Вы тут

Як выдаўцам, гандлярам і аўтарам знайсці агульную мову?


Зусім хутка ў культурна-асветніцкім жыцці нашай краіны адбудзецца важная падзея — ХХV Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Месцам сустрэчы выдаўцоў, кнігагандляроў, аўтараў, літаратурных крытыкаў і, вядома ж, чытачоў стане выставачны цэнтр «БелЭкспа», што па адрасе праспект Пераможцаў, 14. Там будуць адбывацца і гучныя кніжныя прэзентацыі, і гарачыя літаратурныя дыскусіі, і актуальныя публічныя чытанні. Чым сёння жыве айчынная кніжная сфера, з якімі праблемамі сутыкаецца і якія мае дасягненні, напярэдадні выстаўкі, абмеркавалі за круглым сталом у Выдавецкім доме «Звязда». «Беларуская кніга ў сучасным грамадстве» — так была акрэслена тэма. І яна аказалася надзвычай актуальнай — выдаўцам нават не было часу расказаць пра свае навінкі, бо хацелася абмеркаваць самыя важныя пытанні.

Аб літаратурным і выдавецкім жыцці за круглым сталом разважалі начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Алена ПАЎЛАВА, дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір АНДРЫЕВІЧ, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Сяргей ПЕШЫН, начальнік гандлёвага аддзела ААТ «Белкніга» Святлана ГУК і дырэктар «Акадэмічнай кнігі» Вольга ГЛУХОЎСКАЯ.


 

«Звязда»:

— Наша гутарка адбываецца напярэдадні ХХV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Як думаеце, наколькі падобныя мерапрыемствы спрыяюць папулярызацыі кніг? Можа быць, іх наведваюць кнігалюбы, якія і без таго цікавяцца літаратурай? Менавіта на іх скіравана праца стэндаў або ўдаецца завабіць чытача, далёкага ад літаратурных колаў?

Уладзімір Андрыевіч:

Уладзімір АНДРЫЕВІЧ.

— Выстаўка — гэта прэзентацыя кнігі. І любую форму такога прадстаўлення я лічу станоўчай. Тым больш можна арыентавацца на лічбы — на выстаўцы 2017 года мы прадалі ў два разы больш кніг, чым на папярэдняй — і гэта шмат пра што сведчыць. Да таго ж цікава паглядзець, якія кнігі прадстаўляюць нашы суседзі з іншых краін. У той жа час мы маем магчымасць паказаць ім беларускія кнігі — і такім чынам нашы выданні, магчыма, могуць трапіць за мяжу. Падчас такіх выставак праводзяцца літаратурныя сустрэчы і сімпозіумы, ладзяцца выдавецкія пляцоўкі, дзе кнігавыдаўцы і кнігагандляры сустракаюцца, дыскутуюць і выпрацоўваюць стратэгіі.

Дарэчы, мяне вельмі ўразілі кніжныя выстаўкі ў Вільнюсе і Бялградзе: гэта былі падзеі для ўсяго горада, усёй краіны — паўсюль вялікія плакаты, білборды з заклікамі чытаць. На іх прыходзілі і прыязджалі цэлымі класамі, школамі. Мабыць, на такія мерапрыемствы, каб зацікавіць пакаленне, якое падрастае, варта запрашаць і нашых школьнікаў. Няхай хаця б мінскія дзеці завіталі на кніжны кірмаш, хоць і за кошт урокаў па літаратуры ці мове.

Алена Паўлава:

Алена ПАЎЛАВА.

— Варта дадаць, што кніжныя выстаўкі за мяжой — у асноўным платныя. І білеты каштуюць досыць дорага. На нашу Мінскую міжнародную кніжную выстаўку ўваход бясплатны. Мы запрашаем усіх мінчан і гасцей сталіцы далучыцца да яе. Паверце, будзе вельмі цікава. Зараз рыхтуецца праграма, якая прадугледжвае мноства мерапрыемстваў, прэзентацый, сустрэч з аўтарамі.

