Вы тут

Спецыялісты пра методыкі дыягностыкі і лячэння неўралагічных хвароб


Штогод у РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі робяць каля дзвюх тысяч высокатэхналагічных нейрахірургічных умяшальніцтваў і аказваюць спецыялізаваную дапамогу 6 тысячам пацыентаў, у тым ліку з такімі паталогіямі, як дэгенератыўныя захворванні пазваночніка, самым распаўсюджаным з якіх з'яўляецца астэахандроз, хваробы Альцгеймера і Паркінсона, эпілепсія, а таксама сасудзістыя паталогіі галаўнога і спіннога мозга, у прыватнасці, анеўрызмы сасудаў галаўнога мозга. Спецыялісты цэнтра расказалі пра сучасныя методыкі дыягностыкі і лячэння неўралагічных і нейрахірургічных хвароб.


Куды вядзе крывая астэахандроза?

Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ад дэгенератыўных захворванняў пазваночніка пакутуе 87 % працаздольнага насельніцтва планеты ва ўзросце ад 30 да 60 гадоў. Многія спецыялісты іх нават называюць «расплатай чалавека за прамахаджэнне». Болі ў паяснічнай вобласці ці ніжніх канечнасцях, сенсарныя ці рухальныя парушэнні з'яўляюцца другой — па частаце зваротаў да ўрача — прычынай пасля рэспіраторных захворванняў і трэцяй па частаце шпіталізацыі. Гэта адна з галоўных падстаў, якая вядзе да інваліднасці ва ўсім свеце. І наша краіна тут не выключэнне. Намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Эдуард ВАСІЛЕВІЧ расказвае, што хірургічнае лячэнне дэгенератыўных захворванняў пазваночніка пачалося яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя і актыўна распаўсюдзілася ў 70-х гадах XX стагоддзя. Сёння сярод усіх пашкоджанняў пазваночніка, якія выяўляюцца, хірургічнаму лячэнню падлягае ўсяго 3 %. Цяпер найбольшае распаўсюджанне атрымалі малаінвазіўныя хірургічныя тэхналогіі з выкарыстаннем эндаскопа, так і лазерная пластыка міжпазваночных дыскаў. Аднак нягледзячы на перавагу сучасных тэхналогій, якая заключаецца ў максімальна беражлівых адносінах да косных структур, звязачнага апарату пазваночнага слупа і ў невялікай траўматызацыі мяккіх тканак, ад 8 да 23 % такіх аперацый маюць нездавальняючы вынік. У пацыентаў захоўваецца болевы сіндром, развіваюцца аняменні, парэзы пэўнай групы мышцаў, прыходзіцца рабіць паўторныя аперацыі. Але ў апошнія гады хірургічнаму лячэнню аддаюць усё больш перавагі над кансерватыўным.

— Штогод у Беларусі робіцца каля трох тысяч аперацый па прычыне дэгенератыўных захворванняў пазваночніка. Яны праводзяцца не толькі ў Мінску, але і ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама ў Оршы, Бабруйску, Баранавічах, — падкрэсліў Эдуард Васілевіч. —Распрацоўваюцца як новыя тэхналогіі, так і інструментарый, імплантаты для выканання такіх аперацый. У цесным кантакце мы працуем з РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, дзе таксама займаюцца лячэннем гэтай паталогіі.

За апошнія гады беларускія спецыялісты вялі даследаванні па двух інавацыйных праектах. Вынікам аднаго з іх, у прыватнасці, стала распрацоўка імплантатаў для дынамічнай стабілізацыі пазваночніка. Яны абмяжоўваюць паталагічную рухавасць (перагінанне) пашкоджаных сегментаў пазваночніка і пры гэтым захоўваюць іх гнуткасць.

Ліквідаваць наступствы інсульта

Актуальнай ва ўсім свеце застаецца праблема цэрэбраваскулярных захворванняў (хвароб галаўнога мозга, звязаных са змяненнем цэрэбральных сасудаў і парушэннем мазгавога кровазабеспячэння). Інсульт займае першае месца па інваліднасці на планеце, а па лятальнасці саступае толькі хваробам сэрца і злаякасным пухлінам і складае 11—12 %. Найбольш распаўсюджанымі прычынамі яго з'яўляюцца атэрасклероз і артэрыяльная гіпертэнзія. Каля 80 % пацыентаў, якія перанеслі інсульт, становяцца інвалідамі, прычым 10 % — цяжкімі, якім патрэбна пастаянная пабочная дапамога.

Паводле інфармацыі вядучага навуковага супрацоўніка нейрахірургічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, кандыдата медыцынскіх навук Сяргея Капацэвіча, у Беларусі ў 325 чалавек на 100 тысяч насельніцтва штогод дыягнастуецца інсульт. У асноўным (каля 80 %) гэта ішэмічны інсульт, астатнія выпадкі — гемарагічны інсульт. Цяпер шырокае прымяненне атрымалі розныя методыкі лячэння апошняга. Адначасова больш актыўна стала праводзіцца і лячэнне ішэмічнага інсульту. Такія аперацыі па самых розных тэхналогіях з выкарыстаннем сучасных матэрыялаў цяпер выконваюць як у абласных цэнтрах, так і на базе РНПЦ «Кардыялогія» і РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі.

