Вы тут

Гільдыя керамістаў прадставіла першы мастацкі праект


Здаўна кераміка займала знакавае месца ў беларускай народнай творчасці, і сёння гэтая справа не забытая. Майстры працягваюць шанаваць традыцыі і ў той жа час знаходзяць новыя цікавыя формы. І калі ўбачыш аўтарскую кераміку на ўласныя вочы, адчуваеш неверагоднае захапленне як кампазіцыяй і формай, так і сэнсавым складнікам. Варта толькі наведаць выстаўку «Між рукамі і полымем» у мастацкай галерэі «Універсітэт культуры», якую арганізавала грамадскае аб’яднанне «Беларуская гільдыя керамістаў».


Вікторыя Сакалоўская «Чароўнае полымя», 2017 г

Прадстаўлены творы як знакамітых майстроў керамікі, так і аўтараў, якія толькі шукаюць сябе ў гэтым кірунку. Усіх майстроў аб’яднала Гільдыя керамістаў, якая афіцыйна была зарэгістравана ў Беларусі некалькі месяцаў таму.

— Ідэя з’явілася ў 2014 годзе, калі я прапанавала сваёй дачцэ — керамісту Алесі Козіч — арганізаваць фестываль «Кераміка Крэва», — расказвае старшыня Гільдыі керамістаў Святлана Цап. — Самае галоўнае, што гэтую ідэю прынялі іншыя майстры. Каля дваццаці творцаў удзельнічалі ў праекце, які мы ажыццявілі практычна без фінансавання, на энтузіязме. Тады я зразумела, што трэба ствараць саюз, які не дазволіць майстрам згубіцца, а дадасць імпэту рухацца наперад: рабіць разам дзівосныя, моцныя праекты. Наступным этапам стала праграма Еўрасаюза «Мост». Яна дала магчымасць знайсці ў розных краінах Еўропы людзей, блізкіх нам па духу, спецыфіцы працы. У выніку мы пазнаёміліся з Сімонай Берардзі, якая прадстаўляе Адміністрацыйную арганізацыю керамістаў і лінгвістычны міжкультурны цэнтр «Экстра Клас Італія» ў горадзе Фаэнц. Гэты горад — радзіма фаянсу і там шмат міжнародных фестываляў, звязаных з керамікай, у якіх змаглі паўдзельнічаць нашы беларускія керамісты. Пасля Італіі мы зноў задаліся пытаннем, што можа гільдыя, якія ёсць рэсурсы і кірункі. Зразумелі, што трэба аб’ядноўвацца. Звярнуліся з прапановай да майстроў, і яны адгукнуліся. На самай справе аўтаномнае існаванне майстроў не заўсёды плённае, ім патрэбна абароненасць, магчымасць развіцця, рэсурсы, якія ў індывідуальным парадку знайсці нялёгка, таму што аўтары займаюцца мастацтвам і ім цяжка сумяшчаць арганізатарскія і мастацкія здольнасці. А я якраз той чалавек, які можа займацца функцыямі юрыдычнымі, арганізатарскімі. Атрымаўшы згоду майстроў, мы пачалі вялікую працу. 26 лістапада мінулага года была зарэгістраваная Гільдыя керамістаў як грамадскае аб’яднанне.

Сябры гільдыі спадзяюцца, што і іншыя майстры далучацца да аб’яднання, зразумеўшы, што лепей трымацца разам. Тым больш зараз гільдыя прымае ў склад усіх творцаў, якія цікавяцца керамікай, нават калі яны не маюць спецыялізаванай адукацыі.

Як адзначае куратар выстаўкі Соф’я Сівер-Духоўнікава, задача праекта — не толькі адлюстраваць майстэрства, але і паказаць кераміста як асобу, раскрываць сутнасць яго дзейнасці.

Вольга Сямашка «Сонца ў чоўнах», 2012—2013 г.

Сёння выстаўкі керамікі ў краіне ладзяцца не так часта. Часцей керамісты прадстаўляюць свае творы ў шматгранных выставачных праектах, разам з тэкстылем, жывапісам, скульптурай альбо падчас біенале ці трыенале сучаснага мастацтва. Асобныя праекты ўспомніць няпроста. Гэты нюанс таксама хвалюе сяброў гільдыі.

