16 лютага ў сталічным гандлёвым цэнтры "Дана Мол" пройдзе адкрытая сустрэча з вядомымі ўрачамі ў галіне кардыялогіі і неўралогіі.
Гэта будзе так званая "народная" прэс-канферэнцыя, у якой змогуць узяць удзел усе ахвотныя і задаць свае пытанні спецыялістам, а таксама атрымаць інфармацыю аб прычынах інсульту, метадах дыягностыкі і прафілактыкі, атрымаць урачэбныя кансультацыі і персанальныя рэкамендацыі. Сустрэча пачнецца ў 16 гадзін у цэнтральным атрыуме гандлёвага цэнтра "Дана Мол" па вуліцы Мсціслаўца, 11.
Адказваць на пытанні будуць урачы РНПЦ "Кардыялогія", РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, Гарадской клінічнай бальніцы хуткай дапамогі, Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Акрамя гэтага, будзе арганізаваны майстар-клас па вымярэнні артэрыяльнага ціску. Спецыялісты кажуць, што нярэдка людзі, вымяраючы ціск дома, робяць памылкі, з-за чаго атрымліваюць няправільны вынік. Таксама будуць арганізаваныя зоны бясплатнага вымярэння ціску.
Мерапрыемства праходзіць у межах сацыяльнага праекта "У адным вымярэнні", накіраванага на барацьбу з інфарктамі і інсультамі, арганізаванага пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя. Адкрытыя сустрэчы з вядомымі медыкамі пачаліся ў студзені гэтага года.
- Такія мерапрыемствы патрэбныя і важныя. Мы імкнёмся дастукацца да маладых людзей, бо медыкі даўно падымаюць трывогу: інсульт маладзее, і прычына таму – сучасны імклівы тэмп жыцця, стрэсы, перагрузкі, нерацыянальнае харчаванне. Мы разлічваем, што нашы сустрэчы наведаюць усе, хто ўважлівы да здароўя – свайго ўласнага і блізкіх, – адзначыла кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Бел МАПА, кіраўнік партала "Здаровыя людзі" Вольга Святліцкая.
В лютым-сакавіку сустрэчы з медыкамі ў такім фармаце будуць арганізаваныя ў Віцебску, Брэсце, Гомелі, Магілёве, а пасля – і ў раённых цэнтрах.
Праект пачаўся ў кастрычніку мінулага года і працягваецца сёлета. Ён ахопіць усе рэгіёны, якія наведаюць спецыялісты і раскажуць пра інсульт і сучасныя спосабы яго прафілактыкі. А таксама пра яго прыкметы і правільную аператыўную дапамогу чалавеку, які стаў ахвярай хваробы.
Алена КРАВЕЦ
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».