Вы тут

«Я па дзесяць разоў стукаў у дзверы»


Аляксандр Ласмінскі тройчы абіраўся дэпутатам Гродзенскага гарадскога Савета. Многія гродзенцы ведаюць яго як тэлежурналіста, стваральніка гарадскога тэлебачання. Цяпер ён — кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, фотаклуба «Гродна», заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў. А яшчэ Аляксандра Ласмінскага можна назваць сапраўдным гродзенцам, які любіць свой горад, імкнецца раскрыць яго спадчыну і папулярызуе яго ў сваіх шматлікіх фотоальбомах і на выстаўках.


— Аляксандр Іосіфавіч, як пачынаўся ваш шлях у дэпутаты?

— Неяк да мяне падышлі людзі і сказалі: давай, ідзі ў дэпутаты. У цябе шмат цікавых ідэй, паспрабуй іх увасобіць. Прыгадалі гісторыю з аднаўленнем Аўгустоўскага канала, якім я займаўся, можа, 20 гадоў, у выніку ўдалося ўсе ж «прабіць» рэканструкцыю, рашэнне аб якой было падпісана Прэзідэнтам. Праўда, гэтаму спрыяла і мая журналісцкая дзейнасць...

Мяне вылучылі кандыдатам у дэпутаты адразу некалькі вялікіх працоўных калектываў, і я адчуваў адказнасць перад імі. А калі абралі дэпутатам, адразу даручылі ўзначаліць пастаянную камісію па культуры, адукацыі і справах моладзі. Зразумела, пачаў думаць: а што я магу зрабіць для горада? Я не збіраўся проста адседжвацца на сесіях, мне хацелася зрабіць нешта карыснае для горада, унесці нешта сваё. Тым больш што я ведаў гісторыю горада, а з цягам часу гэтыя веды пашырыліся. Узнікла ідэя замацаваць за Гроднам статус горада-музея. З часам гэтая назва прыжылася.

— І з чаго вы пачалі?

— У горадзе існавала праграма «Спадчына», але яна была слабая, з-за адсутнасці фінансавання амаль не працавала. Разам з тым у Гродна пачалі прыязджаць турысты, і мы, дэпутаты, стараліся данесці да ўлад неабходнасць развіваць гэты кірунак. Напрыклад, больш стварыць невялічкіх музеяў. Мяне заўсёды яны ўражвалі. Патэнцыял у нас велізарны. Толькі ў Замкавых музейных фондах знаходзіцца 200 тысяч каштоўных экспанатаў. Напрыклад, у літоўскім Шаўляі я некалі бачыў музей тэлевізараў (усяго ў адным пакоі — тады іх было мала), а побач музей веласіпедаў і музей фатаграфіі. Цікава? Цікава. У нас такіх невялічкіх музеяў не было. Ніхто гэтым асабліва не займаўся. Мабыць, таму, што раней у нас была арыентацыя на выязны турызм. Турфірмы запрашалі наведаць што хочаце, толькі не свой горад... Але, напрыклад, ідэя стварэння музея нумізматыкі ўперлася ў праблему ўласнасці. Фонды музея абласныя, а памяшканне — гарадская ўласнасць. Трэба вышукваць сродкі на рамонт, калі мы хочам прыстасаваць гістарычную старую пабудову. А між тым не толькі манеты, але і сотні самавараў, лямпаў, грамафонаў пыляцца ў фондах, а маглі б стаць музейнымі экспанатамі. Ці музей фатаграфіі, выкананы ў выглядзе фотаатэлье пачатку XX стагоддзя. Можна пашырыць музей-аптэку, лічу нядрэнна стварыць музей гісторыі гродзенскай мэрыі. Зараз узнікаюць прыватныя музеі, напрыклад побыту ці музей праса. Так што ідэя гэта паціху развіваецца.

— Чаго канкрэтна ўдалося дабіцца падчас дэпутацкай дзейнасці?

— Я вельмі ганаруся нашай жамчужынай XІІ стагоддзя — Каложскай царквой. Калі мяне абралі першы раз дэпутатам, думаў: што магу зрабіць для яе росквіту? Часта спрабаваў сябе ў якасці экскурсавода і неяк падчас прыезду дэлегацыі з падмаскоўных Хімкаў расказаў пра ікону Каложскай Божай Маці, якая была вывезена ў Расію і бясследна знікла пасля Першай сусветнай вайны. Дык вось, кіраўніцтва падмаскоўнага горада пры дапамозе Патрыярха зрабіла новы спіс іконы, які нам падарылі. Адбылося яе ўрачыстае ўнясенне ў храм.

