Вы тут

Настаў 4716 год па кітайскім календары


У Паднябеснай сустрэлі Новы год па месяцовым календары, або Свята вясны (Чуньцзэ). Яго таксама адзначаюць у шэрагу іншых краін і тэрыторый, дзе пражывае значная колькасць кітайцаў, перш за ўсё ў дзяржавах Усходняй Азіі. У Кітаі з нагоды Чуньцзэ распачаліся вялікія святочныя вакацыі, падчас якіх 385 мільёнаў кітайцаў здзейсняць турпаездкі. Прынамсі, такі прагноз зрабілі сумесна Кітайская акадэмія турызму, Цэнтр даных пры Дзяржаўным упраўленні па справах турызму і турыстычнае анлайн-агенцтва Ctrіp, паведаміла інфармагенцтва «Сіньхуа». Цяпер кітайцы актыўна перамяшчаюцца ўнутры Паднябеснай, каб абавязкова сустрэць галоўнае свята разам з сям'ёй. Чаго чакаць ад Жоўтага Сабакі?


Прывабіць дабрабыт

Кітайскі новы год пачынаецца ў першы дзень першага месяца па кітайскім месяцова-сонечным календары, які склаўся ў эпоху дынастыі Хань (ІІ стагоддзе да н. э. — ІІ стагоддзе н. э.). Свята прыпадае на адзін з дзён паміж 21 студзеня і 21 лютага. Напрыклад, сёлета новы 4716 год па кітайскім календары пачаўся 16 лютага. Урачыстасць таксама называюць «месяцовым Новым годам», паколькі яго дакладная дата разлічваецца на аснове месяцовых фаз. Свята існуе, па прыкідках гісторыкаў, ледзь не з часоў трох першых кітайскіх дынастыйных перыядаў — Ся, Шан і Чжоў. Калі гэта так, то звычаю ўжо каля трох-чатырох тысяч гадоў, адзначае ТАСС.

У Кітаі Свята вясны захавала сімвалізм і традыцыйнасць, нягледзячы на пэўныя рэгіянальныя адрозненні ў звычаях і традыцыях. Звычайна кітайцы трацяць свае грошы на абноўкі — купляюць падарункі, упрыгажэнні, прадукты харчавання і адзенне.

Акрамя таго, кожная сям'я старанна прыбірае жыллё, лічачы, што такім чынам яны чысцяць сваё жыццё ад любых няўдач і вызваляюць месца для шчасця.

Да святочнай вячэры нават тыя сямейнікі, якія працуюць або вучацца ў іншых гарадах, вяртаюцца дадому, частуюцца рознымі прысмакамі (самыя распаўсюджаныя — стравы са свініны, качкі, курыцы і шматлікія віды ласункаў і кандытарскіх вырабаў, у тым ліку рысавае печыва няньгаа). Па традыцыі напярэдадні Новага года гаспадыні гатуюць стравы з рыбы. Па-кітайску рыба — «юй» — сугучная з іерогліфам, які азначае дабрабыт. Яшчэ адна абавязковая страва на стале — пельмені «цзяацзы». Кітайцы іх лепяць усёй сям'ёй яшчэ да наступлення свята. Пельмень сваёй формай нагадвае сярэбраны злітак, ляпіць іх разам азначае «разам рабіць грошы». Існуюць і іншыя кулінарныя хітрыкі, прыкладам дэсерт у форме рыбы з клейкага рысу «нянь», што па сугучнасці азначае «багацець з году ў год».

Як спужаць Няня?

З Чуньцзэ звязана мноства легендаў. Адна з самых вядомых — гісторыя пра чароўную марскую пачвару Нянь, якая выходзіла на зямлю ў першы дзень года. Кажуць, што гэтая істота была настолькі галодная і злосная, што змятала ўсё на сваім шляху — знішчала запасы, руйнавала паселішчы і нават... ласавалася дзецьмі, якія на працягу года паводзілі сябе неналежным чынам. Жыхары вёсак неаднойчы пакідалі свае дамы і сыходзілі ў лес у надзеі схавацца ад пачвары, пакуль не заўважылі, што Нянь апасаецца гучных прамоў, вясёлай мітусні і чырвонага колеру.

