Вы тут

Рэчы з дзяцінства як творчы матыў маладога мастака


Я родам з дзяцінства. Назва менавіта гэтага фільма знакамітага рэжысёра Віктара Турава прыходзіць у галаву, калі трапляеш на выстаўку мастака Аляксандра Адамава ў Мастацкую галерэю «Універсітэт культуры». Аўтар зусім малады творца, але ж разумее, што самыя важныя і памятныя рэчы адбываюцца з чалавекам у дзяцінстве. Мастак дэманструе творы, у якіх закладзены патаемныя і глыбокія перажыванні, упершыню дзеліцца з гледачом тым, пра што раней казаў толькі ў сваіх дзённіках.


«На пяшчотных крылах матылька — забыццё», 2017 г.

Праект называецца «Зірні на дом свой». Выставачная прастора пераносіць гледачоў у асабісты пакой мастака, які часам выступае ў ролі майстэрні, якая захоўвае карціны, кнігі, эскізы, фатаграфіі, асабістыя рэчы.

— Я ўзнавіў прастору свайго асабістага пакоя, які знаходзіцца ў бацькоўскай хаце, дзе працую над карцінамі, — тлумачыць Аляксандр Адамаў. — Драўляныя рамы, складзеныя творы, нават часткі мастацкага смецця мне хацелася прынесці сюды. На самай справе карціны, якія проста прымацаваныя да сцяны, на мой погляд, уражваюць ужо не так. Для экспазіцыі патрэбна адпаведная атмасфера, што я і паспрабаваў зрабіць. Я не вельмі люблю выраз «Карціны скажуць усё самі», таму што часам мастак павінен адыходзіць ад стэрэатыпаў і спрабаваць ствараць новае, незвычайнае. Выстаўка — гэта дэманстрацыя зрэзу майго жыцця. Тут ёсць замалёўкі, альбомы, кнігі, якія я чытаю. Такім чынам, глядач знаёміцца са мной не толькі праз творчасць, але і праз мае захапленні. Гэтую выстаўку спрабавалі параўнаць з тэатральнай сцэнай, але ў адрозненне ад тэатра тут няма бутафорыі, а толькі рэчы, якія я выкарыстоўваю ўвесь час. Мая творчасць падобная на стылістыку Джэксана Полака. Я люблю выкарыстоўваць у карцінах артэфакты, асабліва рэчы, дарагія душы.

 Карціны створаны аўтарам менавіта пад фармат выстаўкі: спачатку была ідэя, потым — творчасць. Малюючы карціны, Аляксандр сам яшчэ не разумеў, як яны змогуць упісацца ў канцэпцыю і ці будуць цікавыя гледачу.

 — Я была ініцыятарам праекта. Выкладала ў Акадэміі мастацтваў і пазнаёмілася з творчасцю Аляксандра. Мне адразу захацелася, каб глядач убачыў, адчуў філасофію, якую аўтар закладвае ў рэчы, якія яго атачаюць, — расказвае куратар выстаўкі Святлана Стубеда. — Наша мэта першапачаткова была вельмі высокая: паколькі Аляксандр мастак малады, мая задача была ў тым, каб максімальна раскрыць творцу з дапамогай канцэпцыі, арганізацыі выставачнай прасторы. Я выдатна разумела, што гэта адна з яго першых сур’ёзных выставак, таму паставілася да яе з усёй адказнасцю.

Ва ўсіх карцінах ёсць рэчы з дзяцінства мастака, напрыклад, цацкі, падушка, фатаграфіі. Рэчы з мінулага, але ім праз творчую трансфармацыю мастак даў новае жыццё. Прадстаўленыя пейзажы напоўнены асаблівымі ўспамінамі, эмоцыямі, утульнай атмасферай, асацыіруюцца з вобразамі дома, малой радзімы. Пейзажы Аляксандра — гэта свет хоць і пакінутай, але поўнай спакою прыроды, якая дае чалавеку надзею на мір і дабрыню, якая дапамагае пабыць сам-насам з сабой.

Акрамя мастацкіх кампазіцый на выстаўцы прадстаўлены самаробныя кветкі з пчалярскага дроту — настолькі прыгожага, што Аляксандр не дазволіў свайму бацьку яго выкінуць, а выкарыстаў у работах. Пчалярства для аўтара— занятак, пра які ён, дзякуючы бацьку, з дзяцінства ведае ўсё: пах, гукі, колеры… Упэўнены: кожнае чалавечае дзеянне нясе пэўную энергію.

«Зірні на дом свой», 2017 г.

— Мне падабаецца, калі чалавек, адышоўшы ад карціны, бярэ ў руку сшытак з запісамі і чытае, што я там напісаў, ці бачыць мае замалёўкі, — падкрэслівае аўтар. — Здаецца, менавіта ў гэты момант ён можа зразумець, пра што мой жывапіс. У экспазіцыі ж я паказваю пустынныя і пакінутыя краявіды. Спачатку ствараецца пустата, якую я пераўтвараю ў жыццё, ці ж у гэтых пейзажах паказаны след чалавека, які настолькі размыты, што яго ледзь-ледзь можна ўлавіць. У маіх карцінах можна заўважыць, як зямля выціскае неба і застаецца адна.

Падчас работы выстаўкі Аляксандр па некалькі гадзін у дзень знаходзіцца ў галерэі: малюе, чытае кнігі, піша дзённікі. Глядач можа паназіраць за працэсам або пагаварыць з аўтарам пра сэнс яго твораў. Менавіта дыялог мастака і гледача і з’яўляецца цэнтральнай канцэпцыяй выстаўкі.

Куратарска-аўтарскі тандэм Святланы і Аляксандра малады. Выстаўка дэманструе, як юнае пакаленне ўмее неардынарна мысліць. Яны не баяцца крытыкі, а, наадварот, жадаюць зразумець, на што здольныя. І наведвальнікі з задавальненнем удзельнічаюць у працэсе, у які ўцягвае іх аўтар, цікавяцца, разважаюць.

— У нас няма мэты спаборнічаць з кімсьці або рэзка прабівацца ў мастацкае поле. Мы выдатна разумеем, што нам ёсць чаму вучыцца, — падкрэслівае куратар. — Нам цікавыя любыя парады і крытыка: хочацца развівацца. Сам не зможаш адразу зрабіць усё ідэальна, таму мы вырашылі праз выстаўку зразумець, ці ў правільным кірунку рухаемся.

У мастака і куратара ёсць жаданне, каб выстаўка была паказана ў розных беларускіх гарадах.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Дом свой

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.