Вы тут

Хто ён — абраннік народа?


18 лютага адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Мы пацікавіліся ў нашых чытачоў, якімі якасцямі, на іх думку, павінен валодаць дэпутат мясцовых Саветаў і якія праблемы яму неабходна вырашаць?


Генадзь МАГІЛЬНІЦКІ, кіроўца Гарадоцкага раённага Дома культуры:

— Упэўнены, што дэпутатам можа быць чалавек з добрай рэпутацыяй, шчыры і блізкі да народа, гатовы, нягледзячы на занятасць, народныя інтарэсы абараняць. Пасля перамогі на выбарах дэпутат абавязаны арганізоўваць сходы з выбаршчыкамі, наведваць іх па месцы жыхарства.

Якія пытанні патрабуюць першачарговага вырашэння? Ну вось, напрыклад, жывём у краіне, багатай на лясы, а з дровамі часам проста бяда. Яны мне патрэбны, каб цёпла было на дачы ў вёсцы Насачы, дзе часта бываю. У лясніцтве, напрыклад, заказаць дровы — праблема. Ды і чарга, каб іх купіць... А самім нарыхтоўваць нельга, як калісьці. Звяртаўся ў сельвыканкам, але, напэўна, пытанне трэба вырашаць на больш высокім узроўні.

А яшчэ хацелася б, каб улады лепш клапаціліся пра падсыпку ў снежную пару года дарог да вёсак, дзе жыхароў можна на пальцах пералічыць... Ды і асартымент крам на колах нядрэнна было б пашырыць, каб людзі ў вёсках не адчувалі сябе «закінутымі».

Марыя ЛЕШКА, жыхарка вёскі Аксакаўшчына Мінскага раёна:

— На маю думку, дэпутат павінен валодаць такой рысай характару, як настойлівасць, або, як кажуць у народзе, настырнасць. Не баяцца адстойваць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў у кабінетах чыноўнікаў самага высокага ўзроўню. Па прынцыпе: стукайце — і вам адчыняць.

Сёлета мы ўсім домам пойдзем галасаваць за нашу Марыю Іванаўну, баявую, нераўнадушную жанчыну, якая жыве ў маім пад'ездзе і заўсёды зробіць тое, што задумала. Менавіта яна шмат зрабіла для жыхароў населенага пункта, хоць і не была дэпутатам. Дзякуючы ёй уладкавалі, агарадзілі дзіцячую футбольную пляцоўку, паклалі асфальт у дварах. Вядома, давялося нялёгка, але яна ездзіла, церабіла, так бы мовіць, начальства, пакуль не дасягнула станоўчага выніку. Неяк сустракаю сваю суседку, кажу: «Марыя Іванаўна, не лішне было б дах перакрыць — дом жа стары, будаваўся недзе ў 70-х гадах мінулага стагоддзя». «Добра, буду дабівацца, каб пытанне вырашылі. А заадно і ўцяплілі вуглавыя кватэры», — адказвае. І людзі ўпэўнены: яна гэта зробіць, бо неаднаразова канкрэтнымі справамі даказвала, што слоў на вецер не кідае.

Ігар Кавалёў, дырэктар Слаўгарадскай сярэдняй школы № 1:

— Дэпутат павінен быць адказны, працавіты, сумленны, прыстойны і кваліфікаваны. Павінен ведаць, што ён робіць і навошта. Ад дэпутата мясцовага Савета перш за ўсё патрабуецца, каб ён актыўна займаўся праблемамі сваіх выбаршчыкаў, быў кампетэнтны ва ўсіх пытаннях, лабіраваў інтарэсы грамадзян перад нейкімі службамі. Мне асабіста да дэпутатаў ніколі не прыходзілася звяртацца, бо ведаў сам, як і дзе можна вырашыць свае пытанні. Але, пры неабходнасці звязацца з дэпутатам не праблема. У нас, напрыклад, у школе штомесячна праводзяцца Дні інфармавання, на якіх прысутнічаюць у тым ліку і дэпутаты, праўда, у якасці прадстаўнікоў тых ці іншых службаў. Але не забараняе звярнуцца да іх як да дэпутатаў. Народны абраннік павінен заўсёды помніць пра сваю місію, не дапускаць амаральных учынкаў. Гэта недаравальна для любога чалавека, а пры такой пасадзе тым больш. Народны абраннік павінен быць прыкладам для іншых.