З таго часу напярэдадні Новага года кітайцы ўпрыгожваюць сваё жыллё і вуліцы паселішчаў ярка-чырвонымі палотнішчамі «чуньлянь» з каліграфічна выпісанымі залатымі іерогліфамі — пажаданнямі шчасця і ўдачы, развешваюць гірлянды з яркіх ліхтарыкаў, запускаюць феерверкі і «страляюць» хлапушкамі.

 

Нягледзячы на тое, што старажытная міфічная пачвара больш не пагражае жыхарам Паднябеснай, яны дагэтуль захавалі сваю любоў да грукату і бляску навагодніх петардаў.

Аднак дзеля «падтрымання добрай экалогіі і спакою гараджан» улады з году ў год робяць больш жорсткай забарону на «вогненныя пацехі». У Пекіне, напрыклад, прынята пастанова: напярэдадні і ў перыяд свят забаронены гандаль піратэхнічнымі вырабамі, іх транспарціроўка і выкарыстанне. Усім чыноўнікам строга загадана «ўстрымацца ад запуску феерверкаў, падаючы станоўчы прыклад усім іншым грамадзянам». Падобныя абмежаванні дзейнічаюць і ў Шанхаі. Там продаж і запуск феерверкаў дазволены ў спецыяльна адведзеных месцах, а кожны пакупнік абавязаны прад'яўляць дакумент і пакідаць свае асабістыя даныя пры набыцці піратэхнічнай прадукцыі.

Падарунак у сеціве

Жыхары Паднябеснай, мабыць, самыя актыўныя карыстальнікі «сусветнага павуціння» ў свеце, таму ўсё часцей лічаць за лепшае віншаваць сяброў і блізкіх анлайн. Адзін з самых папулярных спосабаў — адпраўка «стыкера» — анімаванай карцінкі. Часцяком карыстальнікі сумяшчаюць традыцыйныя пажаданні — кітайскія ідыёмы (чэн'юй) — з пацешнымі малюнкамі або фатаграфіямі знакамітасцяў. Напрыклад, напярэдадні года Жоўтага Землянога Сабакі найбольшую папулярнасць набылі жоўты лабрадор з бліскучымі іерогліфамі вакол морды, а таксама чыхуахуа з пачкам юаняў у пярэдніх лапах — абноўлены сімвал дастатку і матэрыяльнага дабрабыту.

Паступова сеціва ўбірае ў сябе і іншыя традыцыі: калісьці ў навагоднюю ноч дзеці атрымлівалі ад старэйшых сямейнікаў так званыя хунбаа — чырвоныя скруткі з манеткамі ўнутры на поспех, потым іх змянілі «шчаслівыя канверты» з банкнотамі. Сёння ўсё больш кітайцаў аддаюць перавагу пераводу грошай з дапамогай смартфона: у месенджары WeChat («Вічат») існуе спецыяльная функцыя — адпраўка чырвонага канверта «хунбаа» анлайн.

Махнуць у Антарктыду

Народныя гулянні Чуньцзэ — гэта не толькі пышныя застоллі. Паводле афіцыйных даных, больш за 6,5 мільёна грамадзян КНР забраніравалі замежныя туры на перыяд вялікіх навагодніх выхадных. Найбольш папулярнымі напрамкамі з'яўляюцца Тайланд, Японія, Сінгапур, В'етнам, ААЭ і краіны Еўропы.

Экстрэмалы маюць магчымасць сустрэць Новы год у Антарктыдзе або Арктыцы.

