Вы тут

На чым трымаецца «Тум-пабі-дум»?


У беларускай кінасферы гэта ўжо амаль мэйнстрым — абмяркоўваць, як так сталася, што прафесійны рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў доўгі час, вымушана альбо не — невядома, працаваў і здымаў у Расіі. Цяпер майстар вярнуўся, заняў пасаду мастацкага кіраўніка «Беларусьфільма», на здымачнай пляцоўцы адсвяткаваў сваё 75-годдзе і нарэшце стварыў кіно ў Беларусі, на нацыянальнай кінастудыі. Гэтым кіно стала карціна з дзівакаватай назвай «Тум-пабі-дум» пра выхаванца дзіцячага дома Сан Саныча, які хоча самастойна знайсці сабе сям'ю і запісвае кароткае відэа, дзе прадстаўляе сябе і запрашае патэнцыйных бацькоў да перамоў. Фільм, што мяркуецца для сямейнага прагляду, выйшаў у пракат 25 студзеня, і пасля сеанса нам падалося, што «Беларусьфільм» зноў выпускае свой прадукт, быццам вымушаны яго выпускаць.


Гісторыя самой карціны не такая «казачная», як складнае крочанне да хэпі-энду ў яе сюжэце. З інтэрв'ю са спадаром Нікіфаравым, якое «Звязда» апублікавала 13 студзеня, вынікае, што фільм «Тум-пабі-дум» пачалі здымаць, каб прымеркаваць яго да заканчэння шматгадовай рэканструкцыі кінастудыі (гэта здарылася ў лістападзе мінулага года). Рэжысёр згадаў прапушчаны падрыхтоўчы перыяд, недастатковы прафесіяналізм супрацоўнікаў, сціслыя тэрміны. Магчыма, неспрыяльных спадарожнікаў творчага працэсу было яшчэ больш. Тыя ж перыпетыі, толькі да хэпі-энду яны прывялі сумнеўнага.

Атрымалася тое, што атрымалася, — не да канца выразная гісторыя, затое з цікавым галоўным героем, без долі інтрыгі, затое з прыгожымі планамі Мінска, з надуманымі эмацыянальнымі ўспышкамі, затое з добрым канцом.

Сан Саныч, якога сыграў Арцём Венгеровіч з Адэсы, — незвычайны хлопчык. Ён рашучы, адукаваны, ведае некалькі моў, упэўнена сябе паводзіць, клапоціцца пра сваю падапечную Алеську, добра арыентуецца ў дарослым свеце. У гэты ж час мы знаёмімся з жанчынай — яе іграе Валерыя Арланава, — што пасля страты сям'і ў аўтакатастрофе задалася мэтай знайсці дзяўчынку, адзін у адзін падобную да яе дачкі. І ёсць яе адвакат Казановіч — гэтую ролю выканаў Павел Харланчук, — які бачыць апублікаванае відэа Сан Саныча і прапануе хлопцу здзелку. У выніку галоўны герой, разам з ужо сваім адвакатам Казановічам, імкнецца звесці Алеську з гераіняй Арланавай і ў гэты ж час сустракаецца з кандыдатамі на бацькоўства, сярод якіх звычайныя сем'і, алігарх і італьянцы.

Па ўсім відаць, сюжэт не мае прэтэнзій на сур'ёзныя тэмы ці шматзначныя падтэксты — ад пачатку «Тум-пабі-дум» павінен быў стаць простай гісторыяй, у якой сіроцтва, асабістая трагедыя, генерацыя легкадумных мужчын не могуць успрымацца ў праблемным ці маральным кантэксце, а толькі служаць драматургіі забаўляльнага фільма. Імпэты аўтараў зразумець можна: карціна і праўда атрымалася глядацкай, толькі апроч гэтага яшчэ ненатуральнай, беспадстаўнай і нават фальшывай.

На жаль, з гэтых прычын паглыбіцца ў фільм, як у нейкі паралельны свет, а значыць прасякнуцца гісторыяй, не атрымліваецца. Нібыта драматычныя падзеі насамрэч не выклікаюць належных эмоцый: ні ад дзяўчынкі, якую прыёмныя бацькі вяртаюць у дзіцячы дом з-за яе хваробы, ні ад жанчыны, што страціла сям'ю, ні ад мастака, які раптам разумее, што ў яго ёсць сын, — ад няпростых, калі пачуць іх у рэальнасці, гісторый тут сэрца не сціскаецца.

