Вы тут

У Белдзяржцырк завітала «Лядовая феерыя»


Відовішча прывезлі артысты Маскоўскага «Цырка на лёдзе» — штатнага падраздзялення знакамітага цырка Нікуліна на Цвятным бульвары. Як няцяжка здагадацца, усе выступоўцы ад клоўнаў да эквілібрыстаў, ад дрэсіроўшчыкаў да паветраных гімнастаў выконваюць нумары «не сыходзячы з ляза».


Наталля Абрамава, дырэктар калектыву і заслужаны работнік культуры Расійскай федэрацыі прызналася, што правільна заліць лёд на цыркавы манеж яшчэ трэба ўмець. Калі гаварыць зусім проста, то лядовая арэна працуе «па прынцыпе халадзільніка», аднак прыдатнае для выступлення пакрыццё залежыць ад мноства акалічнасцяў: уплывае як пара года, так і падача электраэнергіі, якую можа забяспечыць цырк. Мінскі лёд гасцям спадабаўся — гладкі, моцны, цалкам прыдатны, каб на ім катацца.

— Мы маглі б пайсці лёгкім шляхам і закрыць арэну пластыкам. Але гэта зусім не той эфект і хуткасць, як на сапраўдным лёдзе. Так што вырашылі зрабіць «усё па сапраўднаму», хоць і хваляваліся за вынік, — успамінае дырэктар Белдзяржцырка Уладзімір
Шабан.
 — Пад ільдом на арэне пракладзена мноства маленькіх трубачак, якія падтрымліваюць холад. Зверху разаслана палатно, каб для гледачоў паверхня была не празрыстая, а белая, і ўжо над ім зноў замарожаны слой вады. Скажу шчыра, у мяне сэрца сціскалася на нумары з гірамі. Асабліва, калі артыст упускае такі цяжар на дол.

З выступленнямі на каньках цыркавыя артысты аб'ехалі 38 краін. На пластыкавае пакрыццё майстры лядовай феерыі станавіліся толькі каб сустрэцца з гледачамі ў Інданезіі, Амане, Турцыі — краінах, дзе горача нават зімой. У Беларусі калектыў затрымаецца да 29 красавіка.

Нягледзячы на тое, што з-пад ног ляціць снежная крошка, нумары захопліваюць яркімі фарбамі і гарачымі рытмамі. Гледачоў нібы запрашаюць у падарожжа па краінах свету з прыпынкамі то на бразільскім карнавале, то на Паўночным полюсе. Дарэчы, чатырохногія гадаванцы Максіма Рубцова сапраўды нагадваюць пухнатыя снежныя гурбы. Акрамя сабак на манеж выйдуць дрэсіраваныя малпачкі і мядзведзі. Толькі замест класічнага веласіпеда касалапы перасеў на гіраскутар. Надзея Крупская, кіраўнік нумара, расказала, што атрымалася гэта амаль выпадкова:

— Нейкі час у нас многа хто захапляўся гіраскутарамі. І якраз было медзведзяня, якому вырашылі прапанаваць пакатацца ў якасці гульні. Аказалася, што з гэтага вырасце новы трук. Прызнацца шчыра — я стала на хітрую тэхніку з дзясятага разу, а вось мішка асвоіў забаўку на трэці падыход.

Адно з самых незвычайных выступленняў праграмы — нумар пад кіраўніцтвам Дар'і Абрамавай. У сваіх касцюмах дзяўчаты падобныя ці то на жывыя кветкі, ці то на райскіх птушак. Поры года змяняюць адна адну з захапляльнай грацыяй і сінхроннасцю. Канькі-хадулі толькі дабаўляюць фантастычнасці дзейству.

— Вышыня канструкцыі складае 60 сантыметраў. Мы іх замаўлялі спецыяльна для выступленняў. Я папрасіла змяніць дызайн апоры, бо спачатку гэта былі прамыя металічныя «палкі». Мне ж хацелася неяк прывязаць афармленне канькоў да незвычайных касцюмаў, — кажа Наталля Абрамава.

У Веніяміна Ігумнава, кіраўніка нумара «Дрэсіраваныя папугаі», існуе свая гісторыя адносін з ільдом:

— Якім чынам стаў катацца? — усміхаецца ён. — Ды вельмі проста! Я напалову беларус, мае бабуля і дзядуля з-пад Бабруйска. «Хочаш на радзіму?» — спыталі ў мяне. «Хачу!» «Тады станавіся на канькі».

І сапраўды, як расказвае дырэктар калектыву Наталля Абрамава, няма такой установы, дзе б дрэсіроўшчыка альбо акрабата вучылі адначасова і выступаць, і катацца. У «Цырк на лёдзе» артысты трапляюць двума шляхамі. Альбо прыходзяць людзі з фігурнага катання і іх далучаюць да цыркавога майстэрства, альбо «давучваюць» прафесійных цыркавых артыстаў.

Зрабіць трайное сальта, падскочыць вышэй галавы на каньках даволі цяжка. Між тым у праграме, па словах Уладзіміра Шабана, хацелася прадставіць усе цыркавыя жанры. Так што пры ўсёй нечаканасці выступленне акрабатаў на дарожцы гарманічна ўпісалася ў імклівы рух «Лядовай феерыі». А вось для ўдзельнікаў нумароў з манацыкламі і рэнскімі коламі тонкае лязо на нагах не аказалася перашкодай. Для гэтых людзей праехаць у каньках на веласіпедзе — цалкам пасільная задачка!

У сваіх выступленнях расійскія артысты зрабілі акцэнт на відовішчнасць і эмацыянальнасць, глядач убачыць як кранальныя адзіночныя выступленні, так і масавыя выхады на лёд, дзе ўсё ўражанне залежыць ад сінхроннасці выканання. Ужо на першыя выхадныя білеты былі поўнасцю раскуплены, а на будучыню цырк абяцае такія ж захапляльныя праграмы.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Снег з-пад канькоў пад карнавальныя рытмы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».