Вы тут

Сёлетняя «ПлаSтформа» прыцягне прэм'ерамі


Наступны тэатральны тыдзень пройдзе пад знакам VІ Адкрытага форуму эксперыментальных пластычных тэатраў «ПлаSтформа», больш за іншыя скіраванага на эксперымент. Нават само cлова «эксперымент» навявае думкі пра нешта нечаканае, неверагоднае, ды што там — нават радыкальнае. Усё так, і ўсё гэта ёсць, але з адной агаворкай: эксперымент гэты, беларускага ён паходжання ці замежнага, вельмі пластычны. Пяць разоў «ПлаSтформа» ўжо адбылася, таму гэтым разам цікава не толькі рабіць адкрыцці (о, у нас такое ёсць!), але і сачыць за дынамікай мастацтва. Сярод удзельнікаў — калектывы з Беларусі, Польшчы, Украіны і Нарвегіі.


«ПлаSтформа»-2016.

Зразумела, найперш хочацца пазнаёміцца з гасцямі, але будзе больш цікава пабачыць спектаклі, што прадстаўляюць кірунак пластычнага тэатра ў Беларусі. І гэта крута, што ў праграме яго «ўдарныя сілы»: 13 лютага, напрыклад, у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі пакажуць надзвычай прыгожы «Бетон» Яўгена Карняга. (Варта дадаць, што ў праграму трапіла таксама пастаноўка Карняга ў Дзяржаўным тэатры лялек «Інтэрв'ю з вядзьмаркамі» — у ёй вельмі пластычна падаецца драма.)

«ПлаSтформа» па сутнасці стварае ўмовы для адыходу ад жорсткіх рамак — ва ўсім. Нават адкрыццё форуму запланавана пасля першага прагляду, ды і не на дзіцячы час: а дзявятай вечара ў крэатыўнай прасторы «Верх» можна будзе паглядзець пастаноўку Валерыі Хрыпач «З пункта А ў пункт Б» у стылі трагікамедыі. Вечар абяцаюць зладзіць пры падтрымцы перформінг-групы Structurers і музыкаў Radіofіllz, каб было поўнае ўзаемадзеянне паміж выканаўцамі і гледачамі (далоў перашкоды ў выглядзе сцэны!). Зрэшты, ужо зразумела, што пластычныя эксперыменты — зусім не дзіцячыя забавы, а сур'ёзная справа: на мове цела тэатры разважаюць на складаныя тэмы, абмяркоўваюць філасофскія рэчы, задаюць пытанні і імкнуцца даць на іх адказ.

Гэтым, між іншым, вылучаецца ў айчынным тэатральным асяроддзі пластычны тэатр «ІнЖэст» і яго кіраўнік Вячаслаў Іназемцаў. Што ні дзея — тое думкі, якія носіш з сабою гадамі, ці нават дзесяцігоддзямі (у гэтага тэатра вельмі жывучыя пастаноўкі, менавіта таму, што актуальныя). На сёлетні форум падрыхтавана зноў-такі недзіцячая (паводле пазнакі «18+») прэм'ера «Генезіс#, або Паходжанне Відаў». У культурнай прасторы ОК16 14 лютага праз гэты перформанс аўтар Вячаслаў Іназемцаў прапануе паразважаць пра канфлікт Прасторы і Цела і паназіраць за развіццём асаблівай «прасторава-цялеснай» драматургіі.

У наступныя дні можна будзе пазнаёміцца з работамі ўкраінскіх і польскіх гасцей, а для лепшага разумення працэсаў, што адбываюцца ў беларускім тэатры, — звярнуць увагу на монаспектакль «І пра надвор'е...» танц-тэатра «Галерэя» з Гродна, работу рэжысёра-харэографа Аляксандра Цебянькова і выканаўцы Васіля Мініча (16 лютага). На наступны дзень выступленні гасцей завершыць пастаноўка нашага харэографа Сяргея Паяркава «Лаўцы. Футурыстычная фантазія пра час», якая была адзначана на фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску.

З нарвежскім праектам PLUSKVAMPERFEKTUM варта пазнаёміцца (18 лютага) таму, што гэта сумесная праца з Вячаславам Іназемцавым. А пасля — з інтэрактывам Міхаіла Камінскага «Назіральнік заўсёды», створаным сумесна са Студыяй танцавальнай імправізацыі Dance Essence і Майстэрняй сучаснага танца кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (наша танцавальная будучыня!). І на заканчэнне — «Танцавальныя інструменты», альбо вечар сучаснага танца ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

Форум прадугледзеў майстар-класы, таму ён стане святам не толькі для гледача, але і для зацікаўленых у «пластычным» развіцці тэатральнага мастацтва Беларусі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Слова — цела

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».