— Мне вельмі не хацелася б, каб мы канкурыравалі з Саюзам мастакоў або Саюзам рамеснікаў, а, наадварот, рухаліся наперад, дзяліліся адзін з адным ідэямі і ў выніку прыйшлі б да таго, каб стварыць Музей керамікі ў Беларусі, таму што ў Мінску такога музея няма, — падкрэслівае Святлана Цап. — У Ракаве ёсць арт-галерэя Фелікса Янушкевіча, дзе можна ўбачыць кераміку, але яна прыватная. Для стварэння музея творы ў нас ёсць. Мы іх беражліва захоўваем. Ужо можам нават сабраць творы для гістарычнай залы. На мой погляд, агульнымі сіламі мы можам дасягнуць гэтай мэты.

Сёння керамістаў фактычна перасталі выхоўваць у навучальных установах. Гільдыя плануе вырашыць і гэту праблему. Бо кераміка насамрэч — цікавы кірунак, дзе можна развівацца праз утылітарныя рэчы, што сёння вельмі актуальна, і праз дэкаратыўныя аб’екты.

— У нас цяпер ёсць толькі адна школа, у якой рыхтуюць керамістаў. Школа вельмі моцная, але хацелася б, каб такіх устаноў было больш, каб з ранніх гадоў прывіваць любоў да керамікі. І ў такой школе былі б запатрабаваныя ў якасці выкладчыкаў людзі, якія скончылі працоўны шлях, — падкрэслівае Святлана Цап. — Кераміка — добры матэрыял для развіцця псіхафізічных здольнасцяў, напрыклад, у выпадку дзяцей з аўтызмам. Я ведаю людзей, якія пасля інсульту, дзякуючы заняткам з глінай, акрыялі хутчэй, чым чакалася.

У многіх краінах свету метад аздараўлення з дапамогай работы з глінай карыстаецца вялікай папулярнасцю. Па-першае, працэс зацягвае, можа прывабіць як дарослага, так і маленькага, па-другое, чалавек, які захапляецца творчасцю, больш даведваецца пра гісторыю керамікі, яе распаўсюджанне ў розных краінах свету.

Адна з галоўных задач гільдыі — прыцягнуць да керамікі не толькі майстроў, але і патэнцыяльных пакупнікоў аўтарскіх вырабаў. На жаль, з-за адсутнасці інфармацыі пра творцаў людзі да іх не звяртаюцца. Ды і на паліцах крам амаль не знойдзеш іх работ. Але ж тое, што сёння ўмеюць і могуць айчынныя керамісты, значна большае за тое, што мы пра іх ведаем.

— Кераміка — гэта мастацтва ад народа. Калісьці ці не ў кожнага вяскоўца быў ганчарны круг, печы. І заўсёды знаходзіліся пакупнікі на такія вырабы, — дзеліцца Святлана Цап. — Сёння людзі, якія карыстаюцца ўтылітарнымі прадметамі побыту, усё часцей звяртаюць увагу на якасны прадукт, на яго мастацкія ўласцівасці. Менавіта таму я бачу сэнс займацца керамікай і захапляць ёю. Чалавеку трэба кантактаваць і поглядам, і тактыльна з прадметам, каб зразумець яго вытанчанасць. Бо ўсе работы, створаныя рукамі, захоўваюць энергію. Нельга параўнаць аўтарскі аб’ект з завадскім. Калі бярэш аўтарскі выраб, адразу ж пачынаем з ім узаемадзейнічаць. Для мяне наогул важна, каб беларуская кераміка стала больш вядомая ў свеце. Гэтаму можа паспрыяць і больш прадуманае выкарыстанне турыстычнага патэнцыялу Беларусі. У гэтым кірунку мы маем сумесную ідэю з гільдыяй маркетолагаў і прадстаўнікамі дзелавога турызму (яны гатовыя запрашаць на нашы мерапрыемствы групы з розных краін). Вельмі хацелася б, каб да нас прыязджалі жыхары краін Балтыі: нашых керамістаў там вельмі любяць, купляюць іх прадукцыю.

На выстаўцы эксперты-экскурсаводы раскажуць наведвальнікам гісторыі нараджэння вырабаў, раскрыюць некаторыя сакрэты тэхналогіі вытворчасці і пачастуюць гарачай гарбатай. Для тых, хто хоча даведацца больш аб прафесіі кераміста, будуць арганізаваны творчыя сустрэчы з выбітнымі майстрамі, якіх высока цэняць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Аўтары выстаўкі таксама дадуць майстар-класы па ганчарстве, лепцы з гліны і роспісе керамічных вырабаў.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Крохкасць зямная

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».