Вы тут

І ваўкі сытыя, і авечкі цэлыя


Вечная класіка — спектакль па адным з самых бліскучых твораў Астроўскага «Ваўкі і авечкі» — з поспехам ідзе на сцэне Тэатра-студыі кінаакцёра з красавіка мінулага года. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў, які ажыццявіў пастаноўку, нагадвае, што ўсе мы падзяляемся на ваўкоў і авечак, моцных і слабых, небяспечных і безабаронных. Нягледзячы на тое, што п’есе амаль паўтара стагоддзя, размова пра чалавечыя слабасці, спакусы і інтрыгі актуальная ва ўсе часы, таму цяжка падчас спектакля не прымераць на сябе ролю таго ці іншага персанажа.


Валерыя Арланава і Анатоль Голуб у спектаклі «Ваўкі і авечкі».

Гісторыя, у якую нам прапануе акунуцца Астроўскі, немудрагелістая. У аснове сюжэта — барацьба за багацце, якая разгортваецца ў рускім губернскім горадзе 70-х гадоў пазамінулага стагоддзя. Уладарная і беспрынцыпная памешчыца вялікага, але разладжанага маёнтка Меропія Мурзавецкая, якая трымае ў жалезнай руцэ ўсю акругу, хоча выгадна ажаніць свайго пляменніка-ахламона на даверлівай і багатай удаве Яўлампіі Купавінай. З дапамогай махлярскіх камбінацый яна вельмі блізкая да поспеху ў сваёй мэце. Але тут з’яўляецца прыгажун і прагматычны дзялок новага пакалення Васіль Беркутаў, у якога і закаханая легкадумная Купавіна. Ён — амаль што пасланнік зверху, закліканы выратаваць «авечку» (ці ва ўласцівай яму лёгкай манеры абставіць Мурзавецкую)… І тут ужо гледачу трэба разабрацца, хто і ў якой сітуацыі аказваецца ваўком, а хто — авечкай, хто — ахвяра, а хто — паляўнічы. Зрэшты ж, недарэмна першапачаткова п’еса Астроўскага мела назву « І ваўкі ядуць… і ваўкоў ядуць».

Узмацняе драматычны настрой гэтай камедыі яшчэ адна сюжэтная лінія. Сваячка Мурзавецкай, бедная дзяўчына Глафіра, «авечка» звонку і «ваўчыца» па натуры, выношвае хітрыя планы ажаніць на сабе багатага памешчыка Лыняева. І як па-сучаснаму гучыць гісторыя гэтай паненкі, якая на шырокую нагу пажыла ў сталіцы, мела шмат заможных кавалераў і карысталася іх прыхільнасцю, але была вымушаная вярнуцца ў правінцыю ні з чым. Маналог Глафіры, якая не баіцца прызнацца ў сваіх намерах, гучыць так пранізліва, што ў нейкі момант нельга не захапіцца шчырасцю і імкненнем да шчасця ў асабістым разуменні гэтай каварнай і ракавой жанчыны. А рэжысёрскія знаходкі ў сцэнах Глафіры і Луняева, дзе знаходлівая гераіня ні ў чым не саступае сённяшнім спакусніцам, зноў-такі, гучаць як своеасаблівы зварот да нашых сучаснікаў.

Аляксандр Яфрэмаў не адыходзіць ад п’есы Астроўскага ў сюжэце. Камедыя пастаўлена ў традыцыях класічнага спектакля. Захаваны і мова Астроўскага, і касцюмы, і інтэр’ер XIX стагоддзя. Дзеянне насычана падзеямі, змястоўнымі дыялогамі, імгненна зацягвае і прымушае сачыць за кожнай сюжэтнай дэталлю. І тут нельга не аддаць належнае рэжысёру і яго майстэрству стварыць дынамічнае і закручанае дзейства. Таму тры гадзіны спектакля пралятаюць незаўважна.

Рашэнне рэжысёра не мяняць традыцыйны сюжэт толькі ўзмацняе акцэнт на характарах персанажаў. На прыкладзе розных герояў аўтар разглядае такія чалавечыя заганы, як крывадушнасць, сквапнасць, ханжаства, прытворства. Тут поруч ідуць прагматызм і легкадумнасць, дакладны разлік і недальнабачнасць, прадуманасць і марнатраўнасць. Пакуль адны выношваюць планы любой цаной палепшыць уласнае матэрыяльнае становішча, іншыя мараць пра каханне ды шчасце. Што і казаць, Астроўскі ў аўтарскай інтэрпрэтацыі Яфрэмава гучыць суперсучасна. Мы бачым, што людзей па-ранейшаму разбурае імкненне да ўлады і багацця, зрушэнне духоўных акцэнтаў і асноўных жыццёвых запаведзяў. Таму, нягледзячы на багацце гумару, гэтая знешне камедыя ўсё ж па сутнасці — драма.

Нельга не адзначыць зладжаны і таленавіты акцёрскі ансамбль (у спектаклі былі занятыя заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Тамара Мужэнка і Уладзімір Грыцэўскі, акцёры тэатра і кіно Валерыя Арланава, Станіслаў Вількін, Алена Гіронак, Анатоль Гур’еў, Анатоль Голуб, Антон Жукаў, Сяргей Лапаніцын, Лідзія Мардачова, Дзмітрый Пусцільнік). Фінал, нягледзячы на атрыбуты хэпіэнду, калі і «ваўкі» сытыя, і «авечкі», здавалася б, цэлыя, не дае адназначных адказаў. Бо хто застаўся ў выйгрышы — вялікае пытанне.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.