Сёлета ганаровым госцем будзе Сербія, а цэнтральным экспанентам — Казахстан. Таксама чакаецца шырокі ўдзел кнігавыдаўцоў з Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Кітая з цікавай прэзентацыйнай праграмай і прадстаўленнем новых кніг.

Стала ўжо традыцыйным праводзіць у рамках выстаўкі міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час» (сёлета ён будзе чацвёртым па ліку) з запрашэннем знакавых пісьменнікаў блізкага і далёкага замежжа. Сваю згоду на ўдзел у сёлетнім сімпозіуме ўжо пацвердзілі пісьменнікі з Расіі, Украіны, Сербіі, Казахстана, Кітая, Англіі, Чэхіі, Літвы, Арменіі, Кыргызстана, Малдовы, Пакістана, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Францыі, Латвіі. Падчас сімпозіума пройдзе семінар літаратараў-перакладчыкаў, арганізаваны Міністэрствам інфармацыі ва ўзаемадзеянні з Міжнародным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва краін-удзельніц СНД у рамках рэалізацыі міжнароднага гуманітарнага праекта «Мінская ініцыятыва», а таксама літаратурная дыскусія маладых пісьменнікаў, арганізаваная пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

На выстаўцы адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу маладых літаратараў «Першацвет», арыентаванага на пошук, раскрыццё і падтрымку маладых таленавітых аўтараў, які адкрывае новыя імёны ў літаратуры. Творчасці маладых аўтараў будзе прысвечана і прэзентацыя ў рамках выстаўкі зборніка «Першацвет», выпушчанага па выніках конкурсу, а таксама кнігі Станіславы Умец «Сэрца Сакрэ: фэнтэзі», якая адкрыла новую серыю выдавецтва «Мастацкая літаратура» «Час ХХІ».

На нацыянальным стэндзе Беларусі ў дні работы выстаўкі будуць арганізаваны шматлікія сустрэчы з аўтарамі, выдаўцамі, мастакамі, прэзентацыі новых кніг, круглыя сталы, аўтограф-сесіі, іншыя мерапрыемствы. Тут жа адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў 57-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Будзе таксама арганізаваны шырокі продаж новых кніг беларускіх кнігавыдаўцоў. Так што, мне здаецца, кожны, хто завітае на выстаўку, знойдзе для сябе штосьці цікавае і карыснае.

Каб годна прадставіць твор

«Звязда»:

— Мы жывём у ХХІ стагоддзі. Кнізе даводзіцца канкурыраваць з інтэрнэтам, тэлебачаннем, тэатрам. Відавочна, што выпускаць кніжную прадукцыю ў такі час не вельмі проста. Ці ёсць сёння дзейсныя сродкі папулярызацыі кніг?

Святлана Гук:

Святлана ГУК.

— Практыкуюцца розныя спосабы прасоўвання. Гэта сустрэчы, прэзентацыі, аўтограф-сесіі, рэклама ў сацыяльных сетках. Таксама рэклама па тэлебачанні і на мясцовым радыё. Асабліва ў невялікіх гарадах рэкламай на радыё карыстаюцца надзвычай часта. У апошні час кнігавыдаўцоў пачалі часцей запрашаць на тэлебачанне, да ўдзелу ў ток-шоу.

Вольга Глухоўская:

— Маркетынг кніжных выданняў праз сацыяльныя сеткі — вельмі дзейсны спосаб рэкламы. Але для таго, каб гэта рабіць, у ідэале патрэбен асобны спецыяліст — які б «жыў» у сацыяльных сетках, збіраў «лайкі», падпісчыкаў, чытаў інфармацыю і вёў перапіску. Калі хтосьці не будзе гэтага рабіць на пастаяннай аснове, працэс спыніцца.

Вельмі эфектыўнай рэкламай з'яўляецца размяшчэнне інфармацыі пра новыя выданні на вітрынах дзвюх крам «Акадэмкніга». Вітрыны выдаўцам мы выдзяляем бясплатна.

«Звязда»:

— Хто займаецца ажыццяўленнем пералічаных метадаў? Гэта аўтар, выдавец ці кнігагандляр?

