Вы тут

З чаго пачынаецца Радзіма ў казачных аповесцях Алеся Карлюкевіча


Патрыятызм… Ёсць шмат фармулёвак гэтага паняцця, аднак для звычайнай большасці людзей яго тлумачэнне абмяжоўваецца больш зразумелым «любоў да радзімы». Але ўсё ж радзіма — занадта агульнае паняцце, і кожны з нас укладае ў яго свой сэнс. Для многіх любоў да радзімы абуджае добрая беларуская кніга. Асабліва гэта актуальна ў выхаванні дзяцей, бо за імі — будучыня краіны. Адным з самых дзейсных сродкаў выхавання патрыятызму заўсёды была мастацкая літаратура.


З навуковага пункту гледжання, любоў да радзімы выяўляецца ў трох аспектах: пачуццёва-эмацыянальным (любоў да ўсяго роднага, гонар за радзіму), інтэлектуальным (веды пра радзіму) і дзейна-практычным (актыўныя дзеянні на карысць радзімы). У дзіцячай літаратуры пачуццёва-эмацыянальны складнік ілюструецца праз займальны сюжэт. Твор павінен зацікавіць дзіця, быць актуальным для яго, каб выклікаць пэўныя пачуцці. У сваю чаргу, інтэлектуальны — праз пазнавальнасць: важна, каб інфармацыя была ненавязлівая, не ператварала твор у энцыклапедычную даведку. Ну, а што да дзейна-практычнага, то ён знаходзіць сваё ўвасабленне ў фармуляванні маральна-этычнай ідэі. Твор павінен выхоўваць актыўнага грамадзяніна, які спачувае чужой бядзе і паважае чужое меркаванне.

Патрыятызм у творах Алеся Карлюкевіча будуецца на гэтых жа трох кітах. Але яго казачныя аповесці вылучаюцца цікавай якасцю — спалучэннем чарадзейна-казачнага свету з рэальным. Справа ў тым, што для любой казкі ці казачнай аповесці характэрны своеасаблівы вымысел, звязаны з фарміраваннем другой умоўнасці, што ўзнікае ў творы пры любым адступленні ад падзей рэальнага свету. Такія адступленні ёсць і ў казках А. Карлюкевіча, але яны суседнічаюць з дакладнай выверанай інфармацыяй пра Беларусь і іншыя краіны. Прычым калі ў казках аўтар часта звяртаецца да персанажаў, характэрных для народных казак ці ўзятых са славянскай міфалогіі, то ў казачных аповесцях ён вынаходзіць уласных герояў і будуе цэласную фантастычную прастору.

 Так, напрыклад, пісьменнік стварае персанажа ў цыкле аповесцяў пра прыгоды Шубуршуна. Шубуршун — цалкам казачная істота. Дарэчы, сам пісьменнік паведамляў, што гэтага персанажа прыдумала яго дачка ў дзяцінстве. Аўтар не засяроджваецца на апісанні героя. Усё, што вядома, Шубуршун — памерам з мураша, цікавіцца геаграфіяй. Верагодна, у імені гэтага загадкавага персанажа закладзена і схільнасць да вечнага руху, шавялення. Калісьці дзяўчынка Вераніка знайшла яго на Балачанцы, з тых часоў ён жыў у дзённіку і сачыў за яе паспяховасцю. Але аднойчы паміж сябрамі адбываецца спрэчка: Шубуршун, незадаволены адзнакамі Веранікі, крыўдзіцца і выпраўляецца да свайго ранейшага жытла на рацэ Балачанцы. Але туды трэба яшчэ патрапіць, бо да дома Веранікі Шубуршун прыехаў на машыне. Маленькая істота пачынае вандраваць у пошуках Балачанкі. Усе прыгоды Шубуршуна суправаджаюцца лейтматывам пошуку радзімы. Прычым пошукі гэтыя неадназначныя. З аднаго боку, Шубуршун імкнецца адшукаць тое самае месца, адкуль ён пайшоў, з другога — думкамі часта вяртаецца да ўтульнай кватэры Веранікі, дзе ўсё было так зразумела.

Разам з тым Шубуршун заўсёды марыць пра падарожжы ў іншыя краіны. Сустрэўшыся з Залатой Пясчынкай, якая просіць дапамогі (трэба знайсці шлях да Дняпра, каб мурашы-чужынцы вярнуліся дадому), Шубуршун згаджаецца дапамагчы і агучвае сваё жаданне падарожнічаць па ўсім свеце. Шлях маленькай істоты да ўсведамлення таго, што ёсць радзіма, спасцігаецца паводле прынцыпу са знакамітай песні на словы Алеся Ставера: «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць». Калі напачатку Шубуршун уцякае ад Веранікі на пошукі Балачанкі толькі ад крыўды на дзяўчынку, то пад канец сваіх прыгодаў ён свядома прыходзіць да неабходнасці знайсці сваю першакрыніцу.

Акрамя гэтага, ёсць у кнізе і іншыя істотныя выхаваўчыя моманты. Напрыклад, зварот да голасу сумлення. У творы дзве сюжэтныя лініі. Першая звязаная з Веранікай, яе ўзаемаадносінамі з Шубуршуном, другая — непасрэдна з прыгодамі маленькай істоты. Дзяўчынка часам лянуецца, бывае няўважлівай, за што атрымлівае заўвагі ад іншых: «Вераніка! Як ты магла так дрэнна адказваць на ўроку літаратуры? Няўжо ты не любіш вершы Купалы?» (ад Шубуршуна); «Дзіўна, што вы забываецеся пра сваё, роднае… Відаць, не адыходзіце ад тэлевізара, калі там паказваюць экзатычныя краіны» (ад настаўніка геаграфіі). Гэтыя заўвагі эфектыўна ўздзейнічаюць не толькі на гераіню, але і на чытача, які нават не здагадваецца, што насамрэч такія пасланні ўскосна адрасаваны менавіта яму.

