Вы тут

Сталасць мелодыі


Камерны аркестр — гэта калектыў, у якім ні адзін музыкант не мае магчымасці схавацца за гучаннем іншага інструмента. Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь узнік натуральна, са шчырай і яскравай патрэбы таленавітых і захопленых музыкай людзей дзяліцца ёй з іншымі. Але для таго, каб набыць такую назву і статус, аркестр за свае 50 гадоў прайшоў праз тысячы рэпетыцый, сотні канцэртаў, дзясяткі лёсаў, мільён эмоцый музыкантаў і слухачоў.


Спачатку была толькі музыка. І жаданне ўдасканальваць сваё майстэрства, сумесна музіцыраваць. А таксама быў лідар — Алег Янчанка. Паспяховае выступленне на Міжнародным конкурсе імя І. С. Баха ў Лейпцыгу дало яму магчымасць вучыцца па класе аргана ў Венскай акадэміі музыкі як стыпендыяту ЮНЕСКА. Калі Алег Янчанка вярнуўся ў Мінск, многія хацелі сустрэцца з ім, пачуць расповед пра Еўропу, музычнае жыццё Вены. Адным з вечароў у доме музыканта сабраліся паплечнікі і сябры. Гучала музыка Месіяна, Стравінскага, Шонберга. Гэта атмасфера і жаданне сумесна музіцыраваць, асвойваць новы матэрыял аб’яднала музыкантаў з розных калектываў: сімфанічнага аркестра, аркестра опернага тэатра, педагогаў акадэміі музыкі. Так узнік ансамбль салістаў. Першая праграма складалася з твораў Вэберна, Месіяна і новых сачыненняў Янчанкі. Рэпетыцыі праводзілі ў філармоніі раніцай ці познім вечарам. Некаторым было цяжка сумяшчаць рэпетыцыі і вучобу ці іншую работу. Адміністрацыя ў той час пільна сачыла за тым, каб студэнты не працавалі. Дарэчы, рэпетыцыі праходзілі вельмі бурна! Патрэбную дробязь, характар гуку, выразнасць фразы сумесна шукалі, абмяркоўвалі.

У калектыву накопліваўся вопыт сумесных выступленняў, усталёўваўся пастаянны склад. Усё гэта прывяло да таго, што ў лютым 1968 года аркестр атрымаў афіцыйны статус калектыву Белдзяржфілармоніі і назву «Мінскі камерны аркестр». Ён прайшоў доўгі, насычаны шлях і стаў Дзяржаўным камерным аркестрам Рэспублікі Беларусь. Але да гэтага было яшчэ шмат крокаў. Алег Янчанка перадаў кіраўніцтва аркестрам таленавітаму віяланчэлісту Юрыю Цыруку.

Пашыралася геаграфія выступленняў. У сакавіку і верасні 1970 года аркестр гастраліраваў ва Украіне, Малдавіі, Ленінградзе. Калектыў пачаў супрацоўнічаць з выбітнымі салістамі. Са скрыпачом Зіновіем Віннікавым камерны аркестр бліскуча выканаў «Поры года» А. Вівальдзі. Не адзін раз выступала з калектывам Наталля Гутман. Двойчы Мсціслаў Растраповіч адгукнуўся на запрашэнне свайго таленавітага вучня Юрыя Цырука выступіць у Мінску. Таксама з камерным аркестрам выступалі іншыя вялікія музыканты. Адной з самых яркіх падзей у гісторыі аркестра стала выступленне са Святаславам Рыхтэрам. Музыканты ўспамінаюць, што падчас канцэрта пасля аб’яўлення Святаслава Тэафілавіча ён павольна і задуменна выходзіў да публікі, кранаўся клавіш — і пачыналася чараўніцтва. Акрамя канцэрта ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі, з Рыхтэрам камерны аркестр выступаў яшчэ двойчы ў Маскве падчас знакамітых «Снежаньскіх вечароў» у Пушкінскім музеі...