Алена Паўлава:

— Павінны займацца ўсе — і аўтар, і выдавецтва, і кніжны гандаль, і бібліятэкі. Павінны быць задзейнічаны прэса і тэлебачанне. Толькі тады пра кнігу даведаюцца, ёю зацікавяцца і, магчыма, купяць.

Святлана Гук:

— Ініцыятыва можа ісці ад любога ўдзельніка гэтага працэсу, а часцей усё адбываецца комплексна. Ёсць, напрыклад, вельмі актыўныя аўтары. Нават выдаючы кнігу за ўласныя грошы, яны гатовы яе рэкламаваць, сустракацца з чытачамі. У Белкнізе ёсць аддзел, які таксама займаецца правядзеннем пэўных сустрэч з аўтарамі, гатовымі ісці на кантакт (але не кожны творца згодны прадстаўляць свой твор).

Алена Паўлава:

— Прытым я не стала б спадзявацца толькі на дзяржаву, якая можа знізіць стаўку ПДВ на кнігі. Паказальны вопыт ААТ «Белкніга», якое з мэтай зніжэння цаны на сацыяльна значную кнігу, выдадзеную ў дзяржаўных выдавецтвах, прымяняе гандлёвую надбаўку ў памеры ўсяго пяць працэнтаў.

Вольга Глухоўская:

Вольга ГЛУХОЎСКАЯ.

— Рознічныя сеткі не могуць павышаць кошты, бо многія выданні — і так дарагое задавальненне. Расходы на рэкламу павінны несці ў першую чаргу выдаўцы. У нас сёння адсутнічае сістэма інфармавання чытачоў пра тое, што выйшла тая ці іншая кніга. Калі дзесьці і змяшчаецца такая навіна — часцей за ўсё гэта невялікія выданні, якія не створаць вялікага ажыятажу вакол кніжнага рынку. Калі рабіць рэкламу на нейкіх буйных парталах (я ўжо не кажу пра тэлебачанне), то гэта зусім эканамічна немэтазгодна — вельмі дорага. Нават у Германіі, дзе выдаюць нашмат больш кніг, бо там жыве і больш насельніцтва, не робяць такіх публічных абвестак. Там пакупнікі, як правіла, прывязаны да нейкай канкрэтнай крамы — іх часцей за ўсё інфармуюць з дапамогай смс-рассылак. А арганізоўваць пэўныя мерапрыемствы сапраўды лепш усім разам.

Уладзімір Андрыевіч:

— Не зусім пагаджуся. Мне падаецца, што ў нашых заходніх суседзяў ужо праходзіць бум інтэрнэту, калі можна так сказаць, новы сучасны носьбіт інфармацыі ўсё больш выкарыстоўваецца не столькі як гульня ці прылада для баўлення вольнага часу, колькі як сродак для самаўдасканалення і для наладжвання больш эфектыўнай працы. Людзі зноў сталі больш цікавіцца кнігай, больш чытаць, а не сёрфінгаваць па інфармацыі ў інтэрнэце, так, як робяць пакуль, на жаль, многія з нас. Між іншым, гэты працэс адбываецца і ў нашым грамадстве. На мінулагодняй Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы мне надзвычай цёпла рабілася на сэрцы, калі я бачыў бацькоў, якія разам з дзеткамі ішлі на кніжны кірмаш. Мяркую, што так будзе і сёлета. Бо, напэўна ж, кнігавыдаўцы прадставілі і прадставяць тыя выданні, якімі цікавяцца людзі. Бо ў кожным разе кніга застанецца — ці то на смартфоне, ці на якім-небудзь іншым носьбіце. Не варта ўсю адказнасць па папулярызацыі кнігі перакладваць на выдавецтвы. Бо кнігавыдаўцы павінны і аўтара цікавага знайсці, і выдаць кнігу добрай якасці пры невялікім кошце (гэта ў савецкія часы выданне асобніка абыходзілася танна, бо былі надзвычай вялікія тыражы). Таму праца па прасоўванні выданняў павінна быць комплекснай. Вельмі важна і патрэбна ў грамадстве падтрымліваць дух чытання, імкнення праз гэта да ведаў і самаадукацыі. Кніга — гэта сацыяльны прадукт, прапаноўваць яго павінны, безумоўна, кнігавыдаўцы, а дапамагаць прасоўваць і сродкі масавай інфармацыі. Людзі, асабліва ў глыбінцы, на жаль, мала ведаюць пра новыя выданні выдавецтва, а вось, напрыклад, з дапамогай «Звязды» яны змогуць «дайсці» да шматтысячнай чытацкай аўдыторыі, з дапамогай тэлебачання — да шматмільённай. За гэта асабліва ўдзячны сваім калегам.

