Вы тут

Як настаўнік фізкультуры на самаробным плыце ходзіць у паходы па Шчары


Памятаю самаробны плыт з пластыкавых бутэлек, які павольна рухаўся па Шчары. Шчаслівыя твары падлеткаў, песні пад гітару і адкрытую, добрую ўсмешку «капітана» ціхаходнага судна — Аляксандра Іванавіча Сплендзера. На тым плыце было прасторна і ўтульна, панавала атмасфера згуртаванасці і сапраўднага сяброўства — адзін за ўсіх і ўсе за аднаго...


З той пары прайшло 12 гадоў... І вось заходжу ў спартыўную залу Дабромысленскага дзіцячага садка-сярэдняй школы — а з натоўпу хлапчукоў і дзяўчынак, якія гулялі ў валейбол, да мяне лёгкім подбегам накіроўваецца настаўнік фізкультуры. Усмешка — на ўвесь твар. І ў ёй, і ў вачах — святло!

Аляксандр Іванавіч з кагорты настаўнікаў, што аддаюць сябе ўсяго без астатку справе. Ён не проста прывівае ахвоту да здаровага ладу жыцця, а лепіць з кожнага са сваіх выхаванцаў асобу: не такую — «я лепшы за ўсіх», а спагадлівага чалавека.

Настаўнік фізкультуры не хавае, што, калі яму было гадоў сем, спрабаваў курыць. Але неяк раз бацька застукаў і «пачаставаў» рэменем. «З усёй нашай кампаніі ў сем чалавек перапала толькі мне. У той дзень я кінуў курыць, як адрэзала». А за ім і ўсе яго сябры. Хоць ні ростам, ні сілай Саша не вызначаўся сярод сваіх аднагодкаў, у ім жыў-такі лідар. І пацвярджэнне таму адзін выпадак. Неяк ён знайшоў на даху бацькоўскага дома стары сшытак, а ў ім дзіцячай рукой: «Сплендзер Саша — камандзір, Бірыч Саша — намеснік камандзіра, Макарэвіч Юра — сяржант», а за імі — прозвішчы радавых.

Да спорту мой суразмоўца прыкіпеў з дзяцінства. «Ніхто не прымушаў. Дзяцей, моладзі многа ў вёсцы было. Старэйшыя хлопцы гулялі ў валейбол, а мы, дзятва, назіралі, хварэлі, — успамінае Аляксандр Іванавіч. — Потым пачалі ствараць сваю каманду. У пятым класе ў нас было ўсё па-сапраўднаму: форма з нумарамі і надпісам «Чайка» (так называлася наша каманда). На роварах ездзілі па вёсках, гулялі з іншымі хлопцамі».

Калісьці камандзір Сплендзер давёў да паспяховага выніку сваю дваровую каманду. Стаўшы настаўнікам, сістэмна рыхтуе школьную. Дарэчы, толькі ў Дабромысленскай школе штогод праводзіцца раённы валейбольны турнір памяці Уладзіміра Высоцкага.

У спартыўнай школьнай зале па вечарах збіраюцца вучні Аляксандра Іванавіча. Па выхадных прыходзяць яшчэ і тыя, хто скончыў школу і прыехаў праведаць бацькоў. Іх усіх цягне да настаўніка. І хоць ён па характары здаецца чалавекам, які і мухі не пакрыўдзіць, педагагічныя прыёмы ўмее прымяніць па-майстэрску.

— Напачатку трэба дзіця ўцягнуць у спорт, каб яно без яго жыць не магло, а тады ўжо ставіць пытанне выбару рубам: «Даю табе два тыдні на роздум. Ты можаш курыць, але тады мы вымушаны будзем развітацца, я не магу даваць двайную нагрузку на тваё сэрца, а кінеш — буду рады бачыць цябе». І калі такі хлопец робіць правільны выбар, я сапраўды рады ад душы, — кажа Аляксандр Іванавіч і дадае. — У наш час настаўніка ацэньваюць выключна па дыпломах яго вучняў. На мой погляд, гэта не зусім правільна. Увогуле, канчатковы вынік нашай працы можна ўбачыць не адразу. Тое, што настаўнік заклаў падмуркам, змог прывіць, іншы раз адгукаецца праз дзесяцігоддзі.

