Вы тут

Каму патрэбны сельскія Саветы і чым яны наогул займаюцца?


Такое пытанне часам задаюць вяскоўцы, калі хочуць панаракаць на мясцовыя ўлады. Па адказ на яго мы звярнуліся да Мікалая МІСЮРЫ, які ўзначальвае Лепельскі раённы Савет дэпутатаў ужо 10 гадоў.


— У чым жа, Мікалай Мікалаевіч, заключаецца праца старшыні сельскага Савета?

— Назва пасады кажа сама за сябе — клопат пра дабрабыт вясковых жыхароў. Калі ў горадзе можна звярнуцца з праблемай адразу ў некалькі службаў, то на вёсцы пытанні вырашаць больш складана. Для сябе і падначаленых я вылучаю дзесяць кірункаў працы: найперш гэта добраўпарадкаванне ў населеных пунктах і вакол іх, на могілках, на месцах воінскіх пахаванняў і гэтак далей. Сацыяльная работа скіравана на дапамогу найбольш уразлівым групам жыхароў — адсочваем, наколькі яны забяспечаныя ўмовамі, ці ёсць магчымасць карыстацца льготамі дзяржавы. Нямала часу займае трэці блок працы, звязаны з прафілактыкай правапарушэнняў і супрацьпажарнай бяспекай. Для вёскі цяпер асабліва балючая праблема алкагалізму. Ёй займаюцца спецыяльныя камісіі, але старшыня ўсё роўна павінен ведаць сітуацыю ў кожнай мясцовасці. Ён унікае і ў вядзенне падсобных гаспадарак, дапамагае вяскоўцу знайсці тэхніку для апрацоўкі прысядзібнага ўчастка, кантралюе збор малака і чыпіраванне жывёлы. Яшчэ сельскія Саветы павінны падтрымліваць і развіваць аграэкатурызм. Так, у Лепельскім раёне каля 30 аграсядзіб, па суседстве знаходзіцца Бярэзінскі біясферны запаведнік, а частку азёраў мы здаём у арэнду. Так што важна навучыцца майстэрству знаходзіць кампраміс паміж бакамі. Кантроль за работай электрасетак, паштовай, тэлефоннай сувязі, забеспячэнні вяскоўцаў таварамі — вось асноўны «букет» пытанняў, якія вырашае старшыня з году ў год як на мясцовым, так і на раённым узроўні.

— А па якім прынцыпе размяркоўваюцца сродкі для выканання пералічаных задач?

— Тут трэба згадаць яшчэ адну асноўную функцыю Саветаў дэпутатаў — зацвярджэнне плана сацыяльна-эканамічнага развіцця і гадавога бюджэту. Інакш кажучы, прапісваем, на якія работы і ў якім аб'ёме выдзяляць сродкі. Як толькі старшыні на месцах даведваюцца сумы, што трапяць на баланс сельсавета, яны складаюць адпаведны пералік мерапрыемстваў і падчас пасяджэння прэзідыума абараняюць праект запланаваных работ. Зразумела, што канчатковую і беспаваротную версію распрацаваць немагчыма, бо не бывае жыцця без непрадбачаных абставін — напрыклад, частка фінансаў можа пайсці на ліквідацыю стыхійных бедстваў. Наогул, я думаю, што перад тым, як патрабаваць прадукцыйнасць працы, трэба стварыць умовы, даць крыніцу фінансавання. Бо калі мы не падсілкуем планы матэрыяльна, то яны так і застануцца на паперы.

— Хто трапляе на пасаду старшыні сельскага Савета? Ці існуе «школа маладога кіраўніка»?

— Заўважу, што на гэту пасаду мясцовыя жыхары прасоўваць сябе не спяшаюцца, усё больш прыходзяць па прапанове. Мы падбіраем кандыдатаў па іх здольнасцях — прыглядваемся напачатку да таго, як чалавек праяўляе сябе на працы. Таму выпадковыя людзі сюды не трапляюць. Хаця ініцыятыве ніхто не перашкаджае, напрыклад, у Бароўскім сельскім Савеце жанчына, якая працавала фармацэўтам, прапанавала сваю кандыдатуру і перамагла ў тайным галасаванні. Потым яна праявіла сябе здольным кіраўніком.

