Вы тут

Ала Бодак: Заканадаўчы механізм адпрацаваны добра


Сенатар пра выбарчае заканадаўства, ролю мясцовай улады і кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Немалаважную ролю ў працэсе выбараў адыгрываюць законы, якія іх рэгулююць. Пра асаблівасці гэтай сферы «МС» напярэдадні сёлетняй кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў расказала Ала БОДАК, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве.


— На ваш погляд, якую ролю на сучасным этапе адыгрываюць мясцовыя Саветы і, адпаведна, выбары дэпутатаў?

— Моцная і разам з тым дэмакратычная ўлада немагчымая без дзейснай і эфектыўнай сістэмы мясцовага самакіравання, якая дазваляе грамадзянам непасрэдна ўдзельнічаць у кіраванні грамадскімі справамі, у вырашэнні эканамічных і сацыяльных праблем на месцах.

Дзякуючы традыцыі, якая склалася за многія дзесяцігоддзі, мясцовыя Саветы дэпутатаў і сёння з'яўляюцца асноўным звяном сістэмы мясцовага самакіравання ў нашай дзяржаве, забяспечваюць сувязь народа з уладнымі структурамі, далучаюць грамадзян у актыўнае дзяржаўнае будаўніцтва, ажыццяўляюць кантроль за дзейнасцю органаў дзяржаўнай улады.

— Хто можа вылучацца кандыдатам у дэпутаты?

— Насамрэч любы грамадзянін, які дасягнуў 18 гадоў і жадае паспрабаваць сябе ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва, які мае канкрэтныя ініцыятывы па паляпшэнні жыцця на сваёй канкрэтнай тэрыторыі і магчымасць рэалізаваць іх. Прычым дэпутатам Савета могуць быць не толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, але і грамадзяне Расійскай Федэрацыі, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне.

Галоўнае, што павінна аб'ядноўваць людзей, якіх на цяперашніх выбарах абяруць у мясцовыя Саветы дэпутатаў, — гэта жаданне на працягу ўсяго тэрміну сваіх паўнамоцтваў, які складае чатыры гады, дзейсна вырашаць галоўную задачу мясцовага самакіравання — забяспечваць сацыяльны камфорт кожнаму члену грамадства.

Неабходна мець на ўвазе, што ўвесь гэты перыяд дэпутат Савета ажыццяўляе свае паўнамоцтвы без адрыву ад асноўнай працоўнай (службовай) дзейнасці (за выключэннем старшыні Савета). Таму можна сказаць, што шмат у чым праца дэпутата падзвіжніцкая, альтруістычная і пры гэтым складаная і адказная.

— Што стварае заканадаўчы падмурак для работы дэпутатаў мясцовых Саветаў?

— Дзейнасць Саветаў і іх дэпутатаў рэгулюецца законамі Рэспублікі Беларусь ад 27 сакавіка 1992 года «Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў» і ад 4 студзеня 2010 года «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь».

Важна разумець, што кампетэнцыя Савета дэпутатаў строга вызначана Законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» і датычыцца найшырэйшага спектра грамадскіх стасункаў. Пры гэтым ёсць паўнамоцтвы, якія адносяцца да выключнай кампетэнцыі Саветаў, гэта значыць тыя, якімі больш ніхто ў краіне не валодае.

— Якія гэта паўнамоцтвы?

— У рамках выключнай кампетэнцыі Саветы зацвярджаюць праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, мясцовы бюджэт і справаздачу аб яго выкананні; вызначаюць парадак кіравання і распараджэння ўласнасцю гэтай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі; устанаўліваюць мясцовыя падаткі і зборы; прызначаюць мясцовыя рэферэндумы.

Зацвярджаючы мясцовы бюджэт Мінска, раёна, вобласці адпаведны Савет дэпутатаў вызначае даходную і расходную часткі бюджэту, пералік дзяржаўных праграм і падпраграм, фінансаванне якіх прадугледжваецца за кошт сродкаў бюджэту, выдаткі на фінансаванне мерапрыемстваў у галіне аховы навакольнага асяроддзя, на фінансаванне інвестыцыйнай праграмы і інш.

