Вы тут

Беларускі рынак і аўдыторыя 60+ толькі прыглядаюцца адзін да аднаго


Апошнім часам шмат гаворыцца пра старэнне насельніцтва і часта гэтая тэндэнцыя падаецца як праблема. Маўляў, рызыкі для эканомікі, павышаная нагрузка на сацыяльную сферу... Так недалёка і да таго, каб пачаць успрымаць пажылых людзей нейкім баластам, які замінае маладым. Хоць гэта далёка не так. Рост колькасці пажылых людзей нясе і новыя магчымасці — у свеце зараз загаварылі аб так званай сярэбранай эканоміцы, калі ў цэнтры ўвагі знаходзяцца сівавалосыя спажыўцы і пад іх патрэбы падладжваюцца вытворцы тавараў і паслуг. Што дае такі падыход? Дадатковыя працоўныя месцы, павелічэнне спажывання і вытворчасці — гэта значыць, рост эканомікі.


Старасць — гэта не мінулае. Гэта цяперашняе!

Старасць нясе ў сабе патэнцыял вопыту і клопату. А яшчэ ў яе ёсць фінансавы патэнцыял. Таму што менавіта пажылыя часта дапамагаюць маладым сем'ям грашыма, калі моладзь страчвае працу. Так было, напрыклад, у ЗША і Еўропе, калі з-за сусветнага крызісу 2008 года пачалося беспрацоўе сярод маладых. Але не трэба недаацэньваць фінансавых магчымасцяў і нашых пажылых людзей. Яны таксама нярэдка дапамагаюць маладым сем'ям — сітуацыя часта менавіта такая, а не наадварот.

Зараз у свеце ўсё больш і больш тавараў і паслуг арыентуецца на людзей трэцяга ўзросту, бо яны складаюць вялікую долю ўсіх спажыўцоў, і гэтая доля пастаянна расце разам з ростам колькасці пажылых людзей. Прычым сёння людзі жывуць не проста даўжэй. Яны ўсё даўжэй застаюцца актыўнымі, а значыць, могуць з'яўляцца актыўнымі спажыўцамі банкаўскіх, турыстычных і іншых паслуг.

Вядома, у іх ёсць свая спецыфіка. «Для рынку, арыентаванага на пажылых людзей, актуальныя медыцынскія тавары, розныя прыстасаванні для дома, якія дазваляюць самастойна абслугоўваць сябе, — кажа краінавы каардынатар Швейцарскага Чырвонага Крыжа Таццяна Гаплічнік. — Бо асноўная задача ў дачыненні да пажылых — дамагчыся таго, каб яны максімальна доўга маглі заставацца незалежнымі. А калі ўжо не могуць, узнікае новая задача — як максімальна захаваць годнасць».

Кітайцы, напрыклад, ужо кажуць пра тое, што да 8 % ВУП яны атрымліваюць за кошт спажыўцоў трэцяга ўзросту. І зараз дзясяткі кітайскіх кампаній пераглядаюць сваю вытворчасць, арыентуючыся на пажылых спажыўцоў, адкрываюцца агенцтвы з кваліфікаванымі сядзелкамі, хатнімі прыслужніцамі і медсёстрамі, заводы выпускаюць новыя мадэлі крэслаў-качалак, гаджэты для дыстанцыйнага маніторынгу здароўя і г. д.

Але, каб старэнне насельніцтва было выгадным грамадству, каб усё больш прадпрымальнікаў і бізнесменаў далучаліся да стварэння тавараў і паслуг для людзей трэцяга ўзросту, трэба, каб з'явіўся пазітыўны імідж пажылых.

— Прыклад, які ўжо нагнаў аскому, але тым не менш яшчэ раз яго прывяду, — кажа Таццяна Гаплічнік. — Гадоў 5-6 назад у нас у офісе вісеў плакат, на якім былі намаляваныя старэчая рука і дзіцячая ручка і было напісана: «У будучыню з надзеяй, да мінулага з любоўю». Дык вось, гэта самая вялікая праблема: як гэта «пераключыць» нашы галовы і зразумець, што старасць — гэта не мінулае? Гэта цяперашняе і — будучае для ўсіх нас, хто сёння малады, таму што ўсе мы туды рухаемся. Так што гэта і ў інтарэсах маладых — ствараць свет, у якім да старасці будуць ставіцца па-іншаму і дзе будзе шмат магчымасцяў для таго, каб сябе рэалізоўваць у любым узросце.

