Вы тут

Эксклюзіў двухгадовай даўнасці. Інтэрв'ю «Звязды» з Ганнай Гуськовай


Больш як два гады таму, у снежні 2015-га, будучая алімпійская чэмпіёнка гаварыла аб незадаволенасці сваім выступленнем у Сочы, расказвала пра хобі і дзялілася чаканнямі ад новага сезона. Прыводзім тэкст той размовы сёння, калі Ганнай Гуськовай па праве ганарыцца ўся Беларусь.


02.12.2015


...Гэта, мабыць, самы эфектны і відовішчны зімовы від спорту. Ад лыжных акрабатаў, якія выконваюць піруэты ў паветры, часам немагчыма адвесці вачэй, а яны бясстрашна разганяюцца і ўзлятаюць. У Беларусі фрыстайл ужо даўно палюбіўся заўзятарам, бо нашы спартсмены рэгулярна песцяць суайчыннікаў прызавымі месцамі, а імёны беларусаў ведае ўвесь спартыўны свет. Пасля завяршэння кар'еры алімпійскай чэмпіёнкі Алы Цупер жаночая зборная не засталася без таленавітых спартсменак. Ганна Гуськова вырасла на перамогах старэйшых калег і раней не заставалася ў цені іх славы, а цяпер, здаецца, настаў яе час. Ганна ўжо паспела прыняць удзел у Алімпійскіх гульнях і чэмпіянатах свету, таксама станавілася неаднаразовым прызёрам этапаў Кубка Еўропы, а ўвосень гэтага года выйграла адкрыты чэмпіянат Беларусі па скачках на лыжах у ваду. Гэта дало падставу пазнаёміцца з нашай галоўнай надзеяй будучага спаборніцкага года бліжэй.  

— Аня, як прайшла падрыхтоўка да сезона? 

— Правялі некалькі збораў, пабывалі ў Швейцарыі, Фінляндыі, дома скакалі ў ваду. Сезон стартуе з этапаў Кубка Еўропы, потым этап Кубка свету ў Пекіне, пасля Новага года этапы ў ЗША, Іспаніі, Расіі. У сакавіку 2016-га будзе і хатні старт, тут галоўнае, каб не падвёў снег. 

— Чаго чакаеш ад новага сезона? 

— У першую чаргу, вядома, п'едэсталаў. Гэта мая мэта, і я вельмі да яе імкнуся, нездарма ж мы столькі трэніруемся. У гэтым сезоне буду ўскладняць сваю праграму, бо двайнымі сальта ўжо нікога не здзівіш. І хлопцы, і дзяўчаты скачуць трайныя, канкурэнцыя вельмі вялікая. 

— Са спартсменамі з якіх краін давядзецца змагацца за п'едэстал? 

— Сёння сярод наймацнейшых кітайцы, расіяне і мы, вядома. 

— Можна сказаць, што ты расла ў чэмпіёнскай атмасферы, бо побач заўсёды былі Дашчынскі, Цупер, Казека... 

— Гэта збоку здаецца, што яны нейкія нерэальныя — жыхары неба. А на самай справе, калі ты трэніруешся ў такой кампаніі, то гэтага асабліва і не заўважаеш. У нас у камандзе ўсё так выдатна: усе добрыя, усе адно аднаму дапамагаюць, вельмі згуртаваны калектыў. Вядома, заўсёды хочацца браць прыклад з нашых чэмпіёнаў. Калі яшчэ Дзіма Дашчынскі сам скакаў, пастаянна назірала за ім і адзначала нешта для сябе. Ну, а Мікалай Іванавіч — найвялікшы спецыяліст, я разумею яго ўжо з паўслова. 

— Цяпер у ролі лідара ўжо ты, адчуваеш псіхалагічны ціск? 

— Не, не сказала б. Разумею, што на мяне ўскладаюць надзеі, таму павінна ў два разы, у тры, а то і ў дзесяць, больш трэніравацца. У прынцыпе, уся адказнасць перайшла да нас, але я спакойна да гэтага стаўлюся. 

— Ты ўжо паспела выступіць на Алімпіядзе. Якія адчуванні? 

