20 Люты, аўторак

Вы тут

Ад інфарматыўных — да актыўных метадаў навучання


«Многія пакаленні вучняў выраслі на зазубрыванні вучэбнага матэрыялу, але тыя, хто крытыкуе ў сувязі з гэтым сучасную школу, не маюць рацыі», — лічыць настаўнік беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы № 15 горада Наваполацка, пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў «Настаўнік года — 2017» Святлана РУМЯНЦАВА. Сваімі думкамі яна падзялілася з удзельнікамі падагульняючай калегіі Міністэрства адукацыі.


— Школа імкнецца навучыць дзяцей самастойна здабываць веды, навучыць вучыцца. Новыя праграмы і падручнікі — толькі адна з умоў, але вельмі важная. Мы, настаўнікі, вельмі рады таму, што Міністэрства адукацыі прыслухоўваецца да нашых канкрэтных прапаноў па іх паляпшэнні, заахвочвае да працы над вучэбнымі дапаможнікамі настаўнікаў-практыкаў. І выдатна, што тыя падручнікі, якія паступілі ў школы для вучняў 7 класа, адлюстроўваюць у адзінстве і логіку навукі, і логіку праграмы, і логіку развіцця асобы. Я хоць і з'яўляюся настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, але магу так казаць не толькі пра падручнік па літаратуры, бо водгукі калег (настаўнікаў іншых прадметаў) пацвярджаюць гэта. Новыя падручнікі — інфарматыўныя, наглядныя, яны звязваюць вучэбны матэрыял з дадатковай і сумежнай літаратурай, заахвочваюць да самаадукацыі і творчасці. На Нацыянальным адукацыйным партале ёсць магчымасць пакінуць як крытычныя заўвагі, так і слушныя прапановы па ўдасканаленні падручнікаў. Крытыкуючы — прапаноўвай! Калі мы будзем не толькі выказваць сваю незадаволенасць, а пастараемся разам вырашаць праблемныя моманты, то дасягнём вельмі многага.

Лічу, што спасылкі ў базавых падручніках, якія рыхтуюцца зараз, павінны быць не толькі на электронныя рэсурсы Нацыянальнага інстытута адукацыі, але і на распрацоўкі настаўнікаў-метадыстаў, іншых творчых настаўнікаў-практыкаў. Чым больш шырокі будзе банк даных, тым больш якасна будзе засвойвацца абноўлены змест адукацыі.

Вельмі важнай умовай для таго, каб навучыць дзяцей вучыцца, Святлана Румянцава лічыць і пераход ад інфарматыўных да актыўных метадаў навучання, якія ўключаюць элементы праблемнасці, пошуку, шырокае выкарыстанне рэзерваў самастойнай работы вучняў.

«Практыка сведчыць, што выбар тэхналогій на ўроку вызначаецца і наяўнасцю адпаведных сродкаў навучання, і асаблівасцямі вучняў, і часавым рэсурсам, і перавагамі настаўніка. Самым важным крытэрыем выбару, безумоўна, з'яўляецца мэтавая накіраванасць тэхналогіі «Для чаго?». Спашлюся на ўласны досвед: доўгі час вывучала і ўводзіла ў практыку работы тэхналогію развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо, стратэгію актыўнай ацэнкі і магу з упэўненасцю сказаць, што яны дазваляюць максімальна задзейнічаць магчымасці, веды і інтарэсы вучняў для павышэння выніковасці навучальнага працэсу, развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцяў дзіцяці, — зазначыла Святлана Румянцава. — Таксама з уласнага досведу ведаю, што дапамагчы настаўніку ў авалоданні сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі можа пастаяннае самаўдасканаленне праз самаадукацыю».

— Будучых настаўнікаў трэба рыхтаваць у ВНУ ў практычным ключы, — дадала яна. — Падтрымліваць і дапамагаць ім на пачатку кар'еры. Развіваць на разнастайных метадычных мерапрыемствах. Менавіта тады спалучэнне высокай духоўнасці настаўніка, удасканаленага зместу адукацыі і сучасных адукацыйных тэхналогій дазволяць дасягнуць такой якасці адукацыі, якая будзе адпавядаць патрабаванням беларускага грамадства і дзяржавы.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт паўдзельнічаў у выбарах і адказаў на пытанні журналістаў

Прэзідэнт паўдзельнічаў у выбарах і адказаў на пытанні журналістаў

За каго аддаць свой голас, якога кандыдата лепей абраць у дзень выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў? 

Калейдаскоп

Як прайшоў фінал нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне»

Як прайшоў фінал нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне»

Беларусь на конкурсе прадставіць украінец ALEKSEEV.

Культура

«Бум культурных стартапаў стане новым вітком эканомікі»

«Бум культурных стартапаў стане новым вітком эканомікі»

Некалькі месяцаў таму адна з найпапулярнейшых сталічных вуліц Кастрычніцкая ўзбагацілася на яшчэ адно «тусовачнае» месца — «Ок16».

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Праславіў Някрасаў рускую жанчыну, на вякі праславіў!