Вы тут

Сем разоў прачытай, адзін — падпішы


У крэдытным дагаворы трэба чытаць усе пункты і нават тое, што напісана паміж радкоў.

Некалькі гадоў таму мой даўні сябар вырашыў зрабіць рэканструкцыю сваёй дачы пад Мінскам. Каб узяць не вельмі дарагі крэдыт на гэтыя мэты, звярнуўся ў банк. Для атрымання такога крэдыту, тэрмінам на 10 гадоў, яму спатрэбілася сабраць цэлую «торбу» дакументаў з працы, мясцовага выканкама, а таксама адшукаць некалькіх паручыцеляў.

Усё было добра, але на фінішы будоўлі ўласніку загараднай нерухомасці не хапіла некалькі мільёнаў старых яшчэ рублёў. Сума, вядома, не вельмі вялікая, аднак... Грошы ў банку яму тады далі, пад спажывецкі крэдыт, але там нешта было дробненька надрукавана. Ён нават тады і не чытаў тое... А варта было. Бо там напісана, што дагавор мае таксама на ўвазе аказанне банкаўскіх паслуг, вядома ж, не бясплатных. Сябру яны і не патрэбныя былі, але добрую капейку за іх заплаціць давялося.


У барацьбе за спажыўца

Цяпер сітуацыя складваецца інакш. Айчынныя банкі пры спажывецкім крэдытаванні кіруюцца рэкамендацыямі Нацбанка. Гэта дапамагае пазбегнуць выпадкаў, падобных таму, з якім сутыкнуўся мой сябар, — калі некаторыя банкі дзеля забеспячэння рэнтабельнасці спажывецкага крэдытавання ўвязвалі выдачу крэдытаў з афармленнем кліентамі так званых пакетаў паслуг, цана абслугоўвання якіх была супастаўная з коштам абвешчанай працэнтнай стаўкі па крэдыце.

У той жа час, традыцыйныя банкаўскія паслугі трансфармуюцца з іншымі фінансавымі прадуктамі, банкі пераходзяць да комплекснага абслугоўвання кліентаў. У такіх выпадках спаганяемая банкамі плата датычыцца не крэдытнага дагавора, а дадатковых паслуг, якімі кліенты карыстаюцца па сваім уласным выбары. У сувязі з гэтым Асацыяцыя беларускіх банкаў нагадвае, што асноватворнай рэкамендацыяй з'яўляецца неабходнасць забеспячэння банкамі раскрыцця поўнай і дакладнай інфармацыі пра ўмовы крэдытавання і аб аказанні дадатковых паслуг.

Зрэшты, банкі абавязаны выканаць пяць неабходных умоў. Па-першае, трэба выкарыстоўваць пры афармленні дагавораў шрыфт Tіmеs Nеw Rоmаn памерам не менш за 12 пунктаў. Па-другое, яны павінны даваць фізічным асобам для азнаямлення праекты крэдытных дагавораў і пры неабходнасці — іншых дагавораў, калі яны заключаюцца разам з крэдытымі дагаворамі.

Па-трэцяе, не пазней за 15 працоўных дзён з моманту ўзнікнення пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытных і іншых дагаворах, банкі павінны інфармаваць кліентаў аб яе ўзнікненні, а таксама аб адказнасці і магчымых рызыках, звязаных з невыкананнем імі абавязацельстваў па адпаведных дагаворах. Па-чацвёртае, у выпадку рашэння кліента аб страхаванні, звязаным з крэдытаваннем, даваць яму права выбару страхавых прадуктаў як мінімум трох страхавых арганізацый. Па-пятае, уключаць у крэдытныя дагаворы ўсе істотныя ўмовы, вызначаныя заканадаўствам, а таксама іншыя ўмовы, якія ўплываюць на памер працэнтаў за карыстанне крэдытам. Вось так.

Пры гэтым банкам варта ў даступнай для ўспрымання форме інфармаваць спажыўцоў банкаўскіх паслуг аб парадку разліку плацяжоў па крэдытных дагаворах, памерах (сумах) плацяжоў па паслугах, што аказваюцца ў сувязі з крэдытаваннем, а таксама тлумачыць фізічным асобам парадак датэрміновага вяртання (пагашэння) крэдыту.

Калі ўзнікаюць праблемныя пытанні па крэдытных дагаворах, грамадзянам варта ў першую чаргу звяртацца ў свае банкі, якія, як паказвае практыка, імкнуцца ў кожным канкрэтным выпадку індывідуальна падысці да кліента пры вырашэнні магчымых рознагалоссяў.

Разлічваць на свае сілы

А яшчэ нядаўна Асацыяцыя беларускіх банкаў стварыла памятку грамадзяніну пры атрыманні ім крэдыту. Яе павінен ведаць, хоць бы ў агульных рысах, кожны жыхар нашай краіны.

Грамадзянін можа атрымаць у банку крэдыт на фінансаванне нерухомасці альбо грошы на спажывецкія патрэбы. Па крэдытным дагаворы крэдытаатрымальнік прымае на сябе абавязацельства вярнуць ва ўстаноўленыя тэрміны суму крэдыту, а таксама выплаціць працэнты за карыстанне ім. Калі абавязацельствы па крэдытных дагаворах не выконваюцца або выконваюцца несвоечасова і (або) не ў поўным аб'ёме, банкам можа быць прад'яўлена патрабаванне аб выплаце працэнтаў за карыстанне крэдытам у павышаным памеры, а таксама выплаце няўстойкі (штрафу, пені).

Аб праве банка прад'яўляць такое патрабаванне, як правіла, сказана ў крэдытным дагаворы. Перад прыняццем рашэння аб атрыманні крэдыту крытычна ацаніце свае патрэбнасці ў яго атрыманні, а таксама магчымасці па яго своечасовым пагашэнні і выплаце працэнтаў за карыстанне ім. Гэта значыць, якую суму грашовых сродкаў зыходзячы з вашага бюджэту вы рэальна можаце накіраваць на выплату ўсіх належных плацяжоў па крэдыце.

Уважліва вывучыць усю інфармацыю

Для прыняцця рашэння аб атрыманні крэдыту варта ўзяць у супрацоўнікаў банка вычарпальную інфармацыю аб умовах, на якіх ажыццяўляецца крэдытаванне, у тым ліку аб усіх без выключэння плацяжах. Памятайце! Ваша права на атрыманне своечасовай (да заключэння крэдытнага дагавора або дадатковага пагаднення да яго), неабходнай і дакладнай інфармацыі замацавана заканадаўствам. Да такой інфармацыі ў тым ліку адносяцца: сума крэдыту, тэрмін, на які ён можа быць атрыманы, памер працэнтаў за карыстанне крэдытам. Уважліва вывучыце ўмовы крэдытавання. Звярніце ўвагу, ці ёсць неабходнасць заключэння дадатковых дагавораў і (або) карыстання дадатковымі паслугамі.

Запытайце і вывучыце інфармацыю аб умовах і кошце дадатковых паслуг пры крэдытаванні ў супрацоўнікаў банка. Прыняццю найлепшага рашэння можа спрыяць вывучэнне прапаноў некалькіх банкаў, якія выдаюць крэдыты фізічным асобам. Атрыманая інфармацыя дазволіць вам параўнаць прапановы па крэдытах розных банкаў. З неабходнай інфармацыяй аб прапанаваных банкамі крэдытных прадуктах можна азнаёміцца на сайтах банкаў (спасылкі глядзіце на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка www.nbrb.bу у раздзеле «Банкаўская сістэма»). Аднак для канчатковага прыняцця рашэння аб падпісанні крэдытнага дагавора з усімі ўмовамі крэдытавання лепш азнаёміцца ў самім банку.

Не спяшайцеся падпісваць дакументы

Перад падпісаннем крэдытнага дагавора старанна вывучыце яго. У гэтых мэтах па магчымасці вазьміце крэдытны дагавор дадому, больш уважліва вывучыце яго ўмовы, якія ўстанаўліваюць вашы абавязкі (абавязацельствы, адказнасць). Пераканайцеся, што крэдытны дагавор не ўтрымлівае ўмоў, пра якія вам не вядома ці сэнс якіх вам не зразумелы. Калі якія-небудзь умовы крэдытавання ў вас выклікаюць пытанні, прасіце тлумачэнні і адпаведныя дакументы ў супрацоўнікаў банка, удакладняйце моманты, якія вас цікавяць. Калі вы не атрымалі неабходнага тлумачэння, лепш адкласці прыняцце рашэння аб атрыманні крэдыту. Уважліва вывучыўшы крэдытны дагавор, яшчэ раз узважце ўсе «за» і «супраць», спакойна ацаніце свае магчымасці па своечасовым пагашэнні (вяртанні) крэдыту і выплаце ўсіх належных плацяжоў.

Ваша крэдытная гісторыя

Падпісаўшы крэдытны дагавор, вы згаджаецеся з усімі яго ўмовамі і прымаеце на сябе абавязацельствы па іх выкананні. Пры невыкананні (неналежным выкананні) гэтых абавязацельстваў банк мае права звярнуцца па спагнанне (прымусовае выкананне) ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку. Падпісвайце крэдытны дагавор (іншыя дакументы банка), толькі калі вы ўпэўнены ў тым, што ўсе яго ўмовы вам зразумелыя, вы дакладна ўяўляеце, якія плацяжы і ў які тэрмін вам неабходна будзе ажыццявіць, і вы перакананыя, што зможаце гэта зрабіць.

Улічвайце, што інфармацыя аб вашых абавязальніцтвах па крэдытным дагаворы будзе перададзена банкам у Крэдытны рэгістр Нацыянальнага банка для фарміравання вашай крэдытнай гісторыі. Крэдытная справаздача з вашай крэдытнай гісторыі можа быць прадстаўлена адзін раз на працягу года бясплатна і неабмежаваную колькасць разоў на працягу года за ўзнагароджанне (платная паслуга).

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.