Вы тут

Чаму мець шмат плацежных картак не заўсёды разумна


Я, як, напэўна, і многія жанатыя мужчыны, амаль усе заробленыя грошы аддаю сваёй другой палове. Не, яна ў мяне не гультай, проста я, у адрозненне ад яе, не люблю хадзіць па крамах. Пастаянна здымаць са свайго пластыку буйныя сумы грошай і перадаваць іх жонцы — неяк не па-сучаснаму атрымліваецца. Выйсце — аформіць другую картку да свайго банкаўскага рахунку. Потым яшчэ адну і яшчэ... А абслугоўванне пластыку таксама каштуе грошай. У чым жа асаблівасці дадатковай карткі і ці адрозніваецца яе кошт ад асноўнай?


Бюджэтны варыянт

У самым пачатку сваіх сталых зносін з фінансамі вызначаем, што для аплаты паслуг і пакупак мы адкрываем разліковы рахунак і, як правіла, выпускаем асноўную картку (усё роўна, асабістую або зарплатную). Да гэтага рахунку амаль ва ўсіх выпадках можна замовіць дадатковую картку, каб хто-небудзь з членаў вашай сям'і мог карыстацца грашовымі сродкамі нароўні з вамі.

Калі вы хочаце аформіць дадатковую картку да свайго зарплатнага рахунку, то неабходна звярнуцца ў банк, паведаміць назву сваёй арганізацыі, зарплатнага праекта і тып карткі. Супрацоўнікі банка падкажуць, колькі будзе каштаваць менавіта ў вашым выпадку другая картка, а калі яна ўваходзіць у пакет паслуг — плаціць за яе не прыйдзецца. Таксама яна будзе бясплатнай, калі да свайго разліковага рахунку вы закажаце дадаткова ў Беларусбанку самую простую картку Белкарт-Стандарт.

Пластык сярэдняга ўзроўню

Мы разгледзім варыянт выпуску дадатковай карткі да вашага асабістага рахунку, гэта значыць не зарплатнага. Калі вы хочаце даць доступ да сваіх грошай бацькам, дзецям або жонцы (!), можна лёгка заказаць другую картку да рахунку. Часцей за ўсё яе выпуск і абслугоўванне таннейшыя, чым у асноўнай, а тэрмін дзеяння не залежыць ад тэрміну першай карткі. Магчымасці дадатковай карткі нічым не адрозніваюцца ад стандартных умоў пластыку.

Самы просты варыянт — картка БелКарт-Прэміум-Mаеstrо ад Бел-
аграпрамбанка. Каштуе гэты пластык два рублі, калі афармляць як дадатковую, выпускаецца на тры гады. MаstеrСаrd Unеmbоssеd і Vіsа Еlесtrоn аналагічна. Пластык Vіsа Сlаssіс, MаstеrСаrd Stаndаrd — абыдзецца па восем рублёў, пры тэрміне дзеяння тры гады.

Напрыклад, у Беларусбанку можна ўзяць больш прадстаўнічыя Белкарт-Прэміум-Mаеstrо і Vіsа Еlесtrоn у рамках клуба «НАСТАРТ». Заяўка ва ўстанове банка будзе каштаваць 10 рублёў, а афармленне дыстанцыйна — 9 рублёў. Тэрмін дзеяння — тры гады. Карта Mаеstrо — 6 рублёў, а тэрмін дзеяння — 35 месяцаў. Vіsа Сlаssіс і MаstеrСаrd Stаndаrd — 15 рублёў на два гады, а 25 рублёў выпуск на 35 месяцаў.

Як правіла, кошт дадатковай карткі будзе адпавядаць цане асноўнай. У большасці банкаў картка Белкарт-Прэміум каштуе сем рублёў, Vіsа Сlаssіс — 20 рублёў, Vіsа Gоld — 40 рублёў. Тэрмін дзеяння пластыку — два гады.

Выпуск дадатковых картак кліентам, якія знаходзяцца на зарплатным абслугоўванні, і членам іх сям'і ў асобных банках магчыма па ўсёй лінейцы на льготных умовах. Так БелКарт-Прэміум будзе каштаваць два рублі, Vіsа Сlаssіс — чатыры рублі, а Vіsа Gоld — 12 рублёў.

Важныя дробязі

Калі выбіраеш сабе (жонцы) дадатковую картку, трэба вельмі ўважліва чытаць умовы, напісаныя ў дагаворы дробным шрыфтам.

Напрыклад, асобныя банкі пішуць, што тэрмін дзеяння дадатковай карткі ўстанаўліваецца да тэрміну заканчэння асноўнай карткі. Работнік фінансавай установы не зверне ўвагу на гэты факт нават тады, калі вашай асноўнай картцы засталося жыць усяго пару месяцаў.

І яшчэ. Калі картка зарплатная, камісія не спаганяецца пры наяўнасці адкрытага ліміту авердрафту па заробкавым рахунку на дату выпуску дадатковай карткі. Але мне больш цікава, які працэнт у мяне забяруць па гэтай камісіі, таму што пластык у мяне не зарплатны. Але і гэта не ўсё. Асобныя банкі арганізавалі сэрвісны збор на абслугоўванне дадатковых картак — чатыры рублі ў месяц. Такі залаты атрымліваецца «пластык».

Ануляваць картку

Адна справа даць жонцы дадатковую картку і падключыць sms-абвестку яе «пластыку» да свайго тэлефона. Я тады сапраўды ведаў, дзе і калі мая жонка траціць нашы грошы. Але, дадатковая картка праслужыла ўсяго год і, загадала доўга жыць (сцерлася магнітная паласа). Я адразу зрабіў трэцюю дадатковую, а вось пра другую, сапсаваную, забыўся. А дарма. Картка не працавала, але банку пра гэта было невядома. Таму з майго рахунку здымалася плата за абслугоўванне і за sms.

Дарэчы, ануляваць ужо непатрэбны «пластык» не так і проста. Мой банк праводзіў гэтую аперацыю толькі тры дні на тыдзень і толькі да абеду. Акрамя таго, неабходна было з'явіцца з карткай і пашпартам менавіта ў роднае аддзяленне банка і напісаць заяву пра тое, як выйшла, што картка сапсавалася.

Дадатковая, але ўсё адно — асабістая

Успамінаю выпадак у краме. На касе разлічваецца мужчына. Набраў шмат тавару. Дае прадаўшчыцы картку жонкі, а ў адказ: «Гэта не ваша картка». Ён тлумачыць, што картка гэтая дадатковая, а грошы на ёй — ягоныя. Але на пластыку выбітыя прозвішча і імя іншага чалавека (да таго ж — жаночае). Пашанцавала мужчыну, што прадаўшчыца яшчэ сігнальную кнопку не націснула. Інакш давялося б даказваць, што пластык не крадзены...

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Безнаяўны разлік... для жонкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».