Вы тут

Шляхецкія быліцы Адама Міцкевіча


Днямі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрыта часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Шляхецкія быліцы Адама Міцкевіча», прысвечаная 220-гадоваму юбілею з дня нараджэння паэта.


Даследчык Зміцер Юркевіч паказвае копіі метрык з запісамі аб хрышчэнні і шлюбе.

Назва выстаўкі па задуме стваральнікаў мусіць адлюстраваць жыццё беларуска-літоўскай шляхты. Унікальныя інтэр’еры сталовага пакоя, музычнага салона (з яго легендарным курантавым гадзіннікам, які адбіваў «Марш Дамброўскага»), партрэты продкаў — уражанне, што пераносішся ў часы «Пана Тадэвуша».

— Мы не маглі не згадаць адзін з самых буйных твораў Міцкевіча, — распавядае экспазіцыянер Вольга Гулева. — Стварэнне паэмы было для яго спробай аднавіць у памяці жыццё ў літоўскіх засценках — там, дзе ён пачуваўся шчаслівым. У Парыжы ён чытаў знаёмым свой твор па старонках, вяртаючыся ў думках да каранёў, у дзяцінства.

Таксама ёсць на выстаўцы і дакументы, прадстаўленыя Польскім інстытутам, якія тычацца дзейнасці Таварыства філаматаў і філарэтаў. Але сапраўднай сенсацыяй сталі адшуканыя ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы даследчыкам Зміцерам Юркевічам метрыкі з запісамі аб хрышчэнні Адама Міцкевіча (1798 г.), аб шлюбе Мацея Маеўскага і Ганны Гарэшкі (1763 г.) — дзядулі і бабулі паэта, а таксама аб хрышчэнні яго маці Барбары Маеўскай (1769 г.).

— Геній паэта належыць да культур розных народаў: беларускага, літоўскага, польскага, рускага. Постаць класіка сягае сусветнага маштабу, таму ўшанаванне яго памяці павінна творча, эмацыянальна і культурна яднаць нашыя народы, паляпшаць паразуменне на аснове прынцыпаў гуманізму, дэмакратызму, нацыянальных каштоўнасцяў, — зазначыў Іван Саверчанка, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы.

Гэта толькі пачатак святочных падзей па захаванні і папулярызацыі спадчыны філаматаў і іх выбітнага прадстаўніка, што запланаваныя на юбілейны год.

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

Фота Аксаны Жлобіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.