Дар'я ШАРАМЕТ, харэограф, г. Мінск:

— На дэпутата ўскладзена шмат функцый — часта не ўсе пытанні могуць «дабрацца» да яго. Таму важнымі якасцямі можна лічыць мабільнасць і арганізаванасць. Значэнне таксама мае адданасць выбранай дзейнасці. Калі дэпутат усё выконвае з душой, з разуменнем уласнай справы і адказнасцю, то павышаецца і ўзровень даверу насельніцтва да чыноўнікаў, і якасць жыцця.

Што да праблем, якія можна «адрасаваць» дэпутату, то для мяне адна з галоўных — гэта парковачныя месцы. Добра жывём, калі машыны няма куды ставіць! Хвалюе і ўладкаванне лесапаркавай зоны. Побач з маім домам ёсць лес, дзе маладыя матулі гуляюць з немаўлятамі, гаспадары выгульваюць сабак, аматары спорту бегаюць. Добра, калі б для камфорту жыхароў там з'явіліся ліхтары, лаўкі ды сметніцы.

Вольга КЛІМОВІЧ, г. Віцебск, аператар электроннага набору і вёрсткі камунальнага ўнітарнага прадпрыемства:

— Добрага дэпутата я бачу адукаваным, камунікабельным, такім, які ўмее хутка прымаць рашэнні. Народны абраннік павінен быць здольны адстойваць інтарэсы і правы людзей. Бо галоўнае — умець пачуць, а не проста слухаць.

Наконт праблемы, якая, на мой погляд, патрабуе ўвагі. Як маці маленькага дзіцяці, мяне хвалюе адсутнасць аўтобуснага прыпынку на вуліцы Карла Маркса. Менавіта аўтобуснага, таму што ў напрамку вакзала спыняюцца толькі маршрутныя таксі, у якіх з дзіцячай каляскай, зразумела, не ўціснешся.

Марыя Катовіч, гандлёвы прадстаўнік кампаніі Estel:

— Дэпутата, за якога я хацела б аддаць свой голас, бачу маладым сучасным чалавекам 30—35 гадоў, які да такога ўзросту ўжо займае кіруючую пасаду — гэта будзе сведчыць аб яго мэтанакіраванасці і працаздольнасці. Зразумела, з вышэйшай адукацыяй, прычым перавагай будзе эканамічная спецыяльнасць, бо ўменне кампетэнтна распараджацца бюджэтнымі сродкамі — адна з галоўных задач дэпутата. Гэты чалавек абавязкова павінен быць адказны і сумленны. Да таго ж, хацелася б, каб ён шчыра верыў у значнасць сваёй місіі і з усіх сіл імкнуўся зрабіць жыццё людзей даручанай яму акругі лепшым. Па рабоце я шмат часу праводжу за рулём, таму мяне непакоіць стан дарог. А ён, нягледзячы на тое што ў Беларусі на гэта не прынята скардзіцца, вымушае жадаць лепшага. У нас у двары буйную яму, нягледзячы на шматлікія скаргі, не латаюць ужо месяц! Яшчэ адно пытанне, актуальнае і для сталіцы, і для іншых населеных пунктаў — адсутнасць пляцовак для выгулу жывёл. Таксама мінчан турбуе работа паліклінік: не так даўно ў нашым раёне адкрылі новую, а вось многіх вузкіх урачоў-спецыялістаў так і не набралі...