Па-першае, таму, што сюжэт з яго шаблонамі, рамантычнымі героямі, прадказальнасцю, найгранымі інтанацыямі, занадта казачным дзіцячым домам і шчаслівым акружэннем галоўнага героя, дзе ўсё спрыяе крочанню да шчаслівай канцоўкі, не выклікае даверу. Пры тым што ён цалкам рэалістычны, у сэнсе сучасны, праз добра знаёмыя прыёмы і сюжэтныя павароты цяжка ўспрымаць карціну ўсур'ёз. Тым больш што глядзець яе прыходзіцца з вялікімі дапушчэннямі: закаханы ў гераіню Арланавай мужчына ненатуральна рамантычна аказваецца расчараваным у сабе мастаком, што малюе партрэты на вуліцы; а сама гераіня, канешне, любіць высокае мастацтва — оперу, асабліва Вердзі (у эпізодзе мільгае рэальная «Травіята», пастаўленая латвійцам Андрэйсам Жагарсам у Вялікім тэатры оперы і балета); у Сан Саныча ў дзіцячым доме ёсць тыповы, дарослы і мудры, сябар, а сам ён свабодна ходзіць па горадзе і займаецца сваімі справамі. І давер да апавядання зноў падточваецца.

Па-другое, нам прыходзіцца глядзець не фільм, а на тое, як ён зроблены: яго швы і крафтавасць — відавочныя; недасканаласці сюжэта, нестыкоўкі і нелагічныя сцэны выбіваюць з каляіны; шаблоны, якіх тут выкарыстана багата, не даюць забыць, што мы глядзім нешта створанае. Да таго ж у сваёй скіраванасці да лёгкага відовішча карціна аказалася надта фармальнай: сюжэт і яго плоская структура дамінуюць над пачуццямі, працэс расказу гісторыі дамінуе над яе сэнсам, эмоцыі называюцца, але для іх рэальнай прысутнасці не ствараецца ўмоў. Акцёры праходзяць перад камерай, дэманструюць перажыванні, агучваюць рэплікі, а персанажы пры ўсім гэтым застаюцца толькі функцыямі. Ненатуральныя рэакцыі, спешнасць у абыгрыванні некаторых сцэн, начытванне дыялогаў — эмоцый у гэтым, на жаль, не застаецца.

Таму фільм, зроблены ў цісках шаблонаў, рызыкуе пакінуць гледача не тое каб абыякавым, але халодным: добра, што паглядзелі, але можна было і не глядзець. У той час як карціна відавочна кіруецца інтарэсамі гледача, сам ён бачыць недасканаласці, якія няма дзеля чаго — выдатнай ідэі ці асаблівай прыгажосці — прабачаць. Ідэя тут адна — драма, перыпетыі, хэпі-энд, а візуальна «Тум-пабі-дум» зняты даволі проста, хіба што фільм разбавілі шматлікімі планамі Мінска з птушынага палёту, і гэта цудоўна.

Трэба сказаць, што якая ёсць карціна трымаецца на галоўным персанажы, сапраўды неардынарным героі, за рухамі якога цікава сачыць. З дарослымі, дзякуючы сваім розуму, знаходлівасці і кемлівасці, ён аказваецца на роўных і, канешне, мяняе іх жыццё. Глядзець «Тум-пабі-дум» прыйдзецца без асаблівай узрушанасці, але з-за непрадказальнасці Сан Саныча ўсё ж з цікавасцю.

Узнікае пытанне, чаму кінастудыі, улічваючы, што яна ўзялася за ў цэлым непатрабавальны жанр драмы з элементамі камедыі, маючы рэжысёра-майстра і бюджэтныя сродкі, зноў не ўдалося прадставіць якасны прадукт нават для той нішы, якую абрала на гэты раз. Недаравальныя ляпы, патуранне ў бок акцёрскай ігры і размыты — зноў з вялікімі дапушчэннямі — фінал прымушаюць думаць, што кінастудыя замест фільмаў пастаўляе на вялікі экран справаздачы аб зробленай рабоце.

На гэтую ж думку падштурхоўвае тое, што «Беларусьфільм» ігнаруе неабходнасць прасоўвання свайго кіно: «Тум-пабі-дум» выйшаў у пракат, а на яго рэкламу, напэўна, не хапіла часу і грошай, таму нават глядацкі прадукт шмат у чым праходзіць міма касы. Яго плакат, дарэчы, апроч таго, што падтрымлівае «традыцыю» самой карціны — ненатуральнасці і найгранасці, яшчэ і безгустоўны, а такія рэчы прывабіць даўно страчанага кінастудыяй гледача не здольныя.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.