Вы тут

Белыя пачынаюць (і выйграюць)


Шчаслівымі нас могуць зрабіць самыя нязначныя дробязі, якіх не заўважаем у мітусні дзён. Мастачка Настасся Балыш у праекце «Таямніцы святла», што працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, дэманструе шчасце ў розных формах і ракурсах: праз жывапіс і арт-інсталяцыі.


«Ластаўкі к дажджу»

— Усе сюжэты бяру з жыцця, нічога не прыдумляю, — расказвае мастачка. — Тут прысутнічае доля фантазіі і казачнасці. Люблю сумяшчаць розныя кірункі. Гэта вельмі актуальна, і ёсць магчымасць раскрыць тэму з некалькіх бакоў, выкарыстоўваючы незвычайныя матэрыялы. Героі маіх твораў усе падобныя, таму што гісторыі, якія ўвасабляю на палатне, аўтабіяграфічныя. Творчасць побач з жыццём. Менавіта так я называю тое, што раблю. У мяне двое маленькіх дзяцей, і шмат таго, што адлюстроўваю ў работах, бяру ад іх. Яны натхняюць, дапамагаюць атрымліваць правільныя эмоцыі.

Кожная работа хавае ў сабе цікавую гісторыю. Большасць твораў дэманструюць побытавыя адносіны звычыйных людзей. Аўтар ідэалізуе сітуацыі, акцэнтуе ўвагу на гармоніі і любові, якія берагуць героі сюжэтаў. У многіх творах адлюстраванае зорнае неба: яно заўсёды зараджае святочным настроем.

— У гэтым праекце мне было цікава паназіраць і паразважаць над тэмай існавання чалавека побач з нябеснымі свяціламі, — тлумачыць Настасся. — Я спрабую высветліць таямніцы святла, таму ўключыла ў экспазіцыю карціну, якая называецца «Месячна-пасяўны каляндар». Мы ведаем, што агароднікі арыентуюцца на месячны каляндар, жывуць па ім. Гэта ж славянская традыцыя — самыя важныя рэчы рабіць у час, калі месяц расце. Таму ў творы я паказала сямейную пару, іх будучы сад, людзі ў гармоніі з месячным календаром пражываюць сваё жыццё. На мой погляд, яшчэ адным цэнтральным экспанатам з’яўляецца артінсталяцыя «Бабулін свет». Калісьці ў маю сям’ю трапілі некалькі пар рукавіц. Іх вязала адна бабуля, мая прамая сваячка. Гэтыя рукавіцы насілі яе ўнукі і праўнукі, а цяпер перадалі маім маленькім дзецям. На жаль, бабулі няма з намі, яна пайшла з жыцця, але цяпло яе рук да гэтага часу жыве ў нашым доме.

Яшчэ адна цёплая работа — «Дабранач». Аўтар паказала маму і двух сыноў, якія спяць. Мама спіць з адкрытым вокам і ў той жа час корміць з далоні дзвюх птушачак. Сюжэт, які адлюстроўвае гармонію мацярынства: маці заўсёды думае пра сваіх дзяцей, клапоціцца пра іх. Некаторыя творы Настасся стварае з рэчаў, якія ў звычайным жыцці нясуць на сметніцу.

Настасся Балыш побач з работай «Бабулін свет»

 — Сусед мяняў вокны. Цэлы двор быў імі завалены. Я ў яго выцягнула гэтыя вокны і стварыла інсталяцыю, у якой акно выконвае сваю прамую функцыю, — расказвае творца. — Праз яго мы бачым горад, можам назіраць за тым, што адбываецца вакол, а можам зазірнуць і ў пакой насупраць. Наогул, акно мастак успрымае як раму. Малюнкі змяняюцца, і акно само факусіруе сюжэты.

На выстаўцы прадстаўлены эксклюзіўныя творы, якія аўтар напісала на саматканым палатне, зробленым яшчэ прабабуляй яе мужа. Мастачка вырашыла выкарыстаць гэта палатно ў творчасці, тым самым захаваць яго на доўгія гады: праклейвала яго, грунтавала... І тканіна зазіхацела цікавай фактурай.

Мастачка Настасся Балыш спачатку набыла папулярнасць за мяжой, выстаўляла свае творы ў Францыі, Італіі, Іспаніі, дзякуючы чаму атрымала вялікі мастацкі досвед. Зараз актыўна выстаўляецца ў Беларусі.

— Назіраючы апошнія гады за развіццём мастацкага поля Беларусі, заўважаю, што з’яўляецца мноства цікавых праектаў, адметных аўтараў, — падкрэсліла мастачка. — Многія рэспубліканскія выстаўкі дазваляюць эксперыментаваць з фарматам, гэта таксама магчымасць развівацца, праявіць сябе.

Нядаўна Настасся паспрабавала новую ролю. Працавала куратарам выставачнага праекта падчас правядзення ў Нацыянальным гістарычным музеі чэмпіянату Беларусі па шахматах.

— Гэта быў добры штуршок, я зразумела, што такое па-сапраўднаму ствараць свой праект, — адзначае творца. — Калі прыходзіш на калектыўную выстаўку, думаеш, што можна было б прастору пляцоўкі падзяліць інакш, па-іншаму вызначыць задачу. У дадзеным выпадку ўсё было ў маіх руках. Вельмі зацікавіла спалучэнне шахмат як спорту і мастацтва ў адной прасторы. Такія тэндэнцыі папулярныя ў свеце. Напрыклад, шахматныя турніры праводзіліся ў Луўры, у адным з музеяў Санкт-Пецярбурга. Я рада, што мы таксама перанялі эстафету.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.