— Я не зусім задаволена тым, што паказала ў Сочы (21-е месца), але затое атрымала вопыт. Па адчуваннях гэта было, вядома, страшна, але па тэлевізары ўсё выглядае больш феерычна, здаецца, так усё прыгожа, а калі ты сам там знаходзішся, то адчуваеш сябе, як на звычайных спаборніцтвах. А можа, я проста не разумела, што была Алімпіяда, лятала, як быццам у космасе. 

— Збоку не страшна назіраць за скачкамі? 

— Ужо столькі гадоў трэніруешся, што глядзіш на гэта, як на звычайную справу. Іншае — скакаць самому: страшна заўсёды, нават калі прызямляешся ў ваду. 

— Што тады прывяло цябе ў фрыстайл? 

— Яго для мяне выбралі мае бацькі. Наогул, мама займалася мастацкай гімнастыкай, і калі б не тата, то я таксама б стала гімнасткай. А тату нешта звязвала з фрыстайлам, таму вырашылі аддаць мяне туды і ніхто не пытаўся, хачу я ці не. Рана пачала трэніравацца — у 7 гадоў, а ў 9 ужо перавярнулася ў ваду, праз год скакала на снег. Потым пачаліся зборы, паездкі і так зацягнула, я нават не думала, што можа быць штосьці, акрамя фрыстайла. 

— Пры гэтым спорт не адабраў дзяцінства? 

— Не, яно было ў мяне наогул шыкоўным. Цяпер дзеці могуць нам толькі пазайздросціць, замест тэлефонаў і айпадаў у нас былі пясочніцы. 

— Зараз ужо бацькі не шкадуюць, што аддалі цябе ў такі траўматычны від спорту? 

— Вядома, яны заўсёды нагадваюць мне пра гэта, напэўна, хвалююцца, але ўвогуле, думаю, ужо прывыклі. Гэта мая праца, і ў кожнага яна свая, бо ніякі чалавек не застрахаваны: выйшаў на працу, лядзяш на галаву зваліўся... Таксама і ў нас. 

— Ці даводзілася скакаць пры экстрэмальных умовах надвор'я? 

— Зімой надвор'е наогул непрадказальнае: і снег, і туман рэзка могуць з'явіцца. Я памятаю адзін раз: мы прыехалі на схіл, я выязджаю і нічога не бачу далей за сваю руку. Ну, у прынцыпе, у такіх выпадках трэніроўкі адмяняюць, але бываюць моманты, калі адмены быць не можа, напрыклад на Алімпіядзе ў Ванкуверы. Яшчэ шмат што залежыць ад ветру, ён можа быць сустрэчным або спадарожным, у залежнасці ад гэтага на схіле мы становімся вышэй або ніжэй. За гэтым назірае трэнер, ён стаіць з прыборам і аналізуе сітуацыю. Наогул, я люблю зіму, але толькі не з вельмі моцным марозам, таму што, калі скачаш, усё замярзае і ты не можаш нармальна сканцэнтравацца. 

— З перамогамі нашых суайчыннікаў на Алімпійскіх гульнях фрыстайл становіцца ўсё больш папулярным у Беларусі. 

— Так, раней многія не разумелі, што гэта такое, калі я гаварыла, чым займаюся. Большасць людзей думала, што гэта напрамак танцаў. Мяне такое, шчыра кажучы, раздражняла. А цяпер ужо ўсе ведаюць і адразу называюць імёны лідараў. Тым больш калі адкрыўся цэнтр фрыстайла ў Мінску, куды людзі могуць прыйсці проста адпачыць у басейне і заадно назіраць за нашымі трэніроўкамі. А наогул, калі казаць пра Беларусь, то яна заўсёды адрозніваецца сваёй чысцінёй і людзьмі. Яны ў нас больш добрыя ці што. У Амерыцы, напрыклад, людзі, на мой погляд, дзіўныя — дзіўна апранаюцца, дзіўна размаўляюць. У нас грамадства нейкае згуртаванае, падыдзеш на вуліцы, штосьці спытаеш — табе не толькі раскажуць, але і пакажуць. 

