Вы тут

Шукаем у крамах айчынную агародніну і яблыкі


Згодна з рэкамендацыямі, сярэднестатыстычны беларус мусіць з'ядаць у месяц 10 кілаграмаў бульбы, па паўтара кіло памідораў і агуркоў, 450 грамаў зеляніны, тры кілаграмы фруктаў. Ці можна «выканаць план» за кошт айчыннай прадукцыі? «Звязда» вырашыла паглядзець, ці шмат беларускай гародніны і яблыкаў можна знайсці зімой на гандлёвых прылаўках і што танней — купляць сваё ці імпартнае.


Фасоўка наша, зеляніна замежная

Вывучаем асартымент у некалькіх сталічных гандлёвых сетках. У першай з іх знаходзім на прылаўку беларускія агуркі за шэсць рублёў — імпартных канкурэнтаў няма. А вось побач з айчыннымі яблыкамі (яны каштуюць два рублі за кілаграм) ляжаць чатыры сарты польскіх, амаль па такой жа цане. Памідоры (4,80 рубля за кілаграм) — з Турцыі, грушы — з Нідэрландаў. Затое бульба, буракі, морква (мытая пакупнікам асабліва даспадобы) і капуста — з нашых засекаў. Калі вам патрэбна рэпчатая цыбуля, то ёсць беларуская, іншыя ж сарты прывезеныя з замежжа: цыбуля-шалот з Францыі, чырвоная цыбуля — з Украіны.

У другой краме яблыкаў з айчынных садоў не знаходзім. Усе восем відаў, якія выстаўлены на продаж, — з Польшчы, па два рублі за кілаграм і больш. А беларускія агуркі аказваюцца на рубель даражэйшыя за імпартныя... Тая ж сітуацыя і з часнаком — наш каштуе восем рублёў за кілаграм, кітайскі — сем. І выглядае апошні больш прывабна. Салодкі перац у краму пастаўляюць з Македоніі, таматы з Турцыі, Іспаніі і Егіпта. Белакачанная капуста з беларускіх сховішчаў, а пекінская — з украінскіх.

Ёсць на прылаўках зеляніна, вырашчаная ў нашых цяпліцах, — зялёная цыбуля, кроп, пятрушка, кінза. А вось больш экзатычная «трава» толькі расфасавана ў Беларусі: калі ўважліва прачытаць этыкетку, то даведаешся, што корн і рукала прывезены з Італіі, а шалфей, мята і базілік — з Ізраіля. Добра, што хоць бульба не егіпецкая, а свая, родненькая, — па 80 капеек за кілаграм.

Разглядаем паліцы з агароднінай у трэцяй гандлёвай сетцы. Радыска за 7,75 рубля дастаўлена з Польшчы, таматы (ад трох рублёў за кілаграм) — з Турцыі, Украіны, Марока. Брокалі і каляровая капуста таксама вырашчаны не ў нас, а ў Польшчы. З 13 сартоў яблыкаў знаходзім адзін беларускі — ён не самы прыгожы, але самы танны. «Вой, як пахнуць смачна», — удыхае водар айчыннага яблычка пакупніца-пенсіянерка і кладзе некалькі штук у кошык. Затое асартымент нашай зеляніны ў краме радуе. Ёсць і базілік, і шпінат, і рукала, і размарын, і чабор — усё з беларускіх градак.

Імпартная прадукцыя больш спелая?

У пошуках агародніны і яблыкаў заязджаем на «Камароўку». На некалькіх прылаўках відаць агуркі з айчынных цяпліц — прыгожыя, адборныя. Праўда, дарагія — па пяць-шэсць рублёў за кілаграм.

На адной з вітрын заўважаем беларускія яблыкі па 2,30 рубля. «Гэта з Віцебскай вобласці, — расказвае пра тавар прадаўшчыца Аксана. — Польскія яблыкі пакупнікі не любяць. Грушы чые? Імпартныя. Хоць нашы таксама бываюць, сорту Дзюшэс. Вы іх адразу пазнаеце: яны такімі замучанымі выглядаюць».