Паслугі для пажылых — сфера з вялікім патэнцыялам. Пакуль недаацэненым

Але ў той час, як у свеце бурна развіваецца сегмент рынку, арыентаваны на пажылых, беларускі рынак і аўдыторыя 60+ пакуль яшчэ толькі прыглядаюцца адзін да аднаго. У нас тут яшчэ поўна свабодных ніш і нават існуючыя паслугі для старэйшага пакалення ў вялікім дэфіцыце.

Мы ўжо бачым, што з'явіліся банкаўскія паслугі, арыентаваныя на пажылых, тыя ж уклады «пенсійныя». Некаторыя турфірмы, імкнучыся прыцягнуць пенсіянераў, прапануюць ім туры са зніжкай. Ёсць і страхавыя паслугі, арыентаваныя на людзей старэйшага ўзросту.

Але ў пажылым узросце патрэбныя догляд, рэабілітацыя, бытавыя паслугі і сродкі, якія палягчаюць камунікацыю. Патрэбныя і новыя тэхналогіі. Вялікі патэнцыял існуе ў гаджэтаў для пажылых — партатыўных прылад з геалакацыяй і трывожнай кнопкай для выкліку хуткай дапамогі.

— Служба сясцёр міласэрнасці Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа займаецца сястрынскім доглядам дома, — расказвае Таццяна Гаплічнік. — Але ў нас няма стапрацэнтнага пакрыцця ўсёй краіны, гэта пытанне фінансавання. Дзесьці нам дапамагае дзяржаўны сацзаказ, які пакуль недасканалы, але ўдасканальваецца. Больш правільна было б арганізаваць медыка-сацыяльную службу дома. І тут могуць быць як паслугі прафесіяналаў, так і мясцовай супольнасці, у прыватнасці валанцёраў (там, дзе не патрэбна прафесійная дапамога). Таму што гэта самы аптымальны шлях — старэць там, дзе ты жывеш, а не ў спецыяльна выдзеленых месцах, не ў дамах састарэлых і г. д.

Ніш сапраўды шмат. Гэта сфера з вялікім і пакуль яшчэ недаацэненым патэнцыялам, хоць яна, вядома, няпростая.
І, напэўна, любы чалавек 35—40 гадоў павінен быць зацікаўлены ў тым, каб нешта ўкладваць у якасць свайго жыцця ў будучыні. У свеце для гэтага прыдумана ўжо шмат формаў. Але трэба развіць цэлы сектар, які будзе гэтым займацца.

Так, у некаторых краінах ужо рэалізуецца такая простая і разам з тым жыццядзейная ідэя, як «банкі часу», якая прадугледжвае ўзаемазалік паслуг не за грошы, а за час. Скажам, у мяне сёння ёсць час і я магу завесці суседскае дзіця ў дзіцячы сад, а суседка ў сваю чаргу потым можа выдаткаваць свой час на тое, каб прыйсці і зрабіць мне ўкол, калі яна напрыклад медсястра. Ці гэта можа адбывацца ў такой форме: вы ў якасці валанцёра займаецеся доглядам старога чалавека ў яго дома і гэтым «зарабляеце» гадзіны такога догляду сабе на будучыню або можаце перадаць іх потым свайму сваяку...

Недастаткова сэрвісаў і арганізацый, скіраваных на трэці ўзрост

З'яўляюцца новыя ініцыятывы і ў нашай краіне. Мы ўжо пісалі пра Тэрапеўтычны парк для пенсіянераў, які ствараецца ў Мінску, пра валанцёрскі праект сумесных падарожжаў моладзі і пенсіянераў («Неба. Пенсія. Самалёт»)... І тэндэнцыя такая, што з кожным годам іх будзе ўсё больш.

