Вы тут

Далікатная тэма. Аб чым яшчэ трэба клапаціцца мужчынам


Пра далікатныя мужчынскія праблемы, якія прымушаюць уставаць па некалькі разоў за ноч, пра рак прастаты, агрэсіўны і той, з якім можна пражыць доўгае жыццё, а таксама пра самыя распаўсюджаныя захворванні — з імі сутыкаецца 80 % моцнай паловы ў сталым узросце, мы пагутарылі з урачом-уролагам мінскага раённага ўралагічнага цэнтра № 2 Арцёмам Баравіком.


— З якімі захворваннямі часцей за ўсё да вас звяртаюцца мужчыны?

— На першым месцы распаўсюджанае ўзроставае захворванне — адэнома прастаты, як яе называюць згодна са старой класіфікацыяй, або дабраякасная гіперплазія прастаты, як прынята гаварыць цяпер. Пасля 60 гадоў каля 80 % мужчын з ім сутыкаюцца, яно праяўляецца павелічэннем гэтай залозы ў памерах. Прастата знаходзіцца пад мачавым пузыром і, павялічваючыся ў памерах, «ахоплівае» мочаспускальны канал, такім чынам адбываецца яго сцісканне. Адсюль і сімптомы, звязаныя з парушэннем мочаспускання. Яны праяўляюцца цяжкасцю пры мочаспусканні, частым, часам нястрымным позывам да мочаспускання з аслабленнем струменя мачы. Могуць з'яўляцца боль і пачуццё няпоўнага апаражнення мачавога пузыра. Гэта асноўныя сімптомы. Частае мочаспусканне, асабліва начное, калі ўставаць прыходзіцца па 5-7 разоў, прымушае хворага біць трывогу і звяртацца да ўрача.

А вось яшчэ з адным распаўсюджаным захворваннем, ракам прастаты, пацыенты не заўсёды своечасова прыходзяць да доктара. Зараз нельга дакладна сказаць, чаму ў аднаго хворага дабраякасная гіперплазія, а ў другога злаякасныя новаўтварэнні, наконт гэтага няма навукова даказаных фактаў. Ракавая пухліна ніякіх сімптомаў не выклікае, натуральна, клеткі разрастаюцца. Часам пацыент звяртаецца, калі ўжо ёсць метастазы — часцей за ўсё ў косці, у лёгкія ці іншыя ўнутраныя органы, — і скардзіцца на косныя ці рэўматычныя болі, радыкуліт. А выяўляецца рак прастаты. Тут важныя своечасовая дыягностыка і штогадовы візіт да ўролага для прафілактычнага агляду ўсіх мужчын пасля 50 гадоў. Урач прызначае тры медыцынскія мерапрыемствы. Першае — рэктальнае даследаванне прастаты, якое дазваляе ацаніць яе памер, выявіць пухліну, бо яна часцей за ўсё паражае перыферычную частку залозы і вызначаецца ў выглядзе зацвярдзення. Другое — аналіз крыві з вены на прастатспецыфічны антыген (ПСА). Гэта маркёр ранніх злаякасных працэсаў у прастаце. Калі ён павышаны, урач можа западозрыць рак і прызначае біяпсію прастаты. Трэцяе — УГД прастаты і мачавога пузыра. Яно дазваляе больш дакладна вызначыць памер прастаты і аб'ём рэшткавай мачы.

— Ці можна пазбегнуць гэтых захворванняў?

— Важнае значэнне маюць лад жыцця і харчаванне. Даказана, што рост прастаты стымулюе гармон: тэстастэрон ператвараецца ў дэгідратэстастэрон, які і ўплывае на дзяленне клетак залозы. Ёсць шэраг прадуктаў расліннага паходжання, якія змяшчаюць фітаэкстрагены, гэта аналагі жаночых палавых гармонаў. Яны звязваюцца з рэцэптарамі прастаты і блакуюць іх ад уздзеяння тэстастэрону. Гэтыя рэчывы ёсць у агародніне і садавіне, соі, злаках, віне. Таму бакал чырвонага віна ў тыдзень не супрацьпаказаны.