Вартыя перавыдання

«Звязда»:

— Давайце пагаворым пра тое, выданні якой скіраванасці сёння карыстаюцца найбольшай папулярнасцю?

Сяргей Пешын:

— Колькі выдавецтваў — столькі і розных падыходаў у выданні кніг.  «Беларусь» выпускае навуковую і навукова-папулярную літаратуру — кнігі па культуры, гісторыі, мастацтве. Значная колькасць нашых аўтараў жылі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, яны ўжо не могуць удзельнічаць у аўтограф-сесіях.

Мы стараемся ладзіць прэзентацыі ў тых месцах, дзе зазвычай прысутнічаюць людзі, якія цікавяцца тэматыкай кнігі. Напрыклад, нядаўна ў музеі гісторыі горада Мінска прэзентавалі кнігу Сяргея Тарасава «Археалогія Беларусі. Час, таямніцы, скарбы, людзі». Сустрэча з аўтарам прайшла даволі плённа, завіталі тыя, хто цікавіцца гісторыяй і археалогіяй. А прэзентацыі ў кнігарнях у нас зазвычай праходзяць не вельмі ўдала — там лепш прадстаўляць сябе аўтарам мастацкай літаратуры.

Творцы мінулых стагоддзяў карыстаюцца папулярнасцю і ў сённяшніх чытачоў. Напрыклад, адна з апошніх нашых паспяховых кніг — гэта «Беларуская кухня», выдадзеная паводле матэрыялаў Нікіфароўскага. Гэта лідар продажаў, і мы перавыдавалі яе. Неаднаразова перавыдалі і «Гісторыю Беларусі» Доўнар-Запольскага, якая не страчвае сваёй актуальнасці. Перавыдавалі таксама і «Літоўскую гаспадыню». Гэтыя кнігі праходзяць не як дзяржзаказ, а як самаакупныя. Ёсць і добрыя сучасныя аўтары, якія працуюць з гістарычнай тэматыкай, — гэта Сяргей Тарасаў, Мікола Плавінскі.

Алена Паўлава:

— Статыстыка — рэч упартая. Паказчыкі выпуску друкаванай прадукцыі ў 2017 годзе дэманструюць па-ранейшаму вялікую долю вучэбнай літаратуры ў сукупным аб'ёме выпуску — 51 % у агульнай колькасці выпушчанай прадукцыі і 76 % у сумарным тыражы. Развіццё нацыянальнай сістэмы адукацыі дыктуе неабходнасць стварэння пад яе і выпуск адпаведнай вучэбнай літаратуры. Павялічыўся ў параўнанні з мінулым годам выпуск літаратурна-мастацкіх, навукова-папулярных выданняў. На мой погляд, вельмі запатрабавана кніга для дзяцей, якая развівае і выхоўвае.

