19 Чэрвень, аўторак

Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра соты фінал у кар'еры Максіма Мірнага, поспехі беларускіх самбістаў на дамашнім турніры і выступленні нашых гандбольных клубаў у Еўропе.


1. Максім Мірны паспяхова правёў свой соты фінал на турнірах пад эгідай Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў. У Нью-Ёрку беларус і аўстрыец Філіп Освальд абыгралі ў вырашальным матчы парнага разраду яшчэ адзін інтэрнацыянальны тандэм Арцём Сітак (Новая Зеландыя) / Уэслі Колхаф (Нідэрланды) — 6:4, 4:6, 10:6.

Для 40-гадовага Максіма Мірнага цяперашні фінал быў соты ў прафесійнай кар'еры. Да гэтага ён правёў 95 вырашальных матчаў у парным разрадзе і 4 — у адзіночным. У парах у яго цяпер 51 чэмпіёнскі тытул, у адзіночным разрадзе — адзін.


2. Кацярына Галкіна заваявала тры ўзнагароды на этапе Гран-пры па мастацкай гімнастыцы ў Маскве. У фіналах асобных практыкаванняў беларуска перамагла ў кампазіцыі са стужкай, яна апярэдзіла расіянку Аляксандру Салдатаву і Баяну Калейн з Балгарыі. У практыкаванні з абручом Кацярына заваявала бронзавую ўзнагароду. У кампазіцыі з мячом гімнастка зноў паднялася на трэцюю прыступку п'едэстала.

У сакавіку нашы гімнасткі выступяць на традыцыйных спаборніцтвах у Рызе, прымуць удзел у Гран-пры ў Кіеве і этапе Кубка свету ў Сафіі.


3. Беларускія самбісты заваявалі 35 узнагарод на ХХІІ Міжнародным турніры катэгорыі А — адкрытым чэмпіянаце Беларусі па самба на прызы Прэзідэнта.

Пасля першага дня ў скарбонцы гаспадароў турніру было 19 (7 залатых, 4 сярэбраныя, 8 бронзавых) медалёў.
У другі дзень спаборніцтваў беларускія атлеты яшчэ 16 разоў падымаліся на п'едэстал.

Акрамя нашых спартсменаў, уладальнікамі ўзнагарод сталі прадстаўнікі Арменіі, Балгарыі, Грузіі, Грэцыі, Ізраіля, Італіі, Латвіі, Малдовы, Манголіі, Расіі, Румыніі, Туркменістана і Украіны.

Сёлета на арэне мінскага Палаца спорту ў адкрытым чэмпіянаце Беларусі па самба выступалі амаль 300 атлетаў з 20 краін. Такое шырокае прадстаўніцтва абумоўлена пачаткам адбору на ІІ Еўрапейскія гульні 2019 года ў Мінску.


4. Гандбалісты мінскага СКА ў другім туры розыгрышу групавой стадыі Кубка ЕГФ згулялі ўнічыю са славацкім «Татранам» з Прэшава — 25:25. У заключным паядынку першага круга спаборніцтваў 24 лютага армейцы згуляюць у Сількеборге супраць дацкага клуба «Б'ерынгбро». Становішча камандаў пасля двух тураў: «Магдэбург» — 4 ачкі, «Б'ерынгбро» — 2, СКА — 1, «Татран» — 1.

Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова ў чарговым матчы Лігі чэмпіёнаў пацярпеў паражэнне ў гасцях ад венгерскага «Веспрэма» — 22:34. Свой наступны паядынак яны правядуць у Брэсце супраць французскага клуба «Пары Сен-Жэрмен». Парыжане напярэдадні атрымалі сваю 11-ю вікторыю ў 12 матчах, разграміўшы ў сябе дома нямецкі «Фленсбург».

Турнірнае становішча: «Пары Сен-Жэрмен» — 22 ачкі, «Веспрэм» — 15, «Фленсбург» — 15, «Штутгарт» — 13, «Віве» — 11, БГК — 8, «Ольбарг» — 5, «Цэле» — 5.

У плэй-оф чэмпіёнскай лігі выйдуць 6 першых камандаў.


5. Спартсмены ХК «Мінск» заваявалі права выступіць у наступным сезоне ў эліце Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў па індар-хакеі. Мінчане паспяхова правялі дамашні турнір у другім па рангу дывізіёне, на паркеце сталічнага палаца спорту «Уручча» чэмпіёны Беларусі на папярэднім этапе занялі першае месца ў групе В, абыграўшы французскі «Ліль» — 10:3, шведскі «Парціль» — 5:3 і згуляўшы ўнічыю з харвацкім клубам «Зеліна» — 3:3.

Затым, у фінальным раўндзе, беларусы разграмілі дацкі «Слагелсе» з лікам 10:2 і за тур да фінішу спаборніцтваў забяспечылі сабе выхад у вышэйшы дывізіён.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Вечна малады і вечна першы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява.