Вы тут

Гісторыя сям'і настаўнікаў, якія разам ужо 50 гадоў


Дзень усіх закаханых, бадай, самае цёплае свята. І не толькі зімы. А хто лепей за іншых можа расказаць пра каханне, пра адносіны, пра жыццё ў каханні, як не людзі, якія праз многія гады пранеслі, збераглі і не растрацілі гэта цудоўнае пачуццё.

У вёсцы Вяляцічы Барысаўскага раёна жыве сям'я настаўнікаў Касценічаў — Дзмітрый Аляксандравіч і Тамара Паўлаўна сёлета святкуюць пяцідзясятую гадавіну нараджэння сваёй сям'і.


— Праўда, гадавіна яшчэ толькі летам, — удакладняе галава сям'і, высокі статны мужчына з сівымі валасамі.

Калі глядзім на Касценічаў, складаецца ўражанне, што пара толькі ўчора пабралася шлюбам. Закаханы погляд Дзмітрыя Аляксандравіча, скіраваны на жонку, немагчыма не заўважыць.

— Вось такімі мы пажаніліся, — пачынае расказваць гісторыю свайго кахання Тамара Паўлаўна, раскладаючы на стале чорна-белыя фотаздымкі, з якіх глядзяць на нас маладыя Томачка і Дзіма. — Вясельных фотаздымкаў няма, таму што... — кажа настаўніца і змаўкае, бо рука мужа дакранулася да яе рукі.

— ...таму што плёнку «засвяціў» фатограф. А вось гэтыя здымкі мы рабілі для запрашэнняў на вяселле, — дапаўняе Дзмітрый Аляксандравіч.

Гісторыя іхняга кахання пачалася яшчэ ў 1967 годзе, 18 жніўня, калі Дзмітрый Аляксандравіч прыехаў пасля педагагічнага інстытута працаваць настаўнікам фізікі ў Забашавіцкую школу Барысаўскага раёна.

— Сяджу я ў кабінеце, парадкую прыборы. Час ад часу паглядаю ў акно, а там на прышкольным участку дзеці разам збіраюць агародніну. І прыцягнула маю ўвагу адна жвавая дзяўчына, яна ўсё бегала між дзяцей, нешта рабіла. Хто гэта?! Здаецца ж, раней у школе яе не бачыў. Можа, новая вучаніца? А яна ўсё бегае з кошыкам: то ў адзін бок, то ў другі, — з усмешкай успамінае Дзмітрый Аляксандравіч, працягваючы гісторыю:

— Вечарам таго ж дня прыходжу на танцы, а там — яна. Потым хтосьці з калег прадставіў нас адно аднаму. Нават зараз памятаю, як гэта маленькая дзяўчынка працягнула мне руку і нясмела вымавіла: «Тома».

Вось так пачалося знаёмства маладой пары.

— Мне вельмі спадабалася Тамара. Але ёй жа толькі сямнаццаць з паловай было, яна толькі з педвучылішча прыйшла. Зусім маладзенькая, нявопытная. А я адразу закахаўся. Але ж мне здавалася, я быў стары для такой дзяўчыны, мне было 24 гады (усміхаецца).

На Тому, бясспрэчна, звярталі ўвагу і іншыя хлопцы, таму канкурэнцыя ў мяне была.

Быў нават адзін вучань — Мікола Галубоўскі, які вельмі ў яе закахаўся.

— Так, — пацвярджае Тамара Паўлаўна і дадае: — Я была сакратаром вучнёўскай камсамольскай арганізацыі, бо па ўзросце яшчэ падыходзіла. І гэтага Міколу было складана выхоўваць. І вось мне патрэбна было яго ўзяць пад свой кантроль. А чым зацікавіш такога? Ну і пачала яму ўсё тлумачыць, гаварыць з ім на розныя тэмы. І ён да мяне так прывык, што нашы размовы паступова перараслі ў сяброўства. Потым Мікола пачаў мяне праводзіць, паказваць вёску. Я і пагаджалася.