Як куратар галіны кнігавыдання і кнігараспаўсюджвання, я шчаслівая тым, што на маё жыццё прыйшлася такая знакавая дата, як 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Таму мяне вельмі парадаваў выпуск многіх тэматычных кніг, прысвечаных гэтаму юбілею: «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга», «Асветнік з Полацка», «Кніжныя скарбы Беларусі» («Беларусь»); «Сусветная спадчына Францыска Скарыны» ў серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў», энцыклапедыя «Францыск Скарына», «Кніжныя скарбы Беларусі», «Францыск Скарына — чалавек свету» («Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі»); «Францыск Скарына на мовах народаў свету» (Выдавецкі дом «Звязда») і іншыя. Выдатнымі кнігамі было адзначана 950-годдзе Мінска — фотаальбомы «Мінск скрозь стагоддзі» і «Мінск. Спадчына сталіцы Беларусі», кніга для дзяцей «Прагулкі па Мінску»... Мяне радуе, што многія выдаўцы не зніжаюць узровень зместу праектаў і іх мастацка-графічнага афармлення. Асабліва хацелася б адзначыць работу дзяржаўных выдавецтваў «Беларусь», «Мастацкая літаратура», «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», выдавецкага дома «Беларуская навука», а таксама выдавецтваў прыватнай формы ўласнасці «Четыре четверти», «Аверсэв», «Беловагрупп», «Книжный дом», «Полиграфика» і «Тэхналогія».

Запатрабавана замежная класіка на беларускай мове

«Звязда»:

— Цікава, наколькі ў той жа «Акадэмкнізе» прадстаўлены беларускія кнігі, наколькі замежныя?

Вольга Глухоўская:

— На сённяшні дзень у нас зніжаецца таваразварот расійскіх кніг, а беларускіх — павялічваецца. Гэта тэндэнцыя радуе — і найперш яна радуе пакупнікоў. Праца з беларускімі выданнямі робіць нас больш эканамічна незалежнымі. З расійскімі выданнямі напрамую працаваць мы не можам, бо аб'ём нашых заказаў не надта вялікі. Мы ж гандлюем найперш вучэбнай, навуковай, даведачнай літаратурай, таксама добра прадстаўлены мастацкія творы. Калі выдаўцы завітаюць да нас, мы з задавальненнем раскажам ім, кнігі ў якім аб'ёме, фармаце цікавяць чытачоў.

Вельмі хацелася б, каб выдаўцы друкавалі не толькі тыя выданні, што можна рэалізаваць сваім пастаянным кліентам і бібліятэкам, але і каб кнігі, асабліва мастацкая літаратура на беларускай мове, пастаянна прысутнічалі ў кнігарні. Бо здараецца, што пэўныя класікі хутка рэалізуюцца і больш не дадрукоўваюцца. Праходзіць два-тры гады, а для новых чытачоў гэтых класікаў у продаж так і не паступіла. Часта бацькі прыходзяць да нас са спісамі пазакласнай літаратуры, а мы ўжо не можам прапанаваць ім кнігі, бо яны распрададзеныя. Такім чынам, пакупнікі сыходзяць з кнігарняў. Дарэчы, не стае і даведачнай літаратуры. Выдатныя слоўнікі выпускала «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», але на сённяшні дзень яны цалкам прададзеныя. Цяпер знайсці добры беларускі слоўнік, напрыклад арфаграфічны, амаль немагчыма. Хіба што калі гэта зробяць прыватныя выдавецтвы. Добра, што сёння пачало развівацца ў бок беларускай кнігі выдавецтва «Попурри». Імі выдадзена цудоўная серыя «Мая беларуская кніга» — выданні невялікага фармату, даступныя па кошце. У гэтай серыі выйшлі многія айчынныя аўтары. Там выдаюць і айчынныя слоўнікі. Трэба разумець, што, калі на паліцы прадстаўлены слоўнік аднаго віду, пакупнік не будзе задаволены, — ён хоча выбраць штосьці на свой густ.

«Звязда»:

— Што ж найболей цікавіць беларускіх чытачоў?

Вольга Глухоўская:

— Калі вы бываеце ў краінах СНД, можаце заўважыць, што там амаль не прадаюцца кнігі на рускай мове. Ёсць тыя, хто і ў нас прапануе забараніць кнігі па-руску, — я лічу гэта зусім няслушным. Але адзначу, што ў нашых кнігарнях вельмі не хапае твораў вядомых замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову. Прычым гэта павінны быць не фаліянты, а зручныя па памерах і даступныя па кошце выданні. Попыт на такія кнігі надзвычайны, і іх хутка раскупляюць, яны рэдка залежваюцца.

