Вы тут

«Хацелася пабыць ля Доўжа»


З літаратурнай гісторыі Пастаўшчыны.


Касцёл св. Тадэвуша ў в. Лучаі на Пастаўшчыне.

Пастаўскі край, які шырока раскінуўся на паўднёвым захадзе Віцебшчыны, мае гучную літаратурную славу хоць бы ўжо тым, што тут яшчэ ў даваенны час жылі выдатныя творчыя асобы, таленавітыя пісьменнікі Уладзімір Дубоўка і Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч). Той жа легендарны класік беларускай літаратуры Уладзімір Дубоўка (1900—1976) нарадзіўся ў вёсцы Агароднікі за дзевяць кіламетраў ад Пастаў...

У часы сталінізму Дубоўка быў арыштаваны і значную частку жыцця, 28 гадоў, правёў за межамі Беларусі — у лагерах і на пасяленні ў Сібіры, Чувашыі, на Далёкім Усходзе.

Слынны паэт і празаік шмат твораў прысвяціў бацькоўскім мясцінам, пакінуў багатую творчую спадчыну, якая яшчэ патрабуе глыбокага вывучэння і аналізу. Пра свае родныя Паставы Уладзімір Дубоўка напісаў так:

А колькі б дзе ні вандраваў,

Хоць добра ўсюды і прыгожа,

Мяне цягнула да Пастаў,

Хацелася пабыць ля Доўжа.

Другі пісьменнік-волат Казімір Сваяк нарадзіўся 19 лютага 1890 г. у вёсцы Барані Свянцянскага павета, пасля заканчэння Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі святарскую дзейнасць пачаў вікарыем у Камайскім касцёле, пазней служыў у Кляшчанах і Засвіры. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім нацыянальным руху, аўтар вершаў, апавяданняў, эсэ, філасофскіх эцюдаў, публіцыстычных артыкулаў, у 1924 годзе ў Вільні выдаў кнігу «Мая ліра». У сваім дзённіку паэт-святар зрабіў шчымлівы запіс: «Баліць мне сэрца, як чую жаргон тых, што хочуць кінуць мову на карысць чужой». Ці трэба казаць, гэты запіс надзвычай актуальны і сягоння.

Нельга, аднак, сумнявацца, што спадчына старэйшых літаратараў Пастаўскага краю забытая, — наадварот, чытацкая цікавасць да творчых набыткаў адзначаных пісьменнікаў, асабліва да паэзіі і прозы Уладзіміра Дубоўкі, апошнім часам заўважна ўзрасла: перавыдаваліся іх творы, друкуюцца бібліяграфічныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, хоць у цэлым аналізам і папулярызацыяй творчасці мясцовых аўтараў у раёне мала хто займаецца. Праўда, даволі значны ўздым даследчай працы ў галіне літаратуры і культуры тут назіраўся ў 2006 годзе, калі ў Паставах праходзіў Дзень беларускага пісьменства. Тады сярод многіх іншых мерапрыемстваў адбылася навукова-практычная канферэнцыя «Пастаўскія чытанні», прайшоў краязнаўчы ўрок «Вежы глядзяць праз стагоддзі», была наладжана гістарычная кампазіцыя «Рэха крокаў Скарыны», арганізавана выстаўка твораў У. Дубоўкі ў бібліятэцы, якая, дарэчы, носіць яго імя. З іншых значных падзей вераснёўскага свята — адкрыццё ў раённым гарадку помніка Канстанціну Тызенгаўзу (1786 — 1853), былому ўласніку Пастаў, навукоўцу-арнітолагу і мецэнату. Святочная дзея адбывалася каля палаца Тызенгаўзаў, які цудам захаваўся да нашых дзён.

Гонару стаць чарговай сталіцай беларускага пісьменства, як вядома, заслугоўваюць тыя рэгіёны, дзе творчае жыццё адметна праяўляецца не толькі ў літаратуры, але і ў іншых галінах чалавечай дзейнасці, напрыклад, у жывапісе, фотамастацтве, музыцы, спевах, краязнаўстве. Не былі тут выключэннем і старажытныя Паставы, якія маюць уласную годную жыццёвую і мастацкую біяграфію. Цікава, што ўсе гэтыя неардынарныя прыклады і факты я знаходжу не ў афіцыйным друку, бяру не з кніг і часопісаў, а проста чытаю змястоўную даследчую працу Крысціны Клянтак — вучаніцы 11 класа Пастаўскай гімназіі, дзе адораная дзяўчына надзвычай плённа працуе ў навуковым таварыстве вучняў «Глорыя». Тэма яе галоўнай даследчай працы — «Аналіз літаратурнага працэсу на Пастаўшчыне на аснове мультымедыйнага рэсурсу “Пісьменнікі Пастаўскага раёна”». Зазначу, што развіць творчыя здольнасці Крысціне Клянтак і іншым вучням дапамагае навуковы кіраўнік, настаўнік геаграфіі Ігар Міхайлавіч Пракаповіч, сам выдатны паэт і празаік, краязнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар мноства кніг паэзіі, прозы, краязнаўчых і навукова-папулярных выданняў па гісторыі і геаграфіі Пастаўскага раёна.