— Атрымліваецца, што ты хадзіла на спатканне з ім? — перапытвае Дзмітрый Аляксандравіч.

— Ну, гэта і не спатканне, — пярэчыць Тамара Паўлаўна. — Ён аднойчы прыйшоў да мяне па-суседску і прапанаваў схадзіць пагуляць. А мне ўжо было назначана спатканне з Дзімам. І тут адзін спазніўся, другі — прыйшоў раней. І ў рэшце рэшт яны абодва сустрэліся. Я не ведала, што мне з імі рабіць. І Дзіма кажа: «Гэта пытанне павінна вырашыць дама». А я вырашыла яго пазбегнуць. Развярнулася і пайшла.

— А мы з ім засталіся сам-насам. Вёска Забашавічы выцягнулася кіламетра на паўтара. І мы пайшлі з гэтым хлопцам спачатку ў адзін канец, потым назад. Усю дарогу размаўлялі. Не сварыліся, не спрачаліся. Я толькі хацеў даказаць, што ён яшчэ маленькі для такіх адносін.

...Нашы адносіны з Касценічам прадаўжаліся. Мы сустракаліся, доўга гулялі, — перабівае мужа Тамара Паўлаўна.

— А памятаеш, як хадзілі па вёсцы зімой — такі мароз быў, вецер, — я расхінуў паліто і шчыльна прыціскаў цябе да сябе. Без усялякіх там думак, без аніякага падтэксту. Проста каб сагрэцца, — расказвае настаўнік.

Потым было знаёмства з бацькамі Тамары. А прапанову ажаніцца Дзмітрый Аляксандравіч, здаецца, запомніў на ўсё жыццё.

— Пазнаёміліся мы ўжо з Тамарынымі бацькамі. І Кацярына Трафімаўна ў мяне пытае: «Дзіма, а навошта ты прыехаў? Ты ж не проста так прыехаў?» І я проста адказаў, што прыехаў прасіць руку і сэрца вашай дачкі, хачу ажаніцца з ёй. І тут будучая цешча кажа: «Ты ж яе не ведаеш, якая яна. У яе такі характар!» Але Дзмітрыя Аляксандравіча не збянтэжылі гэтыя словы.

Затым была адна з самых запамінальных і хвалюючых падзей — рэгістрацыя шлюбу.

— Вяселле было прызначана на 6 ліпеня. Адзін момант я нават зараз памятаю: Тамара ў гэты ж дзень паехала ў горад рабіць прычоску. Туды паехала на аўтобусе, а назад вярталася на лесавозе...

— ...Я чакаю сваёй чаргі. І разумею, што ўжо спазняюся на аўтобус і не паспяваю на ўласнае вяселле, — перабівае Тамара Паўлаўна. — І потым нехта мне прапанаваў пайсці на прыпынак, дзе праходзяць лесавозы, бо цяпер толькі яны могуць падвезці да вёскі. Сапраўды, лесавоз спыніўся, але тут высветлілася, што месца ў кабіне не было, і вадзіцель прапанаваў мне... залезці на бярвенне. Дарога была вельмі дрэнная, шмат ямак. І тут раптам ланцуг, якім былі звязаныя тыя дровы, разарваўся, і бярвенне паляцела ўніз. Дзіўна, што я ўтрымалася на версе. Шафёр затармазіў, выскачыў з кабіны ўвесь белы быў, лаяўся. Зразумела, перапужаўся, нават больш за мяне. Калі б што — ён бы адказваў. А я рада была, што хоць некалькі кіламетраў праехала. Хуценька злезла і пабегла дадому. А Дзімка ўжо чакае мяне на апошнім аўтобусе. А мяне ж там, зразумела, няма...

Сяброўкі апранулі мяне, нафарбавалі і стала зразумела: шляху назад няма. Так і адсвяткавалі. А праз дзень паехалі ў Маскву са школьнай экскурсіяй. Вось гэта і было наша вясельнае падарожжа, — дзеліцца сваімі ўспамінамі-перажываннямі Тамара Паўлаўна.

