Вы тут

Бязлітасная лодка лёсу


Вядомаму палітычнаму дзеячу Беларусі Пятру Міронавічу Машэраву ў лютым споўнілася б 100 гадоў.


Іван Шамякін, Іван Мележ, Пётр Машэраў. Мінск, 1960-я гг.

Ён нарадзіўся 13 лютага 1918 года ў вёсцы Шыркі Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. З юнацкіх гадоў бацькі прывучылі яго да фізічнай працы, а таму добра ведаў смак здабытага хлеба, дзе б ён ні працаваў. І невыпадкова пасля ў самых выключных сітуацыях рашэнне складаных пытанняў браў на сябе. Напружана працаваў сам і прымушаў гэтак жа ставіцца да справы іншых. Дзякуючы сваёй працавітасці і вялікім здольнасцям, ён вырас да сакратара ЦК Кампартыі Беларусі, затым — да другога сакратара, а з 1965 года — да першага сакратара ЦК. Праз год ён стане кандыдатам у члены палітбюро ЦК КПСС і членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР... За заслугі перад народам П. М. Машэраву былі прысвоены высокія званні Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы, ён узнагароджаны сямю ордэнамі Леніна.

Вобразна кажучы, партыйны «замак», дзе два разы на месяц праходзілі пасяджэнні бюро ЦК, быў не спавядальняй для яго членаў, а магутным творчым цэнтрам, дзе абмяркоўваліся пытанні, цесна звязаныя з палітыкай, эканомікай, ідэалогіяй. Можна ўпэўнена падкрэсліць, што ніводная галіна эканомікі, народнай адукацыі, культуры не выпала з поля зроку Пятра Міронавіча. Гэта менавіта пры ім былі створаны акадэмічныя інстытуты электронікі, тэхнічнай кібернетыкі і шэраг іншых НДІ. Гэта ён вельмі часта наведваўся ў школы, тэхнікумы і вышэйшыя навучальныя ўстановы, дзе ўкаранялася нешта новае ў сістэме навучання альбо выхавання. Гэта ён, калі працаваў яшчэ першым сакратаром ЦК ЛКСМБ, стаў ініцыятарам стварэння часопіса «Маладосць», пераўтварэння альманаха «Советская Отчизна» ў штомесячны часопіс «Нёман», стварэння выдавецтваў «Мастацкая літаратура», «Юнацтва», а крыху пазней — будаўніцтва Дома літаратара.

Вядома ж, тыя людзі, якія кіравалі краінай, як, уласна кажучы, і сам Пётр Машэраў у першую чаргу, пакінулі яркі след у памяці народа сваімі справамі, сваёй асобай. Але іх не трэба абагаўляць, пісаць з іх іконы. Яны былі такімі ж людзьмі, якія ўвасаблялі ў сабе не толькі поспехі, дасягненні, але і недахопы — як асабістыя, так і свайго часу, сваёй сістэмы. Менавіта таму аб’ёмная і шматгранная фігура Пятра Міронавіча Машэрава выклікае вялікі інтарэс да яго дзейнасці ў палітыкаў, гаспадарчых і партыйных дзеячаў, пісьменнікаў. Не выключэнне і кніга Славаміра Антановіча, якая выйшла на пачатку гэтага года з друку ў выдавецтве «Смэлтак» агульным тыражом у 2000 асобнікаў. У гістарычна-публіцыстычным рамане «Пётр Машэраў: Жыццё. Лёс. Памяць» знаходзіць прамое прадаўжэнне і развіццё ідэйнаэстэтычная канцэпцыя пісьменніка (яна адлюстраваная ў найбольш вядомых яго раманах «У жніўні 91-га», «Прывіды Мажэйкаўскай крэпасці», «Чорны вір Нёмана», «Дыверсант Сталіна»). Параўнальна кампактныя часткі твора даюць аўтару магчымасць на падставе пэўных архіўных дакументаў разгледзець і асэнсаваць тую ці іншую з’яву ў грамадстве альбо парадавацца разам з чытачом рамантычна-ўзвышанаму ідэалу ці добраму, вялікаму і моцнаму пачуццю мужнага і рашучага, добрага і шчырага героя гістарычна-публіцыстычнага рамана — Пятра Машэрава.

Розныя праходзяць перад чытачом твора людзі. Тут і ягоны бацька, якога ў 1937 годзе па лжывых даносах аднавяскоўца арыштавалі сатрапы НКУС (адпраўлены на лесараспрацоўкі, назад не вярнуўся), і маці Дар’я Пятроўна (выхавала трох дачок і двух сыноў, загінула ад рук фашыстаў у верасні 1942 года). На старонках твора апавядаецца пра студэнцкія гады Пятра ў сценах Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. Кірава, ягоныя сустрэчы з братам Паўлам, сёстрамі Вольгай, Надзеяй, Матронай, яго заляцанні да будучай жонкі Паліны, пра ўзаемаадносіны Паліны Андрэеўны з ягонай сяброўкай Таццянай Прытыцкай, дзелавыя перамовы Пятра Міронавіча з паплечнікамі па партыі і такімі вядомымі партыйнымі, дзяржаўнымі дзеячамі, як Леанід Брэжнеў, Андрэй Грамыка, Тодар Жыўкаў, Фідэль Кастра ды іншымі.