Што ж уяўляе сабой даследаванне вучаніцы школьнага навуковага таварыства? Калі коратка, то ў ёй сабраны, сістэматызаваны і грунтоўна прааналізаваны звесткі пра літаратурны рух на Пастаўшчыне, а ўвесь атрыманы матэрыял ужо цяпер можна з поспехам выкарыстоўваць у вучэбна-выхаваўчым працэсе ўстаноў адукацыі і культуры, а таксама для папулярызацыі творчасці мясцовых аўтараў. Юная даследчыца не раздае, што называецца, кожнай сястрыцы па завушніцы. Для вызначэння галоўных рысаў сучаснага літаратурнага працэсу на Пастаўшчыне выбраны перыяд канца ХХ — пачатку XXI стагоддзя, ахоплівае ён 34 гады, і гэты перыяд невыпадковы, таму што менавіта ў 1983 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыў свет невялікі зборнік паэзіі Алеся Касценя «Зруб» — першая мастацкая кніга аўтара з Пастаўшчыны. Як паказаў гістарычны аналіз працэсу развіцця літаратуры ў названым рэгіёне, міжваенны і пасляваенны час не прынеслі асаблівых здабыткаў на ніве пісьменніцтва, а вось апошнія дзесяцігоддзі сталі перыядам найбольшага літаратурнага ўздыму, які супаў з новай хваляй беларускага адраджэння, абуджэннем нацыянальнай самасвядомасці, цікавасці да роднай гісторыі і культуры. З Пастаўшчынай звязана творчасць 45 асоб, якія працавалі і працуюць у жанры мастацкай літаратуры. Даследчыца скрупулёзна падлічыла колькасць выдадзеных імі кніг: 175 — за 34 гады. Акурат у гэты час плённа пачалі працаваць у жанрах паэзіі і прозы пісьменнікі Аркадзь Нафрановіч, Ніна Захарэвіч, Алесь Касцень, Ігар Пракаповіч, Пётр Літвіновіч, Алесь Гарбуль, Леанід Трубач, Вольга Лісіцкая. Шэраг аўтараў выдалі пакуль што свае першыя кнігі: Андрэй Аляксандраў, Іосіф Атрахімовіч, Наталля Карнілава, Аліна Латыш, Анжэла Мурзіч, Вераніка Мелехавец і некаторыя іншыя. У даследчай працы К. Клянтак пералічаны і тыя ўраджэнцы Пастаўшчыны, каго жыццёвыя шляхі-дарогі завялі ў іншыя гарады і краіны. Напрыклад, у Мінску жывуць і працуюць Янусь Малец, Міхась Кенька, Аліна Легастаева, Наталля Каравацкая, Марыя Вайцяшонак, Ігар Капылоў, Юлія Зарэцкая, у Віцебску — Люда Сіманёнак, Алена Гінько, Ванда Бароўка, у Канадзе — Пётра Мурзёнак. Аднак большасць творцаў, чые прозвішчы ніяк не выключыш з мясцовага літаратурнага асяродку, жывуць на Пастаўшчыне ці ў суседніх раёнах.

