Вы тут

Валанцёрскі атрад «Надзея» стаў лепшым сярод вучнёўскай моладзі


«Для таго каб дапамагаць іншым, не патрэбна нічога, акрамя жадання», — так лічаць удзельнікі валанцёрскага атрада «Надзея» лунінецкай сярэдняй школы № 4. І даказваюць гэта на ўласным прыкладзе: па выніках рэспубліканскага конкурсу БРСМ «Валанцёр года — Добрае Сэрца» за мінулы год яны былі перамаглі ў намінацыі «Найлепшы валанцёрскі атрад сярод вучнёўскай моладзі».


«Надзея» існуе толькі трэці год, але за гэты час лунінецкія валанцёры паспелі правесці сотні дабрачынных акцый і ўбачыць тысячы ўсмешак тых, каму дапамаглі. У атрадзе ўсяго 25 чалавек, затое якіх! Гэта самыя актыўныя і яркія вучні 8—11 класаў школы. Іх пад сваім крылом сабрала педагог-арганізатар Юлія Богуш — куратар атрада.

— Мы працуем па некалькіх напрамках. Галоўны — дабрачыннасць. Акрамя гэтага, займаемся яшчэ і экалагічным валанцёрствам, а таксама прасоўваем ідэі здаровага ладу жыцця, — расказвае Юлія. — Умоўна атрад можна падзяліць на некалькі невялікіх груп, кожная з якіх займаецца тым, што ёй бліжэй. Напрыклад, хлопцам і дзяўчатам з 10 «Б» падабаецца экатэма. Яны ў нас звычайна даглядаюць лесапаркавую зону, замацаваную за атрадам. Іншыя кожную трэцюю суботу наведваюць адзінокага ветэрана вайны Пелагею Канстанцінаўну Крэменеўскую. Яна да нашых валанцёраў ужо так прызвычаілася, што лічыць сваімі «ўнукамі».

На думку ўдзельнікаў «Надзеі», усе людзі могуць рабіць дабро. Проста не ўсе пра гэта ведаюць. Таму адна з задач валанцёра — нагадаць. У чацвёртай школе дабрачынныя акцыі сярод саміх школьнікаў праводзяцца ледзь не кожны тыдзень. Валанцёры заклікаюць то пакарміць бяздомных катоў і сабак, то зрабіць кармушку для птушак, а то і проста намаляваць паштоўку з прыемнымі пажаданнямі і падарыць яе выпадковым мінакам. Падчас акцый «Дзеці — дзецям» і «Дарогаю дабра» ў холе школы адбываецца збор цацак, канцтавараў, вопраткі і абутку ў добрым стане і іншых рэчаў. Так да валанцёрскага руху далучаюцца абсалютна ўсе вучні. «Піянерскі пакой у перадсвяточныя дні падобны на майстэрню Дзеда Мароза — столькі ў нас там падарункаў збіраецца», — кажа Юлія Богуш. На яе думку, гэта тыя самыя дробязі, ад якіх наш свет становіцца лепшым.

Разам з тым добрыя справы «Надзеі» даўно выйшлі за межы школы. Хлопцы і дзяўчаты супрацоўнічаюць з раённым камітэтам БРСМ, РАУС, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання.

— Два разы на год мы арганізоўваем вялікі збор сродкаў на падарункі да свят для дзяцей-інвалідаў, сірот. Вядома, што самі мы грошы не зарабляем, таму па дапамогу звяртаемся ў розныя арганізацыі і прадпрыемствы горада. Прыйсці куды-небудзь прасіць у людзей грошы на дабрачыннасць — задача не з лёгкіх нават для дарослых валанцёраў. Да таго ж, калі ты школьнік, заўсёды ёсць імавернасць, што да цябе і тваіх слоў паставяцца несур'ёзна. Таму нас у такіх выпадках выратоўвае дакумент з подпісамі і пячаццю, дзе пазначана, хто мы такія і навошта збіраем сродкі, — расказвае адзінаццацікласніца Юлія Цяльпук.