Літаральна днямі малады сацыяльны прадпрымальнік Дзмітрый Клімковіч разам з некамерцыйнай установай «Цэнтр актыўнага даўгалецця» і школай патранатнага догляду «Азбука клопату» адкрыў у Мінску Цэнтр актыўнага даўгалецця.

У Дзмітрыя дзве адукацыі: ён навучаўся па спецыяльнасці «сацыяльная работа» ў БДПУ імя Танка і правазнаўству — у МІТСО. Працуе з пажылымі людзьмі ўжо пяць гадоў: быў валанцёрам ва Універсітэце трэцяга ўзросту, выступаў каардынатарам розных праектаў. «Я зразумеў: каб арганізацыя была больш устойлівай і не залежала ад донараў і спонсараў, розных арганізацый, трэба, каб яна сама зарабляла грошы», — кажа ён. Таму Дзмітрый яшчэ раней арганізаваў і адкрыў прыватнае прадпрыемства «Каштоўны капітал», дзе працуюць людзі з інваліднасцю.

Паслугі для пажылых Дзмітрый Клімковіч лічыць вельмі перспектыўным напрамкам. «У нас з 9,5 млн насельніцтва ўжо больш за 3 млн складаюць пажылыя людзі. І недастаткова тых сэрвісаў і арганізацый, якія сёння могуць абслугоўваць іх, — кажа ён. — Яны не могуць задаволіць нарастаючы попыт. Таму мы не канкурэнты тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання, а хутчэй партнёры, бо робім агульную справу».

— У людзей старэйшага ўзросту з'яўляецца шмат вольнага часу, шмат хто гатовы плаціць за новыя веды і ўменні і за добра праведзены час. Мы можам зрабіць гэтую выснову зыходзячы з таго, якое мноства людзей прыйшло на адкрыццё нашага цэнтра, — кажа Дзмітрый. — Яны вельмі зацікаўленыя. Цэны ў нас будуць ад 3 да 5 рублёў за разавы занятак. Але мы не будзем рабіць усё платным. Будуць і нейкія бясплатныя рэчы. Мы ж не цалкам камерцыйная арганізацыя, хоць, паўтаруся, камерцыйны складнік дае нам нейкую свабоду і незалежнасць ад фінансавых донараў.

Сацыяльнае прадпрымальніцтва ў нашай краіне пакуль яшчэ толькі робіць першыя крокі. Многія блытаюць яго з дабрачыннасцю. Але сацыяльныя прадпрымальнікі дзейнічаюць на стыку дабрачыннасці і традыцыйнага бізнесу. Яны займаюцца бізнесам, накіраваным на вырашэнне найбольш вострых сацыяльных праблем: сацыялізацыі людзей з інваліднасцю, працаўладкавання неабароненых груп насельніцтва, вырашэння экалагічных праблем, праблем пажылых і інш. Але, як адзначае Дзмітрый Клімковіч, калі не будзе належнай дзяржаўнай падтрымкі, то многае можа не атрымацца.

***

Ну а калі вярнуцца да рынку паслуг для пажылых людзей, то ёсць у нас і яшчэ адзін падводны камень, які замінае яму развівацца. Многія нашы пенсіянеры пакуль псіхалагічна не гатовыя выдаткоўваць грошы на сябе, на такія «задавальненні», як навучанне чамусьці новаму, актыўнае баўленне часу. Яны лепш дапамогуць дзецям ці ўнукам... Многія не прывыклі жыць для сябе. І ёсць яшчэ такая праслойка, якая прынцыпова не згодная ні за што падобнае плаціць. Яны лепш будуць сядзець дома, але аддаць нават тры рублі за наведванне гуртка не гатовыя. І не таму, што гэтыя тры рублі такія каштоўныя для іх бюджэту, — проста яны так не прывыклі. Гэта людзі, асноўная частка свядомага жыцця якіх прыйшлася на часы СССР, калі «ўсё было бясплатным». Але хутка пачне выходзіць на пенсію пакаленне, якое жыло і працавала ўжо пасля развалу Савецкага Саюза, многія самі займаліся прадпрымальніцтвам. Гэтая фармацыя людзей не гатовая проста сядзець дома, многія з іх працягваюць працаваць і доўга застаюцца фінансава незалежнымі. І яны будуць плаціць за паслугі, якія дазваляюць захаваць высокую якасць жыцця, — што стварае новыя магчымасці для бізнесу і эканомікі ў цэлым.