Таксама падчас першага склікання ўдалося адкрыць сучасную выставачную залу. Такое памяшканне было па вуліцы Ажэшкі, але існавала ў закінутым стане. Стаяла задача — перавесці яго ў гарадскую ўласнасць, адрамантаваць, зрабіць не горш за еўрапейскія залы. З гэтай задачай мы справіліся. На пасаду дырэктара запрасілі прафесійнага мастацтвазнаўцу Ірыну Сільвановіч. Яна і зараз тут працуе.

— Мабыць, і другое ваша скліканне было адметным?

— У гэты час удалося зрабіць даступнай для наведвальнікаў нашу славутасць — старажытную пажарную каланчу. Раней, каб трапіць на аглядную пляцоўку, трэба было спачатку падняцца па прыстаўной лесвіцы, а затым — на самы верх. Была думка зрабіць у вежы музей гісторыі пажарнай справы Гродна. Першы, з кім я сутыкнуўся, быў начальнік абласнога ўпраўлення МНС тых часоў. Ён адразу заявіў, што нічога рабіць не будзе, бо няма грошай. Праз тры гады прыйшоў новы начальнік, які захапіўся відам, што адкрыўся з вышыні птушынага палёту, а праз месяц патэлефанаваў і сказаў: знайшоў сродкі на лесвіцу і музей. Цяпер гэты музей — адзін з найлепшых у краіне. А на пажарнай вежы кожны дзень апоўдні трубач іграе беларускую мелодыю... Ужо падчас трэццяга склікання з'явілася мара зрабіць у кожным падвальчыку ў цэнтры Гродна невялічкія кафэ, як у Вільнюсе, напрыклад. І вось я літаральна за руку пацягнуў мэра і іншых кіраўнікоў «у экспедыцыю» па сутарэннях Савецкай вуліцы. У адным з іх пазней узнікла кафэ «Раскоша». Таксама ўжо зроблены эскізны праект, каб далучыць да кафэ яшчэ і двухпавярховы падвал побач. Такія сутарэнні мы бачылі ў Вроцлаве. Улады пакуль ад гэтага адбіваюцца, — маўляў, некаторыя з іх засыпаны, хто за гэта возьмецца? Але яны амаль усюды былі засыпаны, іх раскапалі і прыстасавалі, і туды з задавальненнем заходзяць турысты.

— Работа дэпутата патрабуе шмат намаганняў?

— Можна, канешне, і адседзецца, як гэта часам і адбываецца. Але ў чым тады сэнс нашага дэпутацтва? Да таго ж ёсць закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, дзе ў плане заканадаўчай ініцыятывы многае можна зрабіць. Я браўся за тыя рэчы, якія, на першы погляд, здаваліся немагчымымі, і дабіваўся свайго.

— Што было самым цяжкім падчас увасаблення вашых дэпутацкіх ініцыятыў?

— Мяне часам здзіўляла і непакоіла абыякавасць некаторых чыноўнікаў ды і іншых дэпутатаў. Не ўсе аднолькава спрыяльна ставіліся да гэтых ініцыятыў. Бывала, што некаторыя паглядалі скоса, гэта выклікала ў іх раздражненне.

— З якімі яшчэ пытаннямі звярталіся выбаршчыкі?

— Падчас прыёму людзі прыходзілі з рознымі пытаннямі. Адны скардзіліся на тое, што дрэвы аварыйныя растуць у двары, другія, наадварот, на тое, што дрэвы спілоўваюць, трэба больш іх пасадзіць. Дзесьці дваровую тэрыторыю прасілі прывесці ў парадак, каналізацыю пракласці ў аднапавярховай забудове. І мы гэтага дабіваліся. Дрэвы падпілоўвалі часткова, я не быў прыхільнікам зносу дрэў. Дарэчы, падчас дэпутацтва былі створаны камітэты тэрытарыяльнага самакіравання ва ўсіх ЖЭСах, — каб аператыўна вырашаць усе пытанні жыхароў.

— На ваш погляд, якія якасці неабходныя дэпутату?

— Некаторыя кажуць, што ў мяне настырны характар. І сапраўды, каб вырашыць адно пытанне, я гатовы дзесяць разоў патэлефанаваць альбо адчыніць дзверы ў высокі кабінет. А без настойлівасці немагчыма дабіцца рэальных вынікаў. І новым дэпутатам мясцовай улады я таксама прапаную быць ініцыятыўнымі і настырнымі. Выбаршчыкі ацэняць гэта.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з архіва Аляксандра ЛАСМІНСКАГА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.