Падтрымку дарослых юныя валанцёры адчуваюць на ўсіх этапах сваёй працы. Сёлета падчас навагодніх дабрачынных акцый ролю Дзеда Мароза выканаў сам дырэктар чацвёртай школы, а Снягуркай была сацыяльны педагог.

Цікава, што сваёй дзейнасцю вучні-валанцёры чацвёртай школы імкнуцца ахапіць не толькі родны Лунінец, яны ўжо неаднаразова прымалі ўдзел у абласных дабрачынных акцыях.

— Мы сабралі падарункаў для дзяцей больш, чым было трэба. Доўга не думаючы, завезлі іх у Брэст — там яны хутка знайшлі сваіх уладальнікаў. У валанцёрскай справе лішкаў ніколі не бывае! — кажа куратар атрада.

Большасць акцый, якія праводзяць валанцёры, прымеркаваныя да свят і памятных дат. Аднак самым вялікім і адказным праектам «Надзеі» стала дабрачыннае мерапрыемства ў падтрымку маладой лунінчанкі Марыны Грушэўскай. Сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама школьнікі арганізавалі вялікі канцэрт, конкурсы, бяспройгрышную латарэю, аўкцыён для таго, каб сабраць грошы на медыцынскае абследаванне сур'ёзна хворай жанчыны. Усё атрымалася — сваёй мэты валанцёры з чацвёртай школы дасягнулі. І ўжо ставяць перад сабой новыя. У планах — наладзіць кантакты з бальніцай. Там валанцёрская дапамога таксама патрэбная.

Гледзячы на ўдзельнікаў атрада, дзіву даешся, як яны паспяваюць рабіць столькі ўсяго.

— Не сакрэт, што вучоба для адзінаццацікласнікаў — на першым месцы. Але нельга быць зацыкленымі толькі на ўроках і падрыхтоўцы да экзаменаў і ЦТ. А валанцёрства дапамагае «разгрузіць» галаву: гэта занятак, які патрабуе ад цябе поўнай эмацыянальнай аддачы. Асабліва калі ты працуеш з інвалідамі або дзеткамі-сіротамі, — расказвае вучань 11 «Б» класа Вадзім Колбік.

— З іншага боку, валанцёрства дае шанц праявіць свае творчыя здольнасці, — працягвае думку аднакласніка Аляксандр Крэменеўскі. — Хтосьці добра іграе на сцэне — яму дадуць ролю ў пастаноўцы ці прызначаць вядучым на канцэрце. Хтосьці малюе — тады будзе афармляць афішы ці праводзіць майстар-класы. Пры гэтым многія ў нас маюць арганізатарскія здольнасці, умеюць весці гутарку з абсалютна рознымі людзьмі.

«Надзея» — адзіны ў раёне валанцёрскі атрад з такой маштабнай дзейнасцю. Таму не дзіўна, што менавіта яны сталі найлепшымі ў сваёй намінацыі на рэспубліканскім конкурсе «Валанцёр года — Добрае Сэрца». Журы конкурсу — кіраўніцтва БРСМ — лунінчане скарылі фірмавай «фокусатэрапіяй».

— Мы часта працуем з дзеткамі з асаблівасцямі развіцця. Перад пачаткам любога мерапрыемства праводзім так званую фокусатэрапію, якая здымае напружанне і дазваляе наладзіць кантакт з маленькімі і не зусім звычайнымі гледачамі. 15-хвілінная праграма, дзе мы паказваем «спрытнасць рук і ніякай магіі», заўсёды ўспрымаецца на ўра і працуе на ўсе сто працэнтаў, — расказалі валанцёры.

Ганна КУРАК

Мінск — Лунінец — Мінск

Загаловак у газеце: «Надзея» дорыць усмешкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».