На 14 гадзін у Гомельскай вобласці прагаласавала 61,1 % выбаршчыкаў. У датэрміновым галасаванні паўдзельнічалі 36,5 % грамадзян.
У абласным выбаркаме расказалі, што самая высокая актыўнасць — у Нараўлянскім раёне. Яго даганяюць Кармянскі і Акцябрскі. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік прыйшоў галасаваць на ўчастак № 22, які размешчаны ў будынку Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.
— Мясцовыя саветы з'яўляюцца індыкатарам эфектыўнасці работы ўсёй вертыкалі ўлады, — адзначыў губернатар. — Важна, каб у мясцовыя саветы дэпутатаў прыйшлі прафесіяналы, якія валодаюць неабходнымі досведам і ведамі для прыняцця разумных рашэнняў на карысць сваіх выбаршчыкаў. Дзень выбараў — гэта свята. Большасць людзей прыходзяць на ўчасткі менавіта ў асноўны дзень галасавання. Таму мне захацелася прыйсці на выбары менавіта сёння, каб падзяліць добры настрой з гамяльчанамі.
Уладзімір Дворнік павіншаваў маладых людзей, якія ўпершыню прыйшлі галасаваць і ўручыў ім падарункі. На выбарчым участку можна было паўдзельнічаць у гістарычнай рэканструкцыі кнігадрукавання. У холе ўсталявалі сабраны рукамі выкладчыкаў і студэнтаў-гісторыкаў друкарскі станок. На ім зрабілі адбітак фрагмента Бібліі, выдадзенай Францыскам Скарынай. Таксама кіраўнік Гомельшчыны ацаніў блінцы, выпечаныя да Масленіцы ў студэнцкай сталовай.
Дарэчы, святочны настрой у выбаршчыкаў Гомельскай вобласці ў дзень галасавання ствараюць больш 160 буйных крам. Максімальная гандлёвая надбаўка ўсталявана ў памеры 5 %, на прадукцыю ўстаноў харчавання — не перавышае 30 %.
У спісы для галасавання на Гомельшчыне ўключана больш 1 мільёна 97 тысяч чалавек. На 1 022 участку за ходам галасавання сочаць каля 6 тысяч назіральнікаў, сярод якіх прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, палітычных партый. У памяшканнях, дзе ідзе галасаванне, усталявана больш 3,3 тысяч урнаў для бюлетэняў, у тым ліку звыш 500 празрыстых.
Галасаванне ідзе і на 41 закрытым участку, якія створаны ў санаторыях, дамах адпачынку, бальніцах, іншых арганізацыях аховы здароўя, што аказваюць меддапамогу ў стацыянарных умовах, а таксама ў вайсковых часцях, дзе датэрміновае галасаванне не праводзілася.
Людзям з абмежаванымі магчымасцямі, пажылым на выбарчых участках гатовыя аказаць дапамогу больш тысячы валанцёраў руху "Добрае сэрца" грамадскага аб'яднання БРСМ. Для тых, хто слаба бачаць, падрыхтаваны трафарэты і лупы.
Усяго ў Гомельскай вобласці павінна быць выбрана 3 584 дэпутата, у тым ліку 2 757 — у сельскія і пасялковыя, 727 — у раённыя, 40 — у гарадской Саветы, 60 дэпутатаў у абласны Савет.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».