Вы тут

Гісторыі студэнтаў, якія змянілі ВНУ


Любы стралок пацвердзіць, што пацэліць у цэнтр мішэні неверагодна складана. Што ўжо казаць пра абітурыентаў: у іх ёсць толькі адзін шанц зрабіць «выстрал» — падаць дакументы ў тую навучальную ўстанову, дзе сапраўды будзеш адчуваць сябе на сваім месцы. А калі ўсё ж такі «прамахнешся»? «Галоўнае — не адчайвацца!» — раяць тыя, хто вырашыў змяніць ВНУ і ўсё ж такі трапіў у цэль, няхай сабе і з другой спробы.


Ульяна Масаловіч, студэнтка ІІ курса факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ (папярэдняе месца вучобы — юрыдычны факультэт Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО»):

— Першапачаткова я выбрала юрыдычны факультэт таму, што заўсёды лічыла сябе змагаром за справядлівасць, хацела адстойваць правы тых, хто не можа гэтага зрабіць самастойна. Прываблівалі таксама будучая праца ў міжнароднай арганізацыі і магчымасць вывучыць замежныя мовы.

Але, калі ва ўніверсітэце пачаліся профільныя дысцыпліны, я зразумела, што мне гэта нецікава. Цяжка было пераносіць заняткі, увесь час хацелася ўцячы. У нейкі момант я цвёрда вырашыла: гэта больш працягвацца не можа! Неяк раніцай я проста прыйшла ва ўніверсітэт і напісала заяву аб адлічэнні.

Мама падтрымала мой выбар, але іншыя блізкія мне людзі вельмі здзівіліся, я часта чула: «Навошта? Пацярпела б да трэцяга курса, а потым бы прызвычаілася». Але мне было ўсё роўна, хто што казаў: далей жа мне жыць з гэтай прафесіяй, а не ім.

Зараз я задаволена ўсім: і прадметамі, і выкладчыкамі, і калектывам. Зусім не шкадую, што ў мяне быў такі вопыт, таму што цяпер я па-іншаму гляджу на многія рэчы. Лічу, што не варта дарма «сядзець» ва ўніверсітэце толькі таму, што «так хоча мама». Яна за вас вучыцца не будзе і працаваць таксама. Важна думаць сваёй галавой і вырашыць: твой парыў сысці — гэта хвілінны капрыз або цвёрдая ўстаноўка.

Галіна Высоцкая, студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ (папярэдняе месца вучобы — філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы):

— У школе я ўдзельнічала ў алімпіядах па рускай мове, хацелася вывучаць гэты прадмет больш глыбока, таму паступіла на філалагічны факультэт. Змяніць месца вучобы я вырашыла пасля першай сесіі. Шукаць іншую ВНУ доўга не прыйшлося, бо Інстытут журналістыкі я разглядала для паступлення яшчэ ў дзясятым класе. Адразу пасля прыняцця рашэння аб змене ВНУ зноў пачала падрыхтоўку да ЦТ, пісала журналісцкія матэрыялы для ўнутранага ўступнага экзамену «Творчасць», паралельна працягваючы вучыцца на філфаку.

Сябры, калі даведаліся аб маіх намерах, хоць і перажывалі, але падтрымлівалі. Бацькі першы час баяліся, што я страчу бюджэтнае месца ў Гродне і не прайду на бясплатнае ў Мінску. Але яны прывыклі, што я даўно стала самастойным чалавекам, таму паважалі мой выбар.

Толькі на журфаку я адчула сябе на сваім месцы. Ні разу не пашкадавала аб такім выбары. Ён быў правільным! Я знайшла шмат новых сяброў і стала членам дружнай сям'і! Упэўнена, што чалавек — сам творца свайго жыцця. Вучоба, якая не прыносіць задавальнення, раўнацэнная нелюбімай працы. Ці варта марнаваць на яе свой час?

Кацярына Курловіч, студэнтка ІІІ курса факультэта псіхалогіі ГрДУ, інструктар трэнажорнай залы (папярэдняе месца вучобы — медыка-псіхалагічны факультэт ГрДМУ):

— Урачом хацела стаць яшчэ з дзяцінства. Але ў старшых класах пачала займацца ў трэнажорнай зале і ў мяне з'явілася ідэя стаць трэнерам. Бацькі адгаварылі ад гэтай задумы, ды і па стане здароўя ў БДУФК прайсці я не магла. Так і паступіла ў медыцынскі.

Ужо на першым курсе сталі вяртацца думкі пра трэнерства, але я разумела, што ў любым выпадку трэба атрымаць добрую адукацыю, тым больш я вучылася на бюджэце.

Аднак праз год пераканалася, што прафесія ўрача — не маё, трэба было тэрмінова нешта мяняць. Я стала падпрацоўваць афіцыянткай і адначасова шукаць работу ў сферы фітнесу. Запісалася на курсы інструктараў трэнажорнай залы і пайшла ў акадэмічны водпуск. Усвядоміўшы, што фітнес — гэта тая сфера, дзе я адчуваю сябе шчаслівай, у медыцынскі ўжо не вярнулася.

Любімая праца ў мяне з'явілася, а акадэмічны водпуск заканчваўся, таму трэба было нешта вырашаць з вышэйшай адукацыяй. Мой выбар выпаў на факультэт псіхалогіі ГрДУ. Не ўпэўнена, што буду працаваць па спецыяльнасці, але псіхалогіяй я захапляюся даўно, таму зараз вельмі задаволеная.

Бацькі былі супраць змены ўніверсітэта, мне прыйшлося перажыць шмат канфліктных размоў. Але цяпер яны за мяне радыя і ганарацца, што тады я настаяла на сваім.

Усім, хто сутыкнуўся з падобнай сітуацыяй, хачу параіць не спяшацца і разабрацца ў сабе. Калі студэнт дакладна ведае, чаго ён хоча, то няхай дзейнічае! Не трэба баяцца перамен, трэба імкнуцца быць шчаслівым!

Ганна ЯЎСЕЙЧЫК, студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Не памыліцца з выбарам ВНУ, ​або Спроба нумар два

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».