Вы тут

Беларускія зацікаўленні в’етнамскага паэта


Тх’юй Таан Хоанг — знакавае імя ў фарміраванні зносін в’етнамскай літаратуры з рускай і іншымі нацыянальнымі літаратурамі постсавецкай прасторы. У сёлетнім сакавіку (калі быць дакладным — 11 сакавіка) пісьменніку, перакладчыку спаўняецца 80 гадоў.


Пазнаёміцца з ім мне асабіста дапамог інтэрнэт. Ужо пасля, калі пачалі ліставацца, на вочы трапіла ўкладзеная доктарам філалагічных навук Вячаславам Пятровічам Рагойшам кніга аднаго верша Янкі Купалы «“А хто там ідзе?” на мовах свету». І высветлілася, што на в’етнамскую верш народнага песняра Беларусі шмат гадоў назад пераклаў менавіта мой ханойскі карэспандэнт.

Рыхтуючы кнігу «Францыск Скарына на мовах народаў свету», дзе пад адну вокладку збіраліся дзясяткі перакладаў урыўка з прадмовы беларускага першадрукара да кнігі «Юдзіф», я звярнуўся да спадара Тх’юя з просьбай пераўвасобіць скарынаўскае слова на яго родную мову. В’етнамскі перакладчык ахвотна пагадзіўся. І як вынік — у зборнік дадалася яшчэ адна староначка. Наша стасаванне з вядомым перакладчыкам, суайчыннікам Хо Шы Міна прадоўжылася. Наўмысна для в’етнамскага друку я напісаў артыкул пра вопыт Янкі Сіпакова ў перакладзе «Турэмнага дзённіка» Хо Шы Міна на беларускую мову. Дзякуючы перакладчыку, пра даўнюю кнігу і пра Я. Сіпакова даведаліся ў В’етнаме.

З ліставання з в’етнамскім перакладчыкам Скарыны і Купалы даведаўся, што цікаўны да Беларусі літаратар нарадзіўся ў вёсцы Фулюй (зараз гэта горад Тышон) правінцыі Бакнінь. У сярэдзіне 1950-х гг. Тх’юй Таан Хоанг трапіў у Савецкі Саюз. Закончыў філалагічны факультэт Маскоўскага педагагічнага інстытута імя У. І. Леніна. Вярнуўшыся на радзіму ў 1961 годзе, выкладаў рускую мову і літаратуру. Захопленасць русістыкай, савецкай літаратурай была настолькі вялікая, што галоўным заняткам свайго жыцця малады чалавек абраў перакладчыцкую справу. Працаваў у выдавецтве «Літаратура» рэдактарам, намеснікам дырэктара, намеснікам галоўнага рэдактара. Пераклаў літаральна паўсотні кніг рускіх пісьменнікаў. У тым ліку — творы А. С. Пушкіна, А. А. Фета, І. А. Буніна. Пераклаў на в’етнамскую мову «Слова пра паход Ігаравы». Уступіў у Саюз в’етнамскіх пісьменнікаў. З часам узначаліў секцыю мастацкага перакладу. Напісаў і выдаў каля дзесяці кніг, прысвечаных пытанням мастацкага перакладу, сувязям в’етнамскай літаратуры з літаратурамі народаў свету, найперш — з рускай і літаратурамі постсавецкай прасторы.

У 1982 годзе ў Ханоі выйшаў зборнік «Беларускія народныя казкі» ў перакладзе нашага в’етнамскага сябра. Тх’юй Таан Хоанг пераклаў на в’етнамскую вершы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, апавяданні А. Дударава. Пераклаў некалькі і маіх казак і дзіцячых апавяданняў. У апошнія гады імя Тх’юя Таана Хоанга набыло вядомасць і ў Беларусі. Пра в’етнамскага перакладчыка, сябра беларускай літаратуры з’явіліся артыкулы ў «Звяздзе», «Літаратуры і мастацтве». Асобны артыкул пра перакладчыка падрыхтаваны для чарговага тома персанальнай энцыклапедыі «Янка Купала».

Віншуючы Тх’юя Таана Хоанга з 80-годдзем, застаецца пажадаць яму здароўя, новых здабыткаў на ніве мастацкага перакладу. І яшчэ — выказаць спадзяванне на далейшую яго ўвагу да беларускай літаратуры.

Зазіраючы ў біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі», знайшоў у дачыненні да перакладу твораў беларускіх пісьменнікаў на в’етнамскую мову толькі пазнакі адносна Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Купалы. Вядома, што ў розныя гады ў В’етнаме пабывалі беларускія літаратары Уладзімір Карызна, Сяргей Панізнік, Ігар Лапцёнак. Досыць настойліва перакладаў в’етнамскіх паэтаў на беларускую мову народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Можа быць, у новым, XXI, стагоддзі стасункі беларускай і в’етнамскай літаратур шматкроць пашырацца. Нам ёсць што сказаць адзін аднаму.

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».