Вы тут

Як змянялася мода на бровы


На працягу ўсёй гісторыі жанчыны прыдумвалі, як зрабіць сябе яшчэ прыгажэйшымі. Мянялі ўборы, прычоскі, колер зубоў. Бровы таксама не абышлі ўвагай. Ад поўнасцю збрытых да наклееных, ад прамых да выгнутых, ад ледзь прыкметных да «брэжнеўскіх» — якую толькі форму ім не надавалі.


Шы­ро­кія бро­вы ма­дэ­лі Ка­ры Дэ­ле­вінь — эта­лон для су­час­ных мод­ніц.

Эксперыментаваць з бровамі пачалі яшчэ ў старажытнасці. Прычым не толькі жанчыны. У Кітаі мужчыны фарбавалі бровы тушшу, каб выглядаць больш люта і страшыць ворага.

У Сярэдняй Азіі надзвычай прыгожымі лічыліся бровы, якія зрасліся на пераноссі. Таму дзяўчатам з маленства падмалёўвалі іх сокам усьмы. Гэтая расліна — добры сродак для стымуляцыі росту валасоў, таму з часам бровы насамрэч спалучаліся ў адну лінію.

Егіпцянкі наносілі спецыяльны макіяж, які абараняў ад хвароб і злых духаў. Яны малявалі тоўстыя бровы ў форме доўгай дугі (успомніце бюст Неферціці). А калі ў сям'і памірала кошка — свяшчэнная жывёла, — збрывалі іх у знак жалобы. У Старажытным Рыме цанілася монабрыво, якое лічылася прыкметай высокага інтэлекту. Дарэчы, ужо тады ў ходзе былі фальшывыя бровы. Іх выраблялі з шэрсці казы і прыклейвалі дрэўнай смалой.

У Японіі з VIII стагоддзя з'явілася традыцыя «хікімаю»: жанчыны вышчыпвалі свае бровы і малявалі новыя, значна вышэй на лбе, у выглядзе цёмных авалаў. Для гэтага выкарыстоўвалася чарніла, вырабленае з сажы.

Кажуць, што ў той час японкі сталі насіць распушчаныя валасы з роўным праборам і лоб выглядаў занадта высокім. Цёмныя авалы дапамагалі збалансаваць форму твару.

Мода на высокі лоб і вышчыпаныя бровы была распаўсюджана ў арыстакратычных колах у сярэднявечнай Еўропе. Яна была. Каноны прыгажосці ў тыя часы сёння ўвогуле здаюцца дзіўнымі. Хваравіта бледны твар, тонкая лебядзіная шыя (для гэтага эфекту збрывалі валасы на патыліцы)... Ёсць версія, што такую моду выклікала неабходнасць: у той час з-за дрэннага харчавання і нізкай якасці жыцця нярэдка хварэлі на рахіт, адным з сімптомаў якога якраз з'яўляецца аблысенне ў вобласці лба.

У XVІІ стагоддзі знатныя рускія жанчыны падводзілі бровы сурмой. А вясковыя — звычайным вугалем.

Прыгажуні XVІІІ стагоддзя выкарыстоўвалі накладныя бровы, вырабленыя з... мышыных шкурак. Праўда, заманьваць такім знешнім выглядам жаніхоў было незаконна. Сенат у Франкфурце выдаў указ, па якім шлюб прызнаваўся несапраўдным, калі мужчыну прымушалі ўступіць у яго падманам — напрыклад, жанчына фарбавалася румянамі ці насіла парык.

Калі казаць пра ХХ стагоддзе, то мода на бровы мянялася літаральна кожныя дзесяць гадоў. У 1920-я ўсе марылі аб такіх, як у амерыканскай актрысы нямога кіно Клары Боу, — тонкіх і прамых. У 1930-я жанчынам таксама даспадобы былі вышчыпаныя бровы, але ў форме выгнутых арак, якія рабілі вобраз больш тэатральным. Дзесяцігоддзе пасля папулярным быў завостраны кончык, які модніцы дамалёўвалі алоўкам ледзь не да самай скроні. А ў сярэдзіне мінулага стагоддзя тон задавала Мэрылін Манро са сваімі сексуальна выгнутымі бровамі.

Субкультура хіпі прымусіла жанчын зноў перагледзець сваё стаўленне да броваў. У 1970-я іх сталі менш вышчыпваць, бо цанілася натуральнасць. 

У 1980-я ў модзе былі бровы, як у мадэлі Брук Шылдс, — шырокія, неахайныя, «дзікія». А ў 1990-я мода кардынальна змянілася: усе сталі марыць аб «нітачках». Тады ж жанчыны актыўна пачалі звяртацца да татуажу броваў: тонкую лінію прасцей было набіць у салоне, чым рэгулярна вышчыпваць.

Сёння зноў у модзе натуральнасць. Шырокія бровы, як у мадэляў Кары Дэлевінь і Наталлі Вадзянавай, натхнілі многіх жанчын адрошчваць, зачэсваць і дамалёўваць свае. Што не заўсёды ўдала атрымліваецца. Часам гэта выглядае так, быццам яны, як тыя старажытныя кітайскія мужчыны, сабраліся страшыць ворага. Сённяшняя мода дазваляе не капіраваць нейкую адну форму броваў, а выбіраць тую, што вам больш пасуе. А натуральнасць разумеецца вельмі шырока: дзяўчаты з монабрывом становяцца «зоркамі» інтэрнэту.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Падводка вугалем і мышыныя шкуркі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».