Увогуле ж штогод у нейрахірургічных стацыянарах лячэнне атрымліваюць больш за 2,2 тысячы пацыентаў з захворваннямі сасудаў галаўнога і спіннога мозга. У структуры захворваемасці анеўрызмы сасудаў галаўнога мозгу займаюць амаль 40 %, з іх у больш чым 70 % хворых адбываецца разрыў анеўрызмы. Кожны год у Беларусі праводзяцца аперацыі 1,2 тысячы пацыентаў з хваробамі сасудаў галаўнога і спіннога мозга. Сярод іх 30 % — хворыя з анеўрызмай, у тым ліку ў 75 % з іх дыягнаставаны яе разрыў.

Эпілепсія: ад лячэння адмаўляцца нельга

Адно з самых частых захворванняў нервовай сістэмы — эпілепсія. На яго пакутуе 1 % насельніцтва. Прычым у дзяцей яно сустракаецца гэтак жа часта, як і ў дарослых. Праяўляецца эпілепсія раптоўнымі прыступамі, якія ўзнікаюць з-за паталагічных разрадаў нервовых клетак кары галаўнога мозга. Прыступы могуць выглядаць і працякаць па-рознаму, гэта залежыць ад знаходжання і велічыні зоны мозга, дзе адбываюцца гэтыя разрады.

Прыступ можа быць рухальным (уцягваецца тулава, твар, канечнасці), адчувальным (аняменне, адчуванне болю, поўзання мурашак, парушэнне зроку, слыху, нюху), вегетатыўным (парушэнне дыхання, сардэчнага рытму, пачырваненне скуры, потааддзяленне, слінацячэнне, пашырэнне зрэнак, ірвота) і псіхічным (наплыў думак, адчуванне чагосьці бачанага, перажытага раней, адчуванне знаходжання па-за ўласным целам). Усё пералічанае часам суправаджаецца стратай прытомнасці. Здараюцца і прыступы з кароткім, на некалькі секундаў, «выключэннем» прытомнасці, калі спыняецца дзейнасць, няма рэакцыі, застывае погляд. Нярэдка блізкія бачаць толькі прыступы з парушэннем прытомнасці, з сутаргамі, а больш лёгкія застаюцца незаўважанымі.

Вядучы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, кандыдат медыцынскіх навук Алена Вяеўнік адзначае, што прычыны эпілепсіі вельмі розныя, і часта іх увогуле не ўдаецца ўстанавіць. Ёсць дзве асноўныя: структурна-метабалічныя, звязаныя з пашкоджаннем галаўнога мозга, і генетычныя, звязаныя з прыроджанай схільнасцю да эпілептычных прыступаў.

— Часам лячэнне эпілепсіі трэба пачынаць ужо пасля першага прыступу, — падкрэслівае Алена Вяеўнік. — Хутка дзейнічаць неабходна і з пэўнымі сіндромамі дзіцячага ўзросту, паколькі ў такіх выпадках, акрамя прыступаў, можа парушацца інтэлектуальнае развіццё дзіцяці. Лячэнне эпілепсіі доўгае — ад 2 да 5 гадоў, а часам прыём прэпаратаў патрабуецца на працягу ўсяго жыцця. Пры лячэнні, як правіла, выкарыстоўваецца адзін прэпарат у адэкватнай дозе, у некаторых выпадках трэба некалькі адначасова. Лячыцца неабходна, бо ў выніку адмовы пацыенты траўміруюцца, атрымліваюць пераломы, апёкі, павялічваецца частата і цяжкасць прыступаў, а таксама рызыка раптоўнай смерці ад эпілепсіі.

У Беларусі лячэнне такіх хворых вядзецца на базе РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі і ў абласных бальніцах. Хірургічнае лячэнне эпілепсіі, у тым ліку і высокатэхналагічнае, са стымуляцыяй блукаючага нерва, глыбокай стымуляцыяй мозга, праводзіцца толькі на базе РНПЦ.

— Паказанні да аперацыі і канкрэтны від умяшальніцтва вызначае кансіліум спецыялістаў пасля комплекснага абследавання пацыента і толькі пры ўмове, што медыкаментознае лячэнне неэфектыўнае, — падкрэсліла Алена Вяеўнік.

Аператыўнае лячэнне хваробы Паркінсона

Колькасць парушэнняў цэнтральнай нервовай сістэмы з сіндромам паркінсанізма з часам павялічваецца ва ўсім свеце. Пасля хваробы Альцгеймера найбольш часта сустракаецца хвароба Паркінсона, якая ўзнікае з-за паступовай гібелі клетак галаўнога мозга і выклікае парушэнні руху з няўстойлівасцю, скаванасцю, дрыжаннем канечнасцяў. Яна абумоўлена генетычнымі фактарамі, знешнім асяроддзем, працэсамі старэння і сустракаецца ў 1—3 % насельніцтва ва ўзросце ад 65 гадоў. Яе распаўсюджанасць ва ўсіх этнічных групах тлумачыцца павелічэннем працягласці жыцця.

Як расказаў старшы навуковы супрацоўнік нейрахірургічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Уладзімір Алексеявец, галоўнай задачай тэрапіі падчас лячэння хваробы Паркінсона з'яўляецца аднаўленне парушаных рухальных функцый з выкарыстаннем мінімальных доз прэпаратаў. Калі ад кансерватыўнай тэрапіі няма дастатковага эфекту, можа прымяняцца аператыўнае лячэнне:

— Перавага аддаецца хранічнай высокачастотнай стымуляцыі глыбокіх структур мозга з выкарыстаннем імплантаваных электрапрывадаў. Гэта больш сучасны метад нейрахірургічнага лячэння. У Беларусі яно праводзіцца спецыялістамі РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі на працягу некалькіх апошніх гадоў.

Алена КРАВЕЦ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Новыя тэхналогіі на службе нейрахірургаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».