Каб стаць старшынёй сельскага Савета, чалавек, згодна з заканадаўствам, павінен быць дэпутатам сельскага Савета, гэта значыць, людзі яго ўжо абралі як прадстаўніка сваіх інтарэсаў. Работа народных абраннікаў не мае матэрыяльнай узнагароды, гэта, хутчэй, грамадскі абавязак, але ў дэпутата ёсць права першачарговага звароту да ўлад. На мой погляд, падобнай справай павінны займацца людзі з досведам кіраўніка. У такім выпадку ў іх з'явіцца больш магчымасцяў, а вырашаць яны будуць знаёмыя пытанні.

Напачатку новы старшыня сельскага Савета ездзіць на стажыроўку да калег. Потым каардынуе работу разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў. У нашым раёне ўведзена практыка штотыднёвай справаздачы. «Нічога не забывае і не даруе», — так жартуюць пра мяне падначаленыя, бо ўсе значныя пытанні трымаю ў табліцы на стале. Акрамя яе там ляжыць ліст са зваротамі ад жыхароў, размаляваны накшталт святлафора. Зялёныя радкі абазначаюць, што праблема вырашана, чырвоныя нагадваюць, што чалавек усё яшчэ чакае рэакцыі на свой запыт.

— Якім чынам можна папрасіць дапамогі ў старшыні раённага Савета дэпутатаў і калі чакаць адказу?

— Старшыня ездзіць па раёне не кожны дзень, але дастаткова часта. Напрыклад, бывае на месцах, дзе ёсць скаргі ад мясцовых жыхароў на выкананне работ. Аглядае ўчасткі, па якіх нядаўна службы давалі справаздачу, і правярае якасць выканання. Што датычыцца мяне, то кожны месяц некалькі гадзін вяду прыём у якім-небудзь сельсавеце, выязджаю з інфармацыйнымі групамі. Кожную суботу на званкі гарачай лініі адказваю альбо я, альбо старшыня райвыканкама, альбо адзін з намеснікаў. Пытанні бываюць самыя розныя, як і стаўленне да іх. Напрыклад, калі бабуля скардзіцца на стыхійную звалку побач з яе домам — даручаю дырэктару ЖКГ адправіць туды машыну і прыбраць смецце бясплатна. У той жа час, калі жанчына просіць спілаваць дрэва на магіле мужа, якое яна некалі пасадзіла сама, то я, канешне, прапаную ёй спецыялістаў, але паслуга будзе платнай.

Звычайна з кожным, хто звяртаецца ў сельвыканкам, стараюся потым звязацца і спытаць, ці задаволена яго просьба, але здараецца, што выканаць патрабаванне скаржніка немагчыма. Так, памятаю, чалавек папрасіў дапамагчы з працаўладкаваннем. Я тэлефаную кіраўніку гаспадаркі і высвятляю, што мужчыну прапаноўвалі месца пастуха, а ён хацеў быць толькі вартаўніком, пры тым што патрэбы ў вартаўніках прадпрыемства не мела.

— Наколькі рэальна старшыня сельскага Савета ўплывае на пытанні па-за мясцовым маштабам?

— У сельскія Саветы рэгулярна прыязджаюць аглядальнікі з раёна, вобласці. Тут важна падтрымліваць добрыя стасункі і памятаць, што мы займаемся адной справай. У прынцыпе мясцовыя органы самакіравання могуць падштурхнуць улады да змен, калі будуць займацца праблемай сістэматычна. Мне прыходзіць на памяць выпадак, які датычыўся Указа Прэзідэнта № 667. Раней сродкі, якія зарабляў сельскі Савет продажам зямельных участкаў праз аукцыён, можна было скіроўваць на стварэнне інфраструктуры і толькі ў вёсцы, дзе купілі зямлю. Аднак калі там дарогі і так былі падсыпаны, а электрычнасць падведзена, мы не маглі скарыстацца дадзенай крыніцай бюджэту для іншых патрэб. Я пісаў лісты да старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах з прапановай перагледзець парадак размеркавання сродкаў, заручыўся падтрымкай, і ў выніку ўлады паставіліся да праблемы па-іншаму. Цяпер выручаныя грошы сельвыканкамы выкарыстоўваюць на патрэбы добраўпарадкавання і лепш уяўляюць, як гаспадарыць на зямлі.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Загаловак у газеце: Стол са святлафорам і дзесяць асноўных кірункаў у рабоце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».