Сацыяльнаму прадпрымальніцтву патрэбна падтрымка дзяржавы Заснавальнік і дырэктар некамерцыйнай кансалтынгавай установы «Сацыяльныя тэхналогіі бізнесу» Галіна Мацюшэнка:

— Сёння існуе запыт грамадства на сацыяльнае прадпрымальніцтва. Таму што хоць гэта і камерцыйная дзейнасць, але яна факусіруецца на вырашэнні сацыяльных праблем. У нас пакуль мала станоўчага вопыту ў гэтым кірунку. Практычна адсутнічаюць прыклады на нацыянальным узроўні, якія маглі б натхняць актыўных людзей, схільных да сацыяльнага наватарства. Многія пачынаюць нешта рабіць, але праходзіць час, і яны «згортваюцца», таму што цяжка — патрэбна падтрымка з боку дзяржавы. На жаль, да гэтага часу ў нас няма заканадаўства, якое стымулявала б падобныя ініцыятывы. Няма закона аб дабрачыннасці, прынятага ўжо ва ўсіх нашых суседзяў. Патрэбна інфраструктура па прасоўванні сацыяльных праектаў, навучанне сацыяльнаму прадпрымальніцтву...

Сацыяльныя прадпрыемствы часам не могуць канкурыраваць з іншымі, таму тут дзяржава павінна была б неяк падтрымаць іх, больш папулярызаваць, прасоўваць гэты станоўчы вопыт, бо сацыяльны бізнес дапамагае дзяржаве. Але для гэтага трэба яшчэ сфармуляваць, што такое сацыяльнае прадпрыемства і сацыяльнае прадпрымальніцтва. У нас такіх паняццяў дагэтуль няма, і тут мы чакаем пэўных крокаў ад Міністэрства працы і сацабароны.

У Расіі сацыяльнае прадпрымальніцтва ўжо атрымала вялікія маштабы і пазіцыянуе сябе як сектар эканомікі. Там ёсць дзяржаўныя гранты, інавацыйныя фонды, якія падтрымліваюць наватараў.

У нас ужо ёсць такое пачынанне, як Sосіаl Wееkеnd: бізнес праводзіць конкурс сацыяльных праектаў і падтрымлівае найбольш цікавыя ідэі. Дзяржава таксама магла б аб'яўляць такія конкурсы, пэўныя праграмы, якія падтрымлівалі б сацыяльных прадпрымальнікаў, альбо стымуляваць стварэнне сацыяльнага бізнесу нейкімі іншымі спосабамі: ствараць сацыяльныя стартапы і г. д. Ёсць жа ў нас конкурс «100 ідэй для Беларусі». Можна было б стварыць нешта падобнае і ў сацыяльнай сферы.

Іншыя краіны маюць вельмі пераканаўчы досвед у гэтым кірунку. Сацыяльнае прадпрымальніцтва вельмі актыўна развіваецца за мяжой, вельмі ярка ў апошні час яно выяўляе сябе ў Паўднёвай Карэі, напрыклад. Там літаральна за апошнія дзесяць гадоў з нуля створана ўся неабходная інфраструктура і выбудавана сістэма дзяржпадтрымкі. І прарыўным крокам была магчымасць некамерцыйных арганізацый займацца камерцыйнай дзейнасцю. Такія арганізацыі па змоўчанні сацыяльныя, яны ствараюцца для вырашэння пэўных праблем: жаночых, экалагічных, праблем з моладдзю, пажылымі людзьмі і г. д. І калі б яны маглі яшчэ зарабляць у сваёй дзейнасці (чаго яны сёння па заканадаўстве не могуць сабе дазволіць), тады гэты ўсплёск гаспадарчай дзейнасці, скіраванай на рашэнне сацыяльных праблем, быў бы больш прыкметным і прарыўным у Беларусі.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Сярэбраная эканоміка: патэнцыял старасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».