Вы тут

Ці здолее Ангола выкараскацца з крызісу?


Ангола абвясціла аб адмове ад жорсткай прывязкі курсу нацыянальнай валюты — кванзы — да долара ЗША. Прычына такога рашучага кроку — скарачэнне міжнародных рэзерваў краіны ва ўмовах эканамічнага крызісу, справакаванага зніжэннем цэн на нафту з сярэдзіны 2014 года. Як адзначаецца ў паведамленні Цэнтрабанка Анголы, для кванзы ўсталяваны новы цэнавы калідор, паколькі той курс, па якім яна фіксавалася да долара з красавіка 2016 года, больш не адпавядае рэчаіснасці. Пры гэтым параметры калідора не раскрываюцца. Паводле ацэнак аналітыкаў, дзеянні ЦБ Анголы могуць прывесці да падзення курсу кванзы на 20 %, піша Fіnancіal Tіmes. Адмова ад прывязкі нацвалюты да долара можа з часам прывесці да перагляду ўмоў выплаты знешняга доўгу гэтай афрыканскай краіны, які складае каля $40 млрд, заявіў кіраўнік Нацбанка Жазэ дэ Ліма Масану. Ці ўдасца Анголе ўрэшце выкараскацца з працяглага крызісу?


Заморская правінцыя

Першыя пісьмовыя гістарычныя звесткі пра гэтую тэрыторыю адносяцца да пачатку VІ стагоддзя да н. э. Тады бушменаў — тагачасных мясцовых жыхароў — пацяснілі плямёны банту, якія валодалі навыкамі апрацоўкі металу, развівалі вытворчасць керамікі і сельскую гаспадарку. На поўначы гэтых зямель у XVІ—XVІІ стагоддзях існавала дзяржава Ндонга, ад спадчыннага тытула кіраўнікоў якой («нгола») і пайшла сучасная назва краіны. У 1482 годзе сюды дабраліся еўрапейцы — на ўзбярэжжы высадзілася эспедыцыя партугальскага мараплаўца Дыегу Кана. У 1576-м закладваецца форт Сан-Паўлу-ды-Луанда, які пасля становіцца сталіцай краіны. Цікава, што ў 1641 годзе галандцы захапілі Луанду, але партугальцы ўжо ў 1648-м вярнулі яе пад свой кантроль.

Да сярэдзіны XІX стагоддзя галоўным заняткам каланізатараў у Анголе быў гандаль рабамі — паводле прыкладных ацэнак, за трыста гадоў з краіны вывезена (у асноўным у Бразілію) каля пяці мільёнаў чалавек.

Дарэчы, гэтая афрыканская краіна была больш звязана менавіта з лацінаамерыканскай дзяржавай, чым з метраполіяй. Пасля абвяшчэння Бразільскай імперыі ангольскія каланісты неаднойчы выказвалі жаданне да яе далучыцца.

У 1951 годзе Ангола атрымала статус «заморскай правінцыі» Партугаліі. У 1958-м у Луандзе пабудаваны першы нафтаперапрацоўчы завод. 11 лістапада 1975 года была абвешчана незалежнасць Анголы. Першым прэзідэнтам становіцца лідар прасавецкай групоўкі МПЛА (Народны рух за вызваленне Анголы — Партыя працы) Агастынью Нета, войскі якога займаюць Луанду. Аднак незалежнасць не прыносіць афрыканскай краіне міру. Пачалася шматгадовая грамадзянская вайна, якая забрала жыцці больш чым двух мільёнаў чалавек і звыш мільёна зрабіла інвалідамі. Гэтая вайна ўскладняецца міжэтнічнымі супярэчнасцямі. У краіну льюцца патокі зброі. У гады жорсткага супрацьстаяння СССР і ЗША Ангола аказалася арэнай напружанай сутычкі: з трох сфарміраваных па этнічным прынцыпе нацыянальна-вызваленчых рухаў, якія змагаліся з партугальскай каланіяльнай сістэмай, Масква зрабіла стаўку на МПЛА, а дзве іншыя групоўкі — УНІТА (Нацыянальны саюз за поўную незалежнасць Анголы) і ФНЛА (Нацыянальны фронт вызвалення Анголы) — былі падтрыманы Злучанымі Штатамі, ПАР, шэрагам краін Захаду. Вялікую ролю ў зыходзе супрацьстаяння адыграў кубінскі вайсковы кантынгент, які быў накіраваны ў падтрымку МПЛА па рашэнні Фідэля Кастра. СССР аказаў Анголе велізарную эканамічную і ваенна-тэхнічную дапамогу — у канцы 1991 года сума ангольскага доўгу перавышала $5,6 млрд.

