Вы тут

Кіроўца павінен быць песімістам


Штодзень на беларускіх дарогах адбываецца прыкладна 5-6 аварый, у якіх гінуць ці атрымліваюць раненні людзі. Толькі за апошнія чатыры гады загінула каля 2400 чалавек. За гэтай лічбай — трагедыі канкрэтных сям'яў. У кагосьці дарога забрала маму ці тату, у кагосьці — мужа ці дзетак... Як працягваць ездзіць на любімым аўтамабілі і пры гэтым заставацца ў жывых ды нікога не траўмаваць? Пра гэта размаўляем з майстарам спорту і неаднаразовым чэмпіёнам Беларусі па аўтаралі, дырэктарам цэнтра контраварыйнай падрыхтоўкі Сяргеем АЎЧЫННІКАВЫМ. На інтэрв'ю ён прыехаў на сваім Subаru Lеgасу сярэбранага колеру.


 

Пра круты джып ды адносіны з хуткасцю

— Сяргей Алегавіч, чамусьці думала, што ў вас дарагі джып. Па якіх крытэрыях выбіралі сабе машыну?

— Я шмат езджу па Беларусі, у тым ліку ўзімку, і мне патрэбна павышаная праходнасць. Таму для мяне важна, каб машына была поўнапрывадная. Ведаю людзей, якія набываюць крутыя джыпы. Камусьці гэта патрэбна для іміджу, камусьці для перавозкі вялікай сям'і з лыжамі, санкамі. Ёсць і тыя, хто спрабуе пры дапамозе дарагой машыны штосьці даказаць іншым. Я нікому нічога не збіраюся даказваць. Ды і вялікі джып мне проста не патрэбны: навошта мне вазіць паветра. Я езджу пераважна адзін. Прынцыпова не набываў машыну з салона, бо часта перавожу штосьці на лецішча. Мой аўтамабіль далёка не новы, але ён мяне цалкам задавальняе.

— Па статыстыцы вялікая колькасць аварый адбываецца з-за перавышэння хуткасці. Як вы, гоншчык, да гэтага ставіцеся?

— Я вельмі паважліва стаўлюся да хуткасці, бо разумею, што чым яна вышэйшая, тым менш у мяне шанцаў. З фізікай нічога не паробіш. Я гэта правяраў за межамі дарогі. Падчас спаборніцтваў не раз пераварочваўся, вылятаў у кювет. Думаеце, чаму гоншчыкі едуць больш павольна? Бо не па чутках ведаюць, што ёсць мяжа, пасля якой ад іх нічога не залежыць. Многія ж з аматараў паганяць, каб адчуць адрэналін, на жаль, не разумеюць усіх наступстваў і не адчуваюць той мяжы.

Пра экспрэс-курс выхаду з заносу ды ката на дарозе

— Чула, што вы вырашылі адкрыць цэнтр контраварыйнай падрыхтоўкі пасля таго, як самі ў якасці пасажыра трапілі ў аварыю?

— Так. Мы ехалі па даволі шырокай маскоўскай трасе, і машына трапіла ў зусім маленькі занос. Кіроўца павярнуў руль куды трэба, але зашмат. І машына з маленькага заносу тут жа трапіла ў наступны, вельмі сур'ёзны. У выніку яе вынесла на сустрэчную паласу. Нам пашанцавала: машына, відаць, зачапілася за снег і вылецела ў кювет. Тым самым мы пазбеглі сутыкнення з ЗІЛам, які ехаў па сустрэчцы. Я ўбачыў, што кіроўцы не ўмеюць выходзіць з самай банальнай сітуацыі, яны проста бездапаможныя. Давайце пакажу вам відэа, дзе зусім маленькі занос прыводзіць да трагедыі.

Разумею, калі б кіроўца ляцеў 150 км/г, не ўпісаўся ў паварот і перакуліўся. Сам вінаваты. А тут ехаў спакойна, па правілах, кола трапіла ў снежную кашу. Машыну крыху занесла. Кіроўца не справіўся... Мне захацелася перадаць свае веды і навыкі. Цяпер бачу, што гэта насамрэч патрэбна. Людзі часта тэлефануюць, дзякуюць. Месяцы тры таму дзяўчына ехала па дарозе, за ёй на сваёй машыне яе муж (яны ў нас вучыліся ў цэнтры). Нечакана на сустрэчку выскачыла іншамарка. Мая вучаніца паспела збочыць, паказаўшы паварот, каб папярэдзіць мужа, што яна будзе мяняць паласу. У падобных сітуацыях думаць часу няма. Трэба рэагаваць імгненна. Калі чалавек паслізнуўся і падае, ён рэфлектыўна падстаўляе рукі. Так і тут, важна напрацоўваюць аўтарэфлексы. А вы, дарэчы, ведаеце, куды трэба руль круціць, калі машыну заносіць? (Звяртаецца да мяне.)

— У бок, супрацьлеглы заносу.

