Вы тут

Славамір Копер прадставіў кнігу «Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай»


Польскі пісьменнік прадставіў кнігу пра выбітных жанчын у часы мужчынскага дамінавання.

Літаратар Славамір Копер, вядомы і паспяховы праз свае гістарычныя кнігі, знаходзіцца, калі можна так сказаць, у апазіцыі тым гісторыкам, што на кожнай старонцы твора змяшчаюць не менш за дзесяць дат. Ён лічыць за лепшае спазнаваць мінулае праз анекдоты, цікавінкі і асабістае жыццё чалавека, як у новай кнізе «Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай», пераклад якой на беларускую мову выйшаў у «Галіяфах» пры дапамозе пасольства Польшчы ў Беларусі. 7 лютага сам аўтар, які, дарэчы, плануе ўдзел у будучай Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, у «Арт-сядзібе» прадставіў свой твор мінскай публіцы і заваліў яе гістарычнымі анекдотамі.


Ка­ця­ры­на  Коб­ра.

Па словах літаратара, перад «Жанчынамі» ён хацеў напісаць кнігу пра Юзафа Пілсудскага, але зразумеў, што матэрыялу хапіла б на цікавы, але толькі адзін яе раздзел. «Бо што ёсць у прыватным жыцці Пілсудскага? — дзве змены рэлігіі з-за жанчыны, два пазашлюбныя дзіцяці і два жаночыя самазабойствы. Такі шараговы паляк-каталік». Затое кніга, якую аўтар прыехаў прадстаўляць, канцэнтруецца на жанчынах, што ўласнымі здольнасцямі, талентамі і сілай волі вызначыліся альбо нават дасягнулі поспеху ў эпоху мужчынскага дамінавання ў нашай агульнай гісторыі (у перыяд, які ахоплівае кніга, частка нашай краіны была ў складзе Польшчы).

Тут можна знайсці раздзелы пра скандалістку і феміністку Ірэну Крывіцкую, аўтарку рамана «Ночы і дні» Марыю Шумскую, паэтку Марыю Паўлікоўскую-Яснажэўскую, жанчыну пісьменніка, мастака і філосафа Станіслава Віткевіча Ядвігу Унруг, а таксама Ядвігу Бэк, «без якой Юзаф Бэк ніколі б не стаў міністрам замежных спраў Польшчы».

Беларусаў, напэўна, найбольш зацікавіць частка, што датычыцца ўжо сёння знакамітай мастачкі Кацярыны Кобры, жонкі беларускага і польскага мастака Уладзіслава Страмінскага. Славамір Копер кажа, што Кацярына была, магчыма, нават больш таленавітая за свайго мужа, які актыўна карыстаўся яе ідэямі, але недастаткова моцная, каб прабіцца ў мужчынскім свеце. Гісторык успомніў прысвечаны Страмінскаму апошні фільм Анджэя Вайды «Паслявобразы», у якім Кацярына Кобра не атрымала належнага ёй месца. «Вайда зноў аказаўся, назавём гэта, ворагам жанчын», — сказаў Копер.

Аўтарству папулярнага ў Польшчы літаратара належаць кнігі «Прыватнае і эратычнае жыццё ў Старажытнай Грэцыі і Рыме», «Жыццё артыстак у ПНР» і «Прыватнае жыццё ўладных эліт ПНР», а таксама, увага, «Жанчыны ў жыцці Міцкевіча». Асаблівасць свайго метаду распавядаць гісторыю Славамір Копер тлумачыць на прыкладзе ўзаемнай нянавісці двух палітычных дзеячаў Юзафа Пілсудскага і Рамана Дмоўскага. Яе прычынамі палітычная гісторыя не цікавіцца, затое даследаванні Копера даюць цікавы вынік: Пілсудскі з Дмоўскім не любілі адзін аднога з-за жанчыны — Марыі Юшкевіч.

«Ужо шмат напісана пра палітыку часоў Другой Рэчы Паспалітай, але нічога пра асабістае жыццё як палітыкаў, так і творчых асоб. Але калі прыватнае адарваць ад публічнага, ад палітычнай ці артыстычнай дзейнасці, для чытача шмат што застанецца незразумелым. Калі палітык ці дзеяч культуры паказваецца ў халаце і тапках, ён набывае аўтэнтычнасць, бо мы схільныя ўяўляць гістарычных персон постацямі з бронзы, хоць кожны з іх меў прыватнае жыццё і праблемы ў сям'і. Таму большасць гісторыкаў мяне не любіць і называе гістарычным пляткаром», — прызнаецца Копер.

Кніга «Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай» пазначана ўзроставым абмежаваннем — чытаць яе пажадана тым, хто дасягнуў васямнаццаці гадоў. Пачынаецца яна з прадмовы тады яшчэ пасла Польшчы ў Беларусі Конрада Паўліка, дзе ён адзначыў дарэчнасць кнігі для Беларусі, у якой удзел жанчын у розных сферах жыцця нямала ўплывае на функцыянаванне дзяржавы.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Феміністкі, паэткі і музы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.