Вы тут

Проза на дэсерт


Пакінуць без увагі новыя творы Вольгі Гапеевай немагчыма, бо турбуе думка: чым уразіць аўтарка гэтым разам? Са зборнікам «(В)ядомыя гісторыі» (2017, Логвінаў) у мяне склаліся такія ж адносіны, як у самой аўтаркі — з кітайскімі палачкамі. А там, калі памятаеце, усё паводле Гегеля: сцвярджэнне, адмаўленне, сінтэз (твор «Кітайскія палачкі»). Адмаўленне — праз тое, што думкі тут вядомыя. Але ў тым жа і сэнс. Таму мы змаглі прыйсці з асобнічкам да сінтэзу.


Зборнік складаецца з трыццаці аднаго невялікага апавядання. Усё датычна таго, што ведае кожны (вядомыя), што мы ямо кожны дзень (ядомыя). Але ці ўсведамляе гэты кожны тое, што адбываецца і што з’ядаецца вакол? То-бок, з’ядаем мы не толькі ежу: мы «з’ядаем» навіны, сацыяльныя нормы, аксіёмы сучаснага жыцця.

Усе творы, сабраныя пад адной вокладкай, — пра тое, што і дагэтуль існавала ў творчасці аўтаркі і ў ёй самой (вядомае). Не магло б існаваць яно ў такім самым кактэйлі ў некім іншым. Гэта ўсё было навідавоку, прысутнічала ў яе творчасці, але аўтарка толькі цяпер гэта агучыла адначасова проста і мудрагеліста, але ж свядома. І асэнсаваць гэты зборнік атрымаецца, калі вы яго з’ясцё. Зробіце ядомым.

Што можа быць больш простым і больш зразумелым, чым думкі, загорнутыя ў метафары паўсядзённа-побытавага жыцця: аўтар размаўляе праз звыклыя кухонныя рэчы. Хто ніколі не гатаваў грэчку? Не адчыняў кансервы? Не адразаў кавалачак ад памідора? Праз такую блізкасць да вопыту іншага чалавека прасцей за ўсё патлумачыць свае думкі. Вольга звяртаецца да тэм гвалту, прыняцця сябе, фемінізму, выбару. Гэтыя тэмы дагэтуль падымаліся і ў яе паэзіі, і ў эсэістыцы. Сацыяльныя тэмы адлюстроўваюцца праз ежу і посуд, якія ўпісваюцца ў соцыум.

Аўтарка завастрае нашы быццам бы нябачныя сацыяльныя праблемы, пераносячы жыццё ў рэстарацыю, каб мы адчулі абсурднасць таго, што часам здаецца аксіёмай у сучасным свеце. І тут ежа становіцца асобай: «На месцы грэчкі я абавязкова б стала феміністкай», — кажа аўтарка. Грэчка — жанчына, якой хтосьці (вы, напрыклад) дыктуе, у якіх стравах яна можа існаваць, у якіх спалучэннях прадуктаў. На месцы грэчкі я таксама стала б феміністкай. На прыкладзе такіх сітуацый, як са спадарыняй грэчкай, у невялічкіх замалёўках з рэстарацыі разглядаюцца рамантычныя стасункі, адносіны ў сям’і, падыход да працы і гэтак далей, далей, далей: тут можа быць шмат сацыяльных інтэрпрэтацый, зачэпкі для таго, каб чытаць па-рознаму, у залежнасці ад сацыяльнага досведу, Гапеева пакінула. Значыць, кожнаму — сваё: не падабаецца Вользе цыбуля — яна не будзе яе есці. Няважная для вас тэма — вы не ўбачыце яе, колькі пра яе ні пішы.

У паэзіі Вольгі Гапеевай і дагэтуль можна было сустрэць шмат выпадкаў, калі жывое бачыцца ў нежывым, а асоба — не толькі ў чалавеку. Такія вершы можна знайсці і ў апошнім зборніку «Граматыка снегу», дзе на самым пачатку з’яўляецца «снег — гуманіст», з якім бавяцца гадзіны ў ложку без магчымасці прызнаць сваю самоту. «(В)ядомыя гісторыі» сталі ўзвядзеннем у абсалют старога прыёму. Хіба келіх — не асоба? Асоба: келіх — будыст. Таксама тут ёсць і іншая пабудова тэкстаў, як, напрыклад, пераказ кітайскай показкі («Вусень, альбо культурны рэлятывізм»), ці разгортванне метафары стану праз ежу («Рагу, альбо Сіла думкі»). Незацыкленасць на адным прыёме дазваляе ўбачыць усе магчымасці метафар, знойдзеных у рэстарацыі. Таксама аўтарка кажа: усё, што здараецца ў нашым жыцці, можна патлумачыць простымі словамі, нават самыя цяжкія паняцці і станы.

Стылістычна мова Гапеевай набліжаецца да звычайнай, паўсядзённай. Уражанне размоўнасці без бытавога слэнгу складваецца менавіта таму, што аўтарка распавядае пра свой сацыяльны вопыт праз вопыт кухонны, побытавы.

«(В)ядомыя гісторыі» чароўныя ў сваёй прастаце. Я прайшла праз гегелеўскую трыяду менавіта дзякуючы гэтай уласцівасці: чароўнай прастаце, якая падманвае і насамрэч не з’яўляецца простай. Гэта мысленне на філасофскім узроўні, якое апелюе да ўсіх вядомых і знаёмых рэчаў. Усе агучаныя тэмы навідавоку. Але пакуль яны не агучаныя, іх нібы не існуе: не асэнсоўваюцца праявы шавінізму, стэрэатыпнае мысленне, праблемы выбару, пытанне даверу, пазначаныя праз коску ў назвах твораў. Каб пазначыць тэму, аўтарка пасля назваў страў удакладняла, пра што гаворыць, і гэта дадаткова дапамагае пераносіць твор на паўсядзённае жыццё. У другой частцы такіх пазнак няма, што напачатку робіць «Змест» непрапарцыянальным, але потым дадае дадатковыя сэнсы: калі ў першай частцы нас вучаць бачыць кірунак думкі аўтара, то ў другой мы ўжо самі павінны яго разгадаць, без дадатковых падказак.

Звяртаюся да ўзнятай тэмы інтэрпрэтацыі. Мая інтэрпрэтацыя — адна з вялікай колькасці магчымых варыянтаў. «Тэмпература ў духоўцы ці печцы — тыя знешнія ўмовы, якія мяняюць тое, што прыдумляеш ці вырабляеш». Я не хачу змяняць сваім успрыманнем тое, што прыдумляў аўтар: інтэрпрэтацыя дадае адценні, але толькі калі не ўзводзіцца ў абсалют. Калі так атрымліваецца, то мы прыходзім да згвалтавання твора сваёй інтэрпрэтацыяй. Але я — супраць гвалту.

«(В)ядомыя гісторыі» Вольгі Гапеевай — сацыяльнае мастацтва ў літаратуры. Твор прыемна чытаць, атрымліваючы задавальненне ад стылю, мовы і аўтарскага «я», за якім хочацца сачыць.

Сачыць праз свой асобнічак кнігі.

Святлана КУРГАНАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.