Вы тут

Некалькі варыянтаў працаўладкавання прапаноўваюць у Любані


Дарэчы, у раёне самы нізкі ўзровень беспрацоўя на Міншчыне.

Невялікаму раённаму цэнтру Любань, што ў Мінскай вобласці, пашанцавала: ён стаіць на радовішчы калійных солей. Гэтыя абставіны і вызначылі далейшы лёс горада і раёна. Кампанія «Слаўкалій» расійскага бізнесмена Міхаіла Гуцэрыева будуе тут Нежынскі горна-абагачальны камбінат. А гэта значыць, што ў рэгіёне створаць новыя працоўныя месцы. Толькі на названым прадпрыемстве іх будзе дзве тысячы. Акрамя таго, яны з'явяцца і ў абслуговай, сацыяльнай сферах, гандлі.


Ды і цяпер не скажаш, што ў райцэнтры няма дзе працаваць. Знайсці работу могуць усе, хто гэтага жадае. Летась 88 чалавек працаўладкавана менавіта за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў. Найбольшую колькасць месцаў прадаставілі закрытае акцыянернае таварыства «Дабраном» — 21, замежнае прыватнае прадпрыемства «Любанская фабрыка», дзе адкрылі новы цэх па пашыве адзення, — 15. Адкрытае акцыянернае таварыства «Рыбазавод «Любань» устанавіў новую лінію па выпуску рыбных кансерваў. Гэта зноў жа дадатковыя рабочыя месцы. З пускам другой чаргі канвеера прадпрыемства дадаткова прыме яшчэ 16 чалавек.

Сітуацыя з работай паляпшаецца з кожным годам. Па мінулагодніх выніках Любанскі раён увайшоў у «топ» рэгіёнаў Беларусі, дзе знізіўся ўзровень беспрацоўя. На 1 студзеня 2017-га ён складаў 0,89 %, цяпер — 0,38 %.

— Па садзейнічанне ў працаўладкаванні летась да нас звярнулася 1033 чалавекі. Уладкавалі 916, — адзначае намеснік начальніка аддзела занятасці і працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Любанскага райвыканкама Галіна Кукраш. — Сёння рознымі суб'ектамі гаспадарання заяўлена 446 вакансій, у тым ліку і для будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбіната. Сюды патрабуюцца ў тым ліку і спецыялісты з веданнем замежных моў: 10 — кітайскай і 22 — нямецкай.

Сярод рабочых прафесій запатрабаваныя слесар па рамонце аўтамашын, вадзіцель пагрузчыка, аўтамабіля, электрагазазваршчык, абліцоўшчык-плітачнік, маляр, спецыялісты — урачы, медыцынскія сёстры. У сельскай мясцовасці адчуваецца недахоп работнікаў жывёлагадоўлі, аператараў машыннага даення, заатэхнікаў, ветфельчараў, ветурачоў і аграномаў.

— Калі чалавек, які звярнуўся да нас, не мае кваліфікацыі, прапаноўваем накіраваць яго на прафесійнае навучанне ў Слуцк або Мінск. Летась прайшлі адпаведную падрыхтоўку 36 беспрацоўных — усе яны ўладкаваліся на прадпрыемствы горада. Акрамя гэтага, зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных могуць атрымаць субсідыю на адкрыццё сваёй справы. У мінулым годзе субсідыі выдалі васьмі грамадзянам, — кажа Галіна Кукраш. — Сёлета таксама плануем выдзеліць восем. Адзін чалавек, зарэгістраваны ў якасці беспрацоўнага, ужо працуе над бізнес-планам. Часцей за ўсё людзі імкнуцца займацца бізнесам у сферы аказання бытавых, рамонтных паслуг, а таксама ў гандлі.

Сёння мясцовым уладам даручана дайсці да кожнага беспрацоўнага, аказаць яму неабходнае садзейнічанне ў працаўладкаванні.

— Як у Любанскім раёне шукаюць, выяўляюць такую катэгорыю грамадзян?

— Рознымі шляхамі. Летась, напрыклад, у раёне працавала камісія па аказанні садзейнічання ў працаўладкаванні, — тлумачыць Галіна Кукраш. — Туды звярнулася 656 чалавек, 443-м з іх выдалі накіраванне на прадпрыемствы і ў арганізацыі. Двух адправілі на прафесійныя курсы, яшчэ 11 прынялі ўдзел у аплачваемых грамадскіх работах. Праводзім таксама кірмашы вакансій на базе сельсаветаў. Яны нам шмат дапамагаюць, бо на месцах добра ведаюць людзей, іх запатрабаванні, вядуць спісы незанятых. Адпаведна з графікам выязджаем у кожны з дзевяці сельсаветаў раёна. На сустрэчы запрашаюцца інспектары па кадрах суб'ектаў гаспадарання розных формаў уласнасці. Яны расказваюць аб вакансіях, тлумачаць, што патрабуецца ад будучага работніка.

Падчас кірмашу ахвотным прапануюць прафесійныя курсы, асабліва моладзі. У прыватнасці, хлопцы, якія вярнуліся летась з арміі, былі накіраваныя на перанавучанне. Цяпер паспяхова працуюць газаэлектразваршчыкамі. У раёне займаюцца і такім кірункам, як перасяленне ў сельскую мясцовасць з забеспячэннем работай і жыллём. У мінулым годзе дапамаглі пераехаць у вёску сям'і з Віцебскай вобласці. Не абыходзяць увагай і абавязаных асоб. Такіх тут 43, у тым ліку 12 пражываюць у горадзе. Ні адзін з наймальнікаў не адмовіў у прыняцці іх на работу.

Дадам, што ўпраўленне шмат займаецца рэкламай па працаўладкаванні: аб'явы, буклеты, памяткі, інфармацыя ў мясцовых СМІ. Раз у квартал праводзіцца дзень службы занятасці, куды можа прыйсці любы ахвотны. Яму абавязкова прапануюць некалькі варыянтаў рашэння праблемы.

Словам, хто хоча працаваць — шукае работу, хто не хоча працаваць — шукае прычыну.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Не шукай прычыну, шукай работу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.