— Калі б да цябе прыехаў госць з іншай краіны, што б ты яму ў першую чаргу паказала? 

— Цэнтр «Фрыстайл» (смяецца). У нас жа ёсць зараз турыстычны аўтобус, які па Мінску возіць, я разам з ім бы, напэўна, села і паслухала пра Беларусь. 

— На некаторых тваіх фота відаць, што ў цябе ёсць татуіроўкі... 

— Так, першую я зрабіла ў 17 гадоў, ідэя прыйшла спантанна, мне проста захацелася нешта набіць, у выніку пайшла і зрабіла. Некаторыя людзі ўкладаюць у малюнкі на целе нейкі адмысловы сэнс, у мяне такога няма. Калі гэта надпіс, то так, вядома, а калі малюнак — не, ён проста табе спадабаўся. На ключыцы ў мяне напісана «імкнуцца ўгору», на правай руцэ выбіта пума, а на левай — кветка з пяром, якая яшчэ будзе працягвацца. Ніякай філасофіі я туды не ўкладвала. 

— Што яшчэ хочаш набіць? 

— Не ведаю, гэта ж трэба думаць, неабходны час: мне ўсё-такі з імі хадзіць усё жыццё. 

— Чым любіш займацца, акрамя спорту? 

— Калі ёсць вольны час, фатаграфую людзей і сябе (смяецца). Люблю хэнд-мэйд, што толькі не раблю. Люблю маляваць, але яшчэ не ўмею. А наогул, мая мара — шыць вопратку. Пакуль на гэта, на жаль, не хапае часу. З больш экстрэмальнага люблю сёрфінг. 

— Таму, напэўна, аддаеш перавагу адпачынку на моры? 

— Мне ўсё роўна, дзе праводзіць адпачынак, галоўнае, каб быў час і сонца. 

— Якія рысы характару ты не любіш ў сабе? 

— У мяне, верагодна, завышаная самаацэнка, але люблю ў сабе ўсё. Я вельмі добрая — гэта адначасова добра і дрэнна, таму што часам людзі карыстаюцца. А вось у іншых мяне найбольш расчароўвае хлусня, асабліва калі гэта адбываецца нахабна, у вочы. 

— Чытаць любіш? 

— Шчыра кажучы, не вельмі, апошняе, што чытала «Бягучы за ветрам» Халеда Хасейні. Цікавы раман, рэкамендую. Многае хочацца прачытаць, але не хапае часу. Квіткі з кіно збіраю, дарэчы, я не магу зразумець, як іх можна выкінуць, бо гэта такая памяць. 

— Твае сябры таксама спартсмены? 

— Неабавязкова, яны ў мяне зусім розныя людзі. А мая каманда фрыстайлістаў — гэта дакладна мае сябры. Мы з самага дзяцінства разам, і ўсе жывём фрыстайлам, таму заўсёды ёсць пра што пагаварыць. У сябрах галоўнае, каб яны былі сапраўднымі, у мяне толькі такія. 

— Як ставішся да папулярнасці і «зорнай» хваробы? 

— Я яшчэ нічога не дасягнула, каб лічыць сябе зоркай. Адразу пасля спаборніцтваў людзі пазнаюць, а так — не, таму я да гэтага стаўлюся спакойна. Калі б прыхільнікі стаялі ў мяне пад вокнамі — іншая справа. У любым выпадку, я дакладна ведаю, што «зорная» хвароба мне не пагражае, таму што ёсць людзі, якія паставяць на месца. 

— Што пажадаеш заўзятарам напярэдадні новага сезона? 

— Хварэйце за Беларусь, хварэйце за нас, ваша вера ўсяляе ў нас надзею. У сакавіку Раўбічы прымуць этап Кубка свету, усіх запрашаю на спаборніцтвы, падтрымайце не толькі нас, але і ўдзельнікаў з іншых краін, каб яны адчулі беларускую гасціннасць. Нашы гледачы заўсёды вельмі добра хварэюць, у мінулы раз, нягледзячы на моцны мароз, людзі ўсё роўна прыязджалі і выдатна падтрымлівалі спартсменаў. 

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ 

Фота pressball.by, БЕЛТА, REUTERS, vk.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.