— Гэта пры якім прывадзе?

— Пярэднім.

— А калі машына заднепрывадная? Ага, задумаліся. А хочаце навучу? (Сяргей Алегавіч усаджвае мяне на крэсла, працягвае руль-трэнажор). Уявіце, вы едзеце. Тут вас раптам заносіць (паварочвае мой руль налева). Куды вы глядзіце? Гэта самая распаўсюджаная памылка большасці кіроўцаў, яны глядзяць на дрэвы і кювет (у такім выпадку яны туды і ўедуць). А трэба глядзець на дарогу. Туды ж і руль круціць, у той бок, куды хочаце ехаць. І не важна, якая машына, пярэдне-, задне- ці поўнапрывадная. Вось вы і прайшлі экспрэс-курс выхаду з заносу (усміхаецца).

— Вы праглядаеце зводку з аварыямі, якія адбываюцца?

— Прыходзіцца гэта рабіць. Але, калі шчыра, мне гэта не прыносіць задавальнення. Калі бачу бітыя машыны, разумею, што адбылося з людзьмі. Праглядаючы зводкі ДАІ, бачу, што вельмі часта аварыі адбываюцца не з ліхачамі. Гіне не той пацан на БМВ, які штосьці камусьці дэманстраваў, перавышаючы хуткасць, як усе ўяўляюць. Вылятаюць у кювет сталыя мужчыны, што везлі родных з нейкай вёскі, маладыя маці з маленькімі дзеткамі....

— Маеце на ўвазе сітуацыю, калі жанчына-кіроўца вылецела ў кювет, бо на дарогу выбег кот?

— І гэтую таксама. У той жа самай Амерыцы пры здачы на правы ў білетах ёсць пытанне: «Што павінен зрабіць кіроўца, рухаючыся на вялікай хуткасці ў шчыльным патоку аўтамабіляў, калі кошка ці сабака нечакана выбеглі на дарогу?» Як вы думаеце, які правільны адказ? Правільна: раздушыць. Прагматычна, але гэта так. Калі не раздушыць, значыць, машыну хутчэй за ўсё занясе і яна вылеціць у кювет. На вялікай хуткасці нельга манеўраваць. Максімум — тармазіць. А часам і тармазіць нельга. Лічу, што падобную практыку трэба пераймаць і нам. Дробязяў на дарозе не бывае. У амерыканскіх аўташколах будучым кіроўцам паказваюць 7-гадзінны фільм. Ён пра тое, як чалавек парушае ПДР, гіне, потым ляжыць у труне, а яго бацькі, жонка, сын плачуць. Я таксама адзін падобны сацыяльны ролік паказваю сваім вучням, магу і вам паказаць.

— А ў ролі кіроўцы хоць раз траплялі ў ДТЗ?

— Двойчы. На шчасце, у мяне аварыі былі несур'ёзныя. Адзін раз стаяў на святлафоры на спуску, на перакрыжаванні каля цырка, і на маю машыну «наехалі» ззаду. Дзявацца не было куды, спераду стаяла іншая.

Аднойчы зімой сустрэчная іншамарка не ўбачыла мяне з-за машын, якія стаялі, і пачала паварочваць. Была слізкая дарога, я ехаў на хуткасці 50 км/г. Зразумеў, што не паспяваю спыніцца, таму накіраваў машыну ў пярэдняе кола, каб не траўмаваць людзей (у салоне, акрамя кіроўцы, былі дзве жанчыны — яго жонка і цешча). Бываюць сітуацыі, калі немагчыма пазбегнуць сутыкнення, тады трэба зменшыць наступствы. Мы ў цэнтры вучым, што ў падобнай сітуацыі лепш біць ці ў пярэдняе кола ці ў задняе, бо паміж колаў «жылая зона», там, як правіла, знаходзяцца пасажыры.

Пра «мёртвыя зоны» ды правіла трох «Д»

— Сяргей Алегавіч, які вы кіроўца?

— Песімістычны. На дарозе лепш быць песімістам, чым аптымістам. Калі ўязджаю ў двор, напрыклад, то заўсёды думаю, што там можа бегчы дзіця ці выязджаць машына. Калі кіроўца дапускае горшае, ён да гэтага гатовы, зніжае хуткасць, каб паспець спыніцца. Я зімой езджу часта павольней, чым іншыя. Бо калі бачу снег, то дапускаю, што пад ім лёд. А паварот круты, і той, хто едзе хутка, вылеціць у кювет.