Алена ЛОБАЧ, настаўніца, аг. Дабраволя Свіслацкага раёна:

— Я думаю, што будучы дэпутат павінен быць чалавекам з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, гатовым дзейнічаць «тут і цяпер», супрацоўнічаць з рознымі «слаямі» насельніцтва. Ён павінен свабодна кантактаваць і з простым працоўным чалавекам, і з кіраўніком вялікай арганізацыі. Свайму дэпутату я прапанавала б звярнуць увагу на паляпшэнне транспартных зносін паміж маленькімі вёскамі і раённым цэнтрам. Добра было б у нашай мясцовасці адкрыць новыя кавярні, уладкаваць месцы для адпачынку моладзі.

Вячаслаў БАРАДУН, работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі, в. Бараўляны, Мінскі раён:

— На мой погляд, сапраўднаму дэпутату неабходна мець рашучы характар. У яго павінна быць шчырае жаданне дапамагаць людзям, працаваць на карысць роднай краіны. Дэпутат — гэта абраннік народа. Ён павінен быць бліжэй да простых грамадзян, бачыць праблемы, клопаты насельніцтва і дапамагаць іх вырашыць.

Што датычыцца майго месца жыхарства, вядома, тут людзям неабходныя новыя школы і дзіцячыя садкі. З-за вялікай колькасці жыхароў заўсёды чарга ў адзіны банк. Таксама вельмі хацелася б упарадкаваць транспартныя зносіны раёна з горадам і суседнімі населенымі пунктамі. Актуальныя сёння і пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, напрыклад, вельмі важна пабудаваць сучасныя станцыі хімічнай ачысткі вады.

Ганна Мінеева, пенсіянерка, былая настаўніца, Маладзечанскі раён:

— На маю думку, дэпутат павінен быць прыстойным чалавекам. Ведаць сваіх выбаршчыкаў і іх праблемы, часцей сустракацца з імі. Акрамя таго, ён павінен умець працаваць з выканаўчай уладай. Не ўступаць з ёй у канфлікт, а аргументавана і спакойна даводзіць сваё меркаванне.

Як правіла, пажаданні і наказы выбаршчыкаў свайму дэпутату ў асноўным падобныя. Хочацца нам, каб павышалася якасць медыцынскага абслугоўвання, жыллёва-камунальных паслуг, каб уладкоўваліся дарогі, развівалася сацыяльная сфера, у кватэрах былі цяпло і вада... Але прэтэндэнты на дэпутацкі мандат не павінны даваць пустых абяцанняў. Навошта такі дэпутат, які «клапоціцца» пра людзей толькі падчас выбараў. Вядома, ён не можа дабіцца ўсяго, што ўскладзена на яго выбаршчыкамі. Але няхай вызначае для сябе галоўныя напрамкі, пункты і настойліва па іх працуе.

Лілія КУЗЬМІЧ, аграгарадок Парэчча Гродзенскага раёна:

— Мы часта ківаем у бок дэпутата, маўляў, ён дрэнна працуе з выбаршчыкамі. Але гэта лягчэй за ўсё — крытыкаваць, казаць, што нічога не вырашаецца. Часам мы многа хочам ад дэпутата, але ён не можа ўсё зрабіць на мясцовым узроўні.

І ўсё ж нашы невялічкія запыты вырашаць ён павінен. Асабліва гэта датычыцца вуліц у населеных пунктах. Такія праблемы ёсць паўсюдна. Зразумела, што добраўпарадкаванне вуліц патрабуе фінансавых затрат, але дэпутат павінен дабівацца гэтага, і тады яго работа будзе відаць і людзі будуць удзячныя яму.

А ўвогуле трэба вылучаць у дэпутаты простых людзей, што называецца, з народа, якія на сваёй скуры зведалі патрэбы грамадства. Ну і, вядома, дэпутату трэба часцей сустракацца з народам, ісці, як кажуць, «у масы», каб людзі ведалі яго ў твар.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.