Вы тут

Затраты на аказанне ЖКП насельніцтву плануюць знізіць на 68 млн рублёў


Затраты на аказанне жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву сёлета плануецца знізіць на 68 млн рублёў, сабекошт цеплаэнергіі мяркуецца давесці да 80 рублёў за адну Гкал, а святло максімальна мадэрнізаваць. Пра гэта расказаў на выніковай калегіі міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Аляксандр ЦЕРАХАЎ.


Падводзячы вынікі леташняй працы, ён зазначыў, што затраты на аказанне ЖКП планавалася зменшыць на 93 млн рублёў, што здавалася непасільным. Тым не менш задача была выканана на 118 % — за 2017-ы сэканомлена 110 млн. Пры гэтым лепш за ўсіх справіліся Віцебская вобласць і сталіца.

— Эканоміі дасягнулі не за кошт зніжэння цэн на ўваходныя энергарэсурсы, а дзякуючы рэалізацыі арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў. За кошт зніжэння спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў, змяншэння страт цеплаэнергіі вады, аптымізацыі колькасці і іншых мерапрыемстваў, — падкрэсліў міністр.

Плануецца працягнуць работу і па зніжэнні сабекошту цеплаэнергіі. Павысіць эканамічную і тэхналагічную эфектыўнасць кацельных мяркуюць за кошт ліквідацыі кацельных з вывадам з эксплуатацыі (г. зн. дэцэнтралізацыі), а таксама мадэрнізацыі кацельных, якія працуюць на газе і мясцовых відах паліва.

— Пры неабходным фінансаванні ў 300 млн рублёў эканомія бюджэтных сродкаў складзе каля 80 млн рублёў у год. Тэрмін акупнасці пры гэтым не больш як пяць гадоў. Гэтыя праграмы неабходна ўзяць пад кантроль як самыя эфектыўныя мерапрыемствы па зніжэнні бюджэтнага субсідавання, — заўважыў міністр. — І выгада ад гэтага будзе ў першую чаргу мясцовым бюджэтам.

Не абышлося і без менш аптымістычных вынікаў. У Брэсцкай і Гомельскай абласцях значна вырасла пратэрмінаваная запазычанасць за паслугі ЖКГ.

— Мы паглядзелі, з чым гэта звязана. Магчыма, упалі даходы насельніцтва па гэтых рэгіёнах. Аднак статыстыка сведчыць пра адваротнае, заробкі тут не самыя нізкія, — заўважыў Аляксандр Церахаў. — Самае сумнае, што адсутнасць сістэмнасці ў гэтай рабоце можа прывесці ў выніку да таго, што ўласнікі страцяць жыллё. Нельга даводзіць сітуацыю да крайнасці, трэба праводзіць своечасовую работу на месцах, каб не ўжываць радыкальныя меры.

Пры гэтым летась 14 тысяч 950 гаспадарак краіны атрымалі безнаяўныя жыллёвыя субсідыі ў памеры 744 тысячы рублёў на аплату паслуг ЖКГ. З іх 80 % дапамога выдзелена па выяўленчым прынцыпе.

Міністр таксама звярнуў увагу, што сітуацыя з рамонтам пад'ездаў далёкая ад ідэальнай. Здараецца, што жыхары адмаўляюцца ад паслуг камунальнікаў, бо ім прасцей наняць арганізацыю збоку. А пры рамонце ў пад'ездах часта фарбуюць сцены, але не мяняюць асвятляльнае абсталяванне. «Губляеце грошы на сваіх аб'ектах», — заўважыў ён прысутным.

75 % пад'ездаў Віцебскай вобласці абсталяваны звычайнымі лямпачкамі, у Мінскай вобласці — амаль 60 % месцаў агульнага карыстання асвятляецца такім чынам, а ў Магілёўскай — 65 %.

— Пра зняцце абмежавальных мер не будзе ніякай гаворкі, пакуль не будзе ўсталявана энергаэфектыўнае асвятляльнае абсталяванне, — рэзюмаваў Аляксандр Церахаў. — Калі мы хочам цывілізаваных адносін у тарыфнай палітыцы, сёлета неабходна вырашыць, як максімальна мадэрнізаваць электраасвятленне.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: ЖКГ у рэжыме жорсткай эканоміі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.