Па словах жанчыны, беларускіх памідораў і перцаў у гэты час не бывае. «Дзе вы чулі, каб іх у нас зімой вырошчвалі? Па тэлебачанні? Дык там і мандарыны ў нашых цяпліцах паказвалі, але да нас на продаж такія ні разу не паступалі».

Вольга, якая гандлюе агароднінай у суседнім радзе, дзеліцца, што яны з задавальненнем закупляюць айчынную прадукцыю — але ў сезон. «А зімой і ўвесну лепш разбіраецца імпартная. Нашы людзі любяць спелую агародніну, а тая, якая вырошчваецца ў нашых цяпліцах, так сабе», — лічыць прадаўшчыца.

Цану на агуркі накручваюць крамы

Штогод на ўнутраны рынак Беларусі паступае да 330 тысяч тон айчыннай агародніны, 160 тысяч тон бульбы, 370 тысяч тон фруктаў, пладоў і ягад. Доля імпарту па многіх пазіцыях невысокая. Так, у гандлёвых сетках удзельная вага беларускіх буракоў складае 96 %, бульбы — 93 %, морквы і агуркоў — па 89 %, капусты — 72 %. А вось доля айчыннай садавіны і ягад у крамах усяго восем працэнтаў.

На агракамбінаце «Ждановічы» зімой вырошчваюць толькі ружы і агуркі.

— З сакавіка будуць ужо і памідоры, і перцы, і баклажаны. Ёсць магчымасць вырошчваць іх круглы год, але гэта будзе эканамічна нявыгадна. Светлавых дзён у краіне мала, і баклажанам і памідорам не хапае святла. А агуркі больш прыстасаваныя да нашых кліматычных умоў, могуць расці і ў цёмны час сутак, — тлумачыць генеральны дырэктар агракамбіната Рыгор ЧУЙКО.

— Чаму нашы агуркі даражэйшыя за імпартныя?

— Гэта гандлёвыя сеткі накручваюць цану. Імпартную агародніну трэба прадаць хутчэй, каб не сапсавалася, а наша захоўваецца даўжэй. Таму на беларускія агуркі ў краме робіцца вялікая нацэнка. Гэта не мы завышаем кошт, — запэўнівае Рыгор Чуйко. Па яго словах, попыт на айчынную прадукцыю ёсць, але на камбінаце няма тэхнічных магчымасцяў вырошчваць больш — пад агуркі адведзены толькі два гектары.

У Мінскім парнікова-цяплічным камбінаце круглы год растуць не толькі агуркі, але і зеляніна: салата, пятрушка, рукала, кінза, мята, базілік, сельдэрэй. «У студзені мы перадалі на продаж 150 тон агуркоў і 12,7 тоны зялёных культур, — дзеліцца генеральны дырэктар прадпрыемства Сяргей СЛАЎНІКАЎ. — У нас заключана каля паўтары тысячы дагавораў на пастаўку, у асноўным з буйнымі гандлёвымі сеткамі. Большасць прадукцыі рэалізуем у Мінску».

Самая хадавая пазіцыя — салата. Іншая зеляніна карыстаецца значна меншым попытам. «Але траты ў сувязі з гэтым невялікія. Па дагаворах мы не прымаем прадукцыю назад. У крамы ёсць пяць дзён, каб рэалізаваць яе, таму гэта ўжо іх задача, як гэта зрабіць».

У тым, што беларуская зеляніна каштуе ў гандлёвых сетках прыкладна столькі ж, колькі і імпартная, а не танней, Сяргей Слаўнікаў не бачыць нічога дзіўнага. Ён тлумачыць гэта вялікімі затратамі на электраэнергію — яны складаюць 50 працэнтаў сабекошту прадукцыі. Вядома, у Італіі і Турцыі, дзе круглы год сонечна, такіх выдаткаў няма.

Разам з тым камбінат кожны год імкнецца пашыраць асартымент і бярэ на выпрабаванне новае насенне. Часцей гэта розныя сарты салаты.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Часнок — з Кітая, рукала — з Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».