Славамір Антановіч з уласцівай яму, як юрысту, уседлівасцю і скрупулёзнасцю ўсё глыбей пагружаецца ў метафізічныя рэаліі беларускай рэчаіснасці і гісторыі, даследуе методыку працоўнай дзейнасці вядомага кіраўніка краіны Пятра Міронавіча Машэрава. У чарговай кнізе аўтар імкнецца перадаць нашчадкам матывы эпохі, у якой жыў рэальны герой яго твора. Тут і вера ў прыгажосць свету і разнастайнасць, бязмежжа людскіх характараў хлебаробаў, шахцёраў, навукоўцаў, студэнтаў, землякоў, з якімі часта сустракаўся кіраўнік дзяржавы, працу якіх вельмі шанаваў, і жахі вогненнага ліхалецця, і свежае дыханне Вялікай Перамогі, і прамяністасць кожнага стваральнага дня. Змяняліся сацыяльна-культурныя, грамадска-палітычныя абставіны ў краіне, якія добрасумленна адлюстраваны пісьменнікам у ягоным творы.

Па сутнасці, Славамір Антановіч працаваў над вышэйзгаданай кнігай ва ўмовах, экстрэмальных для прыроды яго таленту. Паколькі перад былым студэнтам Мінскага радыётэхнічнага інстытута і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (юрыдычны факультэт) знік той звыклы і добра знаёмы мосцік, з якога, па вызначэнні філосафа, вялікая з’ява бачыцца на адлегласці, а час рассыпаўся на «дробязныя сацыяльна-бытавыя крышталікі». Аднак пісьменнік змог пераарыентавацца і літаральна ўбачыць, сканцэнтраваць увагу чытача на тых эпізодах жыцця і дзейнасці Пятра Міронавіча Машэрава, ягоных чалавечых якасцях, якія ўласцівы вялікаму палітычнаму лідару, стратэгу і інтэлігенту высокага рангу. Пра гэта сведчаць не толькі ягоныя сустрэчы з былымі расонскімі падпольшчыкамі і партызанамі Міхаілам Якімовічам, Антанінай Езуітавай, Пятром Хамчаноўскім, але і такімі вядомымі ў краіне творцамі, пісьменнікамі з вялікай літары, як Іван Мележ, Андрэй Макаёнак, Іван Шамякін, Аляксей Карпюк, Пятрусь Броўка, Анатоль Вялюгін, Міхаіл Савіцкі, Элем Клімаў ды іншымі.

 Нездарма, напэўна, творца прыгадаў у кнізе і такі выпадак, звязаны з правядзеннем рэспубліканскага семінара па праблемах развіцця вёскі, удзел у якім бралі і пісьменнікі.

« — Дык што гэта ты, Андрэй Ягоравіч, тут прысеў? Мабыць, праца гэтых людзей цябе не цікавіць?

— Стаміўся я вельмі, Пётр Міронавіч, ногі падводзяць, — паспрабаваў апраўдацца пісьменнік.

— Чулі? Ногі ў яго падводзяць... Дык я ж амаль на тры гады за цябе старэйшы, ды і іншыя таксама... І нічога не здарылася з нашымі нагамі.

І больш да самага вечара ён з Андрэем Макаёнкам не размаўляў...

 І толькі пасля таго, калі ў адным з Палацаў культуры Баранавіцкага раёна былі падведзены вынікі семінара, здарылася нечаканае. Машэраў падышоў да Макаёнка, абняў яго і сказаў:

— Даруй, дарагі Андрэй, я ж нічога не ведаў. Яшчэ раз прашу: не крыўдуй на мяне і даруй.

Макаёнак, як звычайна ў падобных выпадках, моцна пачырванеў, усміхнуўся, а потым на ягоных вачах выступілі кропелькі слязінак...

Чаму папрасіў прабачэння ў пісьменніка партыйны дзеяч краіны, а не наадварот?

Адказ на гэтае пытанне будзе знойдзены, хто прачытае твор Івана Шамякіна “Аповесць пра сябра”, дзе ёсць наступныя радкі: “Шалёная міна, невялікая, бліскучая, узняла на дыбы зямлю каля самай варонкі, каля ног, абляпіла граззю і жывога, і мёртвага. Яшчэ раз пранесла? Не. Праз імгненне ў астыўшых ботах ён адчуў гарачыню. Асколкі пасеклі ногі. І не змог ён нават падняцца, каб перавязаць сам сябе... У Краснадары ногі вылечылі. Але на ўсё жыццё засталіся там трынаццаць асколкаў”»...

Машэраў, які сам быў двойчы паранены ў баях з фашыстамі, добра разумеў, як можна жыць з гэткімі нагамі.

Партыйны лідар рэспублікі, як сведчыць кніга, далікатна ўзважваючы тыя ці іншыя падзеі ў Беларусі і свеце на шалях эпохі, уважліва ставіўся да пісьменнікаў і іх творчасці, праяўляў клопат пра дзеячаў культуры, паляпшаў сацыяльна-бытавыя ўмовы.

...Паплечнікі Пятра Міронавіча, землякі, настаўнікі, журналісты, якія блізка яго ведалі, да гэтага часу не могуць звыкнуцца з думкай аб заўчаснай смерці вядомага ў краіне партыйнага дзеяча, бязлітасная лодка лёсу якога перакулілася на 62 годзе жыцця. Трагічна загінуў у аўтадарожнай катастрофе.

Думаецца, гістарычна-публіцыстычны раман «Пётр Машэраў: Жыццё. Лёс. Памяць» стане яркай зоркай на небасхіле беларускай дакументальнай прозы.

Валянцін БАРЫСЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».