Практыка паказала, што найбольш распаўсюджанымі прыкладамі мясцовых падаткаў і збораў з'яўляюцца падатак за валоданне сабакамі, збор з нарыхтоўшчыкаў і курортны збор. Пры гэтым калі, напрыклад, падатак за валоданне сабакамі ўстаноўлены на тэрыторыі ўсіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, то курортны збор — на тых тэрыторыях, дзе размешчаны санаторна-курортныя арганізацыі, прафілакторыі, аздараўленчыя цэнтры (комплексы) і лагеры, дамы і базы адпачынку, пансіянаты.

Саветы ў межах сваёй кампетэнцыі зацвярджаюць прагнозы сацыяльна-эканамічнага развіцця адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў, канцэпцыі і планы мерапрыемстваў па пытаннях жыллёвага будаўніцтва, добраўпарадкавання, аховы здароўя, адукацыі і па іншых пытаннях мясцовага значэння, ажыццяўляюць кантроль за іх рэалізацыяй і зацвярджаюць справаздачы аб іх выкананні.

Досыць актыўна Саветы карыстаюцца правам выдзялення льгот па рэспубліканскіх падатках і зборах (пошлінах), якія поўнасцю выплачваюцца ў мясцовыя бюджэты, а таксама вызначэння ставак плацяжоў.

Гэта не ўсе паўнамоцтвы, якія дадзены Саветам дэпутатаў. Агульная кампетэнцыя Саветаў замацавана ў артыкуле 17 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», а асаблівасці кампетэнцыі Саветаў абласнога, базавага і пярвічнага тэрытарыяльных узроўняў — адпаведна ў артыкулах 18—20 гэтага Закона.

Акрамя таго, Саветы пярвічнага ўзроўню, напрыклад, у межах сваёй кампетэнцыі ўносяць у Савет і выканаўчы камітэт базавага ўзроўню прапановы па сацыяльнай абароне грамадзян; у Савет базавага ўзроўню — аб памерах адлічэнняў ад мясцовых падаткаў і збораў, сумах датацый у бюджэты пярвічнага ўзроўню, ажыццяўляюць кантроль за дзейнасцю органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання і інш.

— Прывядзіце, калі ласка, прыклады.

— Іх насамрэч нямала. Напрыклад, Гомельскі гарадскі Савет дэпутатаў вызваліў ад выплаты рэспубліканскіх падаткаў і збораў, якія цалкам выплачваюцца ў гарадскі бюджэт, навукова-тэхналагічныя паркі, цэнтры трансферу тэхналогій, рэзідэнтаў навукова-тэхналагічных паркаў.

Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў устанавіў штомесячныя даплаты да пенсій інвалідам Вялікай Айчыннай вайны ў памеры адной мінімальнай пенсіі па ўзросце, да сацыяльных пенсій дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў — 150 % мінімальнай пенсіі па ўзросце, штомесячныя выплаты дзецям з сем'яў, у якіх нарадзілася і выхоўваецца трое і больш дзяцей, — у памеры адной базавай велічыні на кожнае дзіця. Таксама Саветам устаноўлены штомесячныя даплаты да тарыфных ставак (акладаў) работнікаў устаноў адукацыі, арганізацый фізічнай культуры і спорту і арганізацый аховы здароўя.

Браслаўскі раённы Савет дэпутатаў устанавіў, што 100 % курортнага збору па аб'ектах абкладання, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсаветаў, адлічваюцца ў бюджэты гэтых сельсаветаў.

— Якія паўнамоцтвы мае непасрэдна сам дэпутат?

— Дэпутат мае права прапаноўваць пытанні для разгляду Саветам і яго органамі, удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў, задаваць іх, даваць тлумачэнні, даводзіць да ведама дэпутатаў Савета сваё меркаванне і меркаванне выбаршчыкаў, агучваць звароты грамадзян і юрыдычных асоб, якія маюць грамадскае значэнне, і г. д. Прапановы і заўвагі дэпутата Савета, унесеныя ім на сесіі Савета, могуць накіроўвацца Саветам або яго органамі на разгляд дзяржаўным органам, іншым арганізацыям або службовым асобам, якія не пазней чым у месячны тэрмін абавязаны разгледзець іх і паведаміць аб выніках непасрэдна дэпутату, старшыні або прэзідыуму Савета.