Часта камерны аркестр прадстаўляў прэм’ерныя сачыненні беларускіх кампазітараў. У выкананні калектыву публіка ўпершыню пачула творы С. Картэса, Д. Смольскага, В. Дарохіна, А. Бандарэнкі, В. Кузняцова, Г. Гарэлавай, Э. Зарыцкага, В. Кандрусевіча...

У розныя часы кіраўнікамі камернага аркестра былі Ігар Галаўчын, Аляксей Вінаградаў, Аляксандр Палянічка, Віктар Собалеў, Інга Эрнст Райль, Міша Кац, Пётр Вандзілоўскі. Цяпер мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь — заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў. Быць музыкантам яму наканавана лёсам: нарадзіўся ў сям’і скрыпачоў і з маленства жыў з музыкай. Упершыню ў якасці дырыжора выступіў у 1999 годзе ў Францыі. У верасні 2009 года ён стаў кіраўніком Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь:

— Усё вырашыў выпадак: патэлефанаваў мой сябра Сцяпан Яковіч, які ў той час быў канцэртмайстрам аркестра «Салісты Масквы» Ю. Башмета, і прапанаваў замяніць літаральна на заўтра дырыжора ў Мінску. Я згадзіўся, — успамінае Яўген Бушкоў, — мы з аркестрам выступілі і, напэўна, прыйшліся адно аднаму даспадобы.

Яўген Бушкоў выдатны скрыпач, таму аркестрам, у якім адна з асноўных роляў належыць скрыпкам, ён кіруе чулліва. Рэпертуар узбагачаецца новымі праграмамі, у тым ліку і творамі сучасных беларускіх кампазітараў. Гучаць яны не толькі на абшарах нашай краіны, але і па ўсім свеце. Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь не так даўно стаў першым калектывам Белдзяржфілармоніі, у якога былі вялікія гастролі ў ЗША.

 — На фестывалі ў Фларыдзе мы выканалі праграму, якая цалкам складалася з твораў беларускіх аўтараў. Гледачы былі ўзрушаны: не чакалі такога яркага і разнастайнага ўражання ад музыкі далёкай і малазнаёмай для іх краіны, — дзеліцца ўражаннямі Яўген Робертавіч.

Сёлета калектыў плануе выступаць у Францыі, Расіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Індыі. У Мінску аркестр ладзіць пастаянныя абанементы «Класіка — гэта класна!», «Тры вечары з камерным аркестрам», «Для ўсіх», «Граюць нашы дзеці».

Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь на чале з Яўгенам Бушковым падчас кожнага канцэрта ўражвае шчырасцю гучання, работай з выдатнымі салістамі з усяго свету, праграмамі. Выключэннем не стане, вядома ж, канцэрт да 50-годдзя калектыву. Адбудуцца прэм’еры пяці твораў кампазітараў з пяці краін. Аўстрыйскі кампазітар Эрык Фрайтаг спецыяльна да юбілею аркестра рыхтуе Канцэрціна для беларускіх цымбалаў і камернага аркестра. Сусветную прэм’еру выканае выдатная беларуская цымбалістка Аляксандра Дзенісеня. Нарвежскі кампазітар Карл Мерк Карлсэн упершыню прадставіць у Мінску свой Скрыпічны канцэрт № 2. Яго беларускую прэм’еру выканае Ісаак Шульдман, якому гэты твор прысвечаны. Прагучаць сачыненні нямецкага кампазітара Элмара Лампсана. Музычная казка Айра Ішмуратава з Канады будзе суправаджацца выступленнем танцора стэп-данса Макса Полака з ЗША. Прагучыць Канцэрціна для гітары з аркестрам «Харон» беларускага кампазітара Галіны Гарэлавай. На запрашэнне аркестра паўдзельнічаць у юбілейным канцэрце 28 лютага адгукнуліся музыканты-салісты з розных краін, лёс якіх звязаны з Мінскам. Кульмінацыяй вечара, па задумцы Яўгена Бушкова і аркестра, стане выступленне аркестра ў пашыраным складзе: на сцэну выйдуць музыканты ўсіх пакаленняў, якія ў розныя часы працавалі ў калектыве.

Юлія КАРДАШ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».