— А піва?

— Яно таксама змяшчае фітаэстрагены, але ў вялікай колькасці. Іх лішак можа стымуляваць гарманальныя змены ў арганізме мужчын. Таму тут важна не перабраць.

— Яшчэ адно распаўсюджанае захворванне — прастатыт...

— Гэта запаленчы працэс у тканках прастаты. Ён можа развівацца ў любым узросце. Прастатыт бывае трох відаў. Першы — бактэрыяльны, яго выклікаюць мікраарганізмы. Другі — застойны, звязаны з ацёкам прастаты ў выніку застойных з'яў — рэдкага палавога жыцця ці, наадварот, празмернага па прычыне ацёчнасці, пашкоджання з-за частай стымуляцыі. Трэці — праз захворванне суседніх з прастатай органаў, такіх як гемарой, ацёк прамой кішкі. Прастатыт праяўляецца таксама цяжкасцю і болем падчас мочаспускання, дэфекацыі, пачуццём цяжару ў нізе жывата, прамежнасці. Часам боль можа пераходзіць у пахвіну. Калі пацыент адзначае ў сябе такія сімптомы, то ён звяртаецца да ўрача. Тут прызначаецца антыбактэрыяльная тэрапія, калі гэта інфекцыя, і дадатковае супрацьзапаленчае лячэнне. Таксама важная прафілактыка. Найперш нармалізацыя палавога жыцця: трэба памятаць, што як зашмат, так і мала — дрэнна.

— Тады з медыцынскага пункту гледжання нармальна — гэта колькі?

— У спецыялізаванай літаратуры такіх рэкамендацый няма. У кожнага свая патрэба. Камусьці, каб пазбегнуць застойных з'яў, трэба раз на дзень, камусьці і раз на тыдзень. Мы рэкамендуем два разы на тыдзень для любога ўзросту. Калі я заўважаю, што пацыенты вядуць палавое жыццё ў 60, у 80 гадоў, гэта станоўчы момант, як уролаг, я гэта вітаю. Таксама важна не дапускаць пераахалоджвання прастаты. Яно зніжае мясцовы імунітэт, садзейнічае актывізацыі інфекцыі.

— Наколькі, дарэчы, небяспечныя для прастаты такія працэдуры, як зімовае акунанне ў палонку?

— Калі мужчына загартоўваўся на працягу года, арганізм адаптаваўся да такіх працэдур, то пачувае сябе добра. А калі чалавек схільны да прастудных захворванняў і не можа пераносіць такія нагрузкі, то зразумела, што гэта небяспечна, бо выклікае развіццё інфекцый у прастаце, яе запаленне. У такім выпадку можа развівацца востры прастатыт з павышэннем тэмпературы і развіццём гнойных працэсаў у залозе, што патрабуе лячэння ў стацыянарных умовах. Але пацыенты, якія маюць хранічныя праблемы з прастатай, як правіла, экстрэмальных заняткаў пазбягаюць. І ведаюць, што, пасядзеўшы нават у транспарце на халодным сядзенні, правакуюць абвастрэнні. А для мужчын, якія ніколі з такім захворваннем не сутыкаліся, гэтыя працэдуры сапраўды могуць скончыцца вострым запаленнем. З далейшым пераходам пры няправільным лячэнні ў хранічныя працэсы.

— Якія яшчэ меры прафілактыкі трэба выконваць, каб пазбегнуць прастатыту?

— Пажадана насіць бялізну з натуральных валокнаў, ні ў якім разе не сінтэтыку. Мець штодзень умераныя фізічныя нагрузкі. Мы рэкамендуем комплекс спецыяльных практыкаванняў. Калі маладыя мужчыны могуць і звычайна займаюцца ў спартыўнай зале, то сталыя павінны выконваць больш лёгкія практыкаванні, скіраваныя на павышэнне кровазабеспячэння органаў малога таза. На прыёме ўролага, як правіла, можна атрымаць памяткі з такімі практыкаваннямі.