У працэсе даследавання літаратурнага руху на Пастаўшчыне Крысцінай Клянтак праведзена вялікая арганізатарская работа, дасканала вывучаны крыніцы інфармацыі па тэме даследавання, укладзена база даных «Пісьменнікі Пастаўскага раёна», створана інтэрактыўная інфармацыйна-даведачная сістэма «Літаратары Пастаўшчыны» з апісаннем родных мясцін пісьменнікаў. Працы, словам, затрачана шмат. На першым этапе з розных літаратурных і інтэрнэт-крыніц, з бібліятэк, краязнаўчага музея, падчас сустрэч з аўтарамі і краязнаўцамі збіралася інфармацыя пра творчых асоб Пастаўскага краю і іх кнігі, вывучаліся асобныя камп’ютарныя праграмы. На другім этапе сабраная інфармацыя была сістэматызавана ў форме мультымедыйнай базы даных (матрыцы), а прасцей — літаратурнага даведніка «Пісьменнікі Пастаўскага раёна» і арыгінальнай «Папкі вокладак кніг пісьменнікаў Пастаўскага раёна». Бадай, ці не самы важны этап даследавання — чацвёрты, калі на аснове вызначаных крытэрыяў быў праведзены аналіз сабраных матэрыялаў. Даследчыцай створаны дадаткі з размеркаваннем кніг па жанрах і тыражы, названы выдавецтвы, мова твораў, падлічаны нават старонкі. Вынікі даследавання, ахвяраваныя ў дзіцячую і раённыя бібліятэкі, у красавіку мінулага года прэзентаваліся на рэспубліканскім навукова-практычным семінары «Пастаўскі край на гісторыка-культурнай карце Беларусі».

 Асобна хацелася б звярнуць увагу чытачоў на мультымедыйную базу даных — матрыцу, інакш кажучы, літаратурны даведнік «Пісьменнікі Пастаўшчыны», які выйшаў у выдавецтве «Каўчэг» акурат да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. У якасці аўтараў даведніка пазначаны Ігар Пракаповіч і Крысціна Клянтак. Як пішуць у анатацыі кнігі самі даследчыкі, гэта першае найбольш поўнае выданне пра літаратурны працэс на Пастаўшчыне. У даведніку падаюцца звесткі пра аўтараў і іх кнігі, змяшчаюцца літаратурная карта і літаратурны каляндар пісьменнікаў Пастаўскага краю. Гаворка тут вядзецца пра мясцовыя традыцыі, пра вядомых пісьменнікаў мінулых стагоддзяў, напрыклад, пра Францыска Ксаверыя Хамінскага, Гелену Ромер-Ахенкоўскую, магната Канстанціна Тызенгаўза, аўтара двух вершаваных зборнікаў на польскай мове Рамуальда Зянькевіча, а таксама пра даволі вядомую пісьменніцу свайго часу Габрыэлю Гюнтэр Пузыня, якая праявіла сябе як паэт, празаік, драматург. У названым даведніку аўтарамі даследуюцца літаратурныя сувязі старых і новых часоў, аналізуюцца мастацкія кнігі самых розных жанраў: проза, паэзія, публіцыстыка, гумар. Несумненную цікавасць чытачоў выклічуць такія раздзелы даведніка, дзе пералічваюцца літаратурныя альманахі і літаратурныя імпрэзы на Пастаўшчыне.

Водгук на даследаванні Крысціны Клянтак я пішу з асаблівым задавальненнем нават з той прычыны, што яшчэ ў час працы ў часопісе «Маладосць» на пасадах загадчыка аддзела прозы і аддзела паэзіі я асабіста быў знаёмы практычна з усімі паэтамі і празаікамі Пастаўскага краю, якія прыходзілі ў рэдакцыю ці дасылалі свае творы поштай. Назаву толькі некаторых з іх: Аркадзь Нафрановіч, Ігар Пракаповіч, Марыя Вайцяшонак, Аліна Легастаева, Янусь Малец, Алена Гінько, Ніна Захарэвіч, добра ведаў Іосіфа Скурко, Алеся Касценя, Вячаслава Міхасёнка. У свой час быў рэдактарам кнігі перакладаў Міхася Кенькі з Ю. Крашэўскага «Кароль у Нясвіжы», а вось першая кніга прозы Юліі Зарэцкай «Шчаслівыя людзі» пабачыла свет з маёй прадмовай. Памятаю надрукаваную ў «Маладосці» паэтычную дыскусію Ігара Пракаповіча і ягонага, тады юнага, калегі Андрэя Аляксандрава, якая мела шырокі рэзананс у чытачоў. На самай справе мне трэба ганарыцца такой вялікай колькасцю знаёмых творцаў з аднаго толькі паэтычнага рэгіёна — дзівоснага Пастаўскага краю.

Усю творчасць тутэйшых пісьменнікаў на якасна новую вышыню ўздымае даследаванне, праведзенае вучаніцай Пастаўскай гімназіі Крысцінай Ксянтак, чыя плённая дейнасць у вучнёўскім навуковым таварыстве «Глорыя», несумненна, прыцягне ўвагу філолагаў. Гэтая даследчая работа аднолькава прыдатная як для мясцовых бібліятэк, так і для літрэсурсаў інтэрнэту.

Віктар ГАРДЗЕЙ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».