За плячамі «сплендзераўцаў» — сем водных паходаў па Шчары, 16 веласіпедных і пешых — больш чым два з паловай дзясяткі. І гэта без вылазак на два дні — толькі шматдзённыя, да якіх патрабуецца сур'ёзная падрыхтоўка. Пасля такога адчуеш сябе сапраўдным мужчынам і вынослівай, загартаванай, дзяўчынай, а не беларучкай.

На гэты год у планах настаўніка — дайсці да Нёмана. І плыт будзе будавацца па новых чарцяжах. У аснове каркаса — не бутэлькі, а пенапласт. Дарэчы, у камандзе Сплендзера заўсёды дырэктар школы, зяць, унук, выпускнікі...

У школе ён не толькі на занятках фізкультуры. Аляксандр Іванавіч — першы памочнік і ў рамонтных работах. Летась спартыўную залу прывёў у парадак: столь, сцены, падлогу памянялі. І афармленне ў школе — усе стэнды, фігуркі птушак — гэта яго рук справа. Дзіву даешся, колькі талентаў у адным чалавеку. Іх адзначае дырэктар школы-дзіцячага садка Міхаіл Канстанцінавіч Казлоўскі: «Аляксандр Іванавіч ужо тры гады на пенсіі. Школе ён аддаў 40 з лішкам гадоў. І не страціў радасці ад працы. У свой час ён вёў урокі музыкі, малявання, працы, чарчэння... Цяпер нагрузка ў Аляксандра Іванавіча паменшала — толькі ўрокі фізкультуры. Але ён усё ўспрымае спакойна, умее радавацца жыццю».

Што цікава, у Гродзенскі фізкультурны тэхнікум Аляксандр паступіў за кампанію з сябрамі. Актыўнага, перспектыўнага выпускніка чакала бліскучая кар'ера, а той выбраў вёску. Без прыроды ён не ўяўляе жыцця. І потым, калі адвучыўся завочна ў Брэсцкім педінстытуце на фізкультурным факультэце, колькі разоў яму прапаноўвалі пасаду дырэктара школы, старшыні сельвыканкама, а ён зноў — «не маё».

— Увосень раніцай да работы люблю прабегчыся па лесе — пазбіраць грыбы, — кажа ён. — Прырода дае столькі радасці. Хочацца працаваць, жыць, любіць!..

Колькі дамоў-«лялек» ён мог зрабіць сваімі залатымі рукамі! Колькі грошай зарабіць, але філасофія Аляксандра Іванавіча — не гнацца за раскошай і багаццем. У дом, які атрымаў ад школы, уклаў душу, лазню зрабіў, сад пасадзіў... — чалавеку не так многа трэба. Ён больш радуецца таму, што дзеці, якія нарадзіліся дзень у дзень, толькі з розніцай у пяць гадоў, выраслі добрымі людзьмі, што ўнукі прадаўжаюць пачатае.

— Сын любіць рэчку, лес, — кажа Аляксандр Іванавіч. — Купілі яму ў вёсцы домік, дык ён не вылазіць адтуль. Я рубіў лазні сабе, дачцэ, сябру, брату... І сын плануе паставіць, хоць часу ў яго няшмат. Прыемна, што ўнук у сваёй кватэры сам рамонт робіць. Не дарэмна я жыццё пражыў.

Гэта так. Яго клічуць людзі дапамагчы штосьці будаваць, рабіць. Ён не адмаўляе. Але за сваю работу грошай не бярэ. Па нашым часе гэта зноў жа неверагодна, таму каштоўна ўдвая. З лета ён шчыруе ў храме. І знайшлі тут аддушыну не толькі яго залатыя рукі, але і душа.

— На службе стаю і часу не заўважаю, хоць у савецкі час дзяжурыў, каб дзеці не ішлі ў царкву, — прызнаецца ён і дадае з надзеяй. — У званы званю. Гэта не такая і простая справа, трэба ўсё пад рытм малітвы падбіраць. Мне па душы. Лёгка становіцца...

Слухала настаўніка і думала: «Інакш і не магло быць. Бог адорвае шчодра талентамі не кожнага, а таго, хто здольны несці гэты дар людзям».

Валянціна БОБРЫК

Івацэвіцкі раён

Фота Валерыя МІСКЕВІЧА

Загаловак у газеце: Капітан Сплендзер

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.