Пасля вайны

Жазэ Эдуарду душ Сантуш пасля абвяшчэння незалежнасці Анголы працаваў міністрам замежных спраў. Пасля смерці Агастынью Нета ў 1979 годзе ён стаў старшынёй МПЛА, прэзідэнтам краіны і галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. У 1990 годзе душ Сантуш абвясціў аб пачатку рэформаў — адмове ад марксізму-ленінізму як ідэалогіі партыі, пераходзе да шматпартыйнай сістэмы і рынкавай эканомікі. У краіне было скасавана смяротнае пакаранне. Больш за 20 гадоў душ Сантуш спрабаваў спыніць грамадзянскую вайну ў Анголе, аднак мірныя дамоўленасці ўвесь час зрываліся, і супрацьстаянне ў выніку доўжылася да 2002 года. Баявыя дзеянні завяршыліся толькі пасля таго, як быў забіты лідар УНІТА Жонас Савімбі.

Валодаючы каласальнымі запасамі прыродных багаццяў (у першую чаргу, нафты, газу і алмазаў), краіна прыступіла да аднаўлення. Сітуацыя змянялася даволі хутка — сталі развівацца жыллёвае будаўніцтва, дарожная інфраструктура, пры ўдзеле замежнага капіталу, перш за ўсё з КНР, пачалі ажыццяўляцца шматлікія праекты. У апошнія 10—15 гадоў Ангола была адной з самых хуткарослых эканомік свету. ВУП у перыяд з 2002-га па 2011-ы павялічваўся ў сярэднім на 11,6 % у год, росту спрыяла падваенне здабычы нафты — да 1,8 млн бараляў у дзень. Даходы бюджэту павялічыліся ў 10 разоў. ВУП Анголы, паводле ацэнак МВФ, з 2002 да 2014 года вырас амаль удвая. У разліку на душу насельніцтва ўжо ў 2008 годзе валавы ўнутраны прадукт перавысіў пяць тысяч долараў, што з'яўляецца вельмі высокім дасягненнем для гэтага рэгіёна свету.

У краіны нізкі ўзровень знешняй запазычанасці, значны прафіцыт бюджэту. Па нафтавых запасах Ангола займае 16-е месца ў свеце, па запасах прыроднага газу — 35-е месца, па здабычы алмазаў — увогуле 4-е месца. Краіна атрымала ад Кітая ў 2003—2009 гадах крэдыты на агульную суму ў 17,4 млрд долараў. Буйныя пазыкі таксама паступілі ад Бразіліі, Партугаліі, Германіі, Іспаніі і Еўрасаюза.

Прамысловасць скіравана на здабычу нафты, алмазаў, інертных будаўнічых матэрыялаў, прыроднага асфальту. Рэканструююцца старыя нафтаперагонныя заводы, будуюцца новыя. Актыўна развіваецца экспарт прыроднага газу — завод па яго звадкаванні ўведзены ў эксплуатацыю ў 2013-м, а першая партыя адпраўлена за мяжу ў чэрвені таго ж года.

Ідзе інтэнсіўная падрыхтоўка радовішчаў жалезнай руды і марганцу для аднаўлення іх экспарту. Праводзіцца дэталёвая геалагічная разведка на раней зафіксаваных праявах фасфатаў, баксітаў, медзі, золата, урану, тытану, марганцу. Адноўлены або пабудаваны новыя прадпрыемствы па вытворчасці цэменту, па апрацоўцы граніту і мармуру, вытворчасці прадуктаў харчовай прамысловасці. Адраджаецца тэкстыльная вытворчасць, якая будзе працаваць на мясцовай сыравіне.

Два долары ў дзень

Аднак карупцыя развівалася яшчэ хутчэй (па версіі Transparency Іnternatіonal краіна апошнія некалькі гадоў уваходзіла ў спіс дваццаці самых карумпаваных дзяржаў), сацыяльнае расслаенне дасягнула крытычных велічынь. Сярэдні клас у краіне ўяўляе сабой тонкую праслойку паміж нешматлікімі вельмі багатымі грамадзянамі і асноўнай масай людзей, якія ледзь зводзяць канцы з канцамі. Сам прэзідэнт Сантуш прызнаваў, што «з кожных 100 ангольцаў 60 жывуць ніжэй за рысу беднасці, не могуць нармальна харчавацца, не маюць вольнага доступу да пітной вады, санітарыі, медыцынскага абслугоўвання, адукацыі». Паводле афіцыйнай статыстыкі, каля 70 % жыхароў краіны жыве на даход менш за два долары ў дзень.