Безумоўна, чытач атрымлівае багата новай інфармацыі пра рэкі Беларусі, яе фаўну, знаёміцца з прафесіяй фенолага і асаблівасцямі іншых краін. Усё гэта фарміруе цікавасць да вывучэння роднага краю.

Аднак галоўным усё-ткі застаюцца пошукі радзімы. Нягледзячы на жыццёвыя абставіны, імкненне наведваць іншыя краіны, героі шукаюць дарогу дадому. Сумуюць па сваім украінскім Дняпры мурашы-чужынцы, з утульнай мінскай кватэры адпраўляецца на пошукі роднай Балачанкі Шубуршун.

Галоўны герой казачнай аповесці «Прыгоды Максімкі на Бацькаўшчыне і ў розных краінах свету» — хлопчык, які жыве ў канцы ХХІ стагоддзя. Твор мае выразную экалагічную скіраванасць. Максімка не толькі атрымлівае новую прыродазнаўчую інфармацыю, але і сам актыўна ўдзельнічае ў выратаванні беларускай прыроды.

Умоўна ў казцы прадстаўлены тры сюжэты. У першым хлопец выратоўвае ад знішчэння раку Пціч і замежнага спартсмена, які згубіўся ў гэтай рацэ. Тут даволі цікава і нестандартна спалучаюцца фантастычныя рэаліі жыцця будучыні і казачныя матывы. З аднаго боку, прагрэс дайшоў да таго, што можна за хвіліну спыніць раку. А з другога боку, спартсмена хлопец ажыўляе пры дапамозе класічна-казачнай жывой вады.

У другой сюжэтнай лініі птушка жаўна занепакоеная тым, што яе суродзічаў амаль не засталося на Кубе. Пастаянны ўдзельнік прыгод Максімкі прафесар Радрыгес запрашае жаўну пажыць на Кубе. Усе тры аповесці, акрамя героя Максімкі, аб’ядноўвае і тэма філатэліі, якой захапляецца бацька хлопчыка. Маркі ў аповесці — носьбіты пазнавальнай інфармацыі, але ў трэцім сюжэце яны становяцца і рухавіком падзей. Прынц Эфіопіі амаль вырашаецца на вайну з-за беларускай маркі з буслом, бо перакананы, што чорны бусел — насельнік толькі іх краіны. Калі б Максімка не паспяшаўся з тлумачэннямі ў Афрыку, магло б дайсці да сапраўднай вайны.

Нельга сказаць, што Беларусь канца ХХІ стагоддзя атрымалася нейкай фантастычнай. Аднак спроба паказаць будучыню краіны — даволі займальная. Побач з фантастычнымі аб’ектамі знаходзяць сабе месца казачныя песанажы: Лесавік, Паштавік, Лекавік. Іх функцыя ў творы відавочная: яны дапамагаюць патрапіць у Краіну Казачнага. Разам з тым у творы паралельна існуюць і рэальныя спосабы ўваходжання ў казачную прастору. Напрыклад, каб трапіць у Эфіопію, Максімка змяншаецца пры дапамозе Паштавіка да памеру маркі, аднак дадому ляціць на рэальным самалёце.

Маркі з калекцыі бацькі Максімкі часта становяцца крыніцай новай інфармацыі. Прычым інфармацыя падаецца не фонава, між іншым, а звязана з займальным сюжэтам. Так, напрыклад, звесткі пра раку Пціч дапамагаюць вырашыць загадку: куды знік спартсмен, які ўдзельнічаў у спаборніцтвах на чаўнах. Чытача падводзяць да высновы: веданне гісторыі сваёй і іншых краін шмат у чым можа палегчыць вырашэнне праблем сённяшніх.

Максім робіць усё, каб захаваць прыроду сваёй краіны. Такім чынам, актыўная пазіцыя хлопчыка — якраз добрая падтрымка дзейна-практычнага аспекту патрыятызму. Акрамя гэтага, у творы закранута тэма талерантнасці, павагі да іншых краін і народаў, сутнасці сапраўднага патрыятызму. Так, напрыклад, жаўна пакідае сваю радзіму, каб падтрымаць папуляцыю птушак на Кубе. Яе ўчынак — прыклад самаахвяравання. А вось афрыканскі правіцель праяўляе адваротныя якасці, бо гатовы распачаць вайну за птушку сваёй краіны. Служэнне на карысць іншым, незалежна ад месца пражывання, супрацьпастаўляецца гардыні, што можа мець разбуральныя наступствы.

Дык усё-ткі: з чаго ж пачынаецца радзіма ў творах А. Карлюкевіча? Па-першае, з ракі Цітаўкі ці Свіслачы (дарэчы, у аўтара ўвогуле асаблівая любоў да рэк), што працякае ў родных для аўтара Пухавічах. Патрыятызм у аўтара заўсёды звязаны з канкрэтным месцам, яго гісторыяй. Па-другое, з дзіўнага і незвычайнага, што хаваецца ў паўсядзённых і звыклых рэчах. Магчымасць бачыць унікальнае у родным і вызначаецца як любоў да радзімы. Па-трэцяе, з актыўнага стаўлення да захавання свайго роднага, якое з’яўляецца часткай усяго свету і ўносіць сваю фарбу на сусветным палатне. Радзіма (чытай Беларусь) не лепшая, не горшая за іншых, яна — унікальная, як унікальная кожная краіна.

Таццяна ПЯТРОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.