Уладзімір Андрыевіч:

— Мы шмат кажам пра сучасныя формы працы — і найчасцей яны ахопліваюць Мінск. А я сам родам з вёскі, таму мяне хвалюе, як кнізе трапіць у невялікія населеныя пункты. Не ў кожным горадзе ёсць крамы «Белкнігі», затое ўсюды працуе «Белспажыўкааперацыя» і «Белпошта» — толькі праз іх кнігі могуць трапіць хаця б да жыхароў аграгарадкоў. Бо людзі, якія цікавяцца кнігамі і хочуць набыць іх, каб чытаць, жывуць паўсюль.

Вольга Глухоўская:

— Людміла Рублеўская ў газеце «СБ. Беларусь сегодня» зазвычай змяшчае кніжныя агляды. І вось менавіта пасля яе публікацый нам часта тэлефануюць людзі з раёнаў, якія цікавяцца тымі ці іншымі кнігамі. Часцей за ўсё гэта пенсіянеры. Аднак у кожнай кнігі свая аўдыторыя — і трэба на яе арыентавацца. У «Акадэмкнізе» гатовы і іншым зацікаўленым літаратурным крытыкам здымаць з паліцы любую кнігу і пад «слова гонару» даваць пачытаць — з гэтым няма праблем.

Аўтограф-сесія. Быць ці не быць?

«Звязда»:

— Калі пэўны аўтар самастойна выдаў кнігу, ці можа яна быць распаўсюджана праз «Белкнігу»? Раскажыце аб працэдуры, што трэба рабіць?

Святлана Гук:

— Многія аўтары вельмі актыўныя і самі рэалізуюць свае кнігі. Але калі літаратар хоча, ён заўсёды можа прыйсці да нас у гандлёвы аддзел, узяўшы асобнік кнігі, і заключыць дагавор. Натуральна, трэба, каб кніга была выдадзена з усімі патрабаваннямі: быў прысвоены нумар ІSBN, выхадныя даныя, штрых-код. Зазвычай на паліграфічных прадпрыемствах, дзе робяцца кнігі, змяшчаюць усе гэтыя звесткі. Аднак 10—15 % выданняў, з якімі звяртаюцца да нас, — непрыдатныя для далейшай рэалізацыі. Калі дагавор з аўтарам паспяхова заключаны, то яго кніга можа трапіць у шэраг гандлёвых пунктаў «Белкнігі». Натуральна, мы бяром пэўную ўзнагароду.

«Звязда»:

— У «Акадэмкнізе» часам ладзяцца аўтограф-сесіі пісьменнікаў. Наколькі шмат людзей іх наведвае і ці прыносіць гэта эфект у плане распаўсюджвання кнігі і, можа быць, папулярнасці самой кнігарні?

Вольга Глухоўская:

— Ці прыходзяць наведвальнікі на аўтограф-сесіі, залежыць і ад дня, часу, і ад рэкламы, і ад самога аўтара, яго твора. Часта хтосьці са знаёмых творцы піша рэцэнзію на кнігу, а ўнізе робіцца прыпіска, што аўтограф-сесія адбудзецца ў такі дзень і такі час — гэта вельмі дзейсны сродак. На аўтограф-сесію можа прыйсці ўсяго некалькі чалавек. А на сустрэчу з паэтам Алесем Разанавым, напрыклад, якая адбывалася не так даўно, завітала вельмі шмат яго сяброў і паклоннікаў, і мы прадалі каля 40 кніг.

Часам можна правесці проста аўтарскія чытанні — пагутарыць пра кнігі, пра жыццё. Эфект не вельмі вялікі ад такіх сустрэч. Але, калі, напрыклад, завітае яшчэ і журналіст, рэзананс атрымліваецца большы. Без такіх мерапрыемстваў завабіць пакупнікоў у кнігарню ў наш час немагчыма.