— Раней з-за мужчынскіх хвароб часта прыходзілася рабіць аперацыі, а цяпер?

— Так, гадоў 20 таму з павелічэннем прастаты абавязкова рабілася аперацыя. Зараз сучаснае медыкаментознае лячэнне дазваляе значна зменшыць сімптомы: аблегчыць мочаспусканне, зменшыць яго частату, палепшыць апаражненне мачавога пузыра і такім чынам пазбегнуць аперацыі. Хірургічнае ўмяшанне прымяняецца на больш позніх стадыях, калі медыкаментознае лячэнне не дапамагае. Але мы імкнёмся адкласці яго на больш позні тэрмін.

— Калі з'явілася пухліна прастаты, зменшыць яе з дапамогай прэпаратаў не атрымаецца?

— Мы можам толькі замарудзіць яе рост, уплываючы на гарманальны ланцужок. Пачынаем звычайна з раслінных прэпаратаў, якія ўздзейнічаюць на фермент, яны маюць прафілактычнае значэнне. І іх рэкамендуем пацыенту на першай стадыі гіперплазіі. Такія прэпараты вырабляюцца на аснове пальмы паўзучай, афрыканскай слівы. Семя гарбуза добрае для прафілактыкі — кожны дзень трэба ўжываць па жменьцы. Там змяшчаюцца раслінныя бялкі, якія замаруджваюць механізмы гіперплазіі падчас пастаяннага прыёму. Калі залоза расце марудна, захоўваецца прыкладна на адным узроўні, у пацыента няма выражаных сімптомаў, мы працягваем прафілактыку і назіранне. Важна штогод прыходзіць на абследаванне да ўролага.

— Лічыцца, што рак прастаты найбольш лёгка паддаецца лячэнню, пацыент можа пражыць з ім доўгае жыццё і памерці ад іншых хвароб. Гэта сапраўды так?

— Рак прастаты таксама гарманальна залежнае захворванне. У пажылых пацыентаў 70—80 гадоў ракавыя клеткі, як правіла, знаходзіцца ў спячым стане, марудна растуць. А вось у маладых — злаякаснае новаўтварэнне можа ў 40 гадоў і нават раней з'явіцца — амаль заўсёды гэта агрэсіўны рак. Ён мае добрую стымуляцыю гармонам, вельмі хутка расце. Тут трэба пачынаць дзейнічаць як мага раней і хутчэй. У пажылых пацыентаў аперацыі па выдаленні прастаты разам з пухлінай, як правіла, не прымяняюцца, асабліва калі рак распаўсюджаны, выходзіць за межы прастаты або паражае некалькі яе долей. Часта пацыенты ад такога раку не гінуць. Прагноз звычайна такі, што хвароба істотна распаўсюдзіцца праз 30 гадоў. І калі на гэты час хвораму 80, то анколагі рэкамендуюць гарманальнае лячэнне. Гэта або выдаленне мужчынскіх палавых залоз, дзякуючы чаму знікае стымуляцыя тэстастэронам, або медыкаментозны андрагенны блок, калі спецыяльнымі прэпаратамі падаўляецца актыўнасць мужчынскіх палавых гармонаў. Апошняе больш цяжка пераносіцца пацыентам, бо трэба пастаянна прымаць таблеткі, а яны маюць пабочныя эфекты. Але гэта дапамагае пры адмене зноў аднавіць гарманальны фон. Нямногія вырашаюцца на выдаленне яечак, для пацыентаў гэта псіхалагічна складаны момант. Тут з кожным вядзецца гутарка і індывідуальна вырашаецца мэтазгоднасць таго ці іншага спосабу лячэння.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».