Вы тут

У чацвер беларусы выступілі на Гульнях у біятлоне і лыжных гонках


Надвор'е ў алімпійскім Пхёнчхане стабілізавалася, спаборніцкая праграма пайшла сваім парадкам. Яе адкрылі гарналыжнікі. Марыя Шканава выступіла ў гіганцкім слаламе, па выніках двух заездаў наша спартсменка размясцілася на 38-м радку, паказаўшы агульны час 2 хвіліны 32,33 секунды.


«Задаволена тым, што паспяхова завяршыла ўсю дыстанцыю, з якой сышлі амаль паўтара дзясятка спартсменак, — сказала Марыя. — Старалася захоўваць хуткасць і не дапускаць памылак, але не ўсё атрымалася. У душы застаўся асадак, што магла б зрабіць і больш. Алімпійская траса ў Пхёнчхане складанейшая, чым была ў Ванкуверы і Сочы».

Юрый Данілачкін выступіў у хуткасным спуску, дзе заняў толькі 44-е месца.

У жаночай лыжнай гонцы на 10 км вольным стылем беларускія ўдзельніцы таксама аказаліся далёка за рысай прызёраў. Найлепшы вынік сярод іх у Юліі Ціханавай — 40-е месца, Паліна Сераносава размясцілася на 48-й пазіцыі, Валянціна Камінская — на 70-й. Усяго фінішавалі 90 спартсменак.

Пакуль не апраўдваюць надзеі беларускіх балельшчыкаў і айчынныя біятланісты. У перанесенай з-за парывістага ветру жаночай індывідуальнай гонцы стартавалі чатыры прадстаўніцы нашай краіны. Найлепшы вынік паказала Надзея Скардзіна, якая з адной штрафной хвілінай размясцілася на 10-м радку выніковага пратакола. Адзначым, што нават пры адсутнасці гэтага промаху Скардзіна не змагла б падняцца на алімпійскі п'едэстал.

Дар'я Домрачава лідзіравала на працягу большай часткі гонкі, але на трэцяй стральбе дапусціла прыкры промах, нават пасля яго шанцы на медаль захоўваліся, аднак на наступным агнявым рубяжы трохразовая алімпійская чэмпіёнка памылілася яшчэ тры разы, што ў выніку прынесла ёй толькі 27-е месца. «Вядома, вельмі расчараваная другой часткай гонкі. Складана падабраць і выказаць словы, як я расчараваная апошняй стральбой. Я не адчувала, што гэта дрэнныя выстралы. На першым і другім заходзе на рубеж рабіла папраўку, можа, там нешта не так. Хачу параіцца з Альфрэдам Эдэрам адносна маёй стральбы. Я вельмі злая перад мас-стартам», — адзначыла спартсменка.

Ірына Крыўко стала 36-й, Дынара Алімбекава заняла 56-е месца.

Спаборніцкую праграму працягнула мужчынская індывідуальная гонка, там найлепшы вынік з беларусаў паказаў Сяргей Бачарнікаў, ён размясціўся на 18-м месцы выніковага пратакола, Уладзімір Чапелін стаў 30-м, Максім Варабей —
39-м, Раман Ялётнаў — 52-м.

На алімпійскім турніры фрыстайлістаў у чацвер стартавала жаночая кваліфікацыя сярод лыжных акрабатаў. Лідар беларускай каманды Ганна Гуськова прайшла ў фінал з першай спробы, паказаўшы выдатны скачок, які суддзі ацанілі ў 100,45 бала. Ала Цупер стартавала няўдала, зрабіўшы грубую памылку ў прызямленні, аднак выправілася ў другой спробе і адабралася ў фінальную частку спаборніцтваў, якія адбудуцца сёння (пачатак у 14.00).

Аляксандра Раманоўская ў дзвюх сваіх спробах так і не змагла паказаць, на што здольная, і, на жаль, завяршыла свой дэбютны алімпійскі турнір.

Нагадаем, што мужчыны ў лыжнай акрабатыцы ўступяць у барацьбу заўтра, спачатку ў іх пройдзе кваліфікацыйны этап, а прызёры вызначацца 18 лютага.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: З надзеяй учора і сёння

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».