Дарэчы, было б вельмі добра, каб выдавецтвы друкавалі невялікія плакаты сваіх кніг. Іх можна вешаць адразу каля ўвахода — такім чынам, заходзячы, чытач адразу зразумее, што з'явілася пэўная навінка і яе можна тут убачыць.

Пісьменніцтва як прафесія

«Звязда»:

— На жаль, сёння часта кажуць, што пісьменніцтва — гэта толькі хобі для сучасных аўтараў. Можа, ёсць думкі, што варта зрабіць, каб пісьменніцтва стала прафесіяй?

Сяргей Пешын:

Сяргей ПЕШЫН.

— Нашым пісьменнікам, з пункту гледжання чытача ў тым ліку, я б даў параду больш сачыць за зменамі, якія адбываюцца ў грамадстве. Бо сучасныя творцы пастаянна стараюцца паўтарыць Купалу, Коласа, Багдановіча. Нашы пісьменнікі садзяцца пісаць адразу класічную «нятленку», абапіраючыся на найлепшыя яе ўзоры. Аднак уся класіка ў свой час была напісана як актуальная, сучасная літаратура. І сёння трэба адпавядаць пэўным сучасным крытэрыям. Мы прапусцілі шмат актуальнай літаратуры. У нас, па вялікім рахунку, не было беларускіх фантастыкі, фэнтэзі, дэтэктыва... Чаму ў свой час быў так папулярны Караткевіч? Бо ён пачаў распрацоўваць жанры, якія да яго асабліва ніхто не чапаў, — гістарычны, дэтэктыўны раманы. Ён шукаў пэўныя павароты, сюжэты ў гісторыі. І гэта адразу пачало быць запатрабаваным у той час, бо з'яўлялася вялікай навізной. Але, на жаль, з Караткевіча яно пачалося, Караткевічам, у пэўным сэнсе, і скончылася. Нездарма Мікалай Чаргінец сёння ўзначальвае Саюз пісьменнікаў Беларусі — у свой час ён стварыў наш класічны паліцэйскі дэтэктыў. Калісьці я захапляўся яго кнігамі. Гэта было цікава і пазнавальна.

Вольга Глухоўская:

— Для некаторых сучасных пісьменнікаў пісьменніцтва з'яўляецца прафесіяй. Аднак гэта тыя людзі, якія здолелі з беларускай літаратуры пакрочыць у сусветную. Можна пісаць на любой мове, у тым ліку калі ты напісаў па-беларуску, трэба паклапаціцца, каб твор быў перакладзены на іншыя мовы, ці самастойна, ці з дапамогай прафесійных перакладчыкаў. Кніга найперш павінна быць добрай літаратурай. А ўжо потым у яе з'яўляецца нацыянальнасць. Любы шэдэўр вельмі лёгка перакласці на іншую мову.

Нашы пісьменнікі часта напішуць адзін твор — і ўжо лічаць, што іх творы геніяльныя. Думаюць, што іх кнігі павінны стаяць у цэнтры залы, «тварам» да наведвальніка.

Напрыклад, у выдавецтва «Эксмо» ніколі не трапіць з адной кнігай. Там падпісваецца дагавор, і аўтар павінен ці раз на месяц, ці нават чатыры разы на месяц, як Дар'я Данцова, прыносіць штосьці напісанае. І вось тады цябе будуць выдаваць, табой будуць займацца, цябе будуць рэкламаваць — і ні аб чым не будзе балець галава, акрамя як аб пісьменніцтве. А калі ты напісаў адну кнігу за ўсё жыццё ці за дзесяць гадоў, і ўсе табе нешта вінны... Літаратуры так не стварыць. Пісьменнікаў, якія праславіліся адным творам, адзінкі. Натуральна, такія кнігі (адзінкавыя ў аўтара) таксама павінны быць, — калі чалавек садзіцца і стварае іх, ён імкнецца адлюстраваць тое, што ў яго душы.

Калі ж разлічваць на пісьменніцтва як на прафесію, трэба гэтым займацца. І ці самому прасоўваць творы, ці наймаць літаратурнага агента. Дарэчы, да нас звярталіся літаратурныя агенты і беларускіх аўтараў — Андруся Горвата і Святланы Алексіевіч.