— Вось вы столькі гадоў разам ужо. Скажыце, хто павінен быць галоўным у сям'і і ці патрэбна гэта?

— Зразумела ж, мужчына. У сямейным жыцці павінен быць муж — галава, а жонка — шыя. І кожная разумная жонка заўсёды ведае, што галаву трэба паварочваць так, каб гэта было добра абодвум, — адказвае Тамара Паўлаўна.

— Як вы лічыце, ці была рамантыка ў вашых адносінах? Ці захавалася яна цяпер?

— Так, была і ёсць. Дзіма дарыў і дорыць мне кветкі. Асабліва на 8 Сакавіка іх чакаю. І заўсёды думаю, што, мабыць, у гэтым годзе ўжо не падорыць. А ён загадзя купіць, схавае ў пограб, а потым робіць мне сюрпрыз. Дарагіх падарункаў, прызнаюся, не было. Ды і навошта яны? Яго словы і ўчынкі значна лепш за падарункі. На мой 50-гадовы юбілей ён выйшаў і працытаваў: «Не могу я тебе в день рождения дорогие подарки дарить, но зато в эти ночи весенние я могу о любви говорить», — на вачах Тамары Паўлаўны з'явіліся слёзы.

— А як вырашаюцца канфлікты ў вашай сям'і?

— Мы ніколі не трымаем злосці адно на аднаго, — адказвае Дзмітрый Касценіч. — Каб не размаўляць дзень ці два — не, такога не было. У нас звычайна так: пасварыліся, разышліся па пакоях, пасядзелі, супакоіліся і ўсё — жыццё працягваецца, трэба рухацца далей. Калі адчуваю, што мая віна, іду прасіць прабачэння. Бо сам разумею, што не меў рацыі. А Тамары, лічу, няма за што выбачацца.

Адно добра, што калі і сварымся, то вельмі хутка мірымся..

Трэба прабачаць і саступаць. На нейкія рэчы не звяртаць увагі, бо гэта жыццё. А сказаць можна ўсё, што заўгодна. Таму не варта ўсяго браць да галавы, — кажа Тамара Паўлаўна.

— У вас двое дзяцей, чацвёра ўнукаў ужо. Як вы іх выхоўвалі?

— Дзеці — гэта найперш Тамары Паўлаўны быў клопат, — кажа Дзмітрый Аляксандравіч, — бо я дзень і ноч прападаў у школе. Я быў дырэктарам, і ўсялякія педсаветы, нарады, вырашэнне надзённых праблем, выкладанне — гэта ўсё адбірала ў мяне шмат часу, у тым ліку і таго, які я мог бы праводзіць са сваёй сям'ёй. Мы не чыталі сваім дзецям маралі, не павучалі, а ўсё паказвалі ўласным прыкладам. І цяпер магу сказаць, што сваімі дзецьмі я вельмі ганаруся. Дарэчы, яны ў нас таксама настаўнікі.

— Сёлета вашай сям'і споўніцца 50 гадоў. Як вы лічыце, гэта многа ці мала?

— Канешне, нямала. Але так хутка праляцела жыццё, што я нават не заўважыла. І калі кажуць «спяшайцеся жыць», сапраўды — спяшайцеся. Трэба браць ад жыцця ўсё, што толькі можна. Я не маю на ўвазе матэрыяльны бок. А станоўчыя эмоцыі, добрыя пачуцці, пазітыў. Усё гэта патрэбна браць. Бо з узростам жыццё ўжо ўспрымаецца не так, як у маладосці, — разважае жонка.

— Як вы лічаце, каханне існуе?

— Вядома, існуе. Зразумела, праз пэўны час гэта ўжо не тое каханне, як падчас першых спатканняў. Яно абрастае такімі паняццямі як павага, прыхільнасць. Вельмі важна, каб былі дзеці. Гэта — той падмурак, на якім будуецца далейшае жыццё. А пасля, калі і ёсць сваркі, то яны, гэтыя непаразуменні, недзе на апошнім плане. І ніяк не ўплываюць на шчаслівае жыццё.