Новы прэзідэнт Анголы Жуан Ларэнсу, які займае гэтую пасаду з канца верасня 2017 года, правёў шэраг маштабных перастановак ва ўрадзе і кіраўніцтве дзяржкарпарацый, у тым ліку ён змяніў кіраўніка ЦБ. Адным з першых рашэнняў новага кіраўніка дзяржавы стала адхіленне дачкі папярэдніка Ізабэль душ Сантуш ад пасады прэзідэнта дзяржаўнай нафтавай кампаніі Sonangol. Былі зроблены буйныя кадравыя перамены ў сілавых структурах. Эканамічная палітыка Ларэнсу рэзка адрозніваецца ад дзеянняў яго папярэдніка Жазэ Эдуарду душ Сантуша, які кіраваў краінай на працягу 38 гадоў. Эканоміка Анголы панесла істотныя страты з-за падзення цэн на нафту, якая забяспечвае каля двух трэціх дзяржаўных даходаў і 95 % валютнай выручкі. Рост ВУП, які на працягу амаль дзесяці гадоў выражаўся двухзначнымі лічбамі, замарудзіўся. Урад краіны быў вымушаны звярнуцца па крэдыты да Міжнароднага валютнага фонду, Сусветнага банка і Кітая. Міжнародныя рэзервы Анголы скараціліся з $20 млрд у пачатаку 2017 года да прыкладна $14 млрд у пачатку 2018-га.

Неабходна тэрмінова рэагаваць на выклікі, якія цяпер паўсталі. Паводле справаздачы ААН, Ангола — адна з тых краін, дзе інвестыцыі акупляюцца лепш за ўсё.

Па словах спецыялістаў, менавіта цяпер неабходна шукаць сваё месца на рынку. Дзяржава перажывае перыяд структурных перамен, у выніку якіх эканамічныя паказчыкі да 2045 года павінны быць падвоены.

Прыкметы рэформаў

Перадвыбарчую кампанію Жуан Ларэнсу вёў пад лозунгам «Палепшым добрае, выправім дрэннае». Ён прапануе дыверсіфікаваць эканоміку краіны для пераадолення бягучага эканамічнага крызісу. Як адзначаюць спецыялісты, неабходна зрабіць эканоміку гэтай краіны больш разнастайнай. Напрыклад, адысці ад сыравіннай залежнасці і пераключыць увагу на сельскую гаспадарку і турызм, адзначае Euronews. Пры гэтым нельга забываць аб развіцці інфраструктуры, мадэрнізацыі ў энергетычнай сферы і павышэнні інвестыцыйнай прывабнасці.

Ларэнсу адстойвае неабходнасць развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, павелічэння інвестыцый у інфраструктуру, адукацыю і ахову здароўя. У адрозненне ад многіх прадстаўнікоў ангольскага істэблішменту новы кіраўнік не быў замяшаны ў карупцыйных скандалах. Да абрання прэзідэнтам Анголы Ларэнсу быў міністрам абароны. Дарэчы, у гэтай якасці ў 2015-м ён наведваў Маскву і правёў перамовы з Сяргеем Шайгу. Міністр абароны Расійскай Федырацыі назваў узброеныя сілы Анголы «адным з гарантаў бяспекі ў Цэнтральнай Афрыцы».

Жуан Ларэнсу значна змяніў палітычны стыль прэзідэнцтва. Ён скараціў колькасць сваёй асабістай аховы, часцей ездзіць па краіне, больш мае зносін з насельніцтвам. Элітная прэзідэнцкая гвардыя перададзена ў вайсковае падпарадкаванне. Кіраўнік дзяржавы наведаў Кабінду — аплот апазіцыі і ачаг паўстанцкага руху — і правёў там ноч (што раней лічылася недапушчальным з меркаванняў бяспекі).

11 лістапада 2017 года, у Дзень незалежнасці Анголы, Ларэнсу выступіў на мітынгу ў Лубанга і ахарактарызаваў сябе як «прэзідэнта ўсіх ангольцаў», а не толькі МПЛА. Яго сустрэча са старшынёй УНІТА Ісаяшам Самакувай прайшла ў атмасферы дэманстратыўнай зычлівасці. Эксперты лічаць гэтыя перамены прыкметамі неабходных структурных рэформаў. Больш адкрыты, раскаваны палітычны стыль прэзідэнта, які суправаджаецца жэстамі добрай волі ў дачыненні да апазіцыі, рэзка кантрастуе з пазіцыяй яго папярэдніка. Гэта можа даць новаму лідару Анголы дадатковыя рычагі для выпраўлення сітуацыі ў краіне.

Захар БУРАК

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Алмазы і кава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».