Вы тут

Выставачны праект Валерыя Песіна можна паглядзець у галерэі «Арцель»


Мастак Валерый Песін, які часта аказваецца ў еўрапейскіх краінах альбо ў Расіі, дзе праходзяць яго выстаўкі, лагічна звярнуўся да тэмы дома. І падышоў да яе з розных бакоў: дом для мастака — гэта сімвал не толькі шчасця і ўтульнасці, але і мінулага.

У гэтыя дні яго выставачны праект (а гэта каля сарака вобразных абстрактных твораў, якія мастак напісаў за апошнія дзесяць гадоў) пад адпаведнай назвай «ДОМ» прадстаўлены ў сталічнай мастацкай галерэі «Арцель».


Ідэя праекта «ДОМ» з'явілася ў Валерыя Песіна сама сабой, бо яго канцэпцыя сугучная агульным для творчасці мастака паняццям і каштоўнасцям. Дом для Валерыя — гэта месца, дзе пачынаецца, праходзіць і заканчваецца жыццё. На думку творцы, ён нясе ў сабе памяць роду і па кроплі аддае нам нашу памяць, дзяцінства, мінулае, а магчыма, нават прадказвае будучыню.

Для Валерыя Песіна вельмі важнае паняцце блізкіх рэчаў, ён можа напісаць цэлую гісторыю пра крэсла з майстэрні. Аўтар любіць паўтараць, што яго нацюрморты, на якіх адлюстраваны простыя рэчы накшталт кубка, лыжкі, стала, — гэта не прадметы побыту, а носьбіты цёплай гісторыі.

Магчыма, феномен папулярнасці мастака заключаецца ў тым, што яго работы шмат у чым сугучныя мысленню сучаснага чалавека.

Пры вялікім патоку і аб'ёме інфармацыі, хуткай змене фактаў і падзей мы адчуваем мімалётнасць, недахоп паўнавартаснасці жыцця. Творчасці Валерыя Песіна ўласцівыя недагаворанасць, фрагментарнасць і ў той жа час глыбокі псіхалагізм.

— Ідучы па дарозе ў майстэрню або назад, ён назірае за прыродай, вуліцай. Заўсёды кажа, што галінка, якая ўпала на дарогу, можа быць абсалютна непрыгожай, але яна ў яго выклікае эмоцыі, і ён не можа яе не напісаць, таму што ў ёй убачыў характар, пэўны настрой,  — расказвае мастацтвазнаўца Наталля Сяліцкая. — Валерый у жывапісе не выказваецца адкрыта, Гэта мастак нюансу і намёку. Яго творы пазбаўлены літаратурнасці, апавядальнасці, ён увесь час імкнецца да мінімалізму і мінімальнымі сродкамі стварае цэласны мастацкі вобраз.

Валерый Песін шмат працуе і спрабуе асэнсаваць тое, што напісаў раней. Гэта дае яму магчымасць факусаваць увагу на рэчах, якія сталі для яго асаблівымі, блізкімі.

Майстар параўноўвае свае карціны з вокнамі, якія адкрываюць свет памяці, асацыяцый, уражанняў і якія ва ўсіх розныя.

— Ён дзівосны майстар, мастак-эрудыт. Вельмі шмат чытае, захапляецца паэзіяй. Кажа, што, калі б у яго былі здольнасці пісаць вершы, ён бы з задавальненнем паглыбіўся ў паэзію, але з жывапісам пакуль атрымліваецца лепш, — дзеліцца Наталля Сяліцкая. — Яго асаблівасць у тым, што ён рознабаковы майстар. Пастаянна ў пошуку сюжэтаў, шмат падарожнічае і ўмее разважаць. Мне здаецца, што ён сам сабе рэжысёр, менавіта таму ад яго твораў вее шчырасцю. Вядома, шмат хто бачыць толькі бок поспеху мастака, але трэба разумець, што за жыццём гэтага чалавека — велізарная праца над сабой. Безумоўна, Песін — мастак, які зрабіў сам сябе.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Дома!..

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».