Акрамя таго, дэпутат мае права ўдзельнічаць з правам дарадчага голасу ў рабоце сесій іншых Саветаў і пасяджэннях іх органаў пры прыняцці імі рашэнняў, якія закранаюць інтарэсы грамадзян, што пражываюць на тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, у склад Савета якой ён абраны.

Вельмі важнымі асабістымі паўнамоцтвамі дэпутата з'яўляюцца яго запыт і зварот, якія накіроўваюцца дзяржаўным органам, іншым арганізацыям або службовым асобам.

Дэпутаты мясцовых Саветаў маюць права ўдзельнічаць у праверках работы дзяржаўных органаў і арганізацый, размешчаных на падведамаснай Савету тэрыторыі.

— Гэта тое, што датычыцца стасункаў дэпутата і дзяржаўнай улады.
А якая сітуацыя з выбаршчыкамі?

— Галоўным паўнамоцтвам тут можна ўмоўна назваць разгляд дэпутатам Савета зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама асабісты прыём грамадзян, іх прадстаўнікоў і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, які ажыццяўляецца не радзей за адзін раз на месяц.

У мэтах інфармавання выбаршчыкаў аб сваёй дзейнасці, вывучэння грамадскай думкі, патрэб насельніцтва дэпутат Савета па сваёй ініцыятыве, ініцыятыве грамадзян або мясцовага выканаўчага і распарадчага органа праводзіць сустрэчы з грамадзянамі. Не радзей як два разы на год ён абавязаны даваць справаздачу перад выбаршчыкамі аб сваёй дзейнасці і ходзе выканання перадвыбарнай праграмы, а таксама аб рабоце Савета дэпутатаў і яго органаў.

Пры гэтым дэпутат Савета мае пераважнае права выступаць па пытаннях сваёй дзейнасці ў сродках масавай інфармацыі, заснаваных Саветам, а матэрыялы, якія прадстаўляюцца дэпутатам Савета па даручэнні Савета і яго органаў, падлягаюць абавязковаму апублікаванню.

— Ці ёсць у дэпутата зарплата?

— У сувязі з тым, што дэпутаты мясцовых Саветаў ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы без адрыву ад сваёй асноўнай працы, на час падрыхтоўкі і правядзення сесій Савета і пасяджэнняў яго органаў дэпутат Савета вызваляецца ад выканання працоўных (службовых) абавязкаў з захаваннем за ім сярэдняй заработнай платы (грашовага забеспячэння).

Акрамя таго, для ажыццяўлення дзейнасці ў выбарчай акрузе дэпутат Савета вызваляецца ад выканання працоўных (службовых) абавязкаў (але не больш чым на адзін дзень у месяц) па яго заяве па месцы працы (службы) з захаваннем сярэдняй заработнай платы (грашовага забеспячэння). Дадзеная гарантыя была забяспечана дэпутатам у 2014 годзе па ініцыятыве Савета Рэспублікі. У выпадку выезду дэпутата Савета для ажыццяўлення сваёй дзейнасці ў Савеце, выбарчай акрузе за межы месца жыхарства (раёна, горада) яму кампенсуюцца расходы па нормах пакрыцця расходаў пры службовых камандзіроўках.

Важнай гарантыяй працоўных правоў дэпутата Савета з'яўляецца тое, што ў перыяд ажыццяўлення сваіх паўнамоцтваў ён не можа быць звольнены па ініцыятыве наймальніка, выключаны з установы адукацыі без папярэдняй згоды Савета.

У нашай краіне створаны ўвесь заканадаўчы механізм, які вызначае паўнамоцтвы дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў і дазваляе яму іх рэалізоўваць. Праца ў органах мясцовага самакіравання можа і павінна спрыяць механізмам адбору энергічных кіраўнікоў, якія ведаюць рэальныя праблемы насельніцтва і прадэманстравалі здольнасць эфектыўна іх вырашаць.

Вераніка ПУСТАВІТ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?