Вы тут

Манекен


МАНЕКЕН

Дзяўчынка ідзе па вуліцы, ад якой курынымі лапамі разыходзяцца іншыя.

У дзяўчынкі ёсць цукерка. Фанцік — яшчэ яркая плямка на шэрай вуліцы.

Цукерка прыгожая — каляровая. На фанціку ёсць зырка-ружовы — як на шматлікіх затаптаных паперках, ёсць жоўты — як на шматлікіх шыльдах. Ёсць і зялёны — як на рэдкіх астраўках сінтэтычнай травы. Сярод сінтэтычнай часам бачна сапраўдная — пажоўклая, рыжая.

Дзяўчынка крочыць па скалелых лапах вуліц і нарэшце падыходзіць да вітрыны.

Там, у вітрыне — столік, крэсла, два чалавекі.

Дзяўчынка (на шэрай вуліцы) у паношаным адзенні, але — з цукеркай. Два чалавекі (у яркай вітрыне) — Паненка і за ёю Кавалер — у прыгожай вопратцы, але — з танным імбрычкам на стале.

Дзяўчынка амаль вымазвае шкло карамельным пеўнічкам, шморгае носам, каб не запэцкаць ідэальна чыстую вітрыну яшчэ і ў соплі.

На гэтай вуліцы-лапцы, якая вырастае з тоўстага стрыжня галоўнага праспекта, больш таго — шматкаляровага, прывабнага. Брыдкая вуліца, брыдкія дамы, брыдкае шэрае неба, а ў вітрынах усё загадкавае, прывабнае. Прыгожае.

Дзяўчынка вельмі хоча вось так жа вытанчана сядзець за сталом у вячэрнім строі. Лепш, вядома, у бальным, але ў вячэрнім таксама можна. Дзяўчынка ведае, чым адрозніваецца адно ад другога: на пальцах вуліц сустракаюцца прыгожыя малюнкі, афішкі з подпісамі. На афішках ёсць і нейкі тэкст, але набраны ён дробным шрыфтам, ды і зашмат яго. Дзяўчынка не так добра чытае, каб, тупаючы за татам, паспець прачытаць доўгі подпіс.

Манекены прыгожыя, бліскучыя, быццам і не пластыкавыя. Быццам жывыя.

Кавалер сагнуўся ў паўпаклоне, завёў адну руку за спіну, другою трымае паднос з тонкім парцалянавым кубачкам. Паненка, што стаіць у цэнтры вітрыны, глядзіць па-над галовамі прахожых, па-над галавой дзяўчынкі. Глядзіць вельмі высока «над»: нават калі падскочыць, усё роўна не зазірнуць ў вочы. А так хочацца, каб гэтая чароўная Пані паглядзела і ўсміхнулася. І каб паабяцала, што калі дзяўчо з вуліцы вырасце, то будзе прыгожым. Такім жа прыгожым, як Пані. Будзе — як яна, жыхарка вітрыны, піць гарбату за пекным столікам.

Хаця можна і іначай.

Можна і вось так прыгожа, з паклонам, падаваць гарбату чароўнай Паненцы, як прыгожы Кавалер. У дзяўчынкі будзе прыгожы касцюм, як у яго, — такі самы святочны фрак. Толькі, можа, яшчэ туфлікі на абцасах, высокіх-высокіх, каб усе пабачылі: яна — Паненка. Зусім як тая, якой падаюць гарбату.

Дарослыя цяпер выбіраюць ціхі абутак на плоскіх падэшвах. Ціхія, шэрыя дарослыя. У дзяўчынкі, калі яна вырасце, абцасы павінны быць. А потым яшчэ высветліцца, што яна прынцэса. Або замаскіраваны шпіён. Тут ужо няважна.

Паглядзець Кавалеру ў вочы таксама вельмі хочацца. Было б выдатна, каб яны ў яго былі сінія, як узор на кубачку. Манекен сціпла глядзіць убок, на абрус, зусім не на дзяўчынку. Дзяўчынка ж гатова пакрыўдзіцца і заплакаць: яна ж цікавейшая за абрус!

Дзяўчынка адбягае ад вітрыны і спрабуе ўявіць, быццам яна сама — гэта прыгожы манекен, чароўная Пані. Быццам яна сядзіць у прыгожым крэсле (у дзяўчынкі на брудным тратуары няма свайго крэсла, таму яна стаіць, але ўпарта робіць выгляд, што сядзіць), у прыгожай сукенцы (у дзяўчынкі брудныя на каленках штонікі і зверху спадніца з перапэцканым падолам) і вытанчана працягвае руку з карамелькай, да ўяўнага падноса.

Яна цяпер быццам такі самы манекен.

Дзяўчынка перабягае на другі бок, наступаючы на брудныя ружовыя ўлёткі, каб падаць той Паненцы, якою сама толькі што была, гарбату. Кавалер з вітрыны зусім не падобны да тых мужчын, што працуюць з татам. Ёй тыя — не падабаюцца. Усе брудныя, бледныя, у шэрай вопратцы. А гэты іншы — мабыць, ён лепшы за іх? Што прыгажэйшы — дакладна.

Малая становіцца на дыбачкі (у дзяўчынкі няма абцасаў, але яна стаіць так, быццам яны ёсць), закладвае руку за спіну, не забываючы сачыць, каб фрак сядзеў ідэальна (на дзяўчынцы рваная куртачка, шмат разоў зацыраваная, дыхтоўная, у якой можна хадзіць яшчэ год, а потым аддаць сястрычцы). Дзяўчынка нахіляецца са сваім уяўным падносам і толькі трохі прыўзнімае галаву, каб паглядзець на ўяўны абрус. Ці на тую Пані, што цікавейшая за абрус.

— Хадзем дадому, не глядзі на іх! — да дзяўчынкі падбягае бацька, скідвае яе з уяўных абцасаў, выбівае з рук уяўны паднос. Разбурае ўсё старанна выдуманае «быццам бы».

Бацька хапае дзяўчынку за руку, незнарок прыляпляючыся да яе заціснутай у далоні карамелькі. Дзяўчынка енчыць і азіраецца на прыгожую вітрыну з прыгожымі манекенамі.

Бацька адводзіць дзяўчынку прэч. Ён сам хоча азірнуцца і заплакаць.

Ён зусім не жадае, каб яго дачка, калі вырасце, стала такой жа прыгожай.

…у суседняй вітрыне стаяў манекен, што калісь быў яго сястрой. Бліскучы, быццам не пластыкавы, вельмі прыгожы манекен.

На вітрыне яна, сястра, усё яшчэ нібы жывая.

Толькі вочы ўжо назаўжды іншыя — шкляныя.

І цяпер сястра падаецца сумнай.

Быццам сумнай.

***

«Вам надакучыла ваша беднае існаванне ў маленькім забытым Богам гарадку?

Прыходзьце да нас!

Касметычныя працэдуры, лепшыя куцюр’е!

Толькі ў нас — прыгожы, як карцінка, побыт, што застанецца з вамі да канца вашага жыцця і нават даўжэй.

Прыходзьце да нас!»

Святлана КУРГАНАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.