У нас у аўташколах вучаць кіраванню па ПДР, а за мяжой не толькі па ПДР, але і па правіле трох «Д» (Дай Дарогу Другому). Гэта, лічу, вельмі правільна. Калі ў Германіі хтосьці, нягледзячы на знак «саступі дарогу», нясецца на ўсёй хуткасці, то кіроўца, хоць і мае перавагу, абавязкова прытармозіць. А ў нас (назіраю гэта штодзень) «я еду, не гледзячы па баках, бо на галоўнай дарозе». А можа, знак за кустамі і кіроўца яго не бачыць, ці перакрыжаванне настолькі слізкае, што ён не зможа спыніцца? Таму ў Германіі, калі ты едзеш па галоўнай дарозе, а па другаснай пад'язджае іншая машына, кіроўцы абавязкова ўсталююць візуальны кантакт, каб пераканацца ў сваёй бяспецы.

— Можаце назваць асноўныя памылкі кіроўцаў-пачаткоўцаў, якія прыводзяць да аварый?

— Іх шмат. Назаву толькі некаторыя з іх. На жаль, не ва ўсіх аўташколах вучаць кантраляваць паваротам галавы «мёртвыя зоны». У нас гэта міна запаволенага дзеяння, якая, на жаль, спрацоўвае. Колькі выпадкаў, калі на кальцавой на хуткасці 90 км/г такі недавучаны кіроўца мяняе паласу і адкідвае ў адбойнік машыну, якая ў гэты момант знаходзілася ў «мёртвай зоне». Калі вы нічога не парушаеце, спакойна едзеце па дарозе, усё адно няма гарантыі, што хтосьці не паверне руль і не здзейсніць аварыю. Таму не трэба доўга знаходзіцца ў «мёртвай зоне».

Каб вырашыць гэту праблему, не патрабуецца фінансавых укладанняў. Трэба толькі пры прыёме экзаменаў ставіць стварэнне аварыйнай сітуацыі, калі прэтэндэнт на пасведчанне кіроўцы не кантралюе «мёртвую зону». І тады ўсе аўташколы будуць навучаць так, як трэба, як робяць уся Еўропа, Амерыка, Канада, Аўстралія... Немагчыма ў Германіі здаць на правы, калі кіроўца не пракантраляваў паваротам галавы «мёртвую зону» перад змяненнем паласы.

Калі кіроўца перасаджваецца на машыну з аўтаматычнай каробкай пераключэння перадач, не заўсёды разумее, што яна рэагуе на педаль газу са спазненнем. Гэта вельмі небяспечна, асабліва перад крутым паваротам ці разваротам. Кіроўца націснуў на педаль газу, машына не едзе. «Напэўна, мала націснуў», — думае і дадае... Машына вылятае на сустрэчку ці ў бардзюр.

Таксама кіроўцы, на жаль, не ўмеюць экстранна (хутка) разганяцца і тармазіць. Проста ніколі ў жыцці не націскалі на педаль тормазу рэзка, каб спрацавала АБС. Часам з-за гэтага ўзнікаюць аварыі. Напрыклад, кіроўца пачынае тармазіць, яго штосьці стукае па назе, ён пужаецца, адпускае педаль тормаза і ўязджае ў іншую машыну. Раю паспрабаваць у бяспечных умовах, дзесьці за горадам, прымяніць экстраннае тармажэнне, каб адчуць свой аўтамабіль. Часам гэта можа выратаваць жыццё.


Нельга садзіцца за руль у стомленым стане

Вельмі шмат сітуацый, калі кіроўца засынае падчас руху. Прычым трагедыі адбываюцца звычайна пры пад'ездзе да дома, бо чалавек расслабляецца. Калі стаміліся, спыніцеся ды адпачніце. У нас у цэнтры ёсць правіла: калі ў дальнюю дарогу выпраўляецца вялікая кампанія, не спяць кіроўца і пасажыр справа. І адказнасць на іх аднолькавая.


Лайфхакі ад Сяргея Аўчыннікава

  • Як застацца спакойным, калі сустракаеш хамаў на дарозе?

Калі хтосьці вас, напрыклад, падрэзаў і ўнутры ўсё кіпіць, можна сказаць уголас якое-небудзь слова ці выраз. І гэта будзе выхадам вашай негатыўнай энергіі. І едзьце сабе спакойна далей. Але жадаць нядобрага кіроўцу-хаму не трэба. Бо гэтае пажаданне можа бумерангам вярнуцца назад. Асабіста я, можа з вопытам, можа з узростам, да хамаў на дарозе стаўлюся даволі спакойна, гляджу на іх як на неразумных дзяцей. Вось, напрыклад, мой маленькі ўнук нашкодзіў, ён жа ж не разумее. Няўжо я буду на яго крыўдзіцца?

  • Як пазбегнуць аварыі на слізкай дарозе?

Раю авалодаць навыкам выхаду з заносу. Будзьце асабліва асцярожныя перад пешаходнымі пераходамі. Гэта месца, дзе ўсе тармозяць і разганяюцца. Калі паглядзець уважліва, там утвараецца дзве «коўзанкі». Часам, каб не ўехаць у пешахода ці ў багажнік пярэдняга аўто, варта перамясціцца крыху ўлева ці ўправа, там утрамбаваны снег
і тармажэнне будзе значна лепшым.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.