Сяргей Пешын:

— Я лічу, што кніга ўсё ж такі спачатку павінна прагучаць. А ўжо потым яе будуць перакладаць. Ніхто не захоча рызыкаваць брацца за невядомы твор. Некаторыя нашы аўтары, сапраўды, любяць штосьці напісаць — і адразу запатрабаваць высокія ганарары і асаблівыя ўмовы. Каб у беларускай літаратуры ўсё атрымалася, павінен прайсці час, — каб выспела некалькі аўтараў і быў відаць іх высокі ўзровень.

Святлана Гук:

— Я пажадала б сучасным аўтарам больш глядзець вакол, ацэньваць сітуацыю і адлюстроўваць сучаснасць — тое, чым мы жывём, чым дыхаем, што бачым. Не трэба імкнуцца быць падобным на некага.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Сакрэты кніжнага свету

Каментары

Паважаныя выдаўцы, мастакі, тэхнічныя рэдактары і ўсе, хто мае дачыненне да афармлення выданняў, падумайце пра карыстальнікаў. Як можна чытаць на глянцавай паперы мастацкі твор? Блікі перашкаджаюць. А вага такой кнігі... Як можна было дадумацца выдаць кнігу для дзяцей вагой больш як кілаграм, або каля кілаграма (Бадак "Як рассмяшыць папугая." Выд. дом Звязда), або для дарослых кнігу дэтэктываў "Карона Вітаўта Вялікага" Маст літ. 2004. і шмат іншых. Навошта такая гігантаманія. Кнігі нязручныя, вялікіх памераў. Ну як іх чытаць? Як утрымаць іх у руках? Як несці дадому з бібліятэкі? А на палі цах у бібліятэцы як іх прадставіць чытачу, яны ж не памяшчаюцца на іх? Крыўдна за аўтараў, якіх і выдалі, а чытачу прапанаваць сорамна Вось і чакаем, калі выйдзе тэрмін і можна будзе спісаць у макулатуру, каб месца не займалі. Ды і каштуюць яны!!!!
Як выдаўцам, гандлярам і аўтарам знайсці агульную мову? магу падказаць самы першы і самы галоўны крок: як найменей РУПаў у кнігавыдавецтве і кнігагандлі, як мага болей прыватнікаў! відаць толькі ў Беларусі існуе такая РУПлівая кнігавыдавецкая вертыкаль: РУП кнігі выдае, РУП прадае, а дакладней размяркоўвае па РУП-бібліятэках, і потым чакае РУПлівага чытача, які прыйдзе таксама па разнарадцы і рытуальна-бюракратычна ўсенька чыста гэна прачытае, адчуўшы загадзя перадвызначаныя эмоцыі. а бываюць жаж такія няшчырыя люццы, якія панапісваюць усенька чыста, што прыйдзе ім у галаву, або панаспісваюць-перакампілююць у папярэдніх няшчырых паноў. і ані з якім РУПам ня ўзгодніўшы, панавыдаюць гэта няшчыра. дык хутчэй за ўсё пачнуць згаданыя катэгорыі знаходзіць агульную мову, калі дзяржаўныя выдавецтвы зачыняць (пакінуўшы шанец на выжыванне праз выкуп працоўным калектывам па ільготным кошце), а БелКнігу прыватызуюць, скасуюць усе шматпавярховыя ліцэнзіі, усталююць ільготнае падаткаабкладанне, а істотна скарочанае дзяржаўнае дафінансаванне пачнуць размяркоўваць шляхам адкрытых грамадска-дзяржаўных конкурсаў. ну, прынамсі, так прынята ў шмат якіх няшчыра-панскіх краінах, дзе нямашака такой празмернай РУПлівасці. але як люццайкі шчырыя РУПлівыя падабралі сабе ў суразмоўцы выключна такіх сама як яны, дык няма каму на той сходцы было прамовіць такую няшчырую брыдоту.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.