцыі збіраюцца ўвесці ў Кодэкс аб шлюбе і сям'і, Грамадзянска-працэсуальны кодэкс і, магчыма, у Крымінальны кодэкс. Такая ініцыятыва існуе ў тым ліку і з боку дэпутатаў.

— Неабходна, каб гэтая працэдура прымянялася больш шырока і актыўна, паколькі медыяцыя — сапраўды прагрэсіўны спосаб урэгулявання канфлікту. Такая працэдура найменш балючая для бакоў і ў пэўнай ступені можа знізіць нагрузку на суды, — лічыць Алег Сліжэўскі.

Аліменты з Еўрасаюза

Ратыфікаваная нашай краінай у сакавіку 2017 года Канвенцыя аб міжнародным парадку спагнання аліментаў на дзяцей і іншых формаў утрымання сям'і ўступіць у сілу сёлета ў чэрвені. Яна будзе забяспечваць аператыўны разгляд просьбаў па аліментных абавязках і дасць грамадзянам універсальны і даступны інструмент для спагнання аліментаў, упэўнены міністр.

— Сёння існуюць праблемы са спагнаннем аліментаў, калі даўжнік знаходзіцца, напрыклад, у адной з краін Еўрапейскага саюза, з якой у Беларусі дагаворныя адносіны не развіты настолькі, каб дакументы аб спагнанні няўхільна прымаліся да выканання. У такіх выпадках усё залежыць ад волі дзяржавы, у адрас якой накіроўваецца запыт, — растлумачыў ён. — Калі канвенцыя ўступіць у сілу для Беларусі, будзе дзейнічаць працэдура, згодна з якой на тэрыторыі абсалютнай большасці краін ЕС і некаторых іншых, дзе сёння ёсць праблемы са спагнаннем выканаўчых дакументаў па аліментах, будзе дзейнічаць працэдура іх абавязковага прызнання і выканання.

Пакетны прынцып

Міністэрства юстыцыі шукае шляхі спрашчэння заканадаўства і спрабуе зрабіць яго даступным для разумення не толькі юрыстаў, а і любога грамадзяніна, якога датычацца пытанні, што рэгулююцца ў нарматыўна-прававых актах (НПА), агучыў міністр чарговы план.

Ініцыятывы па ўдасканаленні падрыхтоўкі праектаў НПА міністэрства ўнесла ў праект новай рэдакцыі закона «Аб нарматыўна-прававых актах Рэспублікі Беларусь». Адна з прапаноў — магчымасць рэалізацыі пакетнага прынцыпу падрыхтоўкі праектаў НПА, якія датычацца канцэптуальна новых падыходаў ва ўрэгуляванні тых ці іншых праваадносін або ўводзяць рэгуляванне новых.

— Калі рыхтуецца новы закон ці акт, здараецца, што на стадыі падрыхтоўкі распрацоўшчыкі яшчэ не бачаць дэталёва, як тыя ці іншыя праваадносіны будуць урэгуляваны ў падзаконных актах. А пасля прыняцця закона пры падрыхтоўцы пастановы ўрада ўзнікаюць пытанні, бо ў законе нешта не прадугледзелі, — растлумачыў сутнасць пакетнага прынцыпу Алег Сліжэўскі. — Таму сёння разам з законам або актам кіраўніка дзяржавы адначасова рыхтуецца праект пастаноў Саўміна і міністэрстваў. Так усе ўзроўні прававога рэгулявання новых праваадносін будуць дэталёва відаць на самай першай стадыі.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Рыэлтары, медыяцыя і аліменты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.