Для аматараў больш спакойнага баўлення часу CCTV (Цэнтральнае кітайскае тэлебачанне) падрыхтавала насычаную праграму: удзельнікі навагодніх шоу — майстры гумарыстычнага дыялогу «сяншэн», выканаўцы твораў фальклору, спевакі, танцоры і музыканты — будуць забаўляць жыхароў Кітая на працягу двух тыдняў. Увогуле святкаванне працягнецца да 2 сакавіка. У гэты дзень па месяцовым календары сёлета адзначаць Свята ліхтароў — Юаньсяацзэ. Тысячы ліхтарыкаў чырвонага колеру паднімуцца ў неба над гарадамі і вёскамі Кітая, а сем'і збяруцца на ўрачыстую вячэру з «цзяацзы», з клейкім салодкім рысам і мандарынамі — салодкімі аранжавымі «ліхтарыкамі». Паводле падання, на 15-ы дзень новага года за сталом сустракаюцца не толькі жывыя сваякі, але і духі нябожчыкаў-продкаў, каб разам са сваімі блізкімі падзяліць радасць прыходу вясны.

Тры бітвы

Старшыня КНР Сі Цзіньпін, выступаючы напярэдадні перад членамі Усекітайскай федэрацыі прамысловасці і гандлю, паведаміў, што ў 2018 годзе самымі важнымі будуць «тры бітвы: прадухіленне ўзнікнення фінансавых рызык, скарачэнне ўзроўню беднасці і барацьба з забруджваннем навакольнага асяроддзя». Адразу пасля навагодніх свят у органах улады КНР адбудуцца важныя змены. На дзвюх сесіях — Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў (УСНП) і Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультацыйнага савета Кітая (УК НПКСК) — будуць абраныя старшыні Пастаяннага камітэта УСНП і УК НПКСК. Сесія найвышэйшага заканадаўчага органа (УСНП) адкрыецца 5 сакавіка. Чакаецца, што на ёй Сі Цзіньпін будзе пераабраны старшынёй КНР на яшчэ адзін пяцігадовы тэрмін, а Лі Кэцян — прэм'ерам Дзяржсавета, перадае ТАСС. Акрамя таго, мяркуецца стварэнне новага органа — Дзяржаўнай нагляднай камісіі. Яна будзе курыраваць антыкарупцыйную работу ў Кітаі.

Сімвал 2018-га — зямля, колер, адпаведна, жоўты. Як спрадвеку мяркуюць жыхары Паднябеснай, такое спалучэнне сімвалізуе вернасць, бескарыслівасць, адданасць, прыязнасць і сумленнасць, а значыць, гэты год будзе вылучацца мірам, стабільнасцю і гармоніяй. Астролагі наперабой прадказваюць, што сёлета сціхнуць канфлікты, якія існуюць у свеце, палепшыцца эканамічнае становішча і павысіцца якасць жыцця людзей. Прынамсі, Жоўты Сабака гэта абяцае.


Аляксандр Лукашэнка: Спадзяюся, што ў беларуска-кітайскіх адносінах заўсёды будзе панаваць вясна

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Старшыню КНР Сі Цзіньпіна і дружалюбны кітайскі народ са Святам вясны, паведамілі газеце «Звязда» ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў мінулым, юбілейным для беларуска-кітайскіх адносін, годзе ўдалося пашырыць узаемадзеянне па ўсіх напрамках, усталяваць яшчэ больш цесныя сувязі паміж рэгіёнамі і ведамствамі дзвюх краін.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што 2018 год стане важнай вехай у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. Паглыбленню ўзаемаразумення паміж грамадзянамі дзвюх дзяржаў, іх культурнаму збліжэнню будуць спрыяць мерапрыемствы ў рамках Года турызму Беларусі ў Кітаі.

«Мы заўсёды гатовыя да нарошчвання ўсебаковага стратэгічнага партнёрства з Кітаем, якое вылучаецца даверным і ўзаемавыгадным характарам. Шчыра спадзяюся, што ў беларуска-кітайскіх адносінах заўсёды будзе панаваць вясна і наша сяброўства будзе мацнець з кожным днём», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Захар БУРАК

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Прывітанне ад Жоўтага Сабакі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.