— Калі б вам прапанавалі пражыць гэта жыццё нанова, што б змянілі?

— Я б нічога не змяняў. Нават калі і былі цяжкасці, усё гэта нейкі досвед — хоць бы ў тым плане, што ўсё благое мінае, — выказаў сваё меркаванне Дзмітрый Аляксандравіч.

— Я лічу сябе шчаслівай жанчынай, — згодная з мужам Тамара Паўлаўна. — Таму змяняць таксама нічога не стала б. Так, існуюць дробязі. Але гэта ўсяго толькі дробязі і жыць яны не перашкаджаюць. Пакуль усё добра. З намі дзеці, унукі. І мы дажылі да такога ўзросту.

— Напэўна, у кожнай сям'і існуюць нейкія традыцыі. Ці ёсць яны ў вас?

— Мы святкуем дні нараджэння кожнага члена сям'і менавіта за нашым вялікім сталом, тут жа і каляндарныя святы, сустрэчы з выпускнікамі. Да нас прыходзяць людзі, якіх мы калісьці вучылі. І для нас усе яны — адна вялікая сям'я. А яшчэ традыцыяй для нас стаў насценны гадзіннік. Калі мы пераехалі ў Вяляцічы, гэта быў акурат дзень нараджэння Дзмітрыя Аляксандравіча, і яму падарылі гадзіннік. Ён працуе і цяпер, але ўжо з перабоямі, — адказала Тамара Паўлаўна і неяк замаўчала. Дзмітрый Аляксандравіч растлумачыў, у чым справа.

— Мы дамовіліся, што я буду жыць да таго часу, пакуль будзе ісці гэты гадзіннік. Ён ужо ламаўся, але яго зноў рамантавалі.

— Што вы плануеце на гадавіну вяселля? Як адзначыць?

— Я хачу абвянчацца! — упэўнена і рашуча адказвае галава сям'і. — А яшчэ, скажу па сакрэце, хачу з'ездзіць туды, дзе пачыналася наша каханне. Толькі Тома пра гэта пакуль не ведае, — шэптам адказвае настаўнік, пакуль жонка адлучылася на колькі хвілін.

— Вы знаходзіцеся на парозе залатога вяселля. За такі час шмат чаго ўбачылі, адчулі, набраліся вопыту. Якія парады маглі б даць маладым сем'ям? Раскажыце сакрэт доўгага і шчаслівага сямейнага жыцця.

Па-першае, што б ні здарылася, не спяшайцеся з высновамі. Ёсць рэчы, якія адразу могуць вельмі пакрыўдзіць, але пасля разумееш, што гэта — нішто, дробязь. Нельга прабачаць толькі здраду.

Па-другое, жыць асобна ад бацькоў, жыць самастойна. І самае галоўнае — саступаць адно аднаму, паважаць, бо без гэтага нічога не будзе, — лічыць Тамара Паўлаўна.

— Галоўнае — працаваць. Каб дурныя думкі не лезлі ў галаву, — дадае Дзмітрый Аляксандравіч.

— Што б вы пажадалі закаханым сёння, на Дзень святога Валянціна?

— Кахаць і быць каханымі, — заключыў галава сям'і Дзмітрый Аляксандравіч Касценіч.

На працягу ўсёй размовы былі бачны вельмі цёплыя адносіны паміж двума людзьмі, якія пражылі разам пяць дзясяткаў гадоў. А выглядалі яны, седзячы поруч, так, быццам толькі пажаніліся. Напэўна, гэта і ёсць сапраўднае каханне. І яго не разбурыць час.

Анастасія ГРУК

Загаловак у газеце: Каханне назаўжды

Каментары

За людзей, канешне, радасна і прыемна. Але асабіста мне крыўдна, што мой матэрыял пра сям'ю настаўнікаў, якія разам пражылі 60 гадоў, так і не ўдастоіўся старонак "Звязды" мінулай восенню. А людзі ж таксама вартыя аповеду...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?