Вы тут

Прыязджайце да нас падлячыцца


Дыягностыка за тры дні, працэдуры без пуцёўкі і цуда-ложак.

Куды ехаць па прыгажосць і здароўе і якое найноўшае абсталяванне задзейнічана ў беларускіх санаторыях, можна было даведацца падчас прафсаюзнай турыстычнай выстаўкі «Прафтур-2018».


Так, замест звыклага забору крыві сёння можна без усялякіх балючых умяшальніцтваў правесці поўную дыягностыку стану арганізма па 131 паказальніку. Прычым зрабіць можна ўсё за тры хвіліны! Гэта стала магчымым дзякуючы такому апарату, як неінвазійны аналізатар формулы крыві.

Яшчэ адна навінка, якая з'явілася сёння ў беларускіх санаторыях, — апарат для ўльтрагукавой дэнсітаметрыі — дапамагае правесці дыягностыку остэапарозу і выявіць гэту хваробу на ранняй стадыі.

І нават для спадарынь, якія ў беларускія здраўніцы едуць па прыгажосць, ёсць прыемныя сюрпрызы. Так, ужо пасля першай працэдуры радыёліфтынгу заўважны амаладжальны эфект. Гэта ўнікальная безаперацыйная падцяжка мяккіх тканяў твару і цела шляхам натуральнай стымуляцыі работы клетак і аднаўлення ўсіх функцый скуры.

На выстаўцы таксама была прадстаўлена і распрацоўка беларускіх вучоных — інверсійны стол. Насамрэч гэта робатызаваны ложак, на якім пацыент прымае працэдуру нагамі ўгору. 10 хвілін на ім даюць лепшы эфект, чым сеанс масажу, таму што ўздзеянне ідзе і на ўнутраныя органы. Падобная працэдура нават можа быць адной з альтэрнатыў заняткам у трэнажорнай зале і дапаможа пазмагацца з лішняй вагой. У выніку такога аздараўлення паляпшаецца кровазабеспячэнне галаўнога мозга, сэрца, паскараецца вянозны і лімфатычны адток з ніжніх канечнасцяў.

Гэта распрацоўка была апрабаваная ў пяці буйных клініках і ўжо паўгода выкарыстоўваецца ў санаторыі «Беларусачка». І як расказала ўрач-тэрапеўт-алерголаг здраўніцы Наталля Рашэтнікава, інверсійны стол сёння запатрабаваны для лячэння пацыентаў з самымі рознымі хваробамі, сярод якіх артэрыяльная гіпертэнзія, цукровы дыябет, бранхіяльная астма, варыкозныя пашырэнні вен. Карысная працэдура і ў рэабілітацыі пасля інфарктаў. І трэба сказаць, што яна даступная для тых пацыентаў, у якіх ёсць супрацьпаказанні да іншых метадаў, напрыклад магніта- і электралячэння. Запатрабаваны цуда-ложак і ў рэабілітацыі дзяцей з ДЦП, прычым маленькія пацыенты могуць размяшчацца на ім падчас працэдуры разам з мамамі.

І што цікава, на працягу ўсяго сеанса вядзецца кантроль артэрыяльнага ціску, частаты дыхання, ЭКГ. Даныя пасля кожнай працэдуры заносяцца ў камп'ютарную базу і, як заўважае Наталля Рашэтнікава, могуць выкарыстоўвацца і ў далейшым, бо зараз санаторый робіць ухіл на медыцынскае суправаджэнне пацыентаў не толькі на перыяд іх знаходжання ў здраўніцы, але і на назіранні адтэрмінаваных эфектаў.

Сёння людзі хочуць за кароткі прамежак часу, які праводзяць у санаторыях, атрымаць прыкметны аздараўленчы эфект. І беларускія здраўніцы прымаюць разнастайныя захады, каб задаволіць такія пажаданні кліентаў. Гэта датычыцца не толькі закупкі найноўшага абсталявання, павелічэння колькасці паслуг (для прыкладу, на базе санаторыя «Крыніца» аказваецца больш за 500 відаў разнастайных працэдур). Распрацоўваюцца і спецыяльныя праграмы.

— Адна з нашых унікальных праграм накіраваная на карэкцыю вагі. Пад яе падабрана гіпакаларыйнае меню, з людзьмі займаецца не толькі медыцынскі персанал, але і інструктар па лячэбнай фізкультуры, які вучыць, як наладзіць рэжым дня, правільна размеркаваць памер фізічных нагрузак, — расказвае намеснік галоўнага ўрача па медчастцы санаторыя «Крыніца» Надзея Бельская. — Не сакрэт, што зараз остэаартроз і остэапароз — гэта пандэмія ва ўсім свеце. Таму сёння праграма па лячэнні апорна-рухальнага апарату вельмі запатрабаваная. У яе ўключаны масажныя працэдуры, гразелячэнне, фізіятэрапія, а таксама ўнікальная методыка карбоксіпунктуры — абколванне буйных суставаў ці пазваночнага слупа вуглякіслым газам. Дадзеную методыку мы перанялі ў чэшскіх калег. Яна ўжо каля дзесяці гадоў дастаткова запатрабаваная на такіх сусветна вядомых курортах, як Карлавы вары, і дае цудоўны эфект, садзейнічае аднаўленню і рэгенерацыі крыжа, здымае балявы сіндром.

Між іншым сёння, каб аздараўлівацца ў санаторыі, неабавязкова браць пуцёўку. Можна прыязджаць толькі на працэдуры (асабліва калі яны робяцца праз дзень ці два разы на тыдзень).

Сярод запатрабаваных на цяперашні момант паслуг санаторыяў — экспрэс-дыягностыка. Так, у тую ж «Крыніцу» можна заехаць на два-тры дні і за гэты час паспець прайсці поўнае абследаванне арганізма, якое ў тым ліку будзе ўключаць біяхімічныя даследаванні, УГД сасудаў і сэрца, наведванне тэрапеўта, гінеколага, кардыёлага, гастраэнтэролага.

Але не будзем пакідаць без увагі і прыродныя фактары. Так, на беларускія мінеральныя воды (здабытыя са свідравін санаторыяў, яны з'яўляюцца аналагамі вядомых курортных брэндаў) едуць турысты нават з вельмі далёкіх куткоў планеты. Напрыклад, пра карысныя якасці вады санаторыя «Крыніца» стала вядома яшчэ ў 1906 годзе, тады тут старшынёй таварыства земскіх урачоў Мінска была адкрыта невялікая бальніца на дзевяць ложкаў. Мясцовая вадзічка па сваім складзе — поўны аналаг «Есентукоў 4», і падобныя свідравіны ёсць у Трускаўцы і Карлавых варах.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».