Вы тут

Ёсць у беларускай гісторыі і свой граф Монтэ-Крыста


У адным з даносаў тайнага агента ІІІ аддзялення царскай канцылярыі Юзафа Бярнацкага ад 10 жніўня 1861 года паведамлялася пра двух падарозных асоб: кадэта Мікалаеўскага інжынернага вучылішча Сігізмунда Мінейку, які распаўсюджвае сярод сялян «Гутаркі старога дзеда», і меркаванага аўтара гэтага твора Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча… Тыя, чыю дзейнасць мы вывучаем сёння як асобныя старонкі беларускай гісторыі, не толькі існавалі ў адным часе, але нават траплялі на старонкі аднаго і таго ж тайнага дакумента…


Біяграфіі нашых пісьменнікаў і культурных дзеячаў самі па сабе настолькі багатыя на рознага кшталту авантуры, што аніякі сцэнарый фільма пра іх жыццё і творчасць не будзе цікавейшы за жыццёвую праўду.

Ёсць у беларускай гісторыі і свой граф Монтэ-Крыста. Менавіта так называюць Зыгмунта Мінейку — грамадскага дзеяча, навукоўца, інжынера, вайскоўца, аднаго з удзельнікаў паўстання 1863 — 1864 гг. Яго біяграфія сапраўды дае матэрыял для не абы-якога прыгодніцкага серыяла, аднак пазнаёміцца з ёй беларускі чытач атрымаў магчымасць толькі напрыканцы мінулага года: у выдавецтве «Лімарыус» у серыі «Беларуская мемуарная бібліятэка» выйшаў томік успамінаў Зыгмунта Мінейкі «З тайгі пад Акропаль. Успаміны з 1848 — 1866 гадоў» (пераклад, укладанне, прадмова, каментарыі Марыны Запартыкі). Выданне падрыхтавана пры ўдзеле Польскага інстытута ў Мінску.

Польскімі гісторыкамі ўспаміны Зыгмунта Мінейкі ўжо даўно выкарыстоўваюцца як адна з крыніц інфармацыі па вывучэнні паўстання 1863 — 1864 гадоў, якое называлі «паўстаннем маладых», а ў беларускую гісторыю яно ўвайшло ўсё-ткі як паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, з дня нараджэння якога, дарэчы, сёлета споўнілася 180 гадоў.

Пра аднаго са стваральнікаў беларускай нацыянальнай ідэі існуе безліч міфаў (што для легендарнай асобы заканамерна). Згадвае яго ў сваіх мемуарах і Зыгмунт Мінейка. Праўда, разлічваць на тое, што гэта дапаможа праз смугу сентыментальна-патрыятычных міфаў дабрацца да праўды, не выпадае. Як высветліла ўкладальніца Марына Запартыка падчас працы над кнігай, ёсць у мемуарах не толькі тое, што помніцца, але і тое, што… хацелася б помніць інакш. Акрамя таго, успаміны Зыгмунт Мінейка пачаў ствараць ужо ў даволі сталым узросце, таму многае было атулена налётам настальгіі па юнацтве і родным краі. Так бы мовіць, рамантычнае, ненаўмыснае скажэнне інфармацыі.

Значна больш увагі аддадзена брату Кастуся Каліноўскага Віктару, з якім мемуарыст быў знаёмы асабіста. Праўда, памятаў яго як «ветэрана польскіх студэнтаў Пецярбурга пана Каліноўскага», чалавека, апантанага вывучэннем літоўскай мінуўшчыны (у гістарычным, а не геаграфічным значэнні гэтага слова).

Чым жа заслужыў З. Мінейка славу графа Монтэ-Крыста?

Удзел у паўстанні для яго, камандзіра нешматлікага атрада, абмежаваўся, па сутнасці, адным няўдалым боем пад Гальшанамі. Паўстанцы разбегліся, а гаспадары вясковай хаты, дзе ён папрасіў прытулку, выдалі яго ўладам. Гэтая здрада не была нечым унікальным: на жаль, такія выпадкі ёсць той часткай праўды пра паўстанне 1863 — 1864 гг., якая вельмі доўгі час замоўчвалася. Паводле многіх крыніц, Кастусь Каліноўскі, а насамрэч Канстанцін Вікенцій, які сам сябе сялянскай формай свайго імені не называў, з ідэалагічных меркаванняў быў «прызначаны» ў пачатку ХХ стагоддзя збаўцам занядбанага люду ад здзеку паноў і памешчыкаў. Менавіта таму гаварыць пра тое, што здрады прыгнечаных сялян сваім вызваліцелям былі з’явай масавай, забаранялася.

Зыгмунт Мінейка быў асуджаны да расстрэлу, але за вялікі хабар сям’і ўдалося адкупіцца, і ў выніку яго выслалі ў Сібір, на Нерчынскія руднікі. Праз некаторы час пад прозвішчам памерлага ад тыфу падчас этапу Струмілы наш герой здолеў уцячы і пасяліцца ў Томску. У 1865 годзе ён атрымаў у Пецярбургу новыя дакументы на імя барона фон Мэберта і скіраваўся ў Францыю. Пасля былі розныя гарады, розныя краіны… Больш за дваццаць гадоў Зыгмунт Мінейка знаходзіўся на тэрыторыі Асманскай імперыі, дзе працаваў інжынерам па пабудове мастоў, дарог, чыгункі. Урэшце ў 1891 годзе разам з жонкай грачанкай Празерпінай Манарыс ён апынуўся на сталым жыхарстве ў Грэцыі. Удзельнічаў у грэка-турэцкай (1897 — 1898 гг.) і балканскай (1912 — 1913 гг.) войнах. І толькі ў 1917 годзе вырашыў узяцца за напісанне мемуараў пра тыя падзеі, што засталіся на адлегласці амаль у семдзесят гадоў…

Першае выданне ўспамінаў Зыгмунта Мінейкі было ажыццёўлена ў 1971 годзе польскімі вучонымі Элегіушам Казлоўскім і Казімірам Альшанскім. Па-беларуску мемуары друкуюцца ўпершыню, і таму, безумоўна, выклічуць цікавасць філолагаў (да таго ж мемуары можа чытаць як паўнавартасны раман), гісторыкаў (нягледзячы на прафесійны спепсіс у дачыненні да ўспамінаў як крыніцы інфармацыі) і краязнаўцаў (для якіх асабліва каштоўнымі будуць згадкі пра сувязь роднага краю з канкрэтнымі гістарычнымі падзеямі).

Наталля НАРУТОВІЧ

Загаловак у газеце: Сустрэчы на ростанях стагоддзяў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.