Вы тут

Чым будуць заахвочваць людзей падчас выбараў у Слаўгарадскім раёне


У аграгарадку Ржаўка наогул насельніцтва актыўнае. Такога, каб нехта ігнараваў выбары, ніколі не было. Для аграгарадка гэта вельмі важная падзея. Праходзіць яна ў будынку сельскага сацыяльна-культурнага цэнтра, у сценах якога размясціліся і ФАП, і аддзяленне сувязі, і пашывачны цэх, і праўленне мясцовай аграгаспадаркі, і зала для гледачоў на 200 месцаў.


Стар­шы­ня Ржаў­ска­га вы­бар­ча­га ўчаст­ка № 15 Ва­лян­ці­на Ку­ха­ра­ва і яе цёз­ка па проз­ві­шчы сак­ра­тар Ма­ры­на Ку­ха­ра­ва да вы­ба­раў га­то­выя.

Здалёк бачна шыльду, якая паведамляе, што Ржаўскі выбарчы ўчастак № 15 знаходзіцца менавіта тут. Да знакавага дзяржаўнага мерапрыемства ўсё даўно ўжо падрыхтавана. У фае насупраць увахода — вялікі стэнд з графікамі, планамі, спісамі. На стале шмат неабходнай інфармацыі, папкі з прозвішчамі выбаршчыкаў, тэлефон. Падрыхтаваны нават лупы і ліхтарыкі, каб людзям было зручна вывучаць інфармацыю. Хоць у кабінках, кажуць, і без гэтага будзе добрае асвятленне.

Выбарчая камісія — людзі спрэс вопытныя і надзейныя. Старшыня — Валянціна Кухарава, загадчыца Ржаўскага ФАПа. На гэтай пасадзе яна ўпершыню, а наогул у выбарчых камісіях з 1992 года, а апошнім часам працавала намеснікам старшыні. Задача Валянціны Аляксандраўны — каардынаваць працэс. Прызнаецца, што кожнаму са сваіх калег па камісіі можа даверыцца. Усе яны жыхары Ржаўкі, пяцёра працуюць у мясцовай гаспадарцы ААТ «Прывольны-Агра».

Усяго ў Ржаўцы жыве 354 чалавекі, 253 з іх прыйдуць 18 лютага галасаваць менавіта на гэты ўчастак. Да астатніх 10 (такая лічба была на 2 лютага), якім сёння за 80 гадоў, члены выбарчай камісіі завітаюць самі.

— Такога, каб нехта не прагаласаваў, у нас яшчэ не было, — сцвярджае Валянціна Кухарава. — Нават калі выбары адбываліся летам, у разгар палявых работ, людзі прыходзілі галасаваць яшчэ датэрмінова.

Гэтым разам стаіць задача выбраць дэпутатаў у абласны, раённы і сельскі Саветы. «Два чалавекі прэтэндуюць на абласны ўзровень, два — на раённы і па два на чатыры акругі нашага аграгарадка, — пералічвае Валянціна Аляксандраўна. — Мы ўжо абышлі кожны двор і ўручылі лістоўкі з інфармацыяй пра кандыдатаў у дэпутаты, запрасілі людзей на ўчастак. Калі нехта пачынаў гаварыць, што яму гэта не патрэбна або што «адзін голас пагоды не зробіць», тлумачылі, наколькі важнае гэта мерапрыемства. Нават калі чалавек асабіста нікога не абярэ, ён прадэманструе сваю пазіцыю.

Прыцягваць людзей чымсьці незвычайным у Ржаўцы не збіраюцца. Але пасля выканання грамадзянскага абавязку ў выбаршчыкаў будзе магчымасць наведаць канцэрт мастацкай самадзейнасці, які пакажуць мясцовыя артысты. Талентаў тут шмат і сярод дарослых, і сярод школьнікаў. І ахвотных паглядзець на іх выступленне таксама заўсёды дастаткова. Тут табе і касцюмы, і музыка, і настрой. Не выключана, што і выязны гандаль прыедзе са Слаўгарада — а тарты і пірожныя там робяць выдатныя.

— У нас заўсёды выбары праходзяць урачыста — музыка, прыгожа апранутыя людзі, — кажа Валянціна Кухарава. — Усе грамадзяне добразычлівыя, скандалістаў і хуліганаў сярод іх няма. Але нават, калі такія і знойдуцца, іх будзе каму супакоіць: разам з намі вахту нясе і міліцыянер.

Сакратар выбарчай камісіі Марына Кухарава (цёзка па прозвішчы Валянціны Аляксандраўны), нягледзячы на маладосць, таксама не навічок у выбарчай камісіі, упершыню працавала ў 2008 годзе на выбарах дэпутатаў у парламент. Адзначае, што людзі да такіх мерапрыемстваў заўсёды ставяцца вельмі адказна.

— Яны ведаюць, куды ідуць, у іх нават пытанняў ніякіх не ўзнікае. Уся інфармацыя на стэндах. А вось калі на дом выязджаем, здараюцца невялічкія кур'ёзы. Бывае, спрабуюць і за стол пасадзіць, — усміхаецца яна.

— Наогул пажылыя людзі вельмі радуюцца, калі мы прыходзім, часам нават абдымаюць, цалуюць, — дадае Валянціна Кухарава. — Ім жа галоўнае зносіны!

Самая старэйшая выбаршчыца — Настасся Калёсная, 1924 года нараджэння, самастойна перасоўвацца не можа. Але заўсёды з нецярпеннем чакае членаў выбарчай камісіі.

Сёлета на ўчастак упершыню прыйдуць галасаваць двое выбаршчыкаў 1999 года нараджэння — Валянціна Глушко і Уладзіслаў Каржоў. Ім тут збіраюцца ўручыць сувеніры на памяць. Уладзіслаў ужо працуе ў гаспадарцы, а Валянціна вучыцца ў Магілёве, але прыедзе галасаваць у родную Ржаўку. З 2 лютага выбарчы ўчастак у Ржаўцы працуе пастаянна, людзей запрашаюць азнаёміцца са спісамі, праверыць, ці не прапусцілі там іх прозвішча. А з 13 лютага пачалося датэрміновае галасаванне.


Таццяна Бабічава, старшыня Слаўгарадскай раённай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання:

— З 18 студзеня ў раёне актыўна праходзілі сустрэчы насельніцтва з кандыдатамі ў дэпутаты. Усяго ў раёне створана 16 выбарчых камісій. З 2 лютага ўсе яны працуюць пастаянна, можна па тэлефоне ўдакладніць любую звязаную з выбарамі інфармацыю. У тым ліку, калі не можаце самастойна прыйсці на ўчастак, можна запрасіць членаў камісіі, каб абслужылі ў дзень выбараў дома. Усе выбарчыя ўчасткі будуць забяспечаны неабходнай колькасцю транспарту. Калі спатрэбіцца, можам арганізаваць і падвоз выбаршчыкаў. Такое ў нас, дарэчы, раней ужо практыкавалася. Чакаецца, што ўдзел у выбарах прыме каля 10 тысяч чалавек.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